Гісторыя Хвойнікаў

Хвойнікі — даўняе сяло, пазьней мястэчка ў частцы Палесься, што на самай поўначы гістарычнай Кіеўшчыны (гл.

ніжэй); невялікі прыватнаўласьніцкі замак часоў Рэчы Паспалітай. З адметных мясьцінаў вылучаліся драўляны сядзібны дом Прозараў, мураваныя касьцёл у цэнтры мястэчка і капліца-пахавальня на могілках, помнікі архітэктуры адпаведна клясыцызму і нэаготыкі канца XVIII ст. і пачатку 1860-х гг.

Вялікае Княства Літоўскае

Гісторыя Хвойнікаў
Польскамоўная анатацыя «прывілею рускага» 1504 г. караля Аляксандра пану Сямёну Палазовічу на Хвойнікі і Астраглядавічы. Вопіс 1798 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Пячатка оўруцкага намесьніка Сенка Полаза (Палазовіча). 1513 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Запіс Браніслава Клечыньскага падчас рэвізіі 1879 г. архіву Прозараў у Астраглядах і Хвойніках.

Найранейшая згадка пра Хвойнікі (у арыгінале, мусіць, — Хвоиники) датавана 3 днём месяца чэрвеня 1504 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар сваім прывілеем, вылучыўшы іх і Астраглядавічы з усімі прылегласьцямі з Брагінскай воласьці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Хведаравічу Палазовічу («слаўнаму русінскаму воіну Полазу», «Полазу Русаку, слаўнаму казаку», як назвалі яго польскія гісторыкі Ёст Людвік Дэцый і Марцін Бельскі). Вядомая яна, як самы даўні дакумэнт (przywiley ruski) з польскамоўнага вопісу архіва князёў Шуйскіх з збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве. А абмежаваньне Брагінскай воласьці (альбо «hrabstwa» ў кнізе Мазырскага гродзкага суда 1776 году) ад 7 сакавіка 1512 году, якое выконвалася на загад караля і вялікага князя Жыгімонта Старога дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збараскага, было адначасова і размежаваньнем яе з добрамі пана Сямёна Палазовіча. Мяжа тады прайшла на поўдзень ад Хвойнікаў, а менавіта з паўднёвага захаду, ад астравоў Дронькі, Кажушкі, на паўночны ўсход, паўз угодзьдзі брагінскага сяла Лісьцьвін у кірунку сяла, таксама брагінскага, Дамамірка. Астраглядавічы з навакольлямі апынуліся ўнутры яе, што выклікала пярэчаньні з боку пана Хведара (у тэксце: Хвядоса) Палазовіча, бацькі ўладальніка.

Гісторыя Хвойнікаў
Герб Друцк князёў Друцкіх (Любецкіх альбо Відыніцкіх).

Адміністрацыйна Хвойнікі належалі спачатку да Брагінскай воласьці Кіеўскага павету і аднайменнага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Іх і Астраглядавічаў уладальнікамі ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтку — да 1887 году) пасьлядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовіч (Абрагамовіч), Бразоўскія (Бжазоўскія), князі Шуйскія, паны Прозары.

3 сакавіка 1532 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары адмысловым лістом загадаў ваяводзе Андрэю Няміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Палазовіча (у іх ліку «Хвойники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той пасьпеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзьмітрыю Раманавічу Відыніцкаму (Любецкаму). У сьнежні 1556 году князь Дзьмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну ўласных падданых «о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра), скардзіўся ў сваю чаргу на іх: «…и я, дей, теж сам и люди мои кузцовские и хвойницкие от подданых церковных так веле кривды нам…». Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Палазоўны, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Боньча ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники, Остроглядовичи, Новоселки…».

Гісторыя Хвойнікаў
Герб Боньча роду Харлінскіх.

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Хвойнікі) было далучана да Кароны Польскай.

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай

27 сьнежня 1586 году пан Шчасны Харлінскі, падкаморы кіеўскі, падаў судовую позву да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за насланьне людзей на добра Астраглядавічы, Хвойнікі, Багушы і Паселічы, гвалтоўны вывад адтуль дзедзічных падданых зь іх жонкамі, дзецьмі і ўсімі хатнімі рэчамі, ды ў вёсках свайго Брагінскага маёнтку пасяленьне. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе разьмежаваньня ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павету ВКЛ. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў. 20 чэрвеня 1600 году падкаморы Шчасны Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, у Люблінскім трыбунале прызнаны, на добра ў ключы Астраглядаўскім (а гэта і Хвойнікі), на двор з 5 пляцамі ў Кіеве. Зь імёнамі суджэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх зьвязана заснаваньне яшчэ да 1622 году касьцёла ў Астраглядавічах і стварэньне першай у рэгіёне каталіцкай парафіі. Недзе ў гэты ж час Хвойнікі апынуліся ў складзе Оўруцкага павету. Разьмежаваньне Кіеўскага ваяводзтва Кароны і Мазырскага павету ВКЛ у сьнежні 1621 — студзені 1622 году засьведчыла, як на сёньняшні дзень, унікальную сытуацыю: тагачасныя мястэчка і вёску Хвойнікі М. Харлінскага паны камісары пацьвердзілі прыналежнымі да Кароны, а сяло і двор Настольле пана Іскарастынскага — да ВКЛ. 7 чэрвеня 1623 году датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў.

Гісторыя Хвойнікаў
Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў.

У 1627 годзе пані Гальшка Мікалаевая Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы (разам з Хвойнікамі) пераходзілі да яе зяця-кальвініста Мікалая Абрагамовіча, ваяводзіча смаленскага. У 1628 году пан Мікалай Абрагамовіч z Chwoynik, з 11 дымоў плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў. Пры гэтым будучаму гэнэралу артылерыі ВКЛ яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменьні зь іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, зь якім пані Гальшка ўзяла шлюб.

Хвойніцкая царква на тыя часы ўжо была ўніяцкай. У мэтрычныя кнігі Астраглядаўскага касьцёлу трапіў запіс ад 26 лютага 1635 году, паводле якога presbiter choynicensis Лука Чачотка (Чачот) ахрысьціў Леона Яна, сына харунжага пяцігорскага Рэмігіяна і Петранэлі з Бахановічаў Маеўскіх, а кумамі былі пісар земскі мазырскі Самуэль Аскерка, знакаміты ваяр, і панна Марыяна Міткевічаўна. Гэты ж сьвятар згаданы ў запісе 1640 году. А ў 1692, 1715, 1722 гадох настаяцелем хвойніцкім названы Анікій Чачотка. Абодва зьдзяйсьнялі абрады ў Хвойніках і Загальлі.

Гісторыя Хвойнікаў
Герб Газдава роду Бразоўскіх.
Гісторыя Хвойнікаў
Макет-рэканструкцыя замку ў экспазіцыі Хвойніцкага краязнаўчага музэя. Выканаў Д. Вінаградаў. 2007 г.

