Аўкштайты (лет.
Aukštaičiai) — сучасная этнаграфічная група летувісаў на ўсходзе і ў цэнтры Летувы. Паводле летувіскіх этнографаў, займаюць пераважна тэрыторыю афіцыйнага этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція» і, паводле летувіскіх мовазнаўцаў, гавораць на адной зь дзьвюх дыялектных групаў летувіскай мовы — аўкштайцкай.
Хоць існуе толькі адзін гістарычны дакумэнт, дзе ўпамінаюцца «аўкштоты» («аўкштайты»), а ў XIX ст. гэтай назвы (як і геаграфічнай назвы «Аўкштота») ліцьвіны і жамойты ня ведалі і не ўжывалі, некаторыя сучасныя археолягі рэтраспэктыўна называюць «аўкштайтамі» насельніцтва, якое стварыла археалягічныя культуры, што займаюць тэрыторыю цэнтральнай Летувы, а некаторыя навукоўцы рэтраспэктыўна ўжываюць датычна стваральнікаў адпаведных археалягічных культураў азначэньне «група балтыйскіх плямёнаў аўкштайты».
Назву «аўкштайты» ўтварылі ў другой палове XIX ст. ад назвы Аўкштота, якую вярнулі ва ўжытак і пачалі папулярызаваць у летувіскай форме «Аўкштайція» прыхільнікі паганскай і балтыйскай канцэпцыі ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага па публікацыі ў 1830 годзе (паўторна Тэадорам Нарбутам у 1837 годзе) ліста вялікага князя Вітаўта ад 1420 году, дзе ён з палітычных мэтаў заявіў імпэратару Жыгімонту Люксэмбурскаму, што жамойты называюць Літву Аўкштотай.
Адзіны гістарычны пісьмовы ўпамін пра аўкштотаў (у адрозьненьне ад Аўкштоты як геаграфічнай назвы) датуецца 1412 годам і зьмяшчаецца ў дакумэнце Тэўтонскага ордэну, выкарыстаным на арбітражным працэсе. Гэты дакумэнт засноўваецца на апытаньнях пажылых людзей, пераважна былых служкаў ордэну, у тым ліку жамойтаў: «Таксама замак Вілюна прускія браты заваявалі 11 гадоў таму ад няверных і ворагаў нашай веры ліцьвінаў, якіх называлі аўкштотамі, а кіраўнікамі ў іх былі Сурмін, Матывік і Гаштольд. А таксама, што памянёныя кіраўнікі, ад якіх быў адваяваны замак Вілюна, як ужо пісалася, былі ліцьвінамі, і іх род і цяпер завецца ліцьвінкамі і ліцьвінамі, і жывуць яны ў Літве, у Кульве каля Вількаміру, а не ў жамойцкай зямлі. Таксама, што і замак Вілюна, да яго заваяваньня прускімі братамі, як ужо казалі, утрымліваўся і забясьпечваўся ліцьвінамі, якіх звалі і цяпер яшчэ называюць аўкштотамі, а не жамойтамі».
У 1827 годзе пруска-нямецкі гісторык Яганэс Фогт(ru) (з 1856 году сябра-карэспандэнт Санкт-Пецярбурскай акадэміі навук) у другім томе сваёй «Гісторыі Прусіі» (ням. «Geschichte Preussens»), выдадзенай гатычным шрыфтам у Кёнігзбэргу, заявіў, што «Аўкштотай» («верхняй зямлёй») называўся ўвесь рэгіён на Нёмане на ўсход ад Вялёны, а жыхароў гэтага рэгіёну называлі «аўкштотамі». У чацьвертым томе гэтай жа працы (1830 год) Фогт апублікаваў ліст Вітаўта ад 1420 году, дзе гаворка вядзецца пра Аўкштоту як геаграфічную назву.
Калі ў 1822 годзе Сыманас Даўкантас — адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага руху — выдаў кнігу «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), то ўжо ў 1845 годзе (па публікацыях Фогта і Нарбута) ён выдаў сваё дасьледаваньне пад назвай «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Такім спосабам Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін уласным летувіскім наватворам «горнікі» (ад лет. kalnas 'гара'), чым засьведчыў няведаньне тэрміну «аўкштоты» («аўкштайты»). Тое, што Даўкантас «першым прыдумаў і выкарыстаў тэрмін дзеля апісаньня этнаграфічнай супольнасьці, вядомай цяпер як аўкштайты», прызнаецца ў сучасных летувіскіх школьных падручніках.
