І́гар Міха́йлавіч Лучано́к (6 жніўня 1938, Менск — 12 лістапада 2018, Менск) — беларускі кампазытар.
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982) і СССР (1987), заслужаны дзяяч культуры Польшчы. Прафэсар. Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, Менску і Сальску (Растоўская вобласьць, Расея).
Ігар Лучанок | |
2010 г., Віцебск | |
Дата нараджэньня | 6 жніўня 1938 |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, Беларуская ССР, СССР |
Дата сьмерці | 12 лістапада 2018 (80 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск |
Прычына сьмерці | цэрэбраваскулярнае захворваньне[d] |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1962—2018 |
Жанры | сымфанічны, камэрны |
Інструмэнты | піяніна, цымбалы |
Супрацоўніцтва | Ансамблі «Песьняры» і «Сябры», Віктар Вуячыч, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Аляксандар Лягчылаў |
Узнагароды | |
Нарадзіўся ў Менску ў сям’і лекара Міхаіла (Міхася) Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасьля народзінаў сям’я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраваньне на працу ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню. Да атрыманьня адукацыі лекара ў Беларускім мэдычным інстытуце бацька з 20 лютага 1926 г. працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «хімія і біялёгія». Зь лета 1940 г. да канца чэрвеня 1941 г. сям’я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны бацьку адправілі вайсковым лекарам 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710 для ратаваньня параненых. Калі пачаліся нямецкія бамбаваньні Магілёва, вярнуўся з маці і сястрой Ларысай у пасёлак Пячэрск (цяпер частка Магілёва). У ліпені 1941 г. зьехаў з маці і сястрой у станіцу Марозаўская (Растоўская вобласьць, Расейская СФСР). Зімавалі на бліжэйшым хутары Бакланава. У пачатку 1942 г. бацька перавёз сям’ю ў Сталінград, дзе некалькі дзён давялося начаваць на вакзале. Адтуль выехаў зь сям’ёй у Сальск (Растоўская вобласьць), куды бацьку накіравалі служыць вайсковым лекарам. Там пайшоў у 1-ю клясу чыгуначнай школы № 9.
На пачатку жніўня 1946 г. вярнуўся зь сям’ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць лекарам у чыгуначнай амбуляторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло. Адвучыўся з 2-й па 5-ю клясу ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), дзе ягоная сям’я жыла ў дзедавай хаце па вуліцы Фрунзэ, д. 73, якую бацька ў хуткім часе перавёз зь вёскі Язоўкі. Ад бацькі атрымаў першыя ўрокі музыкі, для чаго той набыў акардэон-чвэрць, цымбалы і чорнае піяніна. У жніўні 1950 г. пераехаў на наёмную кватэру ў Менск, дзе паступіў у 6-ю клясу па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры опэры і балету Беларусі. Настаўнікам быў цымбаліст Аркадзь Астрамецкі, які стаў ляўрэатам 1-га Ўсесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інстумэнтах. У 1951 г. бацькі самі пераехалі ў Менск, дзе атрымалі пакой па вул. Фрунзэ, д. 3. У 1952 г., у 14 гадоў быў залічаны ў Дзяржаўны народны аркестар БССР, якім кіраваў Язэп Жыновіч. У 9-й клясе застаўся на 2-і год, каб працягнуць навучаньне па клясе фартэпіяна ў Рыгора Шаршэўскага. Затым паступіў у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе кампазыцыі у Віктара Белага. За часам навучаньня ў Беларускай кансэрваторыі быў ленінскім стыпэндыятам.
У верасьні 1956 г. стаў піяністам толькі створанага Львом Молерам джазавага ансамблю, які праз 5,5 месяцаў рэпэтыцыяў даў адзіны канцэрт, прысьвечаны Дню Савецкай арміі, у менскім Доме афіцэраў у прысутнасьці маршала Сямёна Цімашэнкі. У 1961 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясах кампазыцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага. Па разьмеркаваньні да 1962 г. выкладаў у Гомельскай музычнай вучэльні, пасьля чаго лекаваўся ў Есентуках (Стаўрапольскі край, Расейская СФСР). Затым уладкаваўся на катэдру музыкі Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1963 г. на прапанову рэктара Беларускай кансэрваторыі Уладзімера Алоўнікава здаў іспыты ў Леніградзкую кансэрваторыю Дзьмітрыю Шастаковічу. У 1965 г. скончыў асыстэнтуру-стажыроўку Ленінградзкай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазытараў Беларусі. У кастрычніку 1967 г. пакінуў выкладаньне на катэдры кампазыцыі Беларускай кансэрваторыі (1300 гадзінаў) і паступіў у асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі. У 1970 г. скончыў асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Ціхана Хрэньнікава, які быў старшынём Саюза кампазытараў СССР.
З 1980 г. старшыня Беларускага саюза кампазытараў. У 1982—1986 гг. рэктар Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі. У 1985 г. песьня «Майскі вальс» на ягоную музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананьні Яраслава Еўдакімава на Ўсесаюзным тэлефэстывалі «Песьня году». У лютым 1985 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. У 1989 г. — дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. У 1993 г. выступіў адным з ініцыятараў стварэньня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
За савецкім часам удзельнічаў у 3-х Сусьветных фэстывалях моладзі і студэнтаў у Бэрліне (Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раўлем Кастра. Да 2012 г. правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў. На 2016 г. перанёс 3 клінічныя сьмерці.
У песьнях пераважае рамантычная лірыка і вобразнасьць. Музыцы ўласьцівая мэлядычнасьць. Асноўныя творы:
У 2000 г. галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Ўладзімер Ліпскі выдаў кнігу «Басанож па зорках» (198 с.) пра Ігара Лучанка.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ігар Лучанок, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.