Пру́сія (па-нямецку: Preußen) — гістарычная назва шэрагу раёнаў ва ўсходняй і цэнтральнай Эўропе, а менавіта:
Прусія Preußen | |||||
| |||||
| |||||
Прусія ў складзе Нямецкай імпэрыі | |||||
Афіцыйная мова | Нямецкая | ||||
Сталіца | Кёнігсбэрг (1525—1701) Бэрлін (1701—1947) | ||||
Форма кіраваньня | манархія (1525—1918) рэспубліка (1918—1947) | ||||
Гісторыя • Герцагства • Унія з Брандэнбургам • Каралеўства • Вольная дзяржава • ліквідавана (фактычна) • ліквідавана (афіцыйна) | 1525 27 жніўня 1618 18 студзеня 1701 9 лістапада 1918 30 студзеня 1934 25 лютага 1947 | ||||
Плошча • агульная | 297 007 км² (1939 год) км² | ||||
Насельніцтва • агульнае (1939) | 41 915 040 чал. |
Да XIII стагодзьдзя тэрыторыю Ўсходняе Прусіі засялялі прусы. Яны зьяўляліся аднымі з прамых пераемнікаў культуры шнуравае керамікі (III—II тыс. да н. э.) якая займала амаль усю кантынэнтальную Эўропу, акрамя Міжземнамор’я і Поўначы, — у тым ліку сучасную Цэнтральную Расею. Іх вылучэньне ў асобны народ з групы роднасных плямёнаў адносяць да V—VI стагодзьдзям. Пры гэтым характэрныя рысы ўласна прускае культуры прасочваюцца з пачатку нашае эры. Першыя селішчы ўласна прусаў паўсталі на ўзьбярэжжы цяперашняй Калінінградзкай затокі. Затым, да IX стагодзьдзя, прусы мігравалі на захад, да ніжняй плыні Віслы.
У XIII павеку гэта тэрыторыя была захоплена Тэўтонскім ордэнам.
У 1226 годзе польскі князь Конрад I Мазавецкі папытаў дапамогі ў тэўтонскіх рыцараў у барацьбе супраць прусаў, абяцаўшы ім валоданьне гарадамі Кульм і Добрынь, а таксама захаваньне за імі захопленых тэрыторыяў. У 1232 годзе Тэўтонскія рыцары прыбылі ў Польшчу. Заваяваньне прусаў і яцьвягаў, пачатае ў 1233, завяршылася ў 1283; два вялікіх паўстаньні прускіх плямёнаў (1242—1249 і 1260—1274) былі жорстка падушаны. У 1237 да Тэўтонскага ордэна далучыліся рэшткі Ордэна мечаносцаў, пацярпелага незадоўга да гэтай паразы ад ліцьвінаў. У выніку гэтага аб’яднаньня ўтварылася аддзяленьне Тэўтонскага ордэна ў Інфлянтах і Курляндыі — Лівонскі ордэн. Пасьля падначаленьня Прусіі пачаліся рэґулярныя паходы супраць Літвы. У 1308—1309 Тэўтонскі ордэн захапіў у Польшчы Усходняе Памор’е з Гданьскам. У 1346 дацкі кароль Вальдэмар IV саступіў ордэну Эстляндыю. У 1380—1398 ордэн падпарадкаваў Жамойць, аб’яднаўшы такім чынам свае валадарствы ў Прусіі і Лівоніі, у 1398 захапіла выспа Готлянд, у 1402 набыў Новую марку.
Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна прывяла да ўсталяваньня дынастычнага саюзу паміж Польшчаю і Літвою (Крэўская унія 1385). У Вялікай вайне 1409—1411 гадоў Тэўтонскі ордэн патрываў паразу пры Грунвальдзе ад аб’яднаных сілаў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Па Торунскім міры 1411 году ён, адмовіўшыся ад Жамойці і польскае Дожынскай землі, выплаціў кантрыбуцыю. З гэтай паразы пачынаецца заход Ордэну.
Патрываўшы паразу ў Трынаццацігадовай вайне 1454—1466, Тэўтонскі ордэн пазбавіўся Гданьскага Памор’я, Торуні, Марыенбургу, Эльблёнгу, біскупства Варміі і стаў васалам Польскага каралеўства. Рэзыдэнцыя вялікага маґістра была перанесена ў Кёнігсбэрг. Лівонскі ордэн фактычна стаў самастойным.
