Этычныя паводзіны — прыняты ва ўсіх раздзелах Вікіпедыі збор нормаў паводзін, якога варта трымацца пры рэдагаванні артыкулаў, падчас абмеркавання якіх бы там ні было пытанняў, а таксама пры напісанні каментарыяў да правак.
Старонка ёсць часткай правіл Вікіпедыі. Пададзеных тут норм мусяць трымацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваннем правіл упэўніцеся, што на змены ёсць кансэнсус (згода) супольнасці. Калі ёсць сумневы, спачатку абмяркуйце змены на старонцы размоў. |
Неэтычныя паводзіны можна коратка ахарактарызаваць як пераход на асобы, які стварае канфліктную атмасферу і напружанасць. Нормы паводзін, прынятыя ў Вікіпедыі, патрабуюць, каб усе ўдзельнікі паводзілі сябе ў дачыненні адзін да аднаго этычна. Гэта адно з найважнейшых правіл Вікіпедыі.
Вікіпедыя адкрыта для ўсіх ахвотнікаў прыняць удзел у паляпшэнні наяўных у ёй артыкулаў, што, аднак, нярэдка прыводзіць да спрэчак з нагоды таго, ці сапраўды тая ці іншая змена «паляпшае» артыкул. Падчас такіх спрэчак часам бывае даволі цяжка адмовіцца ад суб’ектывізму ў ацэнках сітуацыі. Удзельнікі, спрабуючы найболей выразна абгрунтаваць занесеныя імі змены, часам могуць выказвацца з залішняй жорсткасццю. З іншага боку, некаторыя ўдзельнікі могуць вельмі ўразліва ставіцца да таго, што іх тэкст замяняецца іншым, нібы «паляпшаючым» артыкул — тым больш, калі пры гэтым моцна змяняецца сэнс сказанага.
Сухія і безасабовыя каментарыі да правак ці на старонках абмеркавання не могуць перадаць усіх нюансаў жывых зносін, і таму нярэдка тлумачацца няслушна. Адна неасцярожная няветлівая заўвага можа лёгка прывесці да гарачай дыскусіі, якая адводзіць далёка ў бок ад сутнасці праблемы. Уцягваючыся ў канфлікты, удзельнікі забываюць пра працу над артыкуламі, больш думаючы пра «перамогу» над «ворагам».
Дадзенае правіла заклікана дапамагчы пазбегнуць падобных сітуацый.
Парушэнне прынцыпаў этычных паводзін адбываецца, напрыклад, калі ўдзельніку, які толькі што стварыў новы артыкул, кажуць: «Калі вы ўжо памкнуліся напісаць непатрэбны артыкул, можа, хоць бы прыбераце з яе арфаграфічныя памылкі?». Досыць проста адказаць: «Не лезьце не ў сваю справу» — і адна-адзінюткая няветлівая заўвага прыводзіць да канфлікту.
Такі стыль зносін адпуджвае навічкоў, адцягвае ўдзельнікаў ад працы над важнымі для праекта заданнямі і наносіць шкоду ўсёй супольнасці.
У большасці выпадкаў удзельнікі выказваюцца неэтычна ў вострыя моманты зацяжнога канфлікту. Неэтычныя паводзіны, як правіла, абрываюць дыскусію. Часта ўдзельнік можа пасля шкадаваць аб дапушчаным грубіянстве. Не варта таму пярэчыць, калі ён (ці хтосьці іншы) захоча прыбраць некарэктнае выказванне ці змякчыць яго.
Варта таксама прымаць да ўвагі, што няветлівыя паводзіны могуць быць выкліканы прычынамі, якія не маюць адносін да сутнасці праблемы, — стомленасцю, недасыпаннем і інш., — што, у сваю чаргу, можа адбівацца на здольнасці ўдзельніка адэкватна ацэньваць свае і чужыя словы.
Некаторыя ўдзельнікі могуць адмыслова падштурхоўваць апанента да парушэння этычных норм, пры гэтым самі быццам бы не пераходзяць за грань парушэння. Такія паводзіны з’яўляюцца разнавіднасцю тролінга і, без сумнення, парушаюць этычныя прынцыпы.
