Стары́я Даро́гі — места ў Беларусі, на рацэ Салянцы.
Адміністрацыйны цэнтар Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 6,36 км². Насельніцтва на 2018 год — 10 406 чалавек. Знаходзяцца за 148 км на паўднёвы ўсход ад Менску; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Слуцак. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Асіпавічы.
Старыя Дарогі лац. Staryja Darohi | |||||
Агульны выгляд | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1524 | ||||
Горад з: | 1938 | ||||
Былая назва: | Дарогі | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Старадароскі | ||||
Плошча: | 6,97 км² | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 10 406 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1492,97 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1792 | ||||
Паштовы індэкс: | 222910 | ||||
СААТА: | 6252501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°2′22″ пн. ш. 28°15′54″ у. д. / 53.03944° пн. ш. 28.265° у. д. 28°15′54″ у. д. / 53.03944° пн. ш. 28.265° у. д. | ||||
± Старыя Дарогі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Старыя Дарогі — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны.
Першы пісьмовы ўпамін пра сяло Дарогі ў складзе Глускай воласьці Слуцкага княства датуецца 1524 годам.
Пад 1582 годам Дарогі ўпамінаюцца як мястэчка на Слуцка-Бабруйскім гасьцінцы. У сярэдзіне XVII ст. Дарогі сталі цэнтрам воласьці. На 1647 год у мястэчку было 95 дамоў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Дарогі значна пацярпелі ад маскоўскіх захопнікаў. На 1668 год тут засталося 34 двары, 3 вуліцы, сядзібы з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі.
У канцы XVII ст. за 6 км на ўсход зьявілася яшчэ адно паселішча Дарогі і мястэчка пачалі зваць Старымі Дарогамі. У 1695—1744 гадох Старыя Дарогі знаходзілася ў ліку Нойбурскіх маёнткаў. У 1791 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Случарэцкага павету.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Старыя Дарогі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. Статус паселішча панізілі да вёскі, якая з 1828 году знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнаў. У 1846 годзе Старыя Дарогі перайшлі ў дзяржаўны скарб. На 1886 год тут было 40 двароў, паштовая станцыя. У 1896 годзе за 2 км на захад ад вёскі збудавалі станцыю на вузкакалейнай чыгунцы мясцовага значэньня Асіпавічы — Старыя Дарогі, якую ў 1915 годзе падоўжылі да Слуцку. Чыгункай на Асіпавічы вывозілі лесаматэрыялы. Вакол новай станцыі паступова сфармавалася новае паселішча, якое дала пачатак сучаснаму месту. У 1897 годзе ў Старых Дарогах працавалі лесапільны і фанэрны заводы. У 1914 годзе тут адкрылася народная вучэльня.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Старыя Дарогі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Старыя Дарогі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 году Старыя Дарогі кантралявалі польскія войскі. У 1921 годзе вёска стала цэнтрам Новадароскай воласьці, 17 ліпеня 1924 году — Старадароскага раёну Слуцкай акругі (25 сьнежня 1962 — 30 ліпеня 1966 году ўваходзілі ў склад Слуцкага раёну). З 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 году вёска знаходзілася ў Бабруйскай акрузе. 3 ліпеня 1925 году Старыя Дарогі зноў атрымалі статус мястэчка. На 1933 год тут працавалі электрастанцыя, лесапільня «Пралетары» і цагельня. 20 лютага 1938 году Старыя Дарогі ўвайшлі ў склад Менскай вобласьці, а 27 верасьня таго ж году атрымалі статус места. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У сьнежні 1992 году ў горадзе разьмяшчаецца 8-ы полк радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, які зь 1 верасьня 2014 году пераўтварылі ў брыгаду.
28 красавіка 1996 году Старыя Дарогі атрымалі мескі герб. 10 ліпеня 2001 году ў месьце адкрыўся Палац культуры. 24 лістапада 2007 году на тэрыторыі прыватнага музэю адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першага ў Беларусі помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну.
У Старых Дарогах працуюць 4 сярэднія, спартовая школы, школа мастацтваў, дзіцячы дом, 6 дашкольных установаў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, народны драматычны тэатар.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Старых Дарогаў |
---|
|
Апроч таго, працуюць хлебазавод, пладова-агароднінны і мэханічны заводы, цэх безалькагольных напояў, швацкая фабрыка, лясная гаспадарка, будаўнічыя арганізацыі.
Дзейнічаюць прыватны музэй Анатоля Белага і Старадароскі мастацкі музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Старыя Дарогі».
У 1920-я гады ў Старых Дарогах існавалі царква, касьцёл, сынагога і некалькі малітоўных дамоў.
На 2022 год у Старых Дарогах месьцілася 288-я база рэзэрву аўтамабіляў Узброеных сілаў Беларусі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Старыя Дарогі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.