Дубро́ўна — места ў Беларусі, на рацэ Дняпры пры ўтоку ў яго Задубровенкі і Сьвінкі.
Адміністрацыйны цэнтар Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7079 чалавек. Знаходзіцца за 107 км на паўднёвы ўсход ад Віцебску, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Асінаўка (лінія Ворша — Смаленск). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Воршай, Горкамі, Асінторфам.
Дуброўна лац. Dubroŭna | |||||
Панарама места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1514 | ||||
Горад з: | 1925 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Дубровенскі | ||||
Насельніцтва: | 7079 чал. (2018) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2137 | ||||
Паштовы індэкс: | 211040 | ||||
СААТА: | 2224501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°34′0″ пн. ш. 30°41′0″ у. д. / 54.56667° пн. ш. 30.68333° у. д. 30°41′0″ у. д. / 54.56667° пн. ш. 30.68333° у. д. | ||||
± Дуброўна | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://dubrovno.vitebsk-region.gov.by/ |
Дуброўна — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся барокавы кляштар бэрнардынаў і клясыцыстычная царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры пачатку XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся касьцёл пры кляштары бэрнардынаў і палац Любамірскіх, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
У аснове тапоніму Дуброўна паняцьце, якое пазначае тып лесу — дубовы лес, дуброва.
Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапах 1595, 1619, 1621, 1630, 1661 і 1700 гадоў — Dubrouna.
Датаваньне першага пісьмовага ўпаміну пра Дуброўна няпэўнае. Пад 1392 або 1393 годам у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага ўпамінаецца «зямля пустая Дубровенская», якую князь Дзьмітры Сямёнавіч запісаў княгіні Соф’і і яе дзецям. Аднак сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што ў дакумэнце ідзе гаворка пра іншае «Дуброўна» або адбылося няслушнае датаваньне падзеі. У канцы XV ст. неаднаразова ўпамінаецца воласьць «Дубровенскі шлях». Расейскі гісторык М. Любаўскі лічыў, што цэнтрам гэтай воласьці была вёска Дубровенка (цяпер не існуе) на захадзе Смаленшчыны, аднак цалкам магчыма, што воласьць сьпярша мела сваім цэнтрам Дуброўна, ад якога і атрымала назву. Пагатоў, да гэтага часу тут ужо збудавалі замак.
Першы дакладны пісьмовы ўпамін пра Дуброўна як «горад» у значэньні ўмацаванага паселішча датуецца 1514 годам. З пачатку XVІ ст. яно стала цэнтрам воласьці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяводзтваў. Пазьней тут утварылася Дубровенскае графства. У розныя часы маёнтак знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў, Глябовічаў, Сапегаў, Любамірскіх ды іншых. У 1535, 1536 і 1564 гадох Дуброўна пацярпела ад набегаў маскоўскіх захопнікаў. У 1630 годзе Мікалай Глябовіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар бэрнардынаў.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Дуброўна і ваколіцаў ліцьвінамі: «…привез из Дубровны дубровленин литвин Максимка Хохлик…» (1609 год), «Кондратьев Левка… литвин… Дубровского повета» (1635 год), «…[Федька Оксенов] в роспросе сказался: родом литвин, белорусец, Дубровенского повету» (1645 год).
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) па працяглай аблозе ў чэрвені — кастрычніку 1654 году Дуброўна занялі маскоўскія войскі, якія спалілі замак і вывезьлі мясцовых жыхароў у Смаленск. У 1664 годзе напярэдадні адступленьня маскоўскія акупанты зноў вывезьлі зь мястэчка і ваколіцаў вялікую колькасьць мяшчанаў і сялянаў з жонкамі і дзецьмі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе загоны казакаў і калмыкаў на чале з расейскім капітанам Салаўёвым спалілі Дуброўна. У 1732 годзе Юры Станіслаў Сапега атрымаў дазвол на правядзеньне ў мястэчку кірмашу на дзень Сьвятога Ільлі. У 1750 годзе тут заснавалі суконную мануфактуру.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дуброўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, цэнтар павету ў Аршанскай правінцыі; з 1777 году ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесьніцтва, пазьней губэрні. На 1780 год у мястэчку дзейнічалі чатыры царквы і адзін касьцёл, працавала паштовая станцыя, штогод праводзілася 3 кірмашы. У 1783 годзе ў Дуброўне пачала працаваць гадзіньнікавая фабрыка, першая ў Расейскай імпэрыі. У 1785 годзе пры кляштары піяраў (адкрыўся замест бэрнардынскага ў 1774 годзе) пачаў дзейнічаць калегіюм. У 1788 годзе Іван Староў на заказ Рыгора Пацёмкіна распрацаваў праекты: сядзібнага будынку, гасьцінага двара, перабудовы царквы. Улетку 1789 году садовы майстар-практык і мастак-праектоўнік апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя, Ўільям Гульд аб’ехаў маёнткі Пацёмкіна ў Магілёўскай губерні і склаў праект парку ў Дуброўне. У 1809 годзе Ф. К. Любамірскі збудаваў тут новы касьцёл.
На 1860 год у Дуброўне быў 1001 дом (зь іх мураваных — 3), дзейнічала 6 цэркваў (зь іх 3 мураваныя), мураваныя касьцёл і каталіцкая капліца, драўляная сынагога і 13 юдэйскіх малітоўных школаў. На паштовай станцыі прыймалася і выдавалася розная карэспандэнцыя. Існавала вольная аптэка. У мястэчку знаходзілася кватэра прыстава 2-га стану і конны этап. 3 навучальных установаў дзейнічалі казённая жыдоўская вучэльня 1-га разраду і сельская вучэльня пры Мікольскай царкве. Працавалі 3 прамысловыя прадпрыемствы, 4 талесныя фабрыкі, 4 піваварні, 2 вадзяныя млыны. Кірмашы праводзіліся ў нядзелю, сераду і пятніцу. Цераз раку Дняпро хадзіў паром. На 1861 год Дуброўна была цэнтрам воласьці Горацкага павету Магілёўскай губэрні, уласнасьць Любамірскіх. У 1870 годзе ў мястэчку пачала працаваць кумыса-лекавальная ўстанова. На 1909 год у Дуброўне было 869 жылых дамоў, зь якіх 10 мураваных, працавалі 5 млыноў. У пачатку XX ст. у мястэчку пачала працаваць ткацкая фабрыка.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дуброўна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дуброўна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох уваходзіла ў склад Аршанскага раёну). У 1925 годзе Дуброўна атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі сьцяг места.
У Дуброўне дзейнічаюць цэрквы Сьвятой Тройцы і Сьвятога Мікалая, касьцёл Маці Божай Фацімскай.
У Дуброўне працуюць 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая і музычная школы, дапаможная школа-інтэрнат, дашкольныя ўстановы, сярэдняя прафэсійна-тэхнічная вучэльня мэханізацыі сельскай гаспадаркі.
Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.
Выдаецца раённая газэта «Дняпроўская праўда».
Генэральныя пляны Дуброўна складаліся ў 1973 і 1985 гадох. У месьце захавалася плянавальная структура XVІІ—XVІІІ стагодзьдзяў. На месцы старога цэнтру сфармаваўся новы адміністрацыйны і грамадзкі цэнтар. Забудова пераважна індывідуальная, таксама ўзводзіліся 2—5-павярховыя дамы. Прамысловая зона знаходзіцца ва ўсходняй і паўднёвай частках места.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Гарулёва завулак | Горацкі завулак |
Камсамольская вуліца | Аптэчная вуліца |
Нікандравай вуліца | Бярозкаўская вуліца |
Першамайская вуліца | Барысаглебская вуліца |
? | Млынавая вуліца |
? | Пабярэжная вуліца |
? | Падгорская вуліца |
? | Перавозная вуліца |
? | Расасенская вуліца |
? | Смаленская вуліца |
? | Старазамкавая вуліца |
? | Сьвірыдаўская вуліца |
? | Узвальная вуліца |
? | Хамоўская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Дуброўна да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Аршанская, Вакзальная, Віцебская, Вялікая Слабодка, Дняпроўская, Задубровенская, Ганчарная, Горацкая, Маставая, Паштовая, Рыбная, Садовая, Старапаштовая, Фабрычная і Шклоўская, завулкі Ганчарны, Дняпроўскі, Задубровенскі, Лазьневы, Млынавы, Рыбны, Старапаштовы і Шклоўскі.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
Зьвесткі пра прамысловыя прадпрыемствы Дуброўна | ||
---|---|---|
Найменьне прадпрыемства | Паштовы адрас, тэлефон | Прозьвішча, імя, імя па бацьку дырэктара |
ААТ «Дубровенскі КПТ» | м. Дуброўна вул. Горацкая, 2а 8(02137)42570 | Папоў Уладзімер Іванавіч |
ААТ «Дубровенскі льнозавод» | м. Дуброўна зав. Завадзкі, 1 8(02137)40378 | Басянкоў Анатоль Дзьмітрыевіч |
Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства побытавага абслугоўваньня «РКПА» | м. Дуброўна вул. Чырвонаармейская 8(02137)41711 | Чабатаронак Міхаіл Мяленцявіч |
Вытворчы цэх «Дубровенскі» ААТ «Аршанскі малочны камбінат» | м. Дуброўна вул. Чырвонаармейская, 18 8(02137)42159 | Кір’янаў Алег Аляксеевіч |
Праз Дуброўна праходзіць аўтамабільная дарога Р22 (Ворша — Буда (да М1)). За 8 км на поўнач ад места — аўтамагістраль М1E30.
Дуброўна — цэнтар традыцыйнага ганчарнага рамяства, г. зв. «дубровенскай керамікі». Ад 1993 году ў месьце праводзіцца рэгіянальны фэст музыкі Падняпроўя «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.
У цэнтры Дуброўна і за 100 м на ўсход ад утоку ракі Задубровенкі ў Дняпро захаваліся 2 гарадзішчы, якія зьяўляюцца помнікамі археалёгіі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Дуброўна, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.