24 сьнежня 1642 году ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна амсьціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хвойнікі пану Максыміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісьце ад 29 чэрвеня 1641 году. Найбольш імаверна, што менавіта М. Бразоўскі напярэдадні «хмяльніччыны» збудаваў у паўсталых на краю балота Хвойніках умацаваную сядзібу, званую замкам, дзеля абароны скарбу ад уласных сялянаў, казакоў ды суседзяў — паноў-братоў шляхты. 26 сакавіка 1651 году на загад польнага гетмана літоўскага князя Януша Радзівіла, каб не дайшло да масавага паказачваньня тутэйшых жыхароў, у мястэчку Хвойнікі размясьціўся адзьдзел жаўнераў ротмістра Курпскага. У лісьце да князя пан Курпскі паведамляў, што стаў у мясьціне надта дрыгвяністай, з зусім паганымі пераправамі, і як бы давялося біцца, то не адно коннаму, але і пешаму недзе разьвярнуцца — навокал балоты. Тут, маўляў, не тое аўса, сена не здабыць, надта край заўбогім стаў. Але яны з жаўнерамі так-сяк трываюць у нястачы, абы вяскоўцы не ўцякалі з сваіх гасподаў. Прасіў падмогі, бо тут адно хіба лічыцца што пяць харугваў, а папраўдзе і на тры сотні ці набярэцца. Яшчэ даслаў з Хвойнікаў да гетманскага табару двух палонных казакоў сотні Дарашэнкавай палку Нябабы.

У другой палове XVII ст. мястэчка стала цэнтрам воласьці, тут праходзіў шлях Мазыр  - Юравічы  - Брагін  - Любеч.

Гісторыя Хвойнікаў
Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

26 чэрвеня 1664 году дачка нябожчыка Максыміліяна Бразоўскага, берасьцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хвойнікамі таксама) і Берасьцейшчыне на мужа, князя Канстанціна Яна Шуйскага. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводзтве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. Менавіта яны зрабілі Хвойнікі цэнтрам сваіх уладаньняў у рэгіёне. Паспрыяла гэтаму не ў апошнюю чаргу тое, што Астраглядавічы знаходзіліся ў атачэньні брагінскіх добраў, а Хвойнікі — на поўначы па-за іх межамі. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 30 дымоў мястэчка Хвойнікі excepto popów (без уліку сьвятароў) князь Шуйскі мусіў плаціць 6 злотых. 30 кастрычніка 1686 году нехта Мацьвей (Matwey Celain) з Хвойнікаў ягамосьці пана харунжага берасьцейскага (князя Канстанціна Шуйскага) пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што з маёнтку адыйшлі 77 дымоў (×6 — прыкладна 462 жыхары). У іншых выпадках прычына адыходу «за Днепр» называлася: з прычыны гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў.

У лістападзе 1693 году харугва ваяводзіча інаўроцлаўскага пана Шчавіньскага стала на зіму ў Хвойніках, але напярэдадні стрэчанскага кірмашу вырушыла пад Хвастаў супраць казакоў палкоўніка Сямёна Палія. 12 лютага 1694 году жаўнер згаданай харугвы Сэбасьціян Яроцкі зь іншаю чэлядзьзю, закупіўшы на кірмашы правіянт, «ні перад кім ня быўшы вінаватым», спыніўся на ноч у хаце ўдавы Казачыхі ў вёсцы Валокі (раён вул. Катоўскага ў Хвойніках). Але адміністратар маёнтку князя К. Шуйскага, пісара літоўскага, пан Ян Зьдзітавецкі, сустрэўшы яго на вуліцы, замест нейкіх вінаватых загадаў збіць, потым узяў пад варту і «як таго злачынцу і здрадніка» трымаў у замкавай турме ў жалезных аковах і ў лютым холадзе ледзьве ня тры месяцы, ажно пакуль не вярнулася харугва і пацярпелы ня быў апраўданы. 16 красавіка 1697 году сотнік Чэпарняка і казакі палку Ярэмы з мушкетамі, пісталетамі, дзідамі і «innym orężem, do wojny należącym» гвалтоўна сталі на кватэры ў мястэчку Хвойнікі князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага. Калі ж пан Фрыдэрык Левэнфатэр, эканом маёнтку, спрабаваў не дапусьціць іх, дык казакі сілай уламваліся да людзей, зьбівалі, стралялі нібы ў ворагаў, а Стафана Пятроўскага, баярына хвойніцкага, з мушкету два разы ў грудзі стрэлілі, ад чаго той і памёр.

Гісторыя Хвойнікаў
Загаловак інвэнтара маёнтку Хвойнікі 1698 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Загаловак інвэнтара Хвойніцкага маёнтку 1721 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Апісаньне Хвойніцкага замку 1721 года.

У 1698 году маёнтак Хвойнікі і Загальле (староства) перададзены ад князя Д. Шуйскага ў кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, што засьведчана адпаведным інвэнтаром. Паводле рэвізыі 1716 году, у мястэчку Хвойнікі на пэрыяд пасэсіі князя Станіслава Шуйскага, скарбніка берасьцейскага, налічвалася 44 двары і двор сьвятара, 7 сялян, якія перасяліліся зь Небытава, Валокаў, Брагіна. Адзін зь іх меў паўкаморы, другі 2, астатнія па каморы. Два двары часова вызваленыя былі ад уплатаў (słoboda), гаспадары яшчэ двух адпрацавалі чынш у замку, а з астатніх выбрана падымнага 225 злотых, г. зн. прыкладна на паўсотні злотых болей, чым належала (пасэсар, часовы ўладальнік, ня мог сабе ў тым адмовіць). Яшчэ ў мястэчку жылі 17 габрэяў-гаспадароў, адзін зь якіх poszedł przecz, ды 9 габрэяў, што ня мелі дамоў і падатак давалі толькі з камораў. Яны мусілі плаціць чыншу больш як 345 злотых. 12 чэрвеня 1716 году віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Людзьвік Канстанцін Пацей даслаў ардынанс паручніку Дамброўскаму, абы той выдаў квітанцыю на ўсё, што выбрана з Загальскага староства ад берасьцейскага харунжага Дамініка Шуйскага, а Хвойніцкіх добраў таго харунжага «tykać nie śmiał». Згодна зь інвэнтаром маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 году, пададзенага былым пасэсарам ксяндзом Юзафатам Парышэвічам, біскупам валоскім, князю Мікалаю Шуйскаму, сыну Дамініка, у мястэчку было 43 гаспадаркі, 7 «komor chłopskich», 5 габрэяў-гаспадароў, 9 габрэяў без дамоў; чыншу плацілі 175 злотых і тры з паловай грошы. Акрамя таго, местачкоўцы, што мелі коней з падводамі, мусілі быць напагатоў, абы грузы перавозіць за 12 міль, а не, дык пешшу за 3 мілі зь лістамі хадзіць. Па дзьве копы жыта замкавага і ярыны нажаць павінныя. У гвалты пераправы і грэблі вялікаборскую млыновую і іншыя масьціць і рамантаваць усе агулам. Габрэі, як будуць мяса прадаваць, дык на замак абавязкова мусілі даваць зь лепшага. Мястэчка загадана абнесьці парканам таксама сіламі насельнікаў, каб паміж дзьвюма брамамі не засталося ніводнага праходу. Кожны двор павінны адпраўляць работніка на праполку замкавых агародаў ды нарыхтоўку агародніны на зіму. Найбольш распаўсюджаныя прозьвішчы жыхароў-беларусаў — Грышчанка, Стасенка, Шымук, Козік, Навуменка, Коваль, сустракаліся таксама прозьвішчы Каролік, Гапонік, Леўчанка, Мельнік, Кандраценка. Прозьвішчы жыхароў-габрэяў часта ўказвалі, адкуль іх носьбіты прыбылі ў Хвойнікі: Лейба Стралічаўскі, Хаім Вялікаборскі, Шмуль зь Юркавічаў, Бенямін зь Юравічаў, Лейба з Алексічаў, Іцка Гальміч зь Лісьцьвінавічаў, Ёсь Настольскі. Мелі патранімічнае паходжаньне: Гірш Баруховіч, Моўша Гіршовіч, Якаў Лейбавіч, Мендэль Абрамовіч, Іцка і Ёсь Гіршовічы, Невах Нохімавіч, Яшка Пярцовіч, Абрам Хаімавіч, Іцка Моўшавіч. Або ад назвы прафэсіі — Нохім Цырулік, Рафель Кравец. Маглі звацца зусім проста: Шайка, Гдаль, Шмуйла, ці яшчэ дадаючы да імя ўласнага род заняткаў — Айзік арандатар, Іцка кравец. У гэтым жа інвэнтары зьмешчана апісаньне Хвойніцкага замку.

