Эўропа — частка сьвету, разам з Азіяй складае Эўразійскі кантынэнт.
Эўропа амываецца на поўначы Паўночным Ледавітым акіянам, на захадзе — Атлянтычным акіянам, на поўдні — Міжземным і Чорным марамі. Ад Азіі аддзеленая Ўральскімі гарамі і Касьпійскім морам.
Плошча Эўропы складае каля 10 млн км². Насельніцтва Эўропы складае каля 800 млн чалавек (прыкладна 1/8 насельніцтва сьвету).
Эўропа названая па імені гераіні старажытнагрэцкай міталёгіі Эўропы, фінікійскай князёўны, выкрадзенай Зэўсам і ўвезенай на выспу Крыт (пры гэтым эпітэт Эўропы мог зьвязвацца таксама з Герай і Дэмэтрай). Паходжаньне самога гэтага імені, як сьцьвярджае францускі лінгвіст П. Шантрэн, невядома. Найбольш папулярныя ў сучаснай літаратуры этымалягічныя гіпотэзы былі прапанаваныя яшчэ ў антычнасьці (у шэрагу з многімі іншымі), але зьяўляюцца спрэчнымі:
Назва Эўропа для часткі сьвету адсутнічае ў старажытнай грэцкай культуры (у гамэраўскім гімне да Апалёна Піфійскага Эўропай называецца толькі Паўночная Грэцыя) і ўпершыню зафіксаванае ў «Апісаньні Зямлі» Гекатэя Мілецкага (канец VI стагодзьдзя да н. э.), першая кніга якога прысьвечаная Эўропе.
Старажытныя грэкі першапачаткова лічылі Эўропу асобным мацерыком, адасобленым ад Азіі і Эгейскім і Чорным марамі, а ад Афрыкі — Міжземным морам. Пераканаўшыся, што Эўропа — толькі малая частка агромністага кантынэнту, які цяпер называюць Эўразіяй, антычныя аўтары сталі праводзіць усходнюю мяжу Эўропы па рацэ Дон (такія ўяўленьні сустракаюцца ўжо ў Палібія і Страбона). Гэтая традыцыя панавала цягам амаль двух тысячагодзьдзяў. У прыватнасьці, у Мэркатара мяжа Эўропы ідзе па Доне, а ад яго вытоку — строга на поўнач Белага мора.
У XV стагодзьдзі, калі мусульмане былі выцесьненыя амаль з усёй Гішпаніі, а бізантыйцы — з Азіі (туркамі), Эўропа на кароткі час стала амаль сынонімам хрысьціянскага сьвету, але ў цяперашні час большасьць хрысьціянаў пражывае па-за яе тэрыторыямі. У XIX стагодзьдзі амаль уся сусьветная прамысловасьць знаходзілася ў Эўропе; сёньня ж большая частка прадукцыі вырабляецца па-за яе межамі.
Васіль Тацішчаў у 1720 годзе прапанаваў перасунуць усходнюю мяжу Эўропы на Ўрал. Паступова новая мяжа стала агульнапрызнанай спачатку ў Расеі, а затым і за яе межамі. У цяпершані час мяжа Эўропы праводзіцца: на поўначы — па Паўночным Ледавітым акіяне; на захадзе — па Атлянтычным акіяне; на поўдні — па Міжземным, Эгейскім, Мармуровым, Чорным морах; на ўсходзе — па ўсходнім падножжы Ўральскіх гор, горах Мугаджарах, па рацэ Эмбэ (раней гэтая мяжа праводзілася па рацэ Ўрал) да Касьпійскага мора, ад яго па рэках Куме і Манычы да вусьця Дона (ці па Каўказкім хрэбце да Чорнага мора). Да Эўропы таксама адносяць сумежныя выспы і архіпэлягі.
Асноўныя пэрыяды гісторыі Эўропы:
Эўропа амываецца Атлянтычным і Паўночным Ледавітым акіянамі і іх марамі.
Плошча выспаў каля 730 тыс. км². На паўвыспы прыпадае каля 1/4 тэрыторыі Эўропы (Кольская, Скандынаўская, Пэрынэйская, Апэнінская, Балканская і іншыя).
Сярэдняя вышыня каля 300 м, максымальная (калі праводзіць лінію Эўропы па Кума-Маныцкай упадзіне) — 4808 м, г. Манблян, альбо (пры правядзеньні мяжы Эўропы па Каўкаскім хрыбце — 5642 м, г. Эльбрус, мінімальная ў цяпершані час складае каля −27 мэтраў (Касьпійскае мора) і зьмяняецца разам з ваганьнямі ўзроўню гэтага мора.
