Баркула́баўскі ле́тапіс, Баркулабаўская хро́ніка — летапісны звод, складзены ў мястэчку Баркулабаве Аршанскага павету.
Помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня пачатку ХVII ст. Аўтарам, магчыма, быў мясцовы праваслаўны сьвятар Фёдар Філіповіч.
Гістарычны помнік упершыню быў заўважаны гісторыкамі ў сярэдзіне XIX ст., калі зьявіўся «Паказальнік» рукапісаў бібліятэкі Сыноду ў Санкт-Пецярбурзе. Сяргей Салаўёў карыстаўся Баркулабаўскім летапісам пры напісаньні X-га тому «Гісторыі Расеі».
Баркулабаўскі летапіс знаходзіцца ў канцы рукапіснага збору сшыткаў, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Сынадальным зборы пад нумарам 790 на аркушах 137—174. Рукапіс пісаны беларускім скорапісам, які Панцеляймон Куліш і Еўдакім Раманаў вызначылі XVII ст., рэдактары XVII тому ПСРЛ — канцом XVII ст., а Мітрафан Доўнар-Запольскі лічыў, што першыя 70 аркушаў пісаны почыркам сярэдзіны альбо канца XVI ст., рэшта ж — каля сярэдзіны XVII ст. Вокладка скураная, на карашку надпіс: «ЛҌтописец вкратцѣ». Папера розная: першыя 70 аркушаў — белая, шчыльная, тонкая; рэшта (з 71-га аркуша й да канца) — жоўтая, рыхлая. Філіграні на аркушах 1-70 — ражок і літары MCED, датаваны 1656 годам; на аркушах 71-128 — збан зь літарамі G/AB і вялікая лілея, датаваны 1651 годам; на аркушах 129—174 — певень на тарчы гербу й над ім літары SOLA, датаваны 1660 годам. Такім чынам, зборнік перапісаны, імаверна, у 60-х гадах XVII ст., а сам летапіс раней на некалькі дзесяцігодзьдзяў.
Летапіс быў створаны ў мястэчку Баркулабаве, каля места Стары Быхаў у канцы XVI — пачатку XVII ст. Аўтарам летапісу, імаверна, быў баркулабаўскі сьвятар Фёдар Філіповіч, як прапанаваў першы дасьледчык Панцеляймон Куліш, але аўтарам мог быць і дзяк гэтай жа царквы.
Летапіс упершыню надрукаваў Панцеляймон Куліш пад назвай «Боркулабовская хроника. 1563—1608» у 1877 годзе.
Мітрафан Доўнар-Запольскі ў 1898 годзе апублікаваў летапіс у «Киевских университетских известиях», а ў 1908 годзе перадрукаваў асобнай кнігай, дадаўшы палеаграфічнае апісаньне, уласныя меркаваньні пра аўтара і крыніцазнаўчую значнасьць летапісу.
Беларускі этнограф, археоляг і гісторык Еўдакім Раманаў перадрукаваў з публікацыі Мітрафана Доўнар-Запольскага 1899 году ў «Могилевских губернских ведомостях» і ў першым выпуску «Могилевской старины», а потым пад назваю «Варколабовская летопись» у Памятнай кніжкі Віленскай губэрні на 1910 год і ў зборніку «Первоисточники для истории Могилевского края» у 1916 годзе.
У 1962 г. поўны тэкст помніка пад загалоўкам «Баркулабовская летопись» з уступным артыкулам, у якім даецца агляд гісторыі вывучэньня гэтага твора, апублікаваў Мальцаў А. Н.
У 1975 годзе Мікалай Улашчык уключыў Баркулабаўскі Летапіс у 32 том ПСРЛ і ў прадмове пракмэнтаваў папярэднія выданьні летапісу.
Поўны тэкст летапісу з камэнтарамі ўпершыню ў Беларусі быў надрукаваны ў зборніку «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасьці» ў 1975 годзе.
Доктарка філялягічных навук Ніна Вайтовіч у манаграфіі «Баркулабаўскі летапіс» (1977 год) зрабіла поўны лінгвістычны аналіз пісьмовага помніка, а ў дадатку ўпершыню быў пададзены арыгінал тэксту з захаваньнем палеаграфічных і артаграфічных асаблівасьцяў рукапіснага арыгінала.
Першы пераклад на сучасную беларускую мову выканаў Сяргей Вераціла ў выданьні 1997 году «Беларускія летапісы і хронікі». Укладаньнік Уладзімер Арлоў, навуковы рэдактар і аўтар прадмовы Вячаслаў Чамярыцкі.
У 2013 годзе Баркулабаўскі Летапіс быў перавыданы выдавецтвам Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі з факсымільным аднаўленьнем кнігі. Факсымільнае выданьне складаецца зь дзьвюх кніг, якія ўключаюць факсымільны ўнікальны беларускі летапіс, транслітараваны тэкст рукапіснага помніка, матэрыялы яго гісторыка-культурнага дасьледаваньня.
Апісаньне падзеяў пачынаецца з сойму ў Берасьці (1545 год) і пабудовы Магілёўскага замку (1526 год). Потым назіраецца 11-гадовы перапынак. Больш сыстэматызавана выкладаюцца падзеі з 1563 году (захоп маскоўскім гаспадаром Іванам IV Тыранам Полацку) і да 1608 году. У канцы летапісу ёсьць пазьнейшы дадатак невядомага аўтара пра паход караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы на Смаленск у час вайны 1632—1634 гадоў. Разгорнута апісваецца Берасьцейская царкоўная унія; магчыма, што аўтар браў удзел у Берасьцейскім царкоўным саборы (1596 год) і бараніў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва.
Асноўныя крыніцы летапісу — гэта асабістыя назіраньні і ўспаміны аўтара. Падзеі асьвятляюцца з патрыятычных пазыцыяў. Так, асуджаюцца дзеяньні ўкраінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі… горш, чым злыя непрыяцелі».
У твор улучаецца ліст Івана IV Тырана да Стэфана Баторыя (1580 год), грамата Жыгімонта Вазы (1592 год), тэкст «Унівэрсалу» рокашу 1606 году.
Летапіс зьмяшчае ўнікальныя зьвесткі з гісторыі Ўсходняй Беларусі: інфармацыю пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, пра гісторыю беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асобаў, у тым ліку двух Дзьмітрыяў-Самазванцаў, пра ўзьнікненьне мястэчка Баркулабава.
1 верасьня 2013 году ў Быхаве ўсталявалі манумэнтальную скульптурную кампазыцыю «Баркулабаўскі летапіс» ў форме Кнігі: абраз Божай Маці на адным развароце зь пісьмёнамі на другой.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Баркулабаўскі летапіс, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.