Бара́нь — места ў Беларусі, на рацэ Адрове.
Уваходзіць у склад Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 154 чалавекі. Знаходзіцца за 9 км на паўднёвы захад ад Воршы, на аўтамабільнай дарозе Ворша — Коханаў. Найбліжэйшыя прыпынкі электрацягнікоў — Хорабрава і Чэрвіна (~3 км).
Барань лац. Barań | |||||
Рака Адроў у Барані | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1518 | ||||
Горад з: | 1972 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Аршанскі | ||||
Насельніцтва: | 11 154 чал. (2018) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 216 | ||||
Паштовы індэкс: | 211011 | ||||
СААТА: | 2236502000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°28′53″ пн. ш. 30°19′8″ у. д. / 54.48139° пн. ш. 30.31889° у. д. 30°19′8″ у. д. / 54.48139° пн. ш. 30.31889° у. д. | ||||
± Барань | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Барань — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца царква Сьвятога Спаса, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII ст., перавезены ў Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту.
Першы пісьмовы ўпамін пра Барань (пазьней Старая Барань) як сяло ў валоданьні Астроскіх датуецца 1518 годам. Маршалак Канстантын Астроскі заснаваў тут у 1597 годзе «кульны двор» — прадпрыемства вырабу гарматных куляў. Майстры атрымлівалі па валоцы зямлі, за што здабывалі жалезную руду, зь якой плавілі і кавалі жалезныя снарады, якія пастаўляліся ў замкі Капыль і Біржы. У 1597 годзе Барань стала цэнтрам воласьці і ўваходзіла ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. 30 кастрычніка 1598 году ўладальнік паселішча Крыштап Радзівіл надаў яму прывілей на статус мястэчка, куды перавёў сваіх падданых з Старой Барані. У XVI ст., згодна з інвэнтарамі, войтам мястэчка Барані быў жыхар сяла Барані Сямён Кавезь, які атрымаў за службу ад князя 2 валокі зямлі. Паводле інвэнтару 1652 году, у мястэчку існаваў Рынак і 6 вуліцаў — Копыская, Віленская, Карпацкая, Бранцоўская, Клімавіцкая і Смалянская, якія былі невялікімі (ад 4 да 19 двароў, 80 пляцаў пад забудову); мяшчанам належалі 40 валок ворыўнай зямлі.
У 1704 годзе ў Барані збудавалі царкву Покрыва Багародзіцы. На 1724 год фальварак Барань складаўся з двара зь белай хатай, вазоўняй, лазьняй, броварам (вінакурняй), вязьніцай, пякарняй і стайняй (канюшняй), стадоламі і гумнамі; мястэчка Барань — 26 дамоў, рынак, млын, царква, карчма.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Барань апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Аршанскага павету. За адмову прысягнуць на вернасьць Расеі царскія ўлады канфіскавалі ў князя К. Радзівіла маёнтак Копысь з 50 населенымі пунктамі, у тым ліку і мястэчкам Бараньню. Статус паселішча панізілі да сяла. У рэвізію 1782 году яно налічвала 43 двары, мела млын, панскі двор. 8 лістапада 1812 году ў час сутычкі французаў з расейскімі казакамі генэрала Платава Барань згарэла. У XIX ст. маёнтак стаў уласнасьцю зямяніна Пятра Барзова, пазьней перайшоў да Мянжынскіх.
У 1872 годзе ў Барані пачаў працаваць крухмальны завод, які перапрацоўваў штодзённа 600 пудоў бульбы, а ў 1873 годзе — драцяна-цьвіковы завод, які выпускаў цьвікі, дрот, мэблевую спружыну. У 1875 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню, дзе спачатку навучаліся 60 хлопчыкаў і 4 дзяўчат. У 1882 годзе маёнтак Барань з 38 дварамі і 277 жыхарамі перайшоў да стацкага дарадцы М. Папова; у гэты час тут існавалі млын і карчма. У пачатку XX ст. у маёнтку было 12 двароў, 470 дзесяцін зямлі, у тым ліку 30 дзесяцін лесу. У 1906 годзе тут адкрылася заводзкая вучэльня.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барань занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Барань абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала сяло разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Барань вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. У 1935 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус рабочага пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году Барань знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Нацысты стварылі тут жыдоўская гета.
У 1949 годзе на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» пачалася вытворчасьць першых у Беларусі швацкіх машынаў. Завод стаў рэжымным (сакрэтным) аб’ектам па вытворчасьці радыётэхнічнай апаратуры, у тым ліку па вытворчасьці першых радыёстанцыяў для чыгуначнага транспарту і абсталяваньня па касьмічнай праграме «Буран». 17 траўня 1972 году Барань атрымала статус места. Да 2013 году места ўваходзіла ў склад Аршанскага гарсавету. 14 студзеня 2013 году Воршу пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня і аб’ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з Аршанскім раёнам — Аршанскі раён з адміністрацыйным цэнтрам у горадзе Воршы. Пры гэтым Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў ліквідавалі, а яго паўнамоцтвы перадалі раённаму савету дэпутатаў.
У Барані дзейнічаюць царква Сьвятога Спаса (Спаса-Праабражэнская, час пабудовы — 2003 год) і рымска-каталіцкая парафія Маці Божай зь Люрду.
У Барані працуюць 2 сярэднія школы № 15 і № 18. У 2007 годзе адкрылася новая ўстанова адукацыі — «Дзяржаўны агульнаадукацыйны ліцэй г. Барані», дзе на падвышаным узроўні вывучаюцца 11 розных прадметаў. Апрача таго, працуюць дзіцяча-юнацкая спартовая і музычная школы, 4 дашкольныя ўстановы.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Дзенічаюць бібліятэка і палац культуры.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
? | Бранцаўская вуліца |
? | Віленская вуліца |
? | Карпацкая вуліца |
? | Клімавіцкая вуліца |
? | Копыская вуліца |
? | Рынак пляц |
? | Смальянская вуліца |
Аснову эканомікі Барані складаюць прадпрыемствы машынабудаваньня, лёгкай і харчовай прамысловасьці. Асноўнае прадпрыемства — «Лёс» (раней завод «Чырвоны Кастрычнік»). Завод вырабляе дробную радыетэхнічную прадукцыю. Шмат незанятых вытворчых плошчаў.
Дзейнічае санаторыя-прафілякторыя «Лёс».
Захаваліся будынкі колішніх багадзельні (1905) і мэханічнага заводу (канец XIX — пачатак XX стагодзьдзя). У месьце знаходзілася царква Сьвятога Спаса, збудаваная ў XVIII ст. У 1989 годзе яе перавезьлі ў Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Барань, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.