Карл Генрых Маркс (па-нямецку: Karl Heinrich Marx; 5 траўня 1818 — 14 сакавіка 1883) — нямецкі эканаміст, філёзаф, палітычны журналіст, найбольш значны сацыялістычны і камуністычны мысьляр, стваральнік канэпцыі марксызму.
Амаль не прызнаныя пры ягоным жыцьці, сацыяльныя і палітычныя ідэі Маркса атрымалі шырокі распаўсюд пасьля яго сьмерці. Яшчэ ў канцы 1980-х гадоў амаль палова насельніцтва Зямлі жыла пры рэжымах, якія называлі сябе марксысцкімі.
Карл Генрых Маркс | |
па-нямецку: Karl Heinrich Marx | |
Карл Маркс у 1875 годзе | |
Імя пры нараджэньні | па-нямецку: Karl Heinrich Marx |
---|---|
Дата нараджэньня | 5 траўня 1818 |
Месца нараджэньня | Трыр |
Дата сьмерці | 14 сакавіка 1883 (64 гады) |
Месца сьмерці | Лёндан |
Школа/традыцыя | марксізм, камунізм, сацыялізм, матэрыялізм |
Пэрыяд | філязофія 19 стагодзьдзя |
Асноўныя зацікаўленасьці | палітыка, эканоміка, сацыялёгія, праца, гісторыя, клясавая барацьба |
Значныя ідэі | заснавальнік марксізму (разам з Энгельсам), |
Аказалі ўплыў | Гэгель, Фоербах |
Наступнікі | Уладзімер Ленін |
Карл Маркс нарадзіўся ў Трыры ў сям’і юрыста. Яго продкі былі габрэйскімі рабінамі, але яго бацька Генрых (Гірш) Маркс прыняў хрост у эвенгеліцкай царкве, каб не згубіць пасаду. Сам Карл быў пахрышчаны ў шасьцігадовым узросьце.
У 17 гадоў Маркс паступіў у Бонскі ўнівэрсытэт на юрыдычны факультэт. У той час у Маркса зьявілася першая цікавасьць да рамантызму і ўтапічнага сацыялізму.
Праз год бацька накіраваў Карла Маркса ў больш прэстыжны Бэрлінскі ўнівэрсытэт, дзе той правучыўся чатыры гады.
У Бэрліне Маркс трапіў пад уплыў філязофіі Гэґеля і Фоербаха. Шмат часу ён праводзіў у кампаніі левых гегельянцаў на чале з Бруно Баўэрам. У 1841 Маркс абараніў дысэртацыю па адрозьненьнях натурфілязофіі Дэмакрыта і Эпікура.
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, Маркс разьлічваў атрымаць пасаду выкладчыка. Аднак, пасьля звальненьня Баўэра па палітычных матывах, Маркс стаў журнлістам у кёльнскай газэце Rheinische Zeitung, апазыцыйным выданьні, заснаваным райнскімі прамыслоўцамі-лібэраламі. Неўзабаве Маркс стаў рэдактарам газэты, якая чым далей, тым больш жорстка крытыкавала прускую манархію. У выніку ў траўні 1843 яна была зачыненая ўладамі пасьля публікацыі крытычнага артыкулу аб стане вінаробаў даліны Мозэля. Пасьля гэтага выпадку Маркс адыйшоў ад чыстай палітыкі і зацікавіўся таксама эканамічнай тэорыяй.
Улетку 1843 Карл Маркс ажаніўся з Жэньні фон Вэстфален, дачкой заснавальніка канцэрну Philips. Ад шлюбу нарадзілася 7 дзяцей, зь якіх выжылі 3: Жэньні Каралінэ Маркс, Ляўра Маркс і Элеанор Маркс.
У тым жа годзе Маркс напісаў вялікую працу з рашучай крытыкай гегельянскага апраўданьня сучаснай нямецкай дзяржавы. Пасьля таго, як ён не знайшоў работы ў Нямеччыне, Маркс эміграваў у Парыж.
У Парыжы Маркс пазнаёміўся з Генрыхам Гайнэ, а потым — з Фрыдрыхам Энґельсам, сваім самым важным сябрам і паплечнікам. Энґельс зьвярнуў увагу Маркса на становішча рабочых, а таксама дзякуючы свайму бацьку, кампаньёну ў тэкстыльнай фірме ў Манчэстэры, пастаўляў Марксу практычную інфармацыю пра капіталістычную вытворчасьць і выступаў яго фундатарам.
У 1844 Маркс і Эгельс былі выгнаныя з Парыжу і тры гады правялі ў Брусэлі, дзе Маркс напісалі працы «Сьвятое сямейства» (крытыка Б. Баўэра), «Нямецкая ідэалёгія» (крытыка ідэяў Геґеля і гегельянцаў). У 1847 годзе у Брусэлі выйшла кніга Маркса з крытыкай поглядаў Прудона — «Галеча філязофіі».