Пасэсія ксяндза-біскупа Ю. Парышэвіча (ён жа тады і пробашч астраглядаўскі) была вельмі няўдалай. Маёнтак усё ніяк ня мог управіцца з выплатай даўгоў, што мусіла абмяркоўвацца нават на паседжаньнях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў. 2 траўня 1722 году князь Мікалай Шуйскі, харунжы берасьцейскі, атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што маніфэсту камісарскага абмежаваньня Оўруцкага павету з Мазырскім у Оўручы няма, кнігі бо двойчы згарэлі, дык ці не зьвярнуўся б у Мазырскі гродзкі суд, мо там што здабудзе. Пасьля князя Мікалая, ад канца 1720-х і да пачатку 1750-х гадоў Хвойнікі сталі ўласнасьцю яго брата Ігнацыя. У тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 году, складзеным паводле зьвестак папярэдняй люстрацыі, засьведчана, што ў 17 паселішчах (акрамя вёскі Багушы, прыналежнай астраглядаўскай плябаніі) Хвойніцкай воласьці пана І. Шуйскага налічвалася 255 двароў (прыкладна 1530 жыхароў). Прычым для Хвойнікаў улічаныя і габрэйскія домагаспадаркі.

Гісторыя Хвойнікаў
Згадка пра Пакроўскую царкву ў 1743 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Запіс пра ўніяцкага пароха і колькасьць верных Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1743 г.

Згодна з Генэральнай візытай Брагінскага дэканату, на 1743 год у прыходзе царквы Пакрова Найсьвяцейшай Багародзіцы мястэчка Хвойнікаў, дзедзічных добраў князя Ігнацыя Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, налічвалася 297 двароў, дапушчаных да споведзі 1188 душ верных. Узначальваў прыход сьвятар Ян Чачотка. Будынак царквы драўляны, з хвоі, узьведзены на сродкі дзедзіча за 10 гадоў перад візытацыяй.

24 сьнежня 1744 году настаяцель Астраглядаўскага касьцёлу кс. Антоні Лукаш Пянькоўскі, дэкан оўруцкі, ахрысьціў in aula Choynicensi (у двары Хвойніцкім) Адама, сына вяльможных Ігнацыя і Людвікі (з дому Збароўскіх) князёў Шуйскіх, пра што быў зроблены запіс у мэтрычнай кнізе Хвойніцкай царквы (Ecclesiae Ritus Greci Unici Choynicensis), пазьней занесены ў кнігі парафіяльнага касьцёлу.

У 1748 году мястэчка Хвойнікі названае ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі. У чэрвені 1750 году ў Хвойніках быў схоплены гайдамак Астап Луцкі, які ажно на працягу «шасці гадоў у гультайскіх эксцэсах жыцьцё праводзіў». Тутэйшая грамада асудзіла яго «на горла», але адміністратар Оўруцкага староства пан Станіслаў Быстрыцкі адмовіўся прыняць палоннага ў турму і выканаць над ім смяротны прысуд, дзеля чаго ў Оўруцкім гродзе і быў заяўлены пратэст. 14 жніўня т. г. возны гэнэрал Кіеўскага ваяводзтва пан Андрэй Святкоўскі арыштаваў у Хвойніках падданых князёў Шуйскіх з Краснасельля і іх атамана Кулешыка, падданага пана Загароўскага, абвінавачваных у гайдамацтве. Кіраўнік ключа пан Мікалай Страчынскі абяцаў затрымаць рабаўнікоў да суда ў турме Хвойніцкага замку. На 1754 год у мястэчку Хвойнікі, напэўна, разам зь вёскай Валокі, адсутнай у тарыфе, налічвалася 109 двароў (каля 654 жыхароў), зь якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 16 злотых, 29 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводства) 67 злотых і 28 грошаў.

У 1750—1770-х гадох адбываліся шматлікія непаразуменьні і канфлікты паміж уладальнікамі добраў Хвойнікі і Астраглядавічы (князямі Шуйскімі, дзедзічамі і рознымі апекунамі) і ўладальнікамі суседняга Брагінскага маёнтку панамі Замойскімі/Мнішкамі, кароткачасовымі спадчыньнікамі па князю Міхалу Сэрвацыю Вішнявецкаму і яго жонцы Тэклі Ружы з Радзівілаў, а асабліва — з панамі Ракіцкімі.

Гісторыя Хвойнікаў
Герб уласны роду Прозараў.

Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі, што ў Хвойніках налічвалася адпаведна 30 дамоў, 101 жыхар, 24 дамы, 58 жыхароў і 25 дамоў з 67 жыхарамі; яшчэ 25 чалавек схаваныя ад апошняга перапісу ў суседняй вёсцы Настольле, г. зн. разам было 92 чалавекі. Мястэчка — цэнтр аднаіменнага кагалу, да якога ў названыя гады належалі насельнікі 14, 16 і 17 вёсак, а ў іх разам зь мястэчкам пражывала 198, 105 і 145 głow; некаторыя зь іх у 1784 годзе запісаныя хрысьціянамі, таму пагалоўшчыне не падлягалі (у Малым Карчовым, Рашаўцах, Рудным і Шчарбінах). Убываньне колькасьці габрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 г., адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясьцінаў. У «Archiwum Prozorów i Jelskich» ёсьць дакумэнт, датаваны 3 студзеня 1771 году (23 сьнежня 1770 году veteris styli), паводле якога хвойніцкі уніяцкі парох Ян Чачотка, з дазволу захварэлага ксяндза Мацея Шамяткоўскага, пробашча астраглядаўскага, ахрысьціў «z wody tylko» без далейшых касьцельных цэрымоніяў нованароджаную Людвіку Канстанцыю, дачку нядаўна памерлага старосты загальскага князя Адама і Марыяны (з дому Халецкіх) Шуйскіх.