Пераважаюць раўніны (буйныя — Усходне-Эўрапейская, Сярэднеэўрапейская, Сярэдне- і Ніжнедунайская, Парыскі басэйн), горы займаюць каля 17% тэрыторыі (асноўныя — Альпы, Каўказ, Карпаты, Крымскія, Пірэнэі, Апэніны, Урал, Скандынаўскія горы, горы Балканскай паўвыспы). Існыя вульканы ёсьць у Ісьляндыі і Міжземнамор’і.
На большай частцы тэрыторыі клімат умераны (на захадзе — акіянічны, на ўсходзе — кантынэнтальны, са сьнежнай і марознай зімой), на паўночных выспах — субарктычны і арктычны, у Паўднёвай Эўропе — міжземнаморскі, у Прыкасьпійскай нізіне — паўпустынны. На выспах Арктыкі, у Ісьляндыі, Скандынаўскі гарах, Альпах — зьледзяненьне (плошча звыш 116 тыс. км²).
Асноўныя рэкі: Волга, Дунай, Урал, Эмба, Дняпро, Дзьвіна, Дон, Пячора, Кама, Ока, Белая, Днестр, Рэйн, Эльба, Вісла, Таха, Люара, Одэр.
Буйныя азёры: Ладаскае, Анескае, Чудзкае, Вэнэрн, Балатон, Жэнэўскае.
На выспах Арктыкі і ўздоўж узьбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна — арктычныя пустыні і тундры, паўднёвей — лесатундры, таёжныя, зьмешаныя і шыракалістыя лясы, лесастэпы, стэпы, субтрапічныя міжземнаморскія лясы і кустарнікі; на паўднёвым усходзе — паўпустыні.
Буйнейшая ў Эўропе пясчаная пустыня Рын-пескі (40 000 км²) разьмешчана ў міжрэччы Волкі і Ўрала (на тэрыторыі Казахстану і Расеі), у Заходняй Эўропе да блізкага да паўпустыннага тыпу супольнасьцяў часам прылічваюць масіў Табэрнас у Гішпаніі. Акрамя таго мела месца апустыньваньне ў выніку чалавечае дзейнасьці па прамысловым заборы вады з натуральных крыніцаў і нерацыянальным выкарыстаньні земляў. У зоне сухіх стэпаў на ўсходзе Эўропы маецца шэраг пясчаных масіваў у Расеі на ніжнім Доне (Арчэдынска-Данскія пяскі, Цімлянскія пяскі і іншыя), сумежныя тэрыторыі Калмыкіі, Дагестану і Чачэніі (Нагайскі стэп), а таксама тэрыторыі Ўкраіны (Алёшкаўскія пяскі).
У Эўропе на дадзены момант знаходзіцца 50 краін (зь якіх 7 транскантынэнтальных і адна часткова прызнана незалежнай сябрамі ААН) і 5 залежных тэрыторый. Насельніцтва кантынэнту складае каля 760 мільёнаў чалавек.
Частка | Герб | Краіна | Плошча (км²) | Насельніцтва | Сталіца |
---|---|---|---|---|---|
Паўночная | Данія | 43094 | 5748796 | Капэнгаген | |
Ісьляндыя | 103000 | 350710 | Рэйк’явік | ||
Нарвэгія | 385207 | 5295619 | Осьлё | ||
Фарэрскія астравы (залежная тэрыторыя Даніі) | 1393 | 53792 | Торсгаўн | ||
Фінляндыя | 338455 | 5509717 | Хэльсынкі | ||
Швэцыя | 450295 | 10151588 | Стакгольм | ||
Заходняя | Бэльгія | 30528 | 11358357 | Брусэль | |
Вялікабрытанія | 244820 | 66040229 | Лёндан | ||
Гернсі (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) | 78 | 63124 | Сэнт-Пітэр-Порт | ||
Джэрзі (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) | 116 | 107800 | Сэнт-Гэліер | ||
Ірляндыя | 70280 | 4761865 | Дублін | ||
Люксэмбург | 2586 | 602005 | Люксэмбург | ||
Манака | 2 | 38400 | Манака | ||
Мэн (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) | 572 | 84069 | Дуглас | ||
Нідэрлянды | 41543 | 17271990 | Амстэрдам | ||
Францыя | 547030 | 67348000 | Парыж | ||
Цэнтральная | Аўстрыя | 83858 | 8823054 | Вена | |
Вугоршчына | 93030 | 9797561 | Будапэшт | ||
Ліхтэнштайн | 160 | 38111 | Вадуц | ||
Нямеччына | 357168 | 82800000 | Бэрлін | ||
Польшча | 312685 | 38422346 | Варшава | ||
Славаччына | 49035 | 5435343 | Браціслава | ||
