Старажытны Егіпет — адна з першых дзяржаў у гісторыі чалавецтва, якая ўзнікла на Афрыканскім кантыненце ў даліне Ніла прыкладна ў пачатку 4 тысячагоддзя да н.э.
Назва краіны — «Егіпет» паходзіць ад назвы старажытнай егіпецкай сталіцы Хікупта (Хет-Ка-Птах — «дом Ка Птаха», грэч. Мемфіс). Грэкі, перайначыўшы гэта слова, назвалі ўвесь Егіпет словам «Айгюптас». З гэтага, у сваю чаргу, назва перакачавала ва ўсе астатнія еўрапейскія мовы. Самі егіпцяне называлі сваю краіну kmt (Кемет) або Та-кемет, што ў перакладзе азначае «чорны» або «чорная зямля», а дакладней — «чарназём», — у гонар урадлівай чорнай зямлі, якой славіўся Егіпет ва ўсе часы.
Старажытны Егіпет | |
---|---|
Дата заснавання / стварэння | 4 тысячагоддзе да н.э. |
Кантынент | Афрыка |
Краіна | |
Гістарычны рэгіён | Старажытны Блізкі Усход і Nile Valley Civilizations[d] |
Папярэдні ў спісе | Prehistoric Egypt[d] і Predynastic Period of Egypt[d] |
Дата пачатку | 4 тысячагоддзе да н.э. |
Дата заканчэння | 395 |
Вывучаецца ў | егіпталогія |
Дата спынення існавання | 30 да н.э. |
Геаграфія тэмы | geography of Ancient Egypt[d] |
Эканоміка тэмы | economy of Ancient Egypt[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Старажытны Егіпет развіваўся ў ніжнім і сярэднім цячэнні Ніла. У сувязі з неабходнасцю стварэння ірыгацыйных сістэм была вялікая патрэба ў арганізацыі кантролю. Гэта прывяло да з’яўлення ранняй дзяржавы. Спачатку гэта былі невялікія ўтварэнні, царамі якіх выступалі жрацы. Неабходнасць стварэння ірыгацыйнай сістэмы, а таксама аб’яднанне даліны з дэльтай патрабавала стварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы. У эпоху Новага царства ўлада фараонаў прасціралася да чацвёртага нільскага парога на поўдні і распаўсюджвалася на значныя тэрыторыі ва Усходнім Міжземнамор’і, а таксама на ўзбярэжжа Чырвонага мора. Увесь Егіпет дзяліўся на дзве вялікія вобласці: Верхні і Ніжні Егіпет. А тыя, у сваю чаргу, мелі па некалькі дзясяткаў абласцей, якія грэкі называлі номамі. Больш за 90 % тэрыторыі Егіпта займае пустыня, так званая «Чырвоная зямля». Жыццё там было магчыма толькі ў аазісах і ў далінах перасохлых рэк. Эканоміка Егіпта асноўвалася на прадуктыўнай сельскай гаспадарцы ва ўрадлівай даліне Ніла. Егіпет развіваў зносіны з цывілізацыямі Міжземнамор’я, а таксама з Нубіяй, з якой Егіпет атрымліваў лес, золата, каштоўныя камяні ў асноўным захопам.
Егіпет дасягнуў вяршыні сваёй магутнасці падчас Новага царства, пазней Егіпет процістаяў Хецкай, Асірыйскай і Мітанійскай імперыям, пасля чаго ён уступіў у перыяд павольнага заняпаду. У Трэці пераходны і Позні перыяды Егіпет захоплівалі хананеяне, лівійцы, нубійцы, асірыйцы, вавіланяне, ахеменіды і македонскія грэкі. Пасля смерці Аляксандра Вялікага, Егіптам пачаў кіраваць адзін з яго военачальнікаў, Пталамей Сатэр, які заснаваў грэчаскую дынастыю фараонаў. Гэтая дынастыя кіравала краінай да 30 года да н.э., калі Егіпет быў далучаны да Рымскай імперыі ў якасці адное з правінцый. Пераходныя перыяды, якіх было тры, азначаюць распад дзяржавы.