Гісторыя Хвойнікаў
Сядзібны дом Прозараў у Хвойніках. Ігнацы Врублеўскі, 1891 г.

16 студзеня 1783 году сын ваяводы віцебскага Юзафа Прозара Караль ажаніўся з князёўнай Людвікай Шуйскай. Хвойніцкі маёнтак з ключом Астраглядаўскім знаходзіўся на той час у пасэсіі апякуноў дзяўчыны старосты ніжынскага князя Войцеха Шуйскага і яго жонкі Анелі, сястры князя Адама. Дзеля таго, каб Людвіка, адзіная спадчыньніца па бацьку, магла ўвайсьці ў валоданьне добрамі, Каралю Прозару давялося сіламі свайго ўпаўнаважанага шляхціча Гадзяеўскага зьдзейсьніць наезд. Да вялікай вайны справа не дайшла, але судовыя спрэчкі з старостамі ніжынскімі скончыліся капрамісам толькі ў 1785 г.

13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» зьмясьціла паведамленьне пра тое, як 11 чэрвеня гаспадары рэзыдэнцыі ў Хвойніках Караль і Людвіка Прозары сустракалі гасьцей з суседніх Мазырскага, Рэчыцкага і свайго Оўруцкага паветаў. Нагода — сьвяткаваньне прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня, пакліканай умацаваць і выратаваць Рэч Паспалітую. З раніцы наступнага дня — гарматны салют, сьвятая імша ў Астраглядавіцкім касьцёле, урачыстая казань ксяндза-пробашча Францішка Глінскага, Тe Deum laudamus вуснамі патрыётаў, сьвяточны абед і музыка з танцамі да самай раніцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Гісторыя Хвойнікаў
Загаловак вопісу Хвойніцкага архіва 1798 г., у якім праігнараваныя расейскія адміністрацыйныя пераўтварэньні, а сам маёнтак названы графствам.
Гісторыя Хвойнікаў
Сядзібны дом на фота пярэдадня Першай сусьветнай вайны. Месьціўся ў раёне вуліцы У. В. Жыляка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Хвойнікі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. У пачатку жніўня 1793 году сядзіба ў Хвойніках прымала гасьцей — удзельнікаў кансьпірацыйнай нарады, мэтай якой была падрыхтоўка ўзброенага выступленьня супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і за аднаўленьне Канстытуцыі 3 траўня. Сярод іх М. Дубецкім і К. Барташэвічам названыя адзін з галоўных арганізатараў Ігнацы Дзялынскі з Траянова, оўруцкі падкаморы і ўладальнік Олеўскага ключа Тадэвуш Нямірыч, сеймавы пасол Каятан Праскура, стражнік літоўскі з суседняга Барбарова Ян Мікалай Аскерка, абат оўруцкіх базылян Юзафат Ахоцкі з Шэпелічаў, яго пляменьнік, аўтар успамінаў пра падзею Ян Дуклян Ахоцкі, прэзыдэнт тагачаснага цэнтру Кіеўскага ваяводзтва г. Жытоміра Левандоўскі, судзьдзя Дуброўскі, староста Богуш, рэгент Асташэўскі, канонік Кулікоўскі, ксёндз Саламановіч, Станіслаў Трацяк і інш. — агулам два дзесяткі асобаў. Усіх удзельнікаў, як слушна заўважыў М. Дубецкі, назваць немагчыма, бо іх імёны засталіся невядомыя нават расейскай сьледчай камісіі ў Смаленску. З Хвойнікаў шэф І. Дзялынскі, акрамя карысных рашэньняў, вывез дваццаць пяць тысяч дукатаў, сабраных патрыётамі. У другой палове жніўня Я. Ахоцкі, наведаўшы маёнтак К. Прозара, атрымаў яшчэ восем тысяч, а ў канцы сьнежня — шаснаццаць тысяч чырвоных злотых; акрамя таго, М. Паўша паказаў на сьледзтве, што Прозар даваў дзьве тысячы дукатаў на ўтрыманне Пінскай паўстанчай брыгады. Тадэвуш Касьцюшка прызначыў К. Прозара намесьнікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і сваім паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ. Разгарнуць паўстаньне ў нашым рэгіёне не хапіла часу. Давялося ратавацца. К. Прозар і капітан Гамількар Касінскі 20 красавіка 1794 году выехалі з Хвойнікаў да Юравічаў. Але Ян Мікалай Аскерка, стражнік польны літоўскі, праз свайго пасланца папярэдзіў, што ў Бабічах (Барбарове) іх ужо чакаюць расейскія жаўнеры. Абознаму з Касінскім тады ўдалося, дзякуючы сялянам-праваднікам, застацца вольнымі. У Хвойнікі расейскія адзьдзелы ўвайшлі ў аўторак 22 красавіка апоўдні. Рухаліся з двух бакоў, зьбліжаючыся да двара, як быццам засьцерагаліся засады. Камандзірамі іх былі «паляк на расейскай службе» Яворскі і падпалкоўнік Таўберт. Не засьпеўшы абознага ў Хвойніках, узялі нібы ў заложнікі дзесяцімесячнага сына Уладыся. На маёнтак быў накладзены сэквэстар, а Людвіка Канстанцыя зь іншымі дзецьмі і маці Марыянай вымушана выехаць за аўстрыйскую мяжу ў Львоў.

Гісторыя Хвойнікаў
Запіс аб пахаваньні абознага Караля Прозара.
Гісторыя Хвойнікаў
Пэргамін з прысьвячэньнем Людвіцы Прозар яе мужа Караля. Знаходка 1965 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Праэкт мураванага касьцёлу ў Хвойніках 1858 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Курган Людвікі, альбо і фамільны склеп роду Прозараў (?). Час выкананьня фота невядомы. Атрыманае А. Ельскім пры канцы 1913 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Касьцёл у цэнтры мястэчка, пераўтвораны ў Пакроўскую царкву. Фота І. Сербава. 1912 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Бутля ўрэцкага шкла, дукат і 2 злотыя 1831 г. з пахаваньня Людвікі Прозар.
Гісторыя Хвойнікаў
Хвойнікі на пляне 1864 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Капліца (з крыптай?) на могілках. Хвойнікі. Ісак Сербаў, 1912 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Хвойнікі на пляне 1886 г.
Гісторыя Хвойнікаў
Хвойнікі і навакольле на мапе Ф. Ф. Шубэрта сярэдзіны XIX ст.
Гісторыя Хвойнікаў
Надпісы з каталіцкіх пахаваньняў у Хвойніках.
Гісторыя Хвойнікаў
Плян фальваркаў Езапоў і Валокі. 1887 г.

