Паштовая марка — спэцыяльны знак, які вырабляецца і прадаецца нацыянальнымі (і іншымі) паштовымі ведамствамі і які валодае пэўным намінальным коштам (наміналам).
Служыць для палягчэньня збораў за перасылку прадметаў (адпраўленьняў), якія ажыцьцяўляюцца поштай. Франкіраваньне гэтым знакам, г.зн. маркіраваньне адпраўленьня (налепка на яго маркі), сьведчыць аб факце аплаты паслугаў паштовага ведамства (перш за ўсё — перасылкі і дастаўкі карэспандэнцыі: лістоў, паштовак і г.д.).
Першую ў сьвеце паштовую марку выдаў урад Вялікабрытаніі ў 1840 годзе. На Беларусі маркі зьявіліся ў 1857 годзе — як часткі Расейскай імпэрыі.
Калекцыянаваньнем паштовых марак займаюцца філятэлісты.
маюць пазначаны намінал (або вызваленьне ад аплаты), які вызначае франкіравальную сілу знака паштовай аплаты;
маюць пазначэньне (у выглядзе тэксту, часам — выявы) назвы дзяржавы (паштовай адміністрацыі), якая выпусьціла маркі;
абавязкова гасяцца для недапушчэньня паўторнага выкарыстаньня;
У выпадку дзяржаўных паштовых марак таксама:
заканадаўства прадугледжвае пакараньне за іх фальсіфікацыю, падробку або незаконнае выкарыстаньне;
іх эмітэнт звычайна зьяўляецца ўдзельнікам Сусьветнага паштовага саюза (СПС) або ўдзельнічае ў міжнародным паштовым звароце празь іншага ўдзельніка СПС і падае ў СПС узоры паштовых марак, якія выпускаюцца;
іх эмітэнт валодаеў межах сваёй тэрыторыі неабмежаваным паштовым сувэрэнітэтам;
іх эмітэнт мае ўласныя паштовыя ўстановы і патрэбныя сродкі перавозкі пошты або знаходзіцца ў дагаворных адносінах з уладальнікамі такіх транспартных сродкаў.
Паводле 8-га артыкула «Паштовыя маркі» Статута Сусьветнага пашовага саюза ў рэдакцыі 2004 г.:
1. Тэрмін «паштовая марка» абаронены дзейнай Канвэнцыяй і мае выкарыстоўвацца выключна ў дачыненьні марак, якія адпавядаюць умовам дадзенага артыкула і Рэглямэнтаў.
2. Паштовыя маркі:
2.1 выпускаюцца толькі органам, які мае права на выпуск у адпаведнасьці з Актамі СПС; выпуск марак таксама ўключае ў сябе іх выпуск у зварот.
2.2 зьяўляюцца праявай сувэрэнітэту і ўяўляюць сабой:
2.2.1 доказ ажыцьцяўленьня перадаплаты паштовага збору ў памеры, які адпавядае іх сапраўднаму кошту, калі яны налепленыя на паштовыя адпраўленьні ў адпаведнасьці з Актамі Саюза;
2.2.2 крыніцу дадатковага прыбытку для паштовых адміністрацыяў у якасьці аб’ектаў філятэліі;
2.3 маюць знаходзіцца ў звароце на тэрыторыі адміністрацыі, якая выпускае іх, для перадаплаты паштовых збораў і філятэліі.
3. У якасьці атрыбута сувэрэнітэту паштовыя маркі маюць зьмяшчаць:
3.1 напісаную лацінскімі літарамі назву дзяржавы або тэрыторыі, суб’ектам якой зьяўляецца паштовая адміністрацыя, што выпускае іх;
3.1.1 у факультатыўным парадку афіцыйную эмблему дзяржавы, суб’ектам якой зьяўляецца паштовая адміністрацыя, што выпускае іх;
3.1.2 у прынцыпе, іх намінальны кошт, пазначаны лацінскімі літарамі або арабскімі лічбамі;
3.1.3 у факультатыўным парадку слова «Пошта» лацінскімі або іншымі літарамі.
4. Эмблемы дзяржавы, афіцыйныя службовыя надпісы і лягатыпы ўрадавых арганізацыяў, якія выяўляюцца на паштовых марках, абароненыя ў межах палажэньняў Парыскай канвэнцыі па ахове інтэлектуальнай уласнасьці.