Ужо ў 1850 годзе пруска-нямецкі лінгвіст Георг Нэсэльман заявіў у сваім слоўніку, нібы расейскія летувісы, або жамойты, называюць прускіх летувісаў «Létuwninkai kalninni» з прычыны ўзгорыстай мясцовасьці. Неўзабаве, аднак, мовазнаўца Станіслаў Мікуцкі паказаў, што Нэсэльман напраўду ўзяў адпаведную назву з выдадзенай у 1842 годзе кнігі Даўкантаса «Лемантар летувіска-горнай і жамойцкай моваў» («Abecieļa lîjtuwiû-kalnienû ir źiamajtiû kałbos», сучаснае летувіскае «Abėcėlė lietuvių-kalnėnų ir žemaičių kalbos»), памылкова прыняўшы азначэньне «летувіска-горны» за сынонім «пруска-летувіскі». Апроч таго, Мікуцкі засьведчыў, што слова «kalnėnai» ('горныя, горцы') Даўкантас проста выдумаў.
У той жа працы 1855 году Мікуцкі згадаў назву «аўкштоты» («аўкштайты»), раскрыўшы лёгіку яе зьяўленьня: «Жамойты — Нізоўцы, летувісы, якія жывуць у нізоўі Нёмана. <…> Калі былі (і ёсьць) Нізоўцы, мусяць быць і Вярхоўцы; і сапраўды былі». Як галоўны довад даўнейшага існаваньня летувісаў-«вярхоўцаў» ён прывёў тэкст ліста Вітаўта ад 1420 году. Прытым летувісаў свайго часу Мікуцкі, паводле асаблівасьцяў іх мовы, падзяліў на «паўночных» (Сьвянцянскі, Новааляксандраўскі, Вількамірскі, Панявескі і часткова Шавельскі паветы) і «паўднёвых», адзначыўшы, што мяжа між адпаведнымі гаворкамі часткова праходзіць ракой Вяльлёй.
Пра няведаньне тэрміну «аўкштоты» («аўкштайты») адукаванымі коламі колішняй Рэчы Паспалітай таксама сьведчыць крытыка штучнага пашырэньня з боку тагачаснай афіцыйнай расейскай навукі назвы «літва» на частку жамойцкага насельніцтва, пазьней вядомую як «аўкштайты». Адпаведная нататка зьявілася ў 1854 годзе на старонках прыватнага расейскага часопісу Библиотека для чтения(ru), які на той час рэдагаваўся выхадцам зь віленскай шляхты, навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту, прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім (1800—1858) супольна з выхадцам з кіеўскай шляхты, энцыкляпэдыстам і знаўцам эўрапейскіх і ўсходніх моваў Альбэртам Старчэўскім(ru):
|
Спроба Нэсэльмана назваць «летувісамі-горнікамі» прускіх летувісаў знайшла свой працяг у прэсе, калі ў 1867 годзе ў некалькіх выданьнях перадрукавалі артыкул з The Pall Mall Gazette(en), у якім аўтар даводзіў, што згадка ў тагачаснай расейскай статыстыцы пра «Zmudzo-Lethonians» як апошніх з «старажытных прусаў» ёсьць няслушнай, бо «…тэрмін жамойт… азначае нізоўца, у адрозьненьне ад летувісаў-вярхоўцаў Прусіі. <…> Але гэтыя жамойты ня ёсьць прусамі, але сапраўднымі летувісамі…».
У 1869 годзе Ігнат Казлоўскі ў часопісе «Вестник Западной России(ru)» сьцьвярджаў, што ў той час летувісаў, якія не атаясамлівалі сябе з уласна Жамойцю, палякі называлі «новымі літоўцамі», тым часам уласна жамойты называлі іх гудамі і не лічылі сваімі суродзічамі. Пра тое, што жамойты называлі «аўкштайтаў» (г. зв. «верхніх літоўцаў») гудамі, у 1893 годзе сьведчыў летувіскі мовазнаўца Ёнас Яблонскіс(be).
У 1876 годзе пруска-летувіскі лінгвіст прафэсар Кёнігзбэрскага ўнівэрсытэту Фрыдрых Куршат(ru) засьведчыў, што тыя летувісы ў Расейскай імпэрыі, якія жывуць «ва ўсходняй Жамойці» і якіх «мясцовыя жыхары называюць жамойтамі», сябе называюць «сапраўднымі летувісамі», а жыхароў заходняй Жамойці і прускіх летувісаў — жамойтамі. Таксама ён зазначыў, што «ў XV ст. ўсходняя Жамойць называлася Аўкштотай, паводле цяперашняага прастамоўя Aukßtocźiai ('горныя', 'горнікі')».
Раней, у 1862 годзе ў прадстаўленьні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (найперш у Ковенскай губэрні) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не абмаскаліць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі:
На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім абмаскаліць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы. Арыгінальны тэкст (рас.) На Жмуди — укрепление жмудской национальности, вовсе не враждебной России и правительству в низших слоях населения, и постоянное внушение крестьянам, что они не поляки, а жмудины и литовцы, и что Россия не желает вовсе обрусить их, а хочет только сблизить их интересы с интересами государства. | ||
—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22. |
У 1885 годзе ў расейскай прэсе асьвятлялася наведваньне летувіскіх вучэльняў Ковенскай губэрні генэрал-губэрнатарам Іванам Каханавам(ru), калі той заахвочваў мясцовае насельніцта да летувіскай (жамойцкай) мовы, у тым ліку загадаў хлопчыку чытаць малітву «Ойча наш» па-летувіску: «ты ліцьвін, дык навошта молісься па-польску, а не на сваёй мове?» (рас. «ты литвин, так зачем же молишься по-польски, а не на своем языке?»).
