Менскі Абраз Багародзіцы

Ме́нскі абра́з Багаро́дзіцы — абраз Дзевы Марыі зь дзіцяткам Ісусам, які з 13 жніўня 1500 году знаходзіцца ў Менску (цяпер Беларусь).

Менскі абраз Багародзіцы
Менскі Абраз Багародзіцы
2010 год
Год Х стагодзьдзе
Тып абраз
Памеры 140 см × 105 см
Месцазнаходжаньне Менск
Уладальнік Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу

Ёсьць хрысьціянскай сьвятыняй Беларусі. Іншыя назвы: Менская ікона Прасьвятой Багародзіцы, Менскі абраз Божай Маці, Менская Адыгітрыя. Месьціцца ў ківоце паўночнага нэфу ў саборы Сашэсьця Сьвятога Духу. Намаляваны тэмпэрай па ляўкасе на драўлянай аснове з каўчэгам. Паводле іканаграфіі, Менская Адыгітрыя набліжаная да Цэсарскай. Адмыслова сьвяткуецца дзень зьяўленьня абраза ў Менску 13 жніўня 1500 году паводле старога стылю (26 жніўня). Гэтае сьвята ўваходзіць у Сьвяточную мінэю.

Ушанаваньне

Трапар і кандак

На сьвята зьяўленьня Менскага абраза Багародзіцы 26 (13 па ст.ст.) жніўня выконваюць адмысловы трапар і кандак.

На водах Сьвіслачы / зьявілася Ты, Беззаганная Дзева,
ад Царграда да Кіева / богаратаванаму гораду Менску ласку паказаўшы;
прасьвяці нас грэшных зьзяньнем Сваім, / зьяві, як заўсёды, сілу Сваю,
уратуй нас заступніцтвам Сваім / і пазбаў ад напасьцяў варожых,
бо Цябе як неадольную сьцяну і адзіную надзею маем мы.

—Трапар, сьпеў 6-ы

Падзяку прыносяць слугі Твае да Цябе, Багародзіца,
за ўсё, чым дабрадзейнічала Ты гораду нашаму,
з глыбіні душы клічам да Цябе:
не супыняй, Уладарка, да Сына Твайго й Бога нашага матчынымі малітвамі
падаваць усё добрае й выратавальнае
ўсім, хто зь вераю й любоўю ўсклікае да Цябе:
радуйся, Дзева, хрысьціянаў хвала.

—Кандак, сьпеў 8-ы

Малітва

Перад Менскім абразом Багародзіцы чытаюць адмысловую малітву.

О, Усяслаўная і Ўсядобрая Дзева Багародзіца,
Нябесная наша Заступніца!
Да Цябе пасьля Бога, як Літасьцівае Спадарыні,
саборна зьвяртаемся й сьпяваем:

прымі гэты малы хвалебны сьпеў,
захавай Богам сьцеражоны горад (гэты) Менск,
яму ж цудатворны абраз Твой
у радасьць і суцяшэньне дадзены.

Дзеля гэтага молім Цябе:
барані нас ад ворагаў бачных і нябачных,
ад нашэсьця іншапляменных і розбрату,
ад злых цяжкасьцяў і смутку,
ад спакусаў, бедаў і хваробаў.

Выратуй і памілуй слугаў Тваіх:
Сьвяцейшых Усходніх Патрыярхаў Праваслаўных,
Правялебных мітрапалітаў, архіяпіскапаў, япіскапаў,
увесь сьвятарскі й манаскі чын,
і ўвесь клір царкоўны і вернікаў Царквы Беларускае.

Прымі пад Пакроў Свой улады й ваярства
Богазахаванае краіны Літвы-Беларусі нашае,
дай розуму і настаў іх правам кіраваць,
запаветы Божыя выконваючы,
каб мы ціхае й спакойнае жыцьцё пражылі
ва ўсялякай пабожнасьці й чысьціні.

О, Прачыстая Ўладарка!
Не забудзь пра нас ва ўсе дні жыцьця нашага
і хай суправаджае нас неадступна
абраз Твой шанаваны.

У час жа зыходу нашага
пралі цёплую Сваю малітву да Праўднага Судзьдзі,
каб Ён, пагрэбаваўшы незьлічонымі правінамі,
памілаў і збавіў нас, як Добры й Чалавекалюбча.