У 1796 годзе настаяцель Пакроўскай царквы ў Хвойніках, павернутай да расейскага праваслаўя годам раней, Якаў Чачот склаў яе вопіс. У крыніцы таксама 1796 г. сказана, што колішнія добра Людвіка Прозара, у пераліку якіх і м. Хвойнікі, перайшлі былі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе Прозаравай. У 1812 годзе К. Прозар падтрымаў імпэратара французаў Напалеона Банапарта, марна спадзеючыся, што той дапаможа ўзьняць з каленаў гаротную Айчыну, заняў пасаду старшыні Скарбовага камітэту ў Часовым урадзе ВКЛ. Усё абярнулася чарговай эміграцыяй ды сэквэстрам Хвойнікаў, Астраглядавічаў і вёсак да іх прыналежных. Пані Людвіка і ў гэты раз дамаглася вяртаньня да канца 1814 году маёнткаў з 2524 рэвізскімі душамі, давёўшы расейскім уладам, што яны належаць ёй, і што ня мусіць адказваць за ўчынкі мужа.

У пачатку 1831 г. оўруцкі маршалак Ануфры Галецкі прапаноўваў больш як ужо 70-гадоваму К. Прозару ўзначаліць агульны для Рэчыцкага, Мазырскага і Оўруцкага паветаў паўстанцкі ўрад. Меркавалася стварыць вайсковы кантынгэнт колькасьцю да 1000 чалавек пад яго камандай і пра гэта стала вядома расейскім уладам. Былы абозны ВКЛ адмовіўся, спаслаўшыся на фізычную слабасьць і нэгатыўнае стаўленьне да гэтай прапановы сыноў Уладыслава і Юзафа. Мяркуецца, нейкія нарады патрыётаў у Хвойніках усё ж адбываліся. Знаходзіўся тут пэўны час і прысланы з Рэчыцы падпаручык Міцінскі з паўтара дзясяткам салдат-інвалідаў, які адмовіўся выправіцца да каленкавіцкіх Вадовічаў, бо там на 12 чэрвеня т. г., маўляў, ужо сканцэнтравалася зашмат паўстанцаў. 19 чэрвеня ад брагінскіх Шкуратоў і Мікулічаў праз Хвойнікі ў накірунку Вадовічаў, потым Нароўлі і Мухаедаўскіх лясоў, дзе хаваліся інсургэнты з Оўруцкага і Радамышльскага паветаў, праходзіў невялікі конны адзьдзел Міхала Лігэнзы, спрабуючы ўзьняць тутэйшую чыншавую і дворскую шляхту на паўстаньне.

Паводле зьвестак на 1834 год, у Хвойніках праводзіліся два штогадовыя кірмашы: 1-3 лютага і 1-4 кастрычніка; тавараў прывозілася адпаведна на 4 000 і 3000 рублёў, прадавалася на 2 000 і 1 600 р., наведвалі кірмашы каля 500 і 400 чалавек.

Запіс у мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі засьведчыў, што 20 кастрычніка (1 лістапада н. ст.) 1841 г. у м. Хвойнікі, хутчэй ад старасьці, чым ад якой хваробы, ва ўзросьце васьмідзесяці аднаго года памёр яснавяльможны Караль Прозар, вялікі абозны ВКЛ, кавалер розных ордэнаў. 24 кастрычніка ксёндз Франьцішак Пазьняк, пробашч астраглядаўскі, дэкан Мазырскі і Рэчыцкі, пры асыстэнцыі шматлікага духавенства і ў прысутнасьці мноства людзей пахаваў нябожчыка ў фамільным склепе. У інвэнтарах 1844 г. уладальнікамі Хвойніцкага і Юзафаўскага маёнткаў названыя адпаведна Ўладыслаў і Юзаф Прозары, сыны абознага. Пасьля сьмерці Юзафа ў 1845 г. ягоная частка тутэйшай спадчыны перайшла да пана Ўладыслава.

На 1849 год у Хвойніках — 74 двары, 580 жыхароў; дзейнічалі царква, каталіцкая капліца, 3 сынагогі; паштовая станцыя на тракце Мазыр — Брагін — Любеч, 26 крамаў, 2 піцейныя дамы, конны млын. Побач, у сядзібе Валокі, былі бровар і вятрак. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 12 асобаў мужчынскага і 7 жаночага полу з двара Хвойнікі, 199 і 112 асобаў адпаведна зь ліку жыхароў мястэчка Хвойнікі былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, яшчэ 55 местачкоўцаў абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы. У 1859 – 1862 гг. намаганьнямі і на сродкі Ўладыслава Прозара ў Хвойніках былі вымураваныя нэагатычныя касьцёл і капліца, вядомыя і на сёньня са здымкаў 1912 г. І. Сербава. 17-18 верасьня 1860 г. мястэчка наведаў праваслаўны архіяпіскап менскі Міхал Галубовіч. У. Прозар, падкаморы рэчыцкі, прасіў дазволу ўзьнесьці алтар для жалобнага набажэнства ў капліцы. Архіяпіскап згадзіўся пры ўмове, калі абшарнік збудуе на працягу 15-ці гадоў мураваную царкву. У пачатку студзеня 1862 г. пан Уладыслаў спачыў. На пахаваньні ў Хвойніках, менш як за паўтары гады да свайго арышту, прысутнічаў і выступіў з прамоваю Аляксандар Аскерка, сястра якога Зофія была замужам за Мечыславам, сынам нябожчыка. У 1864 г. Мечыслаў Прозар (маршалак Рэчыцкага павету 1859 – 1863 гг.) памёр у зьняволеньні, а на маёнтак Хвойнікі, у якім на думку сьледзтва "жылі людзі, гатовыя да рэвалюцыйных беспарадкаў" ды знайшлі нарыхтаваную зброю, быў накладзены ўзмоцнены 10-ці адсоткавы збор. Памёр і арыштаваны па справе паўстаньня Гэнрык Пяткевіч, бацька Часлава. У тым жа 1864 г. дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іхных бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у Хвойніках адкрыта двухклясная народная вучэльня. 20 чэрвеня 1865 года, "по местным представлениям" праваслаўнага духавенства, як зь непрыхаваным задавальненьнем пісаў у сваім рапарце брагінскі благачынны Максім Ярэміч, невялікі стары драўляны і "превосходной структуры" мураваны касцёлы ў цэнтры Хвойнікаў ды мураваную капліцу на могілках улады адабралі ў католікаў і перадалі ў праваслаўнае ведамства. Удава Мечыслава Прозара пані Зофія рабіла захады, абы вярнуць забранае ці хоць забясьпечыць недатыкальнасць фамільнага склепу. 2 лістапада 1887 г. яе сын і спадчыньнік Канстанцін вымушаны быў прадаць абцяжараны даўгамі маёнтак расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром. У сьпісе землеўладальнікаў Менскай губэрні сказана, што ў маёнтку Хвойнікі Канстанціна Прозара налічвалася 44 466 дзесяцін зямлі. Пасьля таго продажу і здарылася непапраўнае. "Dziennik Kujawski" у верасьнёўскім нумары за 1895 г. паведамляў: яшчэ ў канцы сакавіка злачынцы, нібыта з кола новых уладальнікаў маёнтку, нанялі каваля, выламалі краты ад уваходу ў лёх, выкінулі з трунаў рэшткі пахаваных Прозараў, пазрывалі зь іх медзь і наступна прадавалі ў розных месцах. Празь некалькі дзён выламаныя краты і парэшткі заўважыў праваслаўны сьвятар, які і паведаміў аб здарэньні ў паліцыю. Гэтак Прозары пазбавіліся апошняга, што ім яшчэ ў Хвойніках належала, – уласных пахаваньняў.