5.1 маюць адпавядаць духу Прэамбулы да Статута СПС і рашэньням, прынятым органамі Саюза;
5.2 павінныя мець шчыльную сувязь з культурнай своеасаблівасьцю краіны або тэрыторыі, суб’ектам якой зьяўляецца паштовая адміністрацыя, што выпускае іх, або спрыяць распаўсюджваньню культуры або падтрымцы міру;
5.3 у выпадку выпуску памятных марак у гонар выдатных асобаў або якіхсьці падзеяў, якія не адносяцца да гісторыі той краіны або тэрыторыі, суб’ектам якой зьяўляецца паштовая адміністрацыя, што выпускае іх, яны маюць быць шчыльна зьвязаныя з гэтай краінай або тэрыторыяй;
5.4 не павінныя мець палітычны характар або быць абразьлівымі для якіхсьці асобаў або краінаў;
5.5 павінныя мець важнае значэньне для той краіны або тэрыторыі, суб’ектам якой зьяўляецца паштовая адміністрацыя, што іх выпускае.
6.1 пазначэньне права паштовай адміністрацыі, што выпускае іх, выкарыстоўваць адпаведныя правы інтэлектуальнай уласнасьці, а менавіта:
6.1.1 аўтарскае права, з пастаноўкай знака, які пазначае аўтарскія правы, і пазначэньнем году выпуску;
6.1.2 знак, зарэгістраваны на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы, суб’ектам якой з’ьяўляецца паштовая адміністрацыя, што выпускае іх, з прастаўленьнем зарэгістраванага сымбаля гандлёвай маркі пасьля гэтага знака;
7. Адзнакі паштовай аплаты, адбіткі франкіравальных машын і адбіткі, якія атрымліваюцца іншымі спосабамі друкаваньня або штэмпеляваньня, якія адпавядаюць Актам СПС, могуць прастаўляцца толькі з дазволу паштовай адміністрацыі.
Віды
Афіцыйная. Выпускаецца дзяржаўнай паштовай службай і выкарыстоўваецца ў якасьці платы за паштовае адпраўленьне.
Наяўная ў вольным продажы для аплаты паштовага адпраўленьня.
Прызначаная для ўнутранай патрэбы або патрэбы ўстановы (службовая марка) і звычайна не трапляе ў продаж.
Для аплаты падатку (вайскова-падатковая марка).
Паўафіцыйная. Выпускаецца непаштовай установай і выкарыстоўваецца для аплаты дадатковага паштовага збору.
Неафіцыйная. Выпускаецца грамадзкай або прыватнай установай або асобай.
Прыватнай пошты. Выпускаецца прыватнай гарадзкой і гасьцінічнай поштай (марка прыватнай мясцовай пошты).
Даўней існавалі адмысловыя маркі:
газэтная: для перасылкі друкаваных твораў, пераважна газэтаў;
службовая: для службовых пакетаў;
даплатная (порта-марка): для спагнаньня плацяжу па нефранкіраваных або недастаткова аплачаных лістах;
заказная: для заказных лістоў;
пасылачная: для дробных пасылак у пакетах.
У некаторых краінах існавалі яшчэ падатковая, тэлеграфная і штэмпельная маркі, замест якіх часта ўжывалі і паштовыя маркі. У Англіі дваістае прызначэньне маркі пазначалася надпісам «паштовы і гербавыя зборы» (анг. Postage & revenue), у Гішпаніі — «пошта і тэлеграф» (Correos y Telégrafos).
Кошт і цана
Кошт паштовай маркі — праца, затрачаная пры вытворчасьці і рэалізацыі марак і ўвасобленая ў іх. Цікавіць найперш заказчыка маркі (паштовае ведамства) і непасрэдна яе вытворцу (кампанію, якая друкуе марку). Залежыць ад затрат працы на яе выраб, якія вызначаюцца выбраным спосабам друку. Стандартныя маркі, якія друкуюцца вялікімі накладамі, звычайна вырабляюцца больш таннымі спосабамі высокага або афсэтнага друку.
Намінал, надрукаваны на паштовай марцы, адлюстроўвае грашовую суму, на якую будуць аказвацца паштовыя паслугі пры падачы гэтай маркі.
«Калекцыйная цана» — цана, якую ўсталёўвае на калекцыянер на марку для адлюстраваньня суадносінаў між маркамі як прадметамі зьбіраньня і абмену. У аснове цэнаўтварэньня ляжыць прызначэньне маркі ў якасьці прадмета зьбіраньня. Вынікам зьяўляецца толькі цана прапановы, ад якой залежыць гандлёвая (аўкцыённая) цана паштовай маркі. З цаной паштовай маркі суадносіцца яе каталёгавая цана, пад якой маецца на ўвазе ацэнка паштовай маркі ў каталёзе марак.