У III стагоддзі да н.э. егіпецкі жрэц Манефон саставіў паслядоўнасць фараонаў ад Менеса да свайго часу і падзяліў яе на 30 дынастый, гэтая сістэма (з некаторымі дапрацоўкамі) выкарыстоўваецца і па сёння.
Усю гісторыю Старажытнага Егіпта дзеляць на наступныя перыяды:
У перыяд позняга мезаліта — ранняга неаліта ўздоўж рэчышча Ніла ўзніклі сталыя паселішчы. Іх насельнікі былі выхадлцамі з суседніх раёнаў Сахары, дзе адбывалася паступовае апустыньванне. Мяркуюць, што вызначальную ролю ў раннім неаліце адыгралі носьбіты Харыфійскай культуры, што перасяляліся з Сінаю, практыкавалі земляробства і жывёлагадоўлю. Частка даследчыкаў лічыць, што іх дэмаграфічны ўплыў не быў важным, і аснову насельніцтва Старажытнага Егіпту складалі нашчадкі субсахарцаў, блізкія па паходжанню да жыхароў тагачаснай Нубіі.
Генетычныя даследаванні прадстаўнікоў 18-й дынастыі фараонаў паказалі, што яны мелі індаеўрапейскае паходжанне. Болей падрабязнае даследаванне мумій Новага Царства — ранняга рымскага перыяду з сярэдняга Егіпту паказала, што мясцовыя жыхары мелі больш агульнай генетычнай спадчыны з насельнікамі Блізкага Усходу, чым нават сучасныя егіпцяне, а ўплыў заваёўнікаў амаль не адлюстраваўся на іх. Тым не меней, генетычная спадчына жыхароў верхняга Егіпту, блізкага да Нубіі, магла істотна адрознівацца ад даследаванай.
Ніл быў жыццёваю артэрыяй для прылеглых зямель на працягу большай часткі чалавечай гісторыі. Урадлівая пойма Ніла давала людзям магчымасць развіваць аселую сельскагаспадарчую эканоміку і больш складанае, цэнтралізаванае грамадства, якое стала краевугольным каменем у гісторыі чалавечай цывілізацыі. Сучасны чалавек, у складзе плямён паляўнічых і збіральнікаў, пачаў жыць у даліне ў канцы сярэдняга плейстацэна прыкладна 120 тысяч гадоў назад. У познім палеаліце засушлівы клімат Паўночнай Афрыкі станавіўся ўсё больш гарачым і сухім, прымушаючы насельніцтва прылеглых зямель канцэнтравацца ўздоўж рачной даліны.
У дадынастычныя і раннедынастычныя часы егіпецкі клімат быў не такім засушлівым, як цяпер. Вялікія абсягі Егіпта былі пакрыты саваннамі, там раслі дрэвы і пасвіліся статкі капытных жывёл. Расліннасць і жывёльны свет былі значна багацейшымі ва ўсім наваколлі, у даліне Ніла жылі вялікія папуляцыі вадаплаўных птушак. У егіпцян распаўсюджаным заняткам было паляванне. Таксама ў гэты перыяд былі ўпершыню прыручаны многія віды жывёл.
Прыблізна к 5500 г. да н. э. невялікія плямёны, якія жылі ў даліне Ніла, развіліся ў некалькі культур. Людзі гэтых культур ажыццяўлялі строгі кантроль сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі і мелі характэрныя для кожнай культуры посуд і прадметы асабістага карыстання, такія як расчоскі, бранзалеты і пацеркі. Найбольш значнай з гэтых ранніх культур у Верхнім (паўднёвым) Егіпце была Бадары. Яна, імаверна, зарадзілася ў Заходняй Пустыні і вядома па сваёй высокаякаснай кераміцы, каменных прыладах і выкарыстанні медзі.
Пасля Бадары былі Амрацкая (Накада I) і Герзейская (Накада II) культуры, якія прыўнеслі рад тэхналагічных удасканаленняў. Ужо ў часы Накады I дадынастычныя егіпцяне ўвозілі абсідыян з Эфіопіі і выраблялі з абсідыянавых сколкаў нажы і іншыя прадметы. Да часоў Накада II адносяцца першыя сведчанні аб кантактах з Блізкім Усходам, асабліва з Ханаанам і ўзбярэжжам Бібла. Прыкладна за 1000 гадоў культура Накада развілася з некалькіх сельскагаспадарчых супольнасцей у магутную цывілізацыю, правіцелі якой мелі поўную ўладу над людзьмі і рэсурсамі Нільскай даліны. Устанавіўшы цэнтр улады ў Нехене, а пазней у Абідасе, кіраўнікі культуры Накада III пашырылі сваю ўладу на поўнач уздоўж Ніла. Яны таксама гандлявалі з Нубіяй на поўдні, аазісамі Лівійскай пустыні на захадзе, і культурамі ўсходняга Міжземнамор’я і Блізкага Усходу на ўсходзе. Знойдзеныя ў царскіх пахаваннях у Кустуле (Нубія) артэфакты нясуць на сабе найстаражытнейшыя вядомыя выявы егіпецкіх дынастычных сімвалаў, такіх як белая карона Егіпта і сокал.
Людзі культуры Накада выраблялі самыя разнастайныя матэрыяльныя даброты (што адлюстроўвае рост улады і багацця эліты), у тым ліку прадметы асабістага карыстання, такія як расчоскі, маленькія статуэткі, распісны посуд, высакаякасныя дэкаратыўныя каменныя вазы , касметычныя палеткі і ювелірныя вырабы з золата, ляпіс-блакіту (лазурыту) і слановае косці. Яны таксама распрацавалі від палівы, вядомы як фаянс , які ў Рымскія часы шырока выкарыстоўваўся пры аздабленні кубкаў, амулетаў і фігурак. Бліжэй к канцу дадынастычнага перыяду ў культуры Накада пачалі выкарыстоўвацца пісьмовыя сімвалы, якія з часам развіліся ў паўнацэнную іерагліфічную пісьменнасць для егіпецкай мовы.
У 4-м тыс. да н.э. шматлікія дробныя княствы аб’ядналіся ў два дзяржаўныя ўтварэнні — так званыя Верхні Егіпет і Ніжні Егіпет (са сталіцамі ў Іераконпалі і Бута). Стварэнне адзінай дзяржавы прыпісваюць правіцелю Верхняга Егіпта Менесу. Сталіцай аб’яднанай дзяржавы каля 3000 да н.э. стаў Мемфіс у паўднёвай частцы дэльты Ніла. Да кан. 4 — пач. 3 тыс. да н.э. адносяць першыя помнікі, напісаныя егіпецкім іерагліфічным пісьмом.
У 30—28 стагоддзях да н.э. пачаліся сутыкненні з суседзямі: кушытамі (нубійцамі) — на поўдні, з лівійцамі — на захадзе і качэўнікамі з Сінайскага паўвострава — на паўночным усходзе. У 28—23 стагоддзях да н.э. сфарміравалася старажытнаегіпецкая цывілізацыя.
Адзінства Егіпта ўвасаблялася ва ўладзе фараонаў — неабмежаваных валадароў усёй краіны. Фараон быў галавой культаў усіх багоў Егіпта і сам быў абагаўляемы. Праяваю гэтага было будаўніцтва ў гэты перыяд пірамід — фараонавых магільняў, напрыклад, сусветна вядомыя піраміды Джосера, Снофру, Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра) і Мікерына (Менкаура). Узрасло значэнне геліопальскага культу бога сонца Ра, чыімі сынамі абвяшчалі сябе ўсе фараоны (у тытулах).
У 23—21 стагоддзях да н.э. Егіпет распадаецца на мноства номаў.
Новае аб’яднанне Старажытнага Егіпта пачалося з узвышэння намархаў Гераклеопаля (у Сярэднім Егіпце), пазней узмацніліся правіцелі паўднёвага горада Фівы, Егіпет. Фіванскі фараон Ментухатэп I стаў правіцелем аб’яднанага Егіпта. У 21—18 стагоддзях да н.э. апекуном фараонаў абвешчан Амон. Аменемхет I перанёс сталіцу з Фіваў у Ітауі ў Файюмскім аазісе.
Новы распад Егіпта ў 18-16 стагоддзях да н.э. прывёў да захопу Егіпта азіяцкімі захопнікамі — гіксосамі, якія захапілі ўладу ў Ніжнім Егіпце і зрабілі сваёй сталіцай горад Аварыс ва ўсходняй частцы дэльты Нілу.
Вытурыць гіксосаў змог Яхмас I. Пераследуючы іх, ён уварваўся ў Палесціну, Сірыю. Яго пераемнікі ўсталявалі панаванне Егіпта ў Палесціне, Фінікіі, Сірыі; краіна Куш да 4 нільскага парога стала егіпецкаю правінцыяй.
Пры Аменхатэпе III Старажытны Егіпет дасягнуў найбольшай магутнасці. З правінцый у Азіі і ў Кушы егіпецкая дзяржава палучала даніну драўнінай, меддзю, волавам, свінцом, серабром, а таксама быдла, рабоў, віна, ювелірныя вырабы, слановую косць. З краіны Пунт, куды царыца Хатшэпсут накіравала экспедыцыю, у Старажытны Егіпет паступалі духмяныя рэчывы. У гэты перыяд егіпецкае войска стала рэгулярным. Рэлігійная рэформа Аменхатэпа IV (Эхнатона) абвясціла культ адзінага для егіпцян бога Атона (сонечнага дыска). У гонар гэтага бога будуецца новая сталіца Ахетатон. Пасля смерці Эхнатона ў 1335 г. да н.э. было адноўлена шанаванне ранейшых багоў, і Фівы ізноў сталі сталіцай Егіпта. Заняўшыся рэлігійнай рэформай, Эхнатон закінуў кіраванне дзяржавай. Заняпад працягваўся і пасля яго смерці, але каля 1290 г. да н.э. фараон Рамзес II аднавіў магутнасць Егіпта. Ён вёў упартую барацьбу з хетамі і іх сірыйскімі саюзнікамі. Сталіцай Егіпта пры Рамзесе II стаў Пер-Рамсес, пабудаваны на месцы Аварыса.
У 11—7 стагоддзях да н.э. умацавалася ўлада намархаў. У 945 г. да н.э. лівійскі палкаводзец Шэшонк I абвясціў сябе фараонам, зрабіўшы сваёй рэзідэнцыяй горад Бубастыс у дэльце Ніла. Ён узяў Іерусалім і разрабаваў яго. У 671 г. да н.э. асірыйскае войска Асархадона захапіла і разрабавала Мемфіс. У 667 да н.э. і 663 да н.э. асірыйцы авалодалі Фівамі.
Псаметых I змог ізноў аб’яднаць Старажытны Егіпет. Пры Неха II, сыне Псаметыха I, быў прарыт канал, які звязаў Ніл з Чырвоным морам.
У 528 да н.э. Старажытны Егіпет быў заваёван персідскім царом Камбісам і стаў персідскай правінцыяй (сатрапіяй). У 341 да н.э. персы ізноў уварваліся ў Егіпет, спустошыўшы яго.
У 332 да н.э. у Егіпет увайшло войска Аляксандра Македонскага, краіна стала часткай яго дзяржавы. Пасля падзелу яго імперыі паміж дыядохамі Егіпет дастаўся палкаводцу Пталамею Лагу — заснавальніку грэка-македонскай дынастыі Пталамеяў Лагідаў (305-30 да н.э.). Сталіцай стаў горад Александрыя.
Пры Пталемеях Егіпет стаў галоўным пастаўшчыком хлеба ў эліністычным свеце. У гэты перыяд егіпецкі флот панаваў у Міжземным моры. У кіраванне царыцы Клеапатры, апошняй з дынастыі Пталемеяў, Егіпет апынуўся ўцягнутым у палітычную барацьбу ў Старажытным Рыме. Пасля паражэння флоту Егіпта пры мысе Акцый у 31 да н.э. і самазабойства Клеапатры егіпецкая дзяржава была пераўтворана ў рымскую правінцыю (30 да н.э.). Пасля распаду Рымскай імперыі (395) Егіпет стаў правінцыяй Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Нашчадкі старажытных егіпцян — копты — успрынялі хрысціянскаю рэлігію монафізіцкага толку. У 639—642 гадах Егіпет быў заваёван арабамі.
Разам з шумерскай літаратурай егіпецкая літаратура лічыцца першай літаратурай свету. К перыяду Старога царства (каля XXVI—XXII стагоддзяў да н.э.) у літаратурную творчасць Егіпта ўваходзілі пахавальныя тэксты, пасланні і пісьмы, рэлігійныя гімны і вершы, а таксама памятныя аўтабіяграфічныя тэксты, якія расказвалі аб кар’ерах выдатных людзей. У пачатку Сярэдняга царства (каля XXI—XVII стагоддзяў да н.э.) была створана апавядальная літаратура. Пачалася „рэвалюцыя сродкаў“ у выніку ўзвышэння інтэлектуальнага класа пісараў, новых культурных пачуццяў індывідуальнасці, небывалых раней узроўняў пісьменнасці і большага доступу да пісьмовага матэрыялу. Аднак, магчыма, што пісьменнасцю валодаў менш чым адзін працэнт усяго насельніцтва. Такім чынам, літаратурная творчасць належала людзям вышэйшага класа, якія працавалі пры архівах, канцылярыях і пры двары кіруючага фараона.
Мастацтва Старажытнага Егіпта цесна звязана з рэлігіяй, у т.л. з памінальным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці грамадскага ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона.
Пошукі дейснай мастацкай мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і распрацаваны асноўныя сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Егіпце былі выпрацаваны класічныя архітэктурныя формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўленчага мастацтва (круглая скулыпура, рэльеф, манументальны жывапіс і інш.). Кананічныя правілы, нязменныя выяўленчыя і выразныя сродкі, прыёмы будаўніцтва павінны былі ўлічваць у сваёй дзейнасці майстры ўсіх відаў мастацтва. Але ўпарадкавальная роля канона не стала перашкодай у эвалюцыі мастацтва.
Асаблівасцю большасці старажытнаегіпецкіх крыніц з’яўляецца тое, што яны так або інакш звязаны з пахавальным культам. Справа ў тым, што пахавальныя помнікі ў параўнанні з астатнімі лепш захаваліся і дайшлі да нас у большай колькасці, найперш, таму што яны ствараліся з выкарыстаннем трывалых і даўгавечных матэрыялаў (найбольш распаўсюджаны — камень), бо ад таго, колькі праіснуе памінальны інвентар егіпцяніна, залежала яго замагільнае жыццё. З паўсядзённага ж жыцця егіпцян, прадметы для якога яны стваралі з меней трывалых матэрыялаў (псаванне якіх, да таго ж, узмацнялася ўплывам клімату нільскай даліны), помнікаў засталося мала, асабліва мала дайшло да нас помнікаў з дэльты Ніла.
Найважнейшыя пісьмовыя помнікі:
Акрамя таго, добрымі крыніцамі служаць гарадскія і фараонскія некропалі (у Сакары, Гізе, Дашуры, Абідасе і іншых месцах), муміі — цудоўны антрапалагічны матэрыял, і, вядома ж, археалогія — гарадская і падводная.
Культура Старажытнага Егіпта аказала значны ўплыў як на тагачасныя цывілізацыі суседніх рэгіёнаў, так і пазнейшыя грамадствы. Назапашаныя старажытнымі егіпцянамі веды дазволілі будаваць грандыёзныя піраміды, якія часам увасабляюць іх найбольшыя культурныя здабыткі. Але на самой справе старажытным егіпцянам належылі і іншыя значныя здабыткі і вынаходніцтвы:
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Старажытны Егіпет, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.