Гісторыя Хвойнікаў
Капліца. Час стварэньня здымку невядомы. Дасланы А. Ельскаму ў канцы 1913 г.

У парэформавы час Хвойнікі сталі цэнтрам воласьці ў Рэчыцкім павеце. У мястэчку здаўна праводзіліся кірмашы — Стрэчанскі (у лютым) і Пакроўскі (у кастрычніку). У 1863 і 1864 г. на іх адпаведна было прывезена тавару на 3850 і 4000 рублёў, 4500 і 4500 рублёў, а прададзена — на 1700 і 2000 рублёў, 2315 і 2500 рублёў. Згодна зь ведамасьцю Сьвята-Пакроўскай царквы, на 1875 год яе прыход налічваў 1254 асобы мужчынскага і 1260 асобаў жаночага полу верных. Зь іх у самым мястэчку Хвойнікі ў 12 дварах — 48 мужчын і 37 жанчын. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Пакроўскай царквы ў Хвойніках названыя настаяцель а. Іаан Лісевіч, в. а. штатнага псаломшчыка Яўген Тышкевіч і звышштатны Даніла Транцэвіч, просьфірня Алена Васанская. Да прыходу належалі жыхары мястэчка Хвойнікі, вёсак Валокі, Малешаў, Паселічы, Людвін, Настольле, Карчовае, Гарошкаў, Небытаў, Куравое, Дворышча. На 1879 год у прыходзе налічвалася 1178 душ мужчынскага і 1151 душа жаночага полу сялянскага саслоўя. У 1885 г. Хвойніцкую воласьць складалі 24 паселішчы з 859 дварамі. У 1890 годзе у мястэчку — валасная ўправа, мяшчанская ўправа, пошта, лекарскі ўчастак, у воласьці — 36 паселішчаў з 1567 дварамі. У 1895 годзе ў маёнтку была заснавана вінакурня. Паводле перапісу 1897 г. тут 335 двароў, 2596 жыхароў, 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазын, 48 крамаў, заезны двор, карчма. У пачатку XX ст. у Хвойніках дзейнічала царква, капліца, працавалі 2 школы, лякарня, аптэка, жалезаробчы завод, 2 вадзяныя млыны. У выніку пажару 25 ліпеня 1901 году згарэла вінакурня. На 1903 год тая вінакурня сіламі 16 рабочых вытварала сьпірту на 37 900 (25 000) рублёў у год, перарабляла 1750 пудоў жытняй мукі, 6 312 пудоў зялёнага соладу і 110 000 пудоў бульбы.

У 1904 годзе сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названыя ўладальнікі маёнткаў Хвойнікі і Рашаў спадчынныя ганаровыя грамадзяне (купцы) Міхаіл Пятровіч Аўраамаў і Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін. У 1909 годзе ў мястэчку было 338 двароў, 2891 жыхар. У 1911 г. Хвойніцкі маёнтак дзялілі між сабой браты Андрэй Міхайлавіч (12 645 дзесяцін), Сямён Міхайлавіч (11 651), Васіль Міхайлавіч (9 591), Мітрафан Міхайлавіч (8 406), Іван Міхайлавіч (1 582) Аўраамавы. З уводам у эксплюатацыю лініі Васілевічы — Хвойнікі (23 верасьня 1911 году) пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. У 1912 г. А. М. Аўраамаў завершыў узьвядзеньне мураванага палацыка "u wjazdu do Chojnik", як вызначыў яго месцазнаходжаньне Анджэй Раствароўскі, унук Аляксандра Аскеркі, якому з-за дажджу ўвосень 1915 г., не даехаўшы да Рудакова, давялося тут заначаваць. Сапраўды, паўстаў будынак на месцы адпаведнага драўлянага ў колішнім фальварку Валокі, г. зн. тады яшчэ ня ў Хвойніках.

Найноўшы час

Гісторыя Хвойнікаў
Хвойнікі, Валокі, Забалацьце на мапе 1924-26 гг.

9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча (на Брагіншчыне), галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы». У сьнежні 1918 г. германскія войскі пакінулі мястэчка і чыгуначную станцыю. 1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Ад сакавіка да пачатку ліпеня 1920 году Хвойнікі занятыя польскімі войскамі. Пагром, учынены ў лістападзе 1920 г. жаўнерамі Ст. Булак-Балаховіча, абярнуўся пагібельлю 48 жыхароў-габрэяў.

Гісторыя Хвойнікаў
Местачковы дом, 1929 г.

У дакумэнце пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», пазначаным часовым адрэзкам 8 сьнежня 1920 — 15 красавіка 1921 году, засьведчана існаваньне Хвойніцкай школы II ступені (175 вучняў), а таксама школ І ступені — 1-й Хойніцкай (58 вуч.), 2-й Хвойніцкай (204 вуч.), Хвойніцкай габрэйскай (50 вуч.), Хвойніцкай польскай (69 вуч.) і Хвойніцкай чыгуначнай (70 вуч.). У чэрвені 1921 г. непадалёк ад Хвойнікаў на станцыі Аўраамаўская банда атамана Івана Галака затрымала цягнік, абрабавала і забіла 55 пасажыраў.

8 сьнежня 1926 году Хвойнікі вярнулі БССР, адначасова надаўшы статус раённага цэнтру спачатку ў Рэчыцкай, потым у Гомельскай акрузе. На 1930 год тут было 560 двароў. У міжваенны час у мястэчку дзейнічалі пачатковая і 7-гадовая школы, хата-чытальня, філія спажывецкай каапэрацыі; працавалі лесапільня (з 1912 году), маслазавод (з 1930 году), шпаларэзны завод (з 1932 году), кравецкая і шавецкая майстэрні (з 1928 году), паравы млын, маслабойня, хлебапякарня (з 1929 году), смалакурня, машынна-трактарная станцыя (з 1932 году). З 1938 году ў Палескай вобласьці (цэнтр — Мазыр). 29 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

Гісторыя Хвойнікаў
Помнік ахвярам нацызму ў Хвойніках.

У Другую сусьветную вайну з 25 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Хвойнікі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У Другую сусьветную вайну з 25 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Хвойнікі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У верасьні 1941 году акупанты зьнішчылі ў урочышчы Пальміра больш за 100 чалавек зь ліку хвойніцкіх габрэяў.