Прастакутнік. Гарызантальны або вэртыкальны з рознымі суадносінамі бакоў (ад блізкіх да квадрата да выцягнутых стужак);
Квадрат. Стаіць на адным з бакоў або на вяршыні. Квадратнымі былі першыя маркі Баварыі («Чорная адзінка», 1849 г.) і Саксоніі («Саксонская тройка», 1850 г.). Шырока выкарыстоўваўся ў СССР., дзе Сэрыя марак у гонар Сусьветнай спартакіяды 1935 г. мела форму квадрата, які стаіць на вяршыні. Упершыню «квадраты на вяршыні» зьявіліся ў 1851 г. у Нью-Брансуіку (Канада);
Трохкутнік. Звычайна выкарыстоўваюцца роўнабаковы або раўнабедраны трохкутнік. Напрыклад маркі Капскай калёніі («Капскія трохкутнікі», 1853 г.). Бываюць і нераўнабедраныя (Калюмбія, 1869 г.). Можа стаяць як на адным з бакоў, так і на вяршыні (Аўстрыя, 1916 г.; Ісьляндыя, 1930 г.);
Круг. Выкарыстоўваўся для марак Бурундзі і Сьера-Леонэ. Варта адрозьніваць ад марак з круглым малюнкам. У 1971 г. у Малайзіі выпусьцілі сэрыю ў гонар нацыянальнага банка з малюнкам круглай формы ў атачэньні кругавой пэрфарацыі. Такая марка аддзяляецца ад аркуша ў выглядзе квадрата з пэрфараванымі краямі, таму ня круглая;
Авал. Выкарыстоўваецца самастойна і пры пэрфарацыі паштовых блёкаў;
Вольная форма. Паўтарае абрыс мапы краіны (Сьера-Леонэ, 1964 г.), какосавага арэха (Тонга), банана (Тонга) або Гібралтарскай скалы (Гібралтар).
Шматкутнік. 5-, 6- і 8-кутная.
Блёк марак, прысьвечаных Алімпійскім гульням 1972 году
Першая круглая марка Нямеччны
Трохкутная марка Мыса Добрай Надзеі
Матэрыял
Большасьць выпушчаных паштовых марак друкуецца на чыстай, белай (мелаванай) паперы.
Папера:
Чыстая папера. Мелаваная, шчыльнайя, звычайная, папіросная. Ва ўсіх краінах.
Адваротны бок: 1) недадрукаваных рублёў Рыжскага Савета — Латвія (1919—1920); 2) тапаграфічных мапаў — Латвія (1918—1920); 3) неразрэзаных аркушаў «керанак», этыкетак тавараў — падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі;
Лінееная папера сшыткаў. Падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі;
Абгортачная папера. Падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі;
Алюмін. Вугоршчына (марка да 20-годзьдзя алюмінавай прамысловасьці краіны, двухслойная з паперай, 1955 г.), СССР (2 маркі «Слава КПСС! XXII зьезд КПСС», 1961 г.; 2 маркі «Космас»; марка «XXVI зьезд КПСС»);
Вышыўка — Швайцарыя (першая ў сьвеце паштовая марка з вышыўкай, 2000 г.);
Вінілавая грампласьцінка. Маленькая. На ёй запісаная песьня. Бутан, Катар;
стэрэаскапічная. 2 тыпы: аб’ёмная пры зьмяненьні кута нахілу і тая, што разглядаецца ў адмысловых акулярах;
«Пераліўная». Мае некалькі нанесеных выяваў — Бутан (з 1967 г.);
Парцаляна. Аўстрыя (да 300-годзьдзя венскай парцалянавай мануфактуры ў замку Аўгартэн, 2014 г.).
Клей
Адваротны бок пераважнай большасьці марак намазваецца клеем, бо яны прызначаюцца для налепліваньня на паштовыя адпраўленьні. Апошнім часам распаўсюд атрымалі «маркі-самалепкі». У якасьці клею звычайна выкарыстоўваецца сынтэтычны клей ПВА. Клей мае быць бясьпечным для чалавека, бо перад налепліваньнем часта даводзіцца аблізваць клеявы слой. Часам клей зьмяшчае сахарын, што паляпшае смак і служыць для прывабліваньня пакупнікоў. У 1960-х гг. у Францыі выпусьцілі «смачныя» маркі, дзе ў клей дадаваліся цытрынавы сок, мята і ванілін. Таксама выпусьцілі марку з дадаткам перцу. Даўней у якасьці клею, які наносіцца на адваротны бок маркі, ужываўся гуміарабік і раствор дэкстрыну.