Славенія | 20273 | 2066880 | Любляна | ||
Чэхія | 78866 | 10610947 | Прага | ||
Швайцарыя | 41285 | 8401120 | Бэрн | ||
Усходняя | Азэрбайджан Т | 86600 | 10156366 | Баку | |
Армэнія Т | 29743 | 2963900 | Ерэван | ||
Баўгарыя | 110910 | 7101859 | Сафія | ||
Беларусь | 207560 | 9349645 | Менск | ||
Грузія Т | 69700 | 3728573 | Тбілісі | ||
Казахстан Т | 148000 | 19200160 | Астана | ||
Латвія | 64589 | 1925800 | Рыга | ||
Летува | 65300 | 2800667 | Вільня | ||
Малдова | 33846 | 3434547 | Кішынёў | ||
Расея Т | 17098246 | 145478097 | Масква | ||
Румынія | 238397 | 19638000 | Бухарэст | ||
Украіна | 603628 | 42418235 | Кіеў | ||
Эстонія | 45226 | 1319133 | Талін | ||
Паўднёвая | Альбанія | 28748 | 2876591 | Тырана | |
Андора | 468 | 77281 | Андора ля Вэльля | ||
Босьнія і Герцагавіна | 51129 | 3531159 | Сараева | ||
Ватыкан | 0,4 | 450 | Ватыкан | ||
Гібральтар (залежная тэрыторыя Вялікабрытаніі) | 6 | 34000 | Гібральтар | ||
Гішпанія Т | 505990 | 46698151 | Мадрыд | ||
Грэцыя | 131957 | 10768477 | Атэны | ||
Італія | 301338 | 60589445 | Рым | ||
Косава | 10908 | 1920079 | Прышціна | ||
Мальта | 316 | 445426 | Валета | ||
Партугалія | 92212 | 10379537 | Лісабон | ||
Паўночная Македонія | 25713 | 2103721 | Скоп’е | ||
Сан-Марына | 61 | 33285 | Сан-Марына | ||
Сэрбія | 77474 | 7040272 | Бялград | ||
Турэччына Т | 783562 | 84680273 | Анкара | ||
Харватыя | 56594 | 3888529 | Загрэб | ||
Чарнагорыя | 13812 | 642550 | Падгорыца |
Т — транскантынентальная краіна.
Эўропу падзяляюць на рэгіёны. Выява паказвае адзін з магчымых падзелаў Эўропы на рэгіёны.
Да Заходняй Эўропы звычайна адносяць Вялікабрытанію, Ірляндыю, Францыю і краіны Бэнілюксу (Бэльгію, Нідэрлянды, Люксэмбург). Таксама да Заходняй Эўропы могуць далучаць Нямеччыну, хоць геаграфічна краіна знаходзіцца ў Цэнтральнай Эўропе.
Тэрмін Цэнтральная Эўропа яшчэ не настолькі ўстойлівы, як іншыя. Краіны Цэнтральнай Эўропы могуць адносіць да Заходняй і Ўсходняй Эўропы. Звычайна да Цэнтральнай Эўропы адносяць Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну, Швайцарыю, Ліхтэнштайн, Аўстрыю, Славенію, Нямеччыну.
Звычайна да Ўсходняй Эўропы адносяць Беларусь, Расею, Малдову, Украіну, Казахстан, Эстонію, Латвію, Летуву. Бывае, да Ўсходняй Эўропы адносяць Польшчу, а таксама каўкаскія краіны (Армэнію, Азэрбайджан, Грузію).
Да Паўночнай Эўропы адносяцца скандынаўскія краіны ў шырокім сэнсе, такія, як Ісьляндыя, Данія, Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя. Некаторыя далучаюць Эстонію да Паўночнай Эўропы з-за моцных гістарычных і культурных сувязяў Эстоніі з Швэцыяй і Фінляндыяй.
Паўднёвая Эўропа складаецца з краінаў Ібэрыйскай паўвыспы (Андора, Гішпанія, Партугалія), Апэнінскай паўвыспы (Італія, Ватыкан, Сан-Марына), Балканскай паўвыспы (Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Баўгарыя, Харватыя, Грэцыя, Македонія, Румынія, Сэрбія і Чарнагорыя), Манака і Мальты. Могуць быць уключаныя Кіпр (хоць ён геаграфічна знаходзіцца ў Азіі), Турэччына і француская Корсіка.
Некаторыя краіны (Расея, Казахстан, Турэччына, Азэрбайджан, Армэнія, Грузія) знаходзяцца часткова ў Азіі. На мапе іхныя азіяцкія тэрыторыі пазначаныя ружовым.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Эўропа, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.