Нава́градак — места ў Беларусі, каля вытоку ракі Валоўкі.
Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 424 чалавекі. Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).
Наваградак лац. Navahradak | |||||
Руіны замкавай вежы | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1005 | ||||
Магдэбурскае права: | 26 ліпеня 1511 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Наваградзкі | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | 29 424 чал. (2018) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1597 | ||||
Паштовыя індэксы: | 231241, 231243, 231244, 231246, 231400 | ||||
СААТА: | 4243501000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°35′0″ пн. ш. 25°49′0″ у. д. / 53.58333° пн. ш. 25.81667° у. д. 25°49′0″ у. д. / 53.58333° пн. ш. 25.81667° у. д. | ||||
± Наваградак | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.) |
Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, Крамы і гатэль Эўропа, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Традыцыйная назва места — Нава́градак. Тапонім утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок».
Археалягічныя дасьледаваньні, праведзеныя Фрыдай Гурэвіч у розных месцах Наваградку, выявілі вялікую колькасьць знаходак: бізантыйске шкло, упрыгажэньні, руіны дома баярына з расьпісанымі фрэскамі сьценамі, які меў падвесныя ліхтары, дзе запальвалі аліву. Гэта, а таксама выснова самога археоляга пра тое, што горад на гэтым месцы паўстаў не пазьней за IX стагодзьдзе, дазваляе Наваградку прэтэндаваць на ролю гістарычнага летапіснага Ноўгараду[Крыніца?]. На карысьць гэтай вэрсіі лякалізацыі таксама сьведчыць тое, што ў найбольш раньніх летапісах Ноўгарад называюць Новгородоу: да [оу] у канцы пазьней дадалася літара «к» і атрымалася [оўк], — такім парадкам, летапіснае Новгородоу трансфармавалася ў Новгородоук, спрошчанае пазьней да «Наўгародак» або «Наваградак»[Крыніца?].
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород Литовский ды інш. — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча. Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва Наваградак узыходзіць да XIII ст., а форма Новагародак, якая дала назву Навагрудак (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI ст.) пад уплывам польскай мовы.
Назва Нава́градак адпавядае традыцыйнаму беларускаму вымаўленьню, тым часам цяперашняя афіцыйная форма Навагру́дак утварылася не ў выніку натуральнай трансфармацыі тапоніма, а праз мэханічны перанос польск. Nowogródek сьпярша (па 1795 годзе) у рас. Новогрудок, і толькі потым (па 1933 годзе) — у русіфікаваны савецкі моўны стандарт. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.
Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы X ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны XI стагодзьдзя. Упершыню Наваградак пісьмова ўпамінаецца (пад назвай Ноўгарад) у 1005 годзе ва ўстаўной грамаце Тураўскай япархіі кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча. Паводле Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, першы летапісны ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам, аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў.
Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у XII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У XIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1235 годам упамінаецца князь Ізяслаў Наваградзкі.
Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.
Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).
З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.
Яшчэ ў 1316 годзе Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году). У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.
У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзейнічалі 10 цэркваў. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.
18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі», а ў 1597 годзе ён надаў мяшчанам прывілей на 2 штогадовыя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Наваградку і ваколіцаў ліцьвінамі: «Белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин, Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую…» (1623—1624 гады). У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1590/1591 годам значыцца Johannes Snumyn, Lituanus, Palatinides Novogrodensis, у матрыкуле Дылінгенскага ўнівэрсытэту пад 1607 годам — Nicolaus Skoruski Lithuanus Nouogrodecum, у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1618 годам — Martinus Wietogolski, Novogrodiensis Lithvanus. Паводле біяграфічнай даведкі 1628 году пра Рафала Корсака: Lithuanus, natus in Districtu Novogroden. Паводле запісу мэтрыкі гімназіі ў Браўнсбэргу, Beresniewiez Thom. Lituanus ex pal. Novogrod. (1702 год).
У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.
Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзейнічалі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсі нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.
У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.
За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.
У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.
У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Наваградак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзечанскай, Гарадзішчанскай, Карэліцкай, Любчанскай, Мірскай, Нягневіцкай, Райцаўскай і Шчорсаўскай воласьцяў Наваградзкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 27 сьнежня 1918 году ў Наваградак ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР. З 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 году і з 1 кастрычніка 1920 году Наваградак займалі польскія войскі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920—1930-я гады тут выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадох на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзейнічалі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.
У 1933 годзе ў выданьні «Kurier Nowogrodzki» зазначалася, што «тутэйшыя» да нядаўняга часу называлі сябе ліцьвінамі і што былі спробы ўтрымаць пры сабе гэтую назву з адрознасьцю ад «ковенскіх летувісаў».
У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты.
У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце ёсьць два каледжы:
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня і 4 паліклінікі.
Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.
Выдаецца газэта «Новае жыццё».
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Кавальская вуліца | Сямёнаўская вуліца 3 мая вуліца |
17 верасьня вуліца | Фальваркавая вуліца | |
Белуша вуліца | Сянная вуліца | |
Ваўчэцкага вуліца | Чыгуначная вуліца | |
Гарадзенская вуліца | Падляская вуліца Бэрнардынская вуліца Францішканская вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Татарская вуліца | |
Камсамольская вуліца | Ваяводзкая вуліца | |
Леніна вуліца | Валеўская вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Леніна плошча | Рынак пляц | |
Менская вуліца | Траецкая вуліца Карэліцкая вуліца | |
Адама Міцкевіча вуліца | Слонімская вуліца | |
Паштовая вуліца | Базылянская вуліца | Барысаглебскі завулак |
Пушкіна вуліца | Фарная вуліца | |
Савецкая вуліца | Жыдоўская вуліца Касьцельная вуліца | |
Сечка вуліца | Віленская вуліца | |
Сьвярдлова вуліца | Сянежыцкая вуліца | |
Усходняя вуліца | Мячэтавая вуліца | |
Чапаева вуліца | Антавільская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Наваградку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.
Гістарычныя мясцовасьці Наваградку: Віктарын, Калёнія, Пярэсека, Рацэўля.
У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, харчовай, лёгкай прамысловасьці і вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Наваградку |
---|
|
Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі: Р5 (Баранавічы — Наваградак — Іўе), Р10 (Любча — Наваградак — Зьдзецел), Р11 (Парачаны (ад М6) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная аўтамабільная дарога.
Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе УП «Аўтобусны парк №5».
Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства. У месьце штогод праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак». За 2010 год Наваградак наведалі каля 23 тыс. турыстаў (4 турысты на 5 жыхароў за год).
Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.
Пералік местаў-сяброў Наваградку |
---|
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Наваградак, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.