Даўнейшыя спосабы
Гравіраванне на медзі або сталі. Фарба як бы высоўваецца над паперай.
Каб паскорыць друк, на адным аркушы злучалі 10—150 клішэ. Першапачаткова маркі аддзяляліся ад аркуша з дапамогай нажніц, але праз павольнасьць перайшлі да прабіваньня прамежкаў між маркамі (пэрфарацыя). Дагэтуль паўсюдна на краях марак выбіваюцца зубчыкі з дапамогай асаблівай марачна-пэрфарацыйнай машыны, вынайдзенай у 1847 г. ірляндцам Генры Арчэрам (1806—1863) і ўдасканаленай ім у 1852 г., калі ангельскае паштовае ўпраўленьне набыло ў яго правы на машыну за 4000 фунтаў стэрлінгаў.
Каб ускладніць падробку марак і другаснае ўжываньне пагашаных марак, падчас друку сталі выкарыстоўваць засьцярогі. На паперы сталі друкаваць вадзяныя знакі, у папяровую масу ўкладаць доўгія шаўковыя ніткі (дыкінсанаўская папера) або маленькія рознакаляровыя шаўковыя ніткі. Таксама выкарыстоўваўся гафраж, калі з дапамогай прэса на марцы выціскаўся значок такім чынам, што папера прабівалася наскрозь, а пры пагашэньні маркі фарба праходзіла скрозь нарэзы паперы і штэмпэль ня мог быць выдаленым. У некаторых месцах на марках выкарыстоўвалі заўважныя толькі пад мікраскопам значкі і значкі, якія выяўляліся пры выкарыстаньні хімічных чарнілаў. Таксама пры друку выкарыстоўвалі фарбы, якія пры кантакце з вадкасьцю змываліся цалкам або часткова. Клей для марак выраблялі з сумесі гумі з дэкстрынам і глюкозай і нанасілі на маркі з дапамогай машынаў. Клей выкарыстоўвалі з разьліку каля 16 кг на 400 000 марак.
Гашэньне
У 19 стагодзьдзі гашэньне знакаў паштовай аплаты рабілі пер’евым перакрэсьліваньнем маркі, або пазначалі месца і дату. У Асманскай імпэрыі гашэньне рабілі нажнічным надрэзам. Пазьней гашэньне пачалі ажыцьцяўляць з дапамогай штэмпэля з датай і месцам адпраўленьня. У XX стагодзьдзі ў ЗША ўвялі аўтаматычныя машыны, якія маглі штэмпэляваць 5000 лістоў за гадзіну (ручным штэмпеляваньнем — 3000). У Нью-Ёрку меліся, акрамя гэтага, апараты Бары, якія маглі штэмпэляваць да 40 000 лістоў за гадзіну, але пры ўмове, што яны ўсе былі аднолькавага памеру, а маркі знаходзіліся на пазначаных месцах.
Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя атрымала распаўсюд гашэньне паштовых марак у першы дзень іх выпуску. Пры гэтым маркі налепліваюцца на спэцыяльна для гэтай мэты выпушчаны канвэрт, а для гашэньня часта выкарыстоўваюць мастацкія спэцштэмпелі. У пачатку 20 ст. на штэмпелі ў ЗША зьмяшчалі метэаралягічныя пазнакі, якія паведамляліся шторанак мэтэаралягічнай станцыяй некаторым паштовым канторам — такім чынам чалавек, які атрымліваў ліст, знаходзіў у штэмпэлі навіну аб зьмене надвор’я.
Філятэлія
Значная частка марак выпускаецца на продаж зьбіральнікам, што дазваляе атрымліваць прыбытак, які наўпрост не зьвязаны з паштовымі паслугамі. Такія дзяржавы і тэрыторыі, як Ліхтэнштайн, Трынідад і Табага і Джэрзі, разглядаюць маркі ў якасьці адной з прыладаў напаўненьня бюджэту.
Беларусь
20 сакавіка 1992 г. выпусьцілі першую паштовую марку незалежнай Рэспублікі Беларусь, прысьвечаную Крыжу Эўфрасіньні Полацкай. Да 19 красавіка 2012 г., за 20 гадоў, выпусьцілі звыш 900 паштовых марак.
Гісторыя
Ідэя аб папяровай налепцы як знаку паштовай аплаты прапаноўвалася да ўзьнікненьня паштовай маркі:
1653—1654 гг.: Жан-Жак Рэнуар дэ Вілае арганізаваў па дазволе францускага караля Людовіка XIV рэгулярную паштовую службу ў Парыжы, выпусьціў стужкападобныя білеты аплаты паштовага збору (фр. Billet de port payé) па цане ў 1 су, якімі абгортваліся паштовыя адпраўленьні або якія ўкладаліся ў іх так, каб былі бачныя лістаносцу. На стужкавых білетах стаяў асаблівы штэмпэль Рэнуара дэ Вілае і словы «аплачана, … дня, году 1653 (1654)» (фр. port payé, le… jour de l’an 1653 (1654)). Ніводнага асобніка не захавалася, таму невядома ці пазначалася цана.
1660—1663 гг.: пры генэральным паштмайстры Генры Бішапе (1605—1691) у Ангельшчыне зьявіліся першыя штэмпэлі аб паштовым зборы, якія ўключалі пазначэньне сумы, якую варта было спагнаць з атрымальніка ліста (напрыклад, 9 пэнсаў — «D/9», 1 шылінг— «S/1»). Падобныя штэмпэлі выкарыстоўваліся ў Лёндане, Эдынбургу (Шатляндыя), Дубліне (Ірляндыя), Індыі і ангельскіх калёніях у Паўночнай Амэрыцы.
1660 г. — Робэрт Мюрэй, лёнданскі абойшчык, арганізаваў першую гарадзкую прыватную пошту, якая перайшла ў рукі яго супольніка па бізнэсе, купца Ўільяма Дакрэя (1635—1716). Паштовая служба атрымала назву «пэні-пошта», дзякуючы тарыфу ў 1 пэні за дастаўку ліста вагою да 1 фунта. У 1683 г. Дакрэй увёў трохкутныя штэмпэлі папярэдняй аплаты, на якіх зьмяшчаўся тэкст «Паштовы збор у 1 пені спагнаны» (анг. Penny Post Paid) і пазначалася месца адпраўкі (літара ў цэнтры трохкутніка).
1819—1837 гг.: у Сардынскім каралеўстве выпускаліся штэмпэльныя аркушы паштовай паперы для лістоў, якія называліся штэмпельная паштовая папера (італ. Carta postala bolata), на якіх сіняй фарбай (а ў 1820 г. — бясфарбавым цісьненьнем) друкавалася цана 15, 25 і 50 чэнтэзіма аплаты і была выява хлопца на кані, які трубіў у паштовы ражок. У залежнасьці ад цаны аркуша форма штэмпэля была круглай, авальнай або васьмікутнай. Папера мела разнастайныя вадзяныя знакі для прадухіленьня падробак.
1823 г. — швэдзкілейтэнант Куры Габрыэль Трэфэнбэрг (1791—1875) прапанаваў увесьці канвэрты папярэдняй аплаты з надрукаванай на іх маркай, выкананай рэльефным бясфарбавым цісьненьнем або фарбавым алегарычным малюнкам, які было бы цяжка падрабіць. Цэнтральны паштамтСтакгольма адхіліў гэтую ідэю як «недарэчную».
1834—1839 гг. — Джэймс Чалмэрс (1782—1853), шатляндзкі кнігагандляр і выдавец, накідаў і вырабіў праекты знакаў паштовай аплаты.
1835—1836 гг. — Лорэнц Кошыр (1804—1879), аўстрыйскі чыноўнік, памочнік паштовага рахункавода і славенец за паходжаньнем, прапанаваў папярэдне аплачваць паштовы збор з дапамогай наклейваньня марак.
Першыя маркі
У 1831 г. у Грэцыі зьявіліся першыя паштовыя маркі ў выніку паштовай рэформы 1828 году. Захаваліся адзінкавыя асобнікі грэцкіх марак канца 1830-х гадоў без пазначэньня дакладнай даты выпуску. 6 траўня 1840 г. Роўлэнд Гіл (1795—1879) выпусьціў першую ў Брытаніі паштовую марку «Чорны пэні».
Да пачатку XX стагодзьдзя маркі ўвялі ў 310 дзяржавах, у тым ліку малых зьніклых італьянскіях і нямецкіх. Штэмпэльныя канвэрты — у 135 дзяржавах. Колькасьць знакаў паштовай аплаты даходзіла да 14 000, а іх цана — ад нэапалітанскай газэтнай маркі ў ½ тарпэзэ (¼ капейкі) да паўночнаамэрыканскай газэтнай маркі ў 60 даляраў ЗША.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Паштовая марка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses. ®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.