У 1845 годзе Маркс выйшаў з прускага грамадзянства, калі прускія ўлады пачалі патрабаваць яго выдачы.
Адначасова Маркс займаўся арганізацыяй міжнароднага сеціва сувязяў паміж нямецкімі, францускімі і нямецкімі камуністамі і сацыялістамі і абмену інфармацыі. У 1847 г. пад час паездкі ў Ангельшчыну ён далучыўся да Лігі справядлівых, арганізацыі нямецкіх эмігрантаў-рамесьнікаў. На базе Лігі быў сфармаваны Міжнародны зьвяз камуністаў, і яго 2 кангрэс даручыў Марксу і Энґельсу скласьці праграму Зьвязу. Праграма была гатовая 21 лютага 1848 г. і стала вядомаю як «Маніфэст камуністычнай партыі».
Хутка пасьля гэтага пачаліся рэвалюцыі ў Францыі, Італіі, Аўстрыі. Маркс быў высланы з Бэльгіі і вернуўся ў Парыж па запрашэньню лібэральнага часовага ўраду. У сакавіку 1848 г. рэвалюцыя дасягнула Прусію, кайзэр Фрыдрых Вільгельм IV быў вымушаны стварыць абраны парлямэнт, дазволіць свабоду слова. Маркс вернуўся ў Кёльн і пачаў актыўную журналісцкую дзейнасьць у адноўленай Neue Rheinische Zeitung, заклікаў да канстытуцыйнай дэмакратыі і вайны з Расеяй.
Пасьля паразы рэвалюцыі Маркс быў высланы зь Нямеччыны. У рэшце рэшт ён у 1849 годзе. пасяліўся ў Лёндане.
Умовы першых гадоў на эміграцыі былі вельмі цяжкімі. Сям’я Маркса трымалася толькі на выпадковых заробках і фінансавай дапамозе з боку Фрыдрыха Энґельса.
У Лёндане выйшла праца Маркса «Клясавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850»; потым «18 брумэра Люі Банапарта».
З 1852 году Маркс працаваў лёнданскім карэспандэнтам і дэ-факта рэдактарам эўрапейскага выданьня газэты «New York Tribune».
Адразу пасьля пераезду ў Лёндан, Маркс далучыўся да Зьвязу камуністаў. Вывучэньне эканомікі пераканала яго, што «новая рэвалюцыя магчымая толькі ў выніко новай крызы». Ён адыйшоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці і пысьвяціў сябе дасьледваньню «законаў руху капіталістычнага грамадзтва». Вынікі дасьледчай працы Маркса вышлі збольшага пасьля сьмерці іх аўтара.
У 1864 г. Маркс пачаў актыўную дзейнасьць на міжнарожнай сцэне. Ён арганізаваў Міжнародную арганізацыю рабочых (International Workingmen’s Association, пазьней перайменаваная ў Першы Інтэрнацыянал). Цягам 8 гадоў Маркс быў найбольш уплывовым сябрам Генэральнай рады арганізацыі. На гэтай пасадзе Маркс выступаў у падтрымку незалежнасьці Польшчы і Ірляндыі, за перадачу зямлі ў грамадзкую ўласнасьць і за паляпшэньне ўмоваў працы. Раскол у Інтэрнацыянале паміж марксыстамі і анархістамі на чале зь М. Бакунінам прывёў да паслабеньня арганізацыі і да яе роспуску ў 1876.
У 1867 годзе выйшаў першы з трох том галоўнай працы Карла Маркса — «Капітала».
Маркс прапагандаваў стварэньне адзінага рэвалюцыйнага руху. Пад уплывам Маркса Вільгельм Лібкнэхт у 1869 заснаваў Сацыял-дэмакратычную рабочую партыю Нямеччыны, у наступным ператварыўшуюся ў Сацыял-дэмакратычную партыю Нямеччыны. Ад 1871 Маркс працаваў над выдаваным Лібкнэхтам часопісам Der Volksstaat.
Карл Маркс памёр у Лёндане ў 1883 годзе, пахаваны на могілках Highgate-Cemetery. Апошнія тамы «Капітала» былі апублікаваныя ўжо пасьля яго сьмерці.
Карл Маркс, разам з Фрыдрыхам Энгельсам і Ўладзімірам Ленінам стаўся часткай камуністычнага пантэёну культавых асобаў.
У гонар Маркса названы горад у Саратаўскай вобласьці Расеі (былы Екатэрынэнштадт). Імём Маркса названая вуліца ў Менску і многіх іншых гарадых, пераважна ў краінах былога камуністычнага блёку.
Постаці Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса былі асноўнымі фігурамі камуністычнай прапаганды ў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. З 10 траўня 1953 да 1 чэрвеня 1990 году горад Кемніц ва Ўсходняй Нямеччыне меў назву Карл-Маркс-Штадт.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Карл Маркс, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.