Амін.

—Малітва да Багародзіцы перад Менскім абразом

Храмы

У Смалявічах (Менская вобласьць) дзейнічаў прыход храма Менскай іконы Божай Маці. У Менску таксама існаваў храм Менскай іконы Божай Маці, настаяцелем якога быў пратаярэй Аляксандар Страха.

Штосераду ў храме Кірылы Тураўскага ў Цэнтральным раёне Менску (мікрараён Высокі Рынак) зьдзяйсьняецца акафістны сьпеў Менскаму абразу Багародзіцы. 26 жніўня 2020 году барысаўскі япіскап Веніямін зьдзейсьніў сваё першае пасьля абраньня беларускім экзархам набажэнства ў смалявіцкім храме Менскай іконы Божай Маці.

Нумізматыка

27 сьнежня 2010 году Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў срэбную памятную манэту «Ікона Прасьвятой Багародзіцы «Менская» наміналам 20 рублёў. Дызайн манэты распрацаваў С. Заскевіч. 19 сьнежня 2013 году Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў яшчэ 3 памятныя манэты «Ікона Прасьвятой Багародзіцы «Менская» сэрыі «Праваслаўныя цудатворныя іконы». У золаце манэта мела намінал 1000 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 100 грамаў і наклад 200 асобнікаў. Меншая залатая манэта мела намінал 50 рублёў, 999-ю пробу стопка, вагу 5 грамаў і наклад 4000 асобнікаў. Срэбраная манэта мела намінал 500 рублёў, 925-ю пробу стопка, вагу 500 грамаў і наклад 500 асобнікаў. Пасярод пярэднага боку манэты месьціўся арнамэнт вінаграднай лазы, які абазначаў Багародзіцу. Пасярод арнамэнта знаходзіўся памятны крыж на Заслаўскім замчышчы (Менскі раён) ў гонар 1000-годзьзя Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Пасярод адваротнага боку (рэвэрса) манэты быў Менскі абраз Прасьвятой Багародзіцы. На срэбранай манэце выявы німбаў Багародзіцы і Ісуса Хрыста, зоркі на вопратцы Багародзіцы і арнамэнт выканалі золатам. Манэты адчаканілі зь якасьцю пруф на мынцы ў Нямеччыне (Карлсфэльд, зямля Баварыя).

Гісторыя

Менскі Абраз Багародзіцы 
Пячатка з гербам Менску 1591 году

У 2-м кандаку акафіста Менскаму абразу Багародзіцы згадваецца: «Убачыўшы сьвяты абраз Твой, Прачыстая, сьвятым Лукашам першапісаны, мовіла так: “Хай застанецца з гэтым абразом Мая мілата і сіла”». Кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч прывёз абраз Багародзіцы з Корсуні (Бізантыйская імпэрыя) ў Крыме. Ад часу хрышчэньня Русі ў 988 годзе абраз знаходзіўся ў Дзесяціннай царкве Кіева. У 1482 годзе падчас крымчацкага набегу на Кіеў (Вялікае Княства Літоўскае) вайскоўцы хана Мэнглі Гірэя зьнялі з абраза́ Багародзіцы каштоўныя аздобы і кінулі яго ў Дняпро. 13 жніўня 1500 году абраз зьявіўся на Сьвіслачы насупраць Менскага замка. Менчукі заўважылі абраз па зіхатлівым сьвятле і ўрачыста перанесьлі яго ў сабор Нараджэньня Багародзіцы. У выніку на пакланеньне да абраза́ ў Менск сталі прыяжджаць праваслаўныя хрысьціяне з усіх ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага. Так ушаноўвалі толькі яшчэ 3 абразы́ Багародзіцы ў ВКЛ — Віленскі, Смаленскі і Эфэскі. 12 студзеня 1591 году Менск атрымаў герб, які паказваў Багародзіцу на блакітным небе ў асяродзьдзі анёлаў. 18 кастрычніка 1616 году ў дзень памяці апостала Лукаша ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі загадаў перанесьці абраз ў перабудаваны з драўлянага праваслаўнага ў мураваны храм базылянскага манастыра Сьвятога