Ваяво́дзтва — традыцыйная беларуская назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі першага ўзроўню ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, якая адпавядае вобласьці — ужыванай з часоў савецкай гвалтоўнай русіфікацыі сэмантычнай кальцы з расейскай мовы.
Кіраўнік — ваявода, рэпрэзэнтацыйны орган улады — ваяводзкі соймік. На другім узроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў склад ваяводзтва традыцыйна ўлучаюцца паветы.
Апроч Вялікага Княства Літоўскага, ваяводзтвы гістарычна існавалі ў Польшчы, Румыніі, Вугоршчыне і Сэрбіі, а ў Маскоўскай дзяржаве ў XVI—XVIII стагодзьдзях існавала сыстэма кіраваньня на чале з ваяводам. Адміністрацыйны ўзровень тэрыторыі ваяводзтва адпавядае княству ў сярэднявечных дзяржавах, гэтаксама як і пасада ваяводы адпавядае пасадзе князя. Адна з сучасных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Польшчы, якая падзяляецца на 16 ваяводзтваў.
Ваявода (ст.-слав воєвода, слав. *vojevoda, якое ўзыходзіць да *voi-, вайна, воін і *vod- 'вадзіць', літаральна «лідэр жаўнераў» або «вайсковы лідэр», адпаведнік лацінскага «Dux Exercituum» і нямецкага «герцага») пачаткова быў вайсковым кіраўніком, які ў дзяржаўнай структуры знаходзіўся побач з кіраўніком дзяржавы. Пазьней слова пачало азначаць кіраўніка адміністрацыйнай адзінкі.
Слова «ваяводзтва» ў розных мовах выглядае наступным чынам: па-польску: województwo; па-румынску: voievodat; па-сэрбску: vojvodina ( војводина), vojvodstvo ( војводство) або vojvodovina ( војводовина); па-вугорску: vajdaság; па-летувіску: vaivadija.
Ад слова «ваяводзтва» ўтварылася назва сэрбскага Аўтаномнага краю Ваяводзіны.
Першыя ваяводзтвы ў Вялікім Княстве Літоўскім — Віленскае і Троцкае — утварыліся на аснове адпаведных княстваў паводле Гарадзельскага прывілею 1413 году як вайскова-адміністрацыйныя акругі. У 1471 годзе ўтварылася Кіеўскае, у 1504 годзе — Полацкае, у 1507 годзе — Наваградзкае, у 1508 годзе — Смаленскае, у 1511 годзе — Віцебскае, у 1513 годзе — Падляскае ваяводзтвы.
У 1565—1566 гадох згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай аформіўся новы падзел тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага:
Паводле ўмоваў Люблінскай уніі 1569 году, Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага павету), Падляскае ваяводзтвы далучыліся да Каралеўства Польскага. У 1611 годзе войскі Рэчы Паспалітай вярнулі ў склад Вялікага Княства Смаленскае ваяводзтва (паветы Смаленскі і Старадубскі).
У 1667 годзе, паводле ўмоваў Андрусаўскага замірэньня, Смаленск і Старадуб перайшлі пад уладу Маскоўскай дзяржавы, з таго часу адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы не зьмяняўся больш за стагодзьдзе (да 1772 году). У 1793 годзе ўтварыліся Браслаўскае, Гарадзенскае, Жамойцкае і Мерацкае ваяводзтвы. Усе яны спынілі сваё існаваньне ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай.
Усе ваяводзтвы Вялікага Княства Літоўскага мелі свае гербы і вайсковыя харугвы (штандары). Ачольваліся ваяводамі, якія прызначаліся вялікім князем і панамі-радай з заможнай шляхты, ураджэнцаў гаспадарства.
Першыя ваяводзтвы ў Польшчы ўтварыліся ў XIV ст. У 1837 годзе ўлады Расейскай імпэрыі замянілі ваяводзтвы Царства Польскага на губэрні.
Аднавіліся ў 1922 годзе ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Беластоцкага, Віленскага, Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў.
З 1999 году Польшча падзяляецца на 16 ваяводзтваў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ваяводзтва, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.