Ра́дашкавічы — мястэчка ў Беларусі, на сутоках Вязынкі і Гуйкі з ракой Рыбчанкай.
Уваходзяць у склад Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5862 чалавекі. Знаходзяцца за 32 км ад Маладэчна, за 41 км ад Менску, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашкавічы (лінія Менск — Маладэчна); на аўтамабільнай дарозе Менск — Маладэчна.
Радашкавічы лац. Radaškavičy | |||||
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1447 | ||||
Магдэбурскае права: | 1569 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Маладэчанскі | ||||
Плошча: | 7,0152 км² | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 5862 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 835,61 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1773 | ||||
Паштовы індэкс: | 222322 | ||||
СААТА: | 6238557000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°9′0″ пн. ш. 27°14′0″ у. д. / 54.15° пн. ш. 27.23333° у. д. 27°14′0″ у. д. / 54.15° пн. ш. 27.23333° у. д. | ||||
± Радашкавічы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Радашкавічы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут жылі такія вядомыя постаці, як Янка Купала, Ядвігін Ш., Язэп Драздовіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Танк. Да нашага часу захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.
Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Ра́дашкавічы. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму. На думку адных дасьледнікаў, ён утварыўся ад словаў радзіцца-раіцца, другіх — ад радавацца. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча пайшла ад прозьвішчаў Радашковіч, Радашкевіч (бытавала германска-славянскае імя Radusch, вытворнае ад імя Рад).
У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы. Традыцыйную мясцовую форму назвы Ра́дашкавічы за савецкім часам замянілі на цяперашнюю афіцыйную Радашковічы.
Гарадзішча Швэдзкая гара V—VIII стагодзьдзяў, што знаходзіцца на ўскраіне Радашкавічаў, сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Радашкавічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 году да сярэдзіны XIX ст. тут штогод праводзіліся кірмашы.
У 1549 годзе Радашкавічы атрымалі статус места. У гэты час тут было 255 двароў, 93 службы, 8 корчмаў, майстэрні. Існаваў драўляны замак, які разьмяшчаўся паміж 2 ставамі, утвораных на рэках Гуйцы і Вязынцы, на «капцы сыпаным» і формаю нагадваў няправільны чатырохкутнік. З усіх бакоў замак атачала вада. У Інфлянцкую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашкавічамі збройную дэманстрацыю, разьлічваючы на далучэньне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралося 47 тыс. жаўнераў, у тым ліку 30 тыс. паспалітага рушаньня і 2400 жаўнераў, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбурскае права. У Баркулабаўскім летапісе пад 1603 годам зазначаецца, што ў «Радашкавічах … было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашкавічах адбыліся перамовы паміж каралём Швэцыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе места складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, налічвала 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны. 23 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў Радашкавічам Магдэбурскае права і надаў ім мескі герб: «у срэбным полі паясная выява сьвятога Стэфана, пабітага камянямі». У адпаведным прывілеі падкрэсьлівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводзкія, старосьцінскія, замкавыя, духоўныя і сьвецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашкавіцкага паддаць». Далей у гэтым дакумэнце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месьце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Радашкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Вялейскага павету. За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) места на пэўны час вызвалілі з-пад расейскай улады. У 1835 годзе тут збудавалі мураваную капліцу, у 1848 годзе — Ільлінскую, у 1851 годзе — Пакроўскую цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1842 годзе Радашкавічы сталі цэнтрам воласьці Віленскай губэрні. На 1859 год тут было 222, на 1866 год — 225 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, царква, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі бровар, 2 заезныя двары і 2 гатэлі. У 1863 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Радашкавічах народную вучэльню. 12 ліпеня 1882 году ў Траецкім касьцёле ахрысьцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Радашкавічах было 346 двароў, дзейнічалі касьцёл, царква, капліца, сынагога і малітоўны дом, працавалі меская і рэальная вучэльні, бровар, гарбарны завод, 13 піцейных і 6 заезных двароў, рэгулярна праводзіўся кірмаш, раз у тыдзень — таржкі. На 1908 год — 30 мураваных і 463 драўляныя будынкі, мураваныя касьцёл і сынагога, драўляная царква, 2 скарбовыя і 83 прыватныя крамы, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод; 65 рамесьнікаў. Места складалася з 8 вуліцаў: Менскай, Віленскай, Дуброўскай, Заслаўскай, Татарскай і інш. У 1913 годзе тут паставілі «Паўлінку» Янкі Купалы.
За часамі Першай сусьветнай вайны 20 лютага 1918 году Радашкавічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Радашкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, жыхары Радашкавіцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР і накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 14 сьнежня 1919 году Радашкавічы занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. Зь ліпеня 1919 да ліпеня 1920 году і з кастрычніка 1920 году Радашкавічы займалі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны ў Вялейскім (з 1927 году Маладэчанскім) павеце Віленскага ваяводзтва. У гэты час у Радашкавічах быў 391 двор, працавалі паштовая агенцыя, гімназія, мастацкая студыя Язэпа Драздовіча. У 1922—1928 гадох тут працавала Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны. У 1928 годзе адкрылася прыватная беларуская школа. Існавала электрастанцыя.
У 1939 годзе Радашкавічы ўвайшлі ў БССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадзкога пасёлку, які стаў цэнтрам раёну (у 1960 годзе Радашкавіцкі раён ліквідавалі). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 году да 3 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У Радашкавічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць местачковыя лякарня і паліклініка.
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Савецкая вуліца | Менская вуліца |
? | Татарская вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Радашкавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Віленская, Дуброўская, Зарэчная і Заслаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Рынкавы пляц і Замкавая вуліца.
Прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці, вытворчасьць керамічных вырабаў.
Каля Радашкавічаў дзейнічаюць санаторыя «Сасновы Бор», санаторыя-прафілякторыя «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Мястэчка — традыцыйны цэнтар ганчарнага рамяства.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Радашкавічы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.