Іка́зьнь — вёска ў Беларусі, на беразе возера Іказьні.
Уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 295 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслава, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.
Іказьнь лац. Ikaźń | |
Панарама: налева возера Іказьнь, направа вежы касьцёла Божага Цела | |
Першыя згадкі: | 1499 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Браслаўскі |
Сельсавет: | Цяцеркаўскі |
Вышыня: | 167 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 295 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2153 |
Паштовы індэкс: | 211971 |
СААТА: | 2208892096 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°37′18″ пн. ш. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д. |
± Іказьнь | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Іказьнь — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно.
Першы пісьмовы ўпамін пра Іказьнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 году вялікі князь Аляксандар дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркаваньня».
У пачатку XVI стагодзьдзя ў Іказьні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі пад кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказьненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкую вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (2-я палова XVI стагодзьдзя) адзначаў, што «Іказьнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава за 2 мілі ляжыць».
6 чэрвеня 1593 году ўладальнік Іказьні Леў Сапега фундаваў тут касьцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 годзе Ян Сапега ўнёс фундуш на царкву. На 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры Рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзьнік.
У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе Іказьненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — швэдзкія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 году, у іказьненскіх уладаньнях ваяводы віленскага К. Я. Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказьнь моцна пацярпела ад ваенных дзеяньняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. флярынаў). На 1781 год у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 год — 12.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Іказьнь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, пазьней Віленскай губэрні. У 1800 годзе Іказьнь перайшла ў валоданьне старосты браслаўскага I. Бужынскага. У гэты час тут было 50 двароў, касьцёл, царква, плябаніі каталіцкая і вуніяцкая, карчма, млын, папскі двор.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Іказьнь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іказьнь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У 1919 годзе Іказьнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстаньня на Дзісенскім павеце супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродзкай гміне Браслаўскага павету. На 1931 год у Іказьні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзейнічаў гурток Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры.
У 1939 годзе Іказьнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год у Іказьні было 88 двароў, на 1994 год — 128, на 1997 год — 134. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
У Іказьні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Іказьнь (вёска), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.