Міхась Аляксандравіч Ткачоў (10 сакавіка 1942, Амсьціслаў — 31 кастрычніка 1992, Менск) — беларускі гісторык, археоляг, грамадзка-палітычны дзяяч.
Доктар гістарычных навук (1987), прафэсар (1989).
Міхась Ткачоў | |
Дата нараджэньня | 10 сакавіка 1942 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 31 кастрычніка 1992 (50 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1964) |
Занятак | гісторык, настаўнік, палітык |
Навуковая сфэра | Гісторыя |
Месца працы | Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы (1978-1989) |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук[d] |
Навуковы кіраўнік | Лаўрэнці Абэцэдарскі |
Вучні | Алег Трусаў, Алесь Краўцэвіч, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі |
Узнагароды | Мэдаль Францішка Скарыны |
Нарадзіўся ў настаўніцкай сям’і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасьля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у родным Амсьціславе ў сямігодцы № 3. У 1959 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс, аднак, давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Амсьціслаў, у калгас імя Варашылава, працаваць паляводам. Студэнцкія гады ўмацавалі нацыянальнае пачуцьцё М. Ткачова. Цікава, што пад «кіраўніцтвам» вядомага Лаўрэна Абэцэдарскага ён на ўсё жыцьцё «захварэў беларускім сярэднявеччам». М. Ткачоў узгадваў: «У душы маёй адбыўся карэнны пералом: я ўсьвядоміў, што жыву на гэтай зямлі ня нейкім там бязродным чалавекам, а беларусам, што ў мяне ёсьць культура, ёсьць гісторыя, якую, на жаль, мы вельмі дрэнна ведаем».
Пасьля разьмеркаваньня па заканчэньні вучобы ў 1964 амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіне, быў завучам. Тады ўступіў у КПСС. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў ў 1968 годзе ў асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР.
У 1978 годзе прыняў запрашэньне з Горадні, дзе адчыняўся ўнівэрсытэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983—1985 — загадчык катэдры. Падчас жыцьця ў Горадні М. Ткачоў меў некалькі сутыкненьняў зь мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец зьнішчэньню старажытнай гарадзкой забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, Ткачова спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «за клевету на органы Советской власти», «за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР». Аднак гісторык перамог.
1 сакавіка 1986 году ў Горадні з асьветніцкімі мэтамі быў створаны гісторыка-культурны клюб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў М. Ткачоў. Тут зьбіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы.
Напрыканцы 1980-х М. Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1989 годзе вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. «Для мяне тыя выбары, — узгадваў М. Ткачоў, — сталіся сапраўднай школай жыцьця. Я ўпершыню ўбачыў, што палітыка і бруд, амаральнасьць ідуць побач. Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзьняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях — нармальная старанная праца, асабісты прыклад у грамадзкім жыцьці. І вось прыйшло крушэньне маральных устояў, пэўных палітычных прынцыпаў. Зразумеў нарэшце, што ў партапарата сьвятога няма, дзеля захаваньня ўлады ён гатовы на ўсё».
Ткачоў выйшаў з КПСС і дзейнічаў ужо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху. Пасьля пераезду ў Менск ў 1989 годзе ён удзельнічаў ва ўтварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, зрабіўся намесьнікам старшыні Сойму БНФ.
Ткачоў быў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі — з сакавіка 1991 году ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленае БСДГ.
Пасьля паступленьня ў асьпірантуру АН БССР М. Ткачоў узяўся за распрацоўку тэмы «Ваеннае дойлідзтва Беларусі XII—XVII ст. Паводле помнікаў паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі». Міхась Чарняўскі так ахарактарызаваў свайго сябра М. Ткачова: «Быў малады, дужы. Здавалася, ня будзе зносу. Таму шмат дзе пасьпяваў. З 1969 па 1972 гады ім раскопваліся замкі Наваградку, Горадні, Ліды, Койданава, Крэва, Міру, Геранён, Мядзелу, Лепеля, Іказьні, Камянцу, умацаваньні шэрагу іншых мясьцін». Менавіта ў 1976—1978 гадах экспэдыцыя Інстытуту гісторыі АН БССР на чале з М. Ткачовым распачала на Верхнім Замку ў Віцебску археалягічныя дасьледаваньні XVIII ст. і да мацярыка. Сёньня «гістарычная археалёгія» ўжо агульнапрызнаная галіна навукі, якая пасьпяхова разьвіваецца на Беларусі, Польшчы, Летуве, Украіне. З другой палове 70-х гадоў ХХ ст. яго ўвага была скіравана на Ўсходнюю Беларусь. І зноў раскопкі ў Віцебску, Магілёве, Амсьціславе, Крычаве, Гомелі, Чачэрску, Прапойску і іншых месцах.
Вынікам гэтае працы была абароненая ўжо ў 1972 годзе кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой былі выдадзеныя кнігі «Абарончыя збудаваньні зямель Беларусі» (1978), а таксама «Замкі Беларусі» (1977). У 1987 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV—XVIII ст.»
Па вяртаньні ў Менск у 1989 годзе М. Ткачоў працаваў у рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі»: спачатку з 1989 — загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 — галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыкляпэдыі». М. Ткачоў быў адным зь ініцыятараў выданьня «Энцыкляпэдыі Археалёгіі і Нумізматыкі Беларусі» ды «Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі». Ужо хворым, у апошнія гады жыцьця ён выдаў «Замкі і людзі», «Вялікае мастацтва артылерыі», «Старажытны Мсьціслаў» (апошнія дзьве ў сааўтарстве).
Галоўная ўвага Міхася Ткачова была накіравана на дасьледаваньне багатай і разнастайнай вайсковай гісторыі Беларусі. На падставе глыбокага аналізу гістарычных, археалягічных і іканаграфічных крыніцаў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў генэзіс, эвалюцыю і этапы разьвіцьця замкаў і абарончых сыстэмаў населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў. Вынікам дасьледаваньня было каля 200 навуковых прац, зь іх 10 кніг (уключаючы разьдзелы ў калектыўных манаграфіях).
Сярод найбольш вядомых паплечнікаў і вучняў Міхася Ткачова шмат асобаў, якія вызначаюць разьвіцьцё гістарычнай і археалягічнай навукі ў Беларусі: Алег Трусаў, Лявон Калядзінскі, Тацяна Бубенька, Алесь Краўцэвіч, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі, Генадзь Семянчук, Уладзімер Канановіч і іншыя.
Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс яго жыцьця…».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Міхась Ткачоў, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.