Ян Булгак (18 кастрычніка 1876, Асташын, Наваградзкі павет — 4 лютага 1950, Гіжыцко) — віленскі фатограф, які значную частку сваіх працаў прысьвяціў Наваградчыне і Вільні.
Яго творчасьць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Летувы і Польшчы.
Удзельнічаў у 174 міжнародных выставах. За фатаздымак «Радасьць жыцьця», што паказвае заценены пакой, у які пранікаюць промні сонца, атрымаў узнагароду на Міжнародным фатаграфічным салёне ў Варшаве ў 1937 годзе. Напісаў шмат працаў па тэхніцы і эстэтыцы фатаграфіі, а таксама па краязнаўчай фатаграфіі.
Фатаздымкі Я. Булгака зьберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільні і Варшавы. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя працаў фотамастака. У 1999 годзе яна ўпершыню публічна экспанавалася ў менскай незалежнай галерэі візуальных мастацтваў «Nova».
Бацька — Валеры Антоні Станіслаў Булгак гербу «Сыракомля» (1842—1905), маці Юзэфа з роду Хаціцкіх гербу «Рох» (пам. 1893). На Беларусі ў вёсцы Варонча, што на Наваградчыне, каля касьцёла Сьв. Ганны знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.
У 1888 годзе аддадзены ў Першую Віленскую гімназію, якую скончыў у 1897 годзе. Пасьля вывучаў літаратуру і гісторыю ў Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве. Але праз два гады перапыніў навуку з-за нястачы грошай і вярнуўся на Бацькаўшчыну.
Пасяліўся ў сядзібе Пярэсека пад Менскам (спадчына стрыечнага дзеда Грынеўскага). У жніўні 1901 годзе ажаніўся са стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. Пасьля сьмерці бацькі прадаў маёнтак і набыў у Радзівілаў фальварак у Беліцы каля Менску.
27 красавіка 1906 году нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.
Першыя свае фатаздымкі Я. Булгак зрабіў у 1905 годзе — жонка атрымала ў падарунак просьценькі фотаапарат. Напачатку парадамі яму дапамагаў наваградзкі фатограф Баляслаў Ігнаці Дамейка. У 1908 годзе стварыў сваю фоталябараторыю ў сядзібе Пярэсіцы. У той самы год дэбютаваў і здабыў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе рэдакцыі «Ілюстраванага жацьця» (штотыднёвы дадатак да «Літоўскага кур’еру»).
У 1910 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у сусьветнай фотавыставе ў Брусэлі. Перапісваўся з Парыскім фотаклюбам і вядомым францускім фатографам Канстанцінам Пуё. Два сшыткі бэрлінскіх «Фатаграфічных паведамленьняў» у 1910 годзе зьмяшчалі ягоныя здымкі. Свае здымкі й натакі дасылаў у часопіс «Зямля» (Варшава), а таксама Польскаму краязнаўчаму таварыству. У 1911 годзе зладзіў фотавыставу ў Менску. Пачаў супрацоўнічаць зь «Віленскім штотыднёвікам» («Tygodnik Wileński»; перапынілася ў 1939), «Варшаўскім фатографам», «Нямецкім альманахам». Удзельнічаў у выставе фота ў Цяхоцінку. Атрымаў ганаровы дыплём ў катэгорыі мастацкага партрэту на конкурсе ў Антвэрпэне.
У 1911 годзе па прапанове Фэрдынанда Рушчыца Віленскі гарадзкі магістрат стварыў пасаду гарадзкога фатографа, на якую запрасіў Яна Булгака. Дзеля падвышэньня майстэрства паехаў у 1912 годзе вучыцца ў Дрэздэн да нямецкага фатографа Гуга Эрфурта. Вярнуўшыся дадому распачаў фотаінвэнтарызацыю помнікаў архітэктуры Вільні (да 1915 зрабіў больш за 800 здымкаў), ваколіц і Летувы. Працаваў нягледзячы на пачатак Першай сусьветнай вайны да 1915 году (15 альбомаў з той пары з 462 здымкамі захаваліся дасюль у Летувіскай акадэміі навук у Вільні).
Задакумэнтаваў палацава-паркавы ансамбль Дабосьні (Жылічы). У 1915 годзе выйшаў альбом у 6 тамах «Літва ў здымках Яна Булгака», якія ён рабіў у 1905—1911 гадох, і дзе зьмешчана больш за 270 здымкаў. Сярод якіх Наваградак, Мір, Нясьвіж, Сьвіцязь, Крэва, Вялейка, Трокі.
З 1919 году Я. Булгак кіраваў фатаграфічнай лябараторыяй пры факультэце прыгожага мастацтва Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя. У доме фотамастака на пляцы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тысячаў фатаздымкаў, зь іх каля 6 тысячаў — Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль што цалкам згарэла ў 1944 годзе.
Паводле ўспамінаў дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Антона Шукелойця, у час Другой сусьветнай вайны Ян Булгак працаваў у органах беларускай адміністрацыі ў Генэральнай акрузе Беларусь. Паводле Шукелойця, Пётра Булгак, які быў дырэктарам Менскага тэатру ад 1942 г., быў братам Яна Булгака.
Вільню пакінуў у 1944 годзе пасьля бамбардаваньняў і пераехаў у Варшаву, дзе дакумэнтаваў ваенныя разбурэньні і помнікі на захадзе Польшчы. Пры дапамозе дырэктара Народнага музэю Станіслава Лорэнца, адкрыў першую ўласную паваенную выставу «Варшава. 1945 г. у выявах Яна Булгака». Памёр у Гіжыцку, пахаваны ў Варшаве.
Зьяўляўся прадстаўніком піктаральнай мастацкай плыні. Гэтая плынь нарадзілася ў канцы XIX ст., прымаючы эстэтыку імпрэсіянізму і працуючы з тэмамі пэйзажу і архітэктуры.
Працы Я. Булкага адрозьнівае незвычайная мастацкасьць, уражлівасьць, пачуцьцё пэйзажу, а таксама ўменьне карыстацца сьвятлом, якое стварае клімат фатаграфіі. Галоўная тэма ягоных працаў — брамы, завулкі, дахі, прырода і сьвятло. Абрысы людзей на фатаздымках Я. Булгака падпарадкоўваюцца кампазыцыі, інтэгруюцца з архітэктурай. Відавочным зьяўляецца захапленьне амаль тэатральнай пастаноўкай кадру, адчуваньне прапорцыі і прасторы, а перадусім сьвятла, вывучэньне якога вельмі цікавіла Я. Булгака.
Найбольш вядомыя ягоныя фатаздымкі, зробленыя ў Беларусі, характарызуюцца яскрава вызначанай этнаграфічнай скіраванасьцю: беларускія народныя тыпы, краявіды, вёскі, гаспадарчыя пабудовы беларускіх сялянаў («Беларус з-пад Клецку», «Бабулька-беларуска з маёнтку Перасека пад Менскам», «Вечар. Меншчына»).
Вядомы Я. Булгак ня толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як пэдагог, бібліёграф, фальклярыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклёр і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песьні на Меншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), працаў пра мастака Ф. Рушчыца, дасьледаваньняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагодзьдзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыцьцё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ян Булгак, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.