Бывае і так, што чалавек адмыслова паводзіць сябе задзірліва, — ці то для таго, каб адцягнуць «апанентаў» ад сутнасці справы, ці то спрабуючы прымусіць іх пайсці з вызначанага артыкула ці з Вікіпедыі ўвогуле, ці, нарэшце, для таго, каб справакаваць апанента на адкрытае грубіянства, якое магло б прывесці да яго публічнага асуджэння ці блакіравання. У такіх сітуацыях ад парушальніка не даводзіцца чакаць шкадавання ці выбачэнняў.
З іншага боку, асобныя ўдзельнікі бываюць схільныя цэлымі днямі ці нават месяцамі ўтойваць крыўду на неасцярожныя словы, сказаныя кімсьці, і дамагацца «аднаўлення справядлівасці».
Няветлівыя паводзіны:
У тых выпадках, калі парушэнні этычных норм працягваюцца ці маюць грубую форму, паспрабуйце звярнуцца да ўдзельніка на яго старонцы абмеркавання. Лепш за ўсё прывядзіце пэўныя спасылкі на праўкі старонак (т. з. «дыффы»). У выпадку выяўных і сістэматычных парушэнняў звярніцеся за дапамогай да адміністратараў.
Часцяком хуткі разгляд сутнасці (ці вылучэнне) нейкага асобнага пытання, якое ўяўляе прадмет канфлікту, дапамагае зменшыць канфліктную сітуацыю ў цэлым, а таму менавіта на гэтым лепш за ўсё засяродзіць намаганні ў першую чаргу.
Некаторыя ўдзельнікі балюча рэагуюць на неэтычныя каментарыі, зробленыя ў іх адрас, што замінае ім засяродзіцца на сутнасці пытання. Паспрабуйце звярнуць іх увагу на тое, што парушэння этыкі, зразумела, нельга вітаць, але гэта не павінна замінаць разгляду пытання ў існасці.
Пакрыўджаны ўдзельнік можа зразумець, што словы, сказаныя апанентам, не варта ўспрымаць даслоўна, і прыняць развязак забыцца пра інцыдэнт.
Пры ажыццяўленні пасрэдніцтва паміж канфліктуючымі бакамі пасродкам электроннай пошты пасродніку (трэцяму, нейтральнаму боку) для наладжвання дыялогу часам можа быць карысна перафразоўваць няўдалую рэпліку ўдзельніка А так, каб яго апанент (удзельнік Б) мог засяродзіцца толькі на яе сутнасці. Напрыклад, рэпліку ўдзельніка А: «Я не дазволю, каб неафашысцкія пагляды забруджвалі Вікіпедыю!» можна перафразоўваць для ўдзельніка Б такім чынам: «Удзельнік А занепакоены тым, што вы, магчыма, занадта шмат увагі надаяце нейкаму аднаму падыходу».
Па завяршэнні працэсу пасрэдніцтва будзе нядрэнна, калі абодва канфліктуючыя бакі па прапанове адміністратара ці пасрэдніка пагодзяцца самастойна прыбраць свае некарэктныя заўвагі, дапушчаныя падчас дыскусіі. Такія дзеянні будуць спрыяць зніжэнню напружанасці, а таксама таму, што ўдзельнікі хутчэй прабачаць адзін аднаго і забудуцца пра інцыдэнт.
Пры выдаленні відавочных і наўмысных абраз адкаціце відавочна абразлівыя каментарыі непрыкметна, каб іх наяўнасць не пагаршала канфлікт.
Выбачэнні напрамую не адносяцца ні да развязання праблемы, ні да працэдуры пасрэдніцтва. Аднак гэта вызначаны рытуал, звычайна ўзаемны, накіраваны на аднаўленне добрых адносін, таму выбачэнні могуць служыць добрай асновай для далейшай неканфліктнай працы.
Для некаторых удзельнікаў выбачэнне ад крыўдзіцеля можа быць вельмі важным, таму шчырае выбачэнне часта з’яўляецца ключом да вырашэння канфлікту. У выпадку, калі адзін з удзельнікаў аб’ектыўна дапусціў неэтычныя дзеянні ці каментарыі, яму настойліва рэкамендуецца прынесці выбачэнні апаненту.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Вікіпедыя:Этычныя паводзіны, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.