В 1946 году я впервые после войны приехал в Хойники и услышал от мамы, как был зверски убит ее отец, мой дедушка Нохим, не захотевший эвакуироваться. Группа стариков: дедушка, мой родственник Левицкий Мойше, его больной внук Хаим и другие — шли в одной колоне. Впереди дедушка, которому вручили знамя. Фашисты и полицейские заставили еле шагающих старых, больных людей петь песни. Обреченных били, и вдруг дедушка начал петь и вслед за ним остальные. Они даже бодрее стали шагать. Нацисты заставили их замолчать, прекратить пение. Кто-то из местных жителей, наблюдавших шествие обреченных, сообщил немцам, что евреи поют не песню, а нараспев читают молитву «Шма Исроэль». Мои попытки узнать подробности тогда не увенчались успехом. Это казалось легендой. Намного позже в акте Чрезвычайной Государственной комиссии по Хойникам, я прочитал, что группу стариков с красным флагом водили по улицам поселка, а потом под пытками вывели на «Пальмир» и расстреляли. Нет, это уже не легенда, а жестокая правда. Но почему в документе Комиссии не сказано о том, что «группа стариков» — это были евреи, и только евреи? Почему не сказано о том, что́ они пели? Не знали? Невозможно!

У кастрычніку — больш за 150 габрэяў расстраляныя ў пасялковым парку і 40 чалавек у двары будынку паліцыі. У чэрвені 1943 году ў Хвойніках быў створаны лягер грамадзянскага насельніцтва, у якім утрымлівалася 5 000 чалавек. Вязьняў групамі адпраўлялі ў Нямеччыну.

Ад вызваленьня і да 15 студзеня 1944 году тут месьціліся органы кіраваньня Палескай вобласьці. З 1954 у Гомельскай вобласьці.

10 лістапада 1967 году паселішча атрымала статус места. У 1972 годзе да Хвойнікаў далучылі вёскі Валокі і Забалаць, у 1989 годзе — Настольле і Лянтарню (бальшав. Чырвоную Ніву), 1 сьнежня 2009 году — Малішаў.

Заўвагі

Дзіўна, але дасьледчыкам ня хочацца зважаць на тую акалічнасьць, што пад «вси именя» падпадае і названае першым у сьпісе Ухобное, да падараваньня якога Сямёну Палазовічу кароль Казімер дачыненьня ня меў. С. Палазовіч атрымаў яго (Хабное) у 1493 г. непасрэдна ад вялікага князя Аляксандра. У крыніцы няма зьвестак, нібы гэта пацверджаньне ранейшага падараваньня, тым часам у прывілеях што да іншых маёнткаў яны прысутнічаюць. Да таго ж, у запісе 1879 г. Браніслаў Клечыньскі з памочнікамі, якія прачыталі і скапіявалі арыгінал прывілею, сьведчылі, што добры Хвойнікі і Астраглядавічы, падараваныя С. Палазовічу, выдзеленыя з Брагінскай воласьці, а значыць, раней нікому асобна ад яе не належалі, таму згадваць іх, як і іншыя другарадныя паселішчы, не было патрэбы. І яшчэ. Чаму для размешчаных у больш глухой мясьціне Хвойнікаў у картатэцы М. Ф. Сьпірыдонава, якой карысталіся ўкладальнікі першага тому «Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі», пазначаны 1492 г., а для згаданых у той жа самай крыніцы Астраглядавічаў, Навасёлак і Белага Берага – 1532 г.? Таму, што сёньня Хвойнікі — раённы цэнтар?..
  • ^ Пра С. Палазовіча гл.: Черкас Б. Прикордонний намісник Семен Полозович. // Український історичний збірник : наук. пр. асп. та молодих вчених. — Київ, 2004. Вип. 7. С. 95 — 105
  • ^ Усім вядомая сёньня вёска Паселічы, што месьціцца побач зь Лісьцьвіном, узьніклая пазьней і вядомая на 1581 год як слабада, належала ўжо не да Брагінскага маёнтку.
  • ^ У сувязі зь зямельнымі спрэчкамі нельга абыйсьці ўвагаю яшчэ і такі сюжэт: член-карэспандэнт НАН Беларусі С. В. Марцэлеў удзел у зямельным канфлікце 1528 г. паміж рудабельцамі (Рудыя Белкі – сучасны раённы цэнтар Акцябрскі) і хвайнічанамі (Хвойня – вёска ў Лучыцкім сельсавеце сумежнага Петрыкаўскага раёну) чамусьці прыпісаў жыхарам Хвойнікаў (Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 426). Што і казаць — «блізкі сьвет»!
  • ^ Больш як за 100 гадоў зьявілася хіба пара-тройка частковых выключэньняў. У. А. Малішэўскі і П. М. Пабока ў кнізе «Нашы гарады» паведамілі, што ў 1568 годзе князёўна Любецкая запісала Хвойнікі (у грамаце Хойнікі) Шчаснаму Харлінскаму. Але далей ізноў жа – пра Хвойнікі як уладаньне князёў Вішнявецкіх. (Малішэўскі У. А., Пабока П. М. Нашы гарады. – Мінск, 1991. С. 226). Потым гэта паўтарылі заснавальнік Хвойніцкага краязнаўчага музэя А. М. Зелянкоўскі і архэоляг У. Ф. Ісаенка (Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 26; Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Хойнікі, 1995. С. 5).
  • ^ Насуперак таму, як, пачынаючы са слоўнікавага артыкула А. Ельскага (Chojniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1880. Tom I. S. 620), сьцьвярджалася ледзьве не ўва ўсіх папяровых выданьнях Беларусі, у тым ліку энцыкляпэдыях і даведніках, князям Вішнявецкім Хвойнікі ніколі не належалі. Увогуле цікава, як у тыя часы ўяўлялі сабе тэму дасьледчыкі, не аматары-энтузыясты? Напрыклад, прафэсар гісторыі Кіеўскага унівэрсытэту У. Б. Антановіч і студэнт М. Запольскі таксама ўважалі першымі ўладальнікамі Хвойнікаў ды Астраглядаў князёў Вішнявецкіх; чытай: усё, што калісьці належала да Брагінскай воласьці, ад канца (?!..) XVI ст. і да канца XVII ст. было іхным (Запольский М. Брагинская волость (исторический очерк) / М. Запольский // Календарь «Северо-Западного края» на 1889 год. – Москва, 1889. С. 116 – 117; пазьней літаральна тое ж сустракаем у выданьні: Россия. Полное географическое описание нашего Отечества / Под ред. В. П. Семёнова. – Т. 9: Верхнее Поднепровье и Белоруссия: [Смоленская, Могилевская, Витебская и Минская губ.] / Сост. В. П. Семенов, М. В. Довнар-Запольский, Д. З. Шендрик [и др.]. – С.-Петербург: Издание А. Ф. Девриена, 1905. С. 568). Калі аўтарам нарысу "Брагінская воласьць" сапраўды быў У. Антановіч, а М. Запольскі яго толькі выдаў, дык пазыцыя прафэсара тым болей зьдзіўляе. Трыма гадамі раней ён выступіў укладальнікам тому дакумэнтаў, у адным зь якіх, пазначаным 1631 годам, гаспадаром Астраглядавічаў і Хвойнікаў названы ваяводзіч смаленскі пан Мікалай Абрагамовіч (Архив Юго-Западной России. – Киев, 1886. Ч. VII. Т. I. C. 396 – 397). Іншая справа як бы гэта пісаў учорашні навучэнец гімназіі, а на той час студэнт унівэрсытэту...
  • ^ Ці ня першы вядомы выпадак выкарыстаньня ў пісьмовай крыніцы палянізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
  • ^ Вуліца Настольская і канец вуліцы Пралетарскай з прылегласьцямі ў сёньняшніх Хвойніках.
  • ^ Яшчэ названыя 13 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  • ^ У касьцельнай кнізе памылкова запісана — гродзкі.
  • ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  • ^ Родныя браты Міхаль і Шайка ад красавіка 1715 г. трымалі арэнду хвойніцкую, на якую мелі гадавы кантракт за суму ў 4300 злотых, даволі спраўна яе выплачвалі (НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144). А нашмат пазьней, у пачатку 1830-х гг. экспарцёрамі гарэлкі з бровараў Уладыслава Прозара, падкаморага рэчыцкага, у Хвойніках, Гарадзішчы і Ёлчы былі бацька і сын Лейба і Абрам Шайковічы [НГАБ. Ф. 694. Воп.7. Спр. 831. А. 9]. Тады яны ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камэрцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Менскай губэрні.
  • ^ Пра Хвойніцкі замак гл.: Ткачоў М. А. Замкі і людзі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. С.160 — 161; пар.: С. Бельскі. Замак у Хойніках.
  • ^ 20 снежня 1747 г. прыдворны капэлян хвойніцкі кс. Юзаф Барановіч, з асабістай згоды а. Пянькоўскага, выканаў абрад хросту «з усімі цэрымоніямі», гл.: AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 15a. Ёсьць яшчэ і запіс у кнігах Юравіцкага касьцёлу аб хросьце 4 красавіка 1747 г. Адама Дзідака Езэхіля, сына тых жа бацькоў, айцом-езуітам Ігнацыем Барановічам: НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 10; AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 18
  • ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 159адв.; AGAD. APiJ. Sygn. 19. S. 6, 8. Цэрымонія была давершана 29 лістапада 1772 году у царкве м. Дудзічы. S. 10
  • ^ Новы сядзібны дом збудаваны якраз у часы Чатырохгадовага сойму.
  • ^ Да 17 жніўня знаходзіўся ў Хвойніках пад наглядам паручніка Давыдава. З-за сэквэстру нянькам даводзілася спрачацца з афіцэрамі нават за пялюшкі для немаўляці. Нарэшце швагер Францішак Букаты, былы сакратар амбасады Рэчы Паспалітай у Лёндане, дамогся часовай апекі над хлопчыкам і вывез яго з Хвойнікаў: Dubiecki M. S. 235—236
  • ^ Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасьцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павету і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расеі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладаньні. І. В. Кандрацеў дарэмна зьдзіўляўся з таго, што Людвік Прозар ня ўдзельнічаў у выбарах у дваранскія інстытуцыі Рэчыцкага павету ў 1796 г., а потым распавёў пра яго "родзіча" Караля – вялікага патрыёта Рэчы Паспалітай (ужо больш як два гады ён быў у сваёй першай эміграцыі), спаслаўшыся на электронны плагіят, падпісаны прозьвішчам Баркоўскі (Ігор Кондратьєв. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 311 – 312).
  • ^ Француская форма імя прысутнічае ў паперах імпэратрыцы Кацярыны ІІ, у лістах яе гэнэралаў і самой Людвікі Канстанцыі, гл.: AGAD. APiJ. Sygn. 13. S. 3, 4, 76, 78, 97, 154, 158, 160; таксама гл. дакумэнты наступнага сэквэстру: Sygn. 14
  • ^ Паводле Браніслава Клечыньскага, у 1813 годзе Напалеон даслаў з Дрэздэна абознаму ордэн Ганаровага легіёну, а разам і патэнт на графскі тытул: AGAD. APiJ. Sygn. 34. S. 6
  • ^ У кожным выпадку, вольналюбівых поглядаў сваіх абозны не зьмяніў і ў глыбокай старасьці. Знойдзеныя ў 1965 г. у Хвойніках паўстанцкія манеты 1831 г., пакладзеныя ў склеп перазахаванай у 1829 г. жонкі Людвікі Канстанцыі, пераканаўча сьведчаць аб тым. Цікава: пра "flaszką krzyształową, hermetycznie zamkniętą, w której znajduje się ducat, dwuzłotówka i pismo na pargaminie, ręką moją (К. Прозара) kreślone, z podpisem wielu przytomnych natenczas obywateli", як і пра пабудову склепа, Юзаф Рольле паведамляў яшчэ ў кнізе 1882 г.: Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. – Warszawa, 1882. S. 46. Пра знаходку гл.: Рябцевич В. Н. Нумизматика Беларуси. – Минск: Полымя, 1995. С. 274 – 275; Каталог выставы “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”. /Укл. Р. І. Крыцук, В. М. Сідаровіч, Л. І. Талкачова. — Мінск: Кнігазбор, 2018
  • Крыніцы