У 1525 Вялікі Маґістар Тэўтонскага Ордэна Альбрэхт Брадэнбурскі, пяройдучы ў пратэстанцызм, па радзе Марціна Лютэра сэкулярызаваў землі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі, ператварыўшы іх у сьвецкае ґерцаґства, зьмешчанае ў леннай залежнасьці ад Польшчы.
Альбрэхт таксама рэфармаваў усю дзяржаўную сыстэму. Ствараліся новыя ўрадавыя ўстановы. У 1544 годзе ў Кенігзбэрзе ўтвораны унівэрсытэт, уладкованы па ўзоры іншых нямецкіх унівэрсытэтаў. Рэформы Альбрэхта згулялі значную ролю ў разьвіцьці Прусіі, спрыялі яе эканамічнаму і культурнаму разьвіцьцю. Памёр Альбрэхт 20 сакавіка 1568 году на 78-м годзе жыцьця ў замку Тапіаў (Гвардзейск).
Пасьля яго сьмерці сытуацыя ў Прусіі зноў ускладнілася. Яго хворы сын, Альбрэхт Фрэдэрэк, практычна не прымаў удзелу ў кіраваньні ґерцаґствам. З 1578 году Прусіяю сталі кіраваць рэґенты зь нямецкай дынастыі Гагэнцолернаў. Бо ў Альбэрта Фрэдэрыка не было сыноў, курфюрст Брандэнбургу Ёахім Фрыдрых жэніць свайго сына Яана Жыгімонта на Ганьне Прускай, дочкі Альбрэхта ў надзеі ўсталяваць дынастычнае сваяцтва і пасьля яго сьмерці далучыць землі Прусіі да Брандэнбургу. Так і здарылася. У 1618 Альбрэхт Фрэдэрык памірае і прускае ґерцаґства пераходзіць курфюрсту Брандэнбурга Яану Жыгімонту.
Улада Брадэнбурґскіх курфюрстаў у далучаных землях Прусіі была даволі хісткае. Па-першае Прусія працягвала знаходзіцца ў леннай залежнасьці ад Польшчы, па-другое Польшча сама жадала валодаць гэтымі тэрыторыямі, марачы далучыць Прусію да каронных земляў у выглядзе ваяводзтва. Брандэнбурґ жа тым часам моцна пакутаваў ад распачатае Трыццацігадовай вайны і ня мог праводзіць актыўную палітыку па замацаваньні за сабою нованабытых земляў.
Значнае ўзмацненьне Брадэнбурска-Прускай дзяржавы адбылося пры кіраваньні Фрыдрыха Вільгельма I. Яго палітыка спрыяла прытоку імігрантаў у разбураны вайною Брандэнбурґ і спрыяла яго хуткаму аднаўленьню. З мэтаю зьнішчэньня леннае залежнасьці Прусіі ад Польшчы і дасягненьня яе сувэрэнітэту курфюрст прыняў удзел у швэцка-польскай вайне 1655—1661 гадоў. Перамога над палякамі ў трохдзённай бітве пад Варшаваю, здабытая пры дапамозе брадэнбурґскіх войскаў, значна ўзмацніла пазыцыі курфюрста. 20 лістапада 1656 Карл X склаў з курфюрстам дамову ў Лабіаў, па якім Фрыдрых-Вільгельм атрымліваў поўны сувэрэнітэт у Прусіі. У адпаведнасьці Вяляўска-Будгошчскім трактатам 1657 гэты сувэрэнітэт прызнаецца Рэччу паспалітай. Зараз на карце Эўропы зьяўляецца новая дзяржава Брандэнбург-Прусія, якая дзякуючы высілкам Фрыдрыха Вільгельма I значна ўзмацняецца і абрастае новымі землямі.
18 студзеня 1701 году ў Кёнігсбэргу сын Фрыдрыха Вільгельма курфюрст Брадэнбурскі Фрыдрых III быў каранаваны каралём Прусіі і прыняў тытул Фрыдрыха I, пры гэтым назва Прусія была прысвоена ўсёй Брандэрбурска-Прускай дзяржаве.
Хоць ніякімі асоба важнымі для дзяржавы падзеямі кіраваньне Фрыдрыха I адзначана не было, каралеўскі тытул кіраўніка падняў міжнародны прэстыж Прусіі.