Разам з тым, у навуковым выданьні «Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею», выдадзеным у 1899 годзе, у прадмове зьмяшчаўся агляд аўтарам Ковенскае губэрні: «Ковенская губэрня ўся амаль заселеная карэннымі літоўцамі, якія край свой называюць Жмудзь, а сябе жмогусамі» (рас. «Ковенская губерния вся почти сплошь заселена коренными литовцами, которые страну свою называют Жмудь, а себя жмогусами»). У 1893 годзе паведамлялася, што «…Жамойць, або, як яна сама сябе называе, „сьвятая Жамойць“, засяляе шчыльнай масай мільёна ў два душ паўночную частку Віленскай губэрні і найбольшую частку Ковенскай і Сувалкаўскай» (рас. «…Жмудь, или, как она сама себя называет, „святая Жмудь“, населяет плотной массой миллиона в два душ северную часть Виленской губернии и наибольшую часть Ковенской и Сувалкской»). Народжаны ў Смаленску географ Сяргей Меч(ru) адзначаў (у тым ліку на падставе ўласнай вандроўкі ў 1894 годзе), што ў басэйне Нёману беларусы называюць сябе ліцьвінамі, тым часам летувісаў «больш за ўсё ў Ковенскай і Віленскай губэрнях, дзе яны вядомыя пад імём жмудзінаў».
Яшчэ ў 1895 годзе народжаны ў ваколіцах Расенаў летувіскі гісторык Мечыслаў Давойна-Сільвястровіч у артыкуле «Жамойць» Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў (том 14), хоць ужо і азначаў «жамойцкімі» паветамі толькі Шавельскі, Расенскі, Цельшаўскі і заходнюю частку Ковенскага (да ракі Нявежы), аднак прытым прызнаваў, што «надзвычай цяжка вызначыць мяжу паміж летувісамі вышэйшымі і ніжэйшамі, або жамойтамі, — з улікам браку этнаграфічных адрозьненьняў паміж імі».
У ХІХ — XX стагодзьдзях, па ўзьнікненьні летувіскага нацыянальнага руху, тэрмінам «аўкштайты» пачалі называць этнаграфічную групу летувісаў ў цэнтральнай і ўсходняй частцы сучаснай Летувы, якую абвясьцілі «Аўкштотай» — «верхняй, або ўласнай Літвой» у дадатак да Жамойці, якую абвясьцілі «ніжняй Літвой». Пашырэньне назвы «аўкштайты» ў гэты час зьвязваюць з этнанімічнай дыфэрэнцыяцыяй паміж летувісамі і ліцьвінамі.
У XX ст. летувіскія гісторыкі высунулі тэорыю «старажытналетувіскага этнасу». Паводле гэтай тэорыі, у канцы I тысячагодзьдзя н. э. у выніку колькаснага разрастаньня летувіскага этнасу адбылося разгалінаваньне родаплемянной структуры летувісаў на плямёны «ўсходніх летувісаў» («уласна летувісаў» альбо «аўкштайтаў»), якія разьмяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшанаў і Дзяволтвы, і «летувісаў-жамойтаў» або проста жамойтаў (на паўднёвых землях сучаснага летувіскага этнаграфічнага рэгіёну «Жэмайція»), сфармаваных у выніку асыміляцыі летувіскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў ды іншых заходнебалцкіх плямёнаў.
Паводле летувіскіх мовазнаўцаў, этнаграфічная група «аўкштайты» ў афіцыйным этнаграфічным рэгіёне «Аўкштайція» размаўляюць на аўкштайцкіх дыялектах летувіскай мовы. Прытым згодна зь іх новымі сьцьверджаньнямі, летувіская мова падзяляецца ня толькі на жамойцкі і аўкштайцкі дыялекты, але і на яшчэ два субдыялекты — судоўскі і дзукійскі, якія разам утвараюць аўкштайцкую дыялектную групу. Да аўкштайцкіх дыялектаў належаць гаворкі, на якіх засноўваецца літаратурная летувіская мова — гаворкі захаду этнаграфічнага рэгіёну «Аўкштайція», у ваколіцах Коўны.
На думку Вацлава Пануцэвіча, аўкштайцкі дыялект — які правільней называць верхнежамойцкім — утварыўся пад уплывам беларускай мовы і славянскага насельніцтва на ўсход ад ракі Нявежы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Аўкштайты, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.