    Літаратура

    Tags:

    Гісторыя Хвойнікаў Вялікае Княства ЛітоўскаеГісторыя Хвойнікаў Каралеўства Польскае ў Рэчы ПаспалітайГісторыя Хвойнікаў Пад уладай Расейскай імпэрыіГісторыя Хвойнікаў Найноўшы часГісторыя Хвойнікаў ЗаўвагіГісторыя Хвойнікаў КрыніцыГісторыя Хвойнікаў ЛітаратураГісторыя ХвойнікаўКіеўскае ваяводзтваМястэчкаПалесьсеРэч ПаспалітаяСялоХвойнікі

    🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

    Сураж (Польшча)Пуэрта-РыкаАляксандар МарозВостраў сьлёзВіетнамская ВікіпэдыяКазаньАляксандар Лукашэнка1919МастурбацыяКлеапатраГрамадзкі набытакСубтытрыДаўгодУрманМэдаль Францішка СкарыныВіктар ШніпБагоўкаМустафа Кемаль АтатуркСтаніслаў ШушкевічБеларускі нацыянальны стройВікіпэдыяВоршаІксвідэаВадзім БолбасE (літара)РысБандароўнаЯн ПазьнякУнівэрсальны каардынаваны часЯгмінПокуцьАўгустоўскі канал2022Сямейства (біялёгія)ПаэтТравеньВікінавіныПастава 69Алесь ПісьмянкоўБудызмМ’янмаПошукавая аптымізацыяСэксуальныя пазыцыі1991Тожабеларус.ecАлесь БадакТрыбадызмСярэдняя школа №104 (Менск)Ваенная апэрацыяФранцыяКультура (радыё)Memento moriАкварэльДругая сусьветная вайнаРодБеларускае нацыянальнае адраджэньнеЛагойскСалатная цыкорыяНаша НіваГранатамётКанадаПрыёрбанкVolvo CarsБел-чырвона-белы сьцягГісторыя МенскуISO 4217ВікікрыніцыМэрНіл ГілевічДожджВялікабрытанія🡆 More