Пасьля сьмерці Фрыдрыха I у 1713 годзе на прускі пасад уступіў Фрыдрых Вільгельм I, празваны Каралём-жаўнерам. Фрыдрых-Вільгельм I перабудаваў уладныя структуры буйных гарадоў, такіх, як Бэрлін, Кёнігсбэрг і Штэтын. Гарады атрымлівалі прызначаных каралём штат-прэзыдэнтаў, адначасова якія робяцца старшынямі вайсковых і зямельных палатаў у дадзенай правінцыі. Падчас яго кіраваньня прускае войска стала мацнейшым войскам у Эўропе.
З 1740 па 1786 гг. каралём Прусіі быў Фрыдрых II Вялікі. У гэты пэрыяд Прусія ўдзельнічала ў шматлікіх войнах. Ужо ў 1740 годзе пачынаецца Вайна за аўстрыйскую спадчыну (1740—1748), у выніку якой Прусія захапіла вялікую частку Сылезіі.
У 1756—1763 гадах Прусія ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне, у якое атрымала перамогу, панясучы, аднак, вялікія страты. У 1757 і 1759 гадах Прусія патрывала паразу ад расейскіх войскаў у бітве пры Грос-Эгерсдорфе і ў Кунерсдорфскай бітве. У выніку большасьць прускіх правінцыяў былі заняты або расейцамі, або аўстрыйцамі. Аднак у 1762 годзе пасьля сьмерці расейскай імпэратаркі Лізаветы прыйшэлы да ўлады Пётар III склаў з Фрыдрыхам II перамір’е і вярнуў землі, заваяваныя расейскім войскам. Усьлед за Расеяю перамір’е было складзена 22 траўня 1762 гады паміж Прусіяю і Францыяю, а 24 лістапада — перамір’е паміж Прусіяю і Аўстрыяю. У выніку вайны Прусія канчаткова ўвайшла ў круг вядучых эўрапейскіх дзяржаваў.
Апошняя вайна, у якой удзельнічала Прусія падчас кіраваньня Фрыдрыха II, — вайна за баварскую спадчыну 1778—1779 гадоў. Прусія атрымала перамогу, аднак не атрымала ад вайны ніякіх выгодаў.
Фрыдрых II сканаў у 1786 году ў Патсдаме, не пакінуўшы прамога спадчыньніка. Яго пераемнікам стаў яго пляменьнік Фрыдрых Вільгельм II. Пры ім сыстэма кіраваньня, створаная Фрыдрыхам, стала руйнавацца, і пачаўся заняпад Прусіі. Пры Фрыдрыху Вільгельме II, падчас Вялікае францускае рэвалюцыі Прусія разам з Аўстрыяю склала ядро 1-й антыфранцускай кааліцыі, аднак пасьля шэрагу паразаў была змушана падпісаць сэпаратны Базэльскі мір з Францыяю ў 1795 годзе.
У 1797 годзе пасьля сьмерці Фрыдрыха Вільгельма II на пасад уступіў яго сын, Фрыдрых Вільгельм III. Фрыдрых Вільгельм апынуўся слабым і нерашучым кіраўніком. У напалеонаўскіх войнах ён доўгі час ня мог вызначыцца, на якім ён боку. Ён абяцаў садзейнічаньне Аўстрыі, але нічога не распачаў пасьля ўварваньня ў гэту краіну Напалеона ў 1805 годзе, спадзяючыся набыць ад Францыі наўзамен за нэўтралітэт Прусіі Гановэр і іншыя землі на поўначы. 1 кастрычніка 1806 году Прусія прад’явіла Напалеону ўльтыматум, а ўжо 8 кастрычніка 1806 году Напалеон напаў на Прусію. У выніку прускае войска была разгромлена Напалеонам у бітвах пры Ене і Аўэрштэдце. Паводле Тыльзыцкага міру 1807 году Прусія страціла каля паловы сваіх тэрыторыяў. У студзені 1813 году Прусія вызвалена ад напалеонаўскіх войскаў. Па выніках Венскага кангрэса 1814—1815 гадоў Прусіі былі вернутыя Рэйнская Прусія, Вэстфалія, Познань і частка Саксоніі.
У 1848—1850 і 1864 гадах Прусія сумесна зь Нямецкім саюзам вяла вайну супраць Даніі за ўладаньне ґерцаґствамі Шлезьвіг і Гальштэйн (Глядзіце Дацка-пруская вайна 1848—1850, Дацкая вайна 1864 году). Па выніках вайны ґерцаґства былі абвешчаны сумеснымі валадарствамі Прусіі і Аўстрыі, якая стаяла на чале Нямецкага саюзу.
Імкненьне Аўстрыі і Прусіі да аб’яднаньня ўсіх нямецкіх земляў пад сваёю эгідаю прывяло да пачатку ў 1866 годзе Аўстра-Прускае вайны. Вынікамі гэтай вайны сталі анэксія Прусіяю тэрыторыяў Каралеўства Гановэр, Кургэсэна, Насаў, Шлезьвіг-Гальштайна, Франкфурта-на-Майне. Гэтыя анэксіі тэрытарыяльна злучылі рэйнскія правінцыі Прусіі з асноўнаю тэрыторыяю каралеўства і ўтварылі Паўночнанямецкі саюз, які аб’яднаў 21 нямецкую дзяржаву.
У 1870—1871 гадах Прусія вяла вайну супраць Францыі, па выніках якой да Паўночнанямецкага саюзу былі далучаны паўднёванямецкія землі — Бадэн, Вюртэмбэрг і Баварыя. 18 студзеня 1871 году, яшчэ да канчатка вайны, у Вэрсалі міністар-прэзыдэнт Прусіі Бісмарк і прускі кароль Вільгельм I абвясьцілі пра стварэньне Нямецкай імпэрыі.
З гэтай даты пачынаецца гісторыя Прусіі ў складзе адзінай Нямецкай дзяржавы.
Новая імпэрыя Бісмарка стала адной з самых магутных дзяржаваў з краінаў кантынэнтальнае Эўропы. Панаваньне Прусіі ў новай імпэрыі было амаль гэтак жа абсалютным, як гэта было ў Паўночна-Нямецкім саюзе. Прусія мела тры пятыя плошчы імпэрыі, і дзьве траціны яе насельніцтва. Імпэратарская карона стала спадчыннай дынастыі Гагэнцолернаў.
Аднак карані будучых праблемаў знаходзіліся ў глыбокіх адрозьненьнях паміж імпэрскае і прускае сыстэмамі. Імпэрыя мела сыстэму ўсеагульнага і роўнага выбарчага права для ўсіх мужчын старэй 25 гадоў. У той жа час, Прусія захавала сыстэму галасаваньня з абмежавальнымі трыма клясамі, у якое 17,5 % насельніцтва кантралявала ўсе сфэры жыцьця. Імпэрскі канцлер быў, за выключэньнем двух пэрыядаў (студзень-лістапад 1873 і 1892—1894 гадоў) таксама прэм’ер-міністрам Прусіі, і гэта азначала, што на працягу большае часткі існаваньня імпэрыі, каралю/імпэратару і прэм’ер-міністру/канцлеру прыйшлося шукаць большасьці ў выбарчых заканадаўчых органах дзьвюх абсалютна розных выбарчых сыстэмаў.
На момант стварэньня імпэрыі дзьве траціны насельніцтва Прусіі было сельскім. Аднак на працягу 20 наступных гадоў становішча зьмянілася і на гарадзкія селішчы ўжо даводзілася дзьве траціны насельніцтва. Тым ня менш, межы выбарчых акругаў так і не былі зьменены, каб адбіць рост насельніцтва і ўплыў гарадоў.
Бісмарк разумеў, што астатняя частка Эўропы некалькі скептычна ставіцца да сілы новага Райху, і зьвярнуў сваю ўвагу на захаваньне міру накшталт Бэрлінскага кангрэса.
Вільгельм I памёр у 1888 годзе, і яго на троне зьмяніў спадчынны прынц — Фрыдрых III. Новы імпэратар, быў англяфілам і плянаваў ажыцьцявіць шырокія лібэральныя рэформы. Але ён памёр праз 99 дзён з моманту свайго ўзыходжаньня на трон. Яго спадчыньнікам стаў 29-летні сын, Вільгельм II.
Вільгельм паўстаў супраць сваіх бацькоў у іх лібэральных спробах і пакінуў прусаў пад апекаю Бісмарка. Новы кайзэр хутка сапсаваў адносіны з брытанскай і расейскай каралеўскімі сем’ямі (хоць і быў роднасна злучаны зь імі), стаў іх супэрнікам і нарэшце ворагам. Вільгельм II адхіліў Бісмарка ад пасады ў 1890 годзе і пачаў кампанію мілітарызацыі і авантурызму ў вонкавай палітыцы, што ў канчатковым выніку прывяло Нямеччыну да ізаляцыі.
Падчас Аўстра-Вугорскага канфлікту з Сэрбіяю кайзэр зьехаў у адпачынак, і пасьпешныя пляны мабілізацыі некалькіх дзяржаваў прывялі да катастрофы — Першай сусьветнай вайне (1914—1918). За выйсьце з вайны бальшавікі, паводле Берасьцейскага міру (1918 год), пагадзіліся на акупацыю буйных рэґіёнаў заходняе часткі Расейскае імпэрыі, якія межавалі з Прусіяю. Нямецкі кантроль над гэтымі тэрыторыямі доўжыўся ўсяго некалькі месяцаў і спыніўся з-за паразы нямецкага войска і перамогі нямецкае рэвалюцыі, якія прывялі да адлучэньня кайзэра ад трона і яго выгнаньня.
Паваенная Вэрсальская дамова прымусіла Нямеччыну несьці поўную адказнасьць за вайну. Дамова была падпісана ў Вэрсалі, у зале люстэркаў, дзе нямецкая імпэрыя і была створана. Па гэтай мірнай дамове Прусія страціла шэраг тэрыторыяў, раней якія ўваходзілі ў яе склад (Верхняя Сілезія, Познань, частка правінцыяў Усходняя і Заходняя Прусія, Саар, Паўночны Шлезьвіг і некаторыя іншыя).
Яшчэ да завяршэньня вайны ў Нямеччыне ўспыхнула Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г., якая прымусіла Вільгельма II зрачыся і ад прускага пасаду, і ад злучанага зь ім тытула нямецкага імпэратара. Нямеччына стала рэспублікаю, Каралеўства Прусія было пераназвана ў Вольная дзяржава Прусія.
Ваймарская рэспубліка засталася «саюзнай дзяржаваю», а землі былі дзяржавамі, хоць і з абмежаваным сувэрэнітэтам. Менавіта нераўнапраўе яе чальцоў, першым чынам, і характарызавала фэдэралістычную структуру Ваймарскае рэспублікі. На тэрыторыі Прусіі пражывала амаль 2/3 насельніцтвы, тут была шырока разьвіта прамысловасьць і вайсковая арґанізацыя. З прычыны гэтага Прусія захавала сваё дамінантнае становішча ў Нямеччыне ў параўнаньні зь іншымі нямецкімі землямі. Пляны тэрытарыяльнай перабудовы Нямеччыны сустракалі разьлютаваны супраціў. арт.18 Канстытуцыі ўсталёўваў, што тэрытарыяльныя зьмены існых і стварэньне новых земляў у межах нямецкай імпэрыі адбываецца шляхам імпэрскага закону, які зьмяняе канстытуцыю, што ў прамым сэнсе азначала, што ніякая тэрытарыяльная перабудова немагчыма бяз згоды Прусіі.
Нераўнапраўе выяўлялася і ў прадстаўніцтве земляў у Райхстагу. Прусія тут атрымала 2/5 галасоў і сытуацыю не магло зьмяніць нават уключэньне ў канстытуцыю «антыпрускае абмоўкі», якая прадугледжвала, што палову прускіх галасоў павінны мець прадстаўнікі прускіх правінцыйных кіраваньняў, а ня прускі ўрад. Такім чынам, з 66 галасоў у Райхстазе Прусія мела 26, Баварыя — 11, Саксонія — 7, Вюртэмберг — 4, Бадэн — 3, Турынгія, Гэсэн, Гамбург — па 2, астатнія 9 земляў па 1 голасе. Усё гэта казала пра тое, што ніводнае рашэньне не магло быць прынята супраць волі Прусіі.
Пасьля прыходу 30 студзеня 1933 году да ўлады ў Нямеччыне нацыянал-сацыялістаў Прусія працягвала заставацца ў складзе Нямеччыны на адмысловым становішчы. Ужо 30 студзеня райхскамісарам Прусіі стаў віцэ-канцлер у сфармаваным урадзе Адольфа Гітлера Франц фон Папэн.
Пасьля ўводзін пастоў імпэрскіх намесьнікаў (райхсштатгальтэраў) у землях Нямеччыны з 7 красавіка 1933 году і да свае сьмерці 30 красавіка 1945 году імпэрскім намесьнікам Прусіі быў сам А. Гітлер, а яе міністрам-прэзыдэнтам з 11 красавіка 1933 да 23 красавіка 1945 году быў прэзыдэнт Райхстага Герман Герынг. Яму ж 30 студзеня 1935 году А. Гітлер даручыў адначасова выконваць яго абавязкі райхсштатгальтара Прусіі, але фармальна застаючыся часткаю прускай дзяржавы.
Пасьля капітуляцыі Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне у 1945 годзе і пераходу вярхоўнае ўлады ў краіне да хаўрусьніцкіх акупацыйных уладаў, апошнімі прадпрымаюцца меры па расфармаваньні велізарнай Прусіі, разгляданае імі як апора нямецкага мілітарызму і рэакцыі. На працягу 1945—1946 гг. распараджэньнямі хаўрусьніцкіх уладаў са складу Прусіі канфіскоўваюцца розныя яе тэрыторыі.
Гэты працэс завяршыўся з прыняцьцем саюзнай Кантрольнай радаю ў Нямеччыне 25 лютага 1947 гады Закона «Пра ліквідацыю Прускай дзяржавы». 1 сакавіка 1947 году Кантрольнай радаю афіцыйна заяўлена пра тое, што Пруская дзяржава «зьяўлялася крыніцаю мілітарызму і рэакцыі ў Нямеччыне», і таму яно больш не існуе.
Усходняя Прусія была падзелена паміж Савецкім Саюзам і Польшчаю. У склад Савецкага Саюзу разам са сталіцаю Кёнігзбэргам (які быў пераназваны ў Калінінград) увайшла адна траціна Ўсходняе Прусіі, на тэрыторыі якое была створана Калінінградзкая вобласьць. Невялікая частка, якая ўключала частка Куршскае касы і горад Клайпеда (Клайпедзкі край), была перададзена Летувіскай ССР. Таксама да Польшчы адышлі Ніжняя Сілезія, вялікая частка Памяраніі і іншыя тэрыторыі да ўсходу ад лініі Одар-Нэйсэ.
Астатнія тэрыторыі ліквідаванай Прускай дзяржавы ўвайшлі ў склад іншых фэдэральных земляў Нямеччыны, такіх як Брандэнбург, Гэсэн, Ніжняя Саксонія, Райнлянд-Пфальц, Паўночны Райн-Вэстфалія, Саксонія-Ангальт, Турынгія, Шлезьвіг-Гальштайн, Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Бадэн-Вюртэмбэрг, Заарлянд. У 1990 годзе самастойнаю зямлёю Нямеччыны стала былая сталіца Прусіі — Бэрлін.
Такім чынам, з 16 земляў сучаснае Фэдэратыўнае Рэспублікі Нямеччына 12 цалкам ці часткова разьмешчаны на тэрыторыях, раней якія ўваходзілі ў склад Прусіі.
Гістарычна Прусія зьяўлялася цэнтрам і часткаю земляў Нямеччыны. З 1871 году, пасьля ўтварэньня адзінай Нямецкай імпэрыі, стала губляць свае пазыцыі ў якасьці самастойнага суб’екта, паколькі ўзначаліўшы аб’яднаньне краіны стала ў штодзённай сьвядомасьці ў значнай ступені сынанімічная новай дзяржаве.
Тэрыторыя Прусіі значна зьмянялася зь цягам часу. Так, у XIV павеку Прусія складалася з тэрыторыяў цяперашняга Вармінска-Мазурскага ваяводзтва Польшчы, Калінінградзкае вобласьці і Кляйпэдзкага павету Летувы. Напачатку XX стагодзьдзя каралеўства Прусія складалася з «уласна Прусіі» (Усходняй і Заходняй Прусіі), Брандэнбург, правінцыі Саксоніі (тэрыторыя цяперашняе зямлі Саксонія-Ангальт і частка зямлі Турынгія), Памяраніі, Рэйнскай правінцыі, Вэстфаліі, Сілезію, Лужынкі, Шлезьвіг-Гальштайн, Гановэр, Гэсэн-Насаў і правінцыю Гагэнцолерн.
У 1914 годзе плошча тэрыторыі Прусіі складала 354 490 км².
Насельніцтва Прусіі па гадах (1740—1939)
Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва | Год | Насельніцтва |
---|---|---|---|---|---|
1740 | 2 240 000 | 1840 | 14 929 000 | 1890 | 29 957 000 |
1786 | 5 430 000 | 1852 | 16 935 000 | 1900 | 34 473 000 |
1800 | 9 700 000 | 1861 | 18 491 000 | 1910 | 40 165 000 |
1816 | 10 349 000 | 1864 | 19 255 000 | 1925 | 38 176 000 |
1828 | 12 726 000 | 1871 | 24 689 000 | 1933 | 39 934 000 |
1834 | 13 510 000 | 1880 | 27 279 000 | 1939 | 41 334 000 |
Ордэны Прусіі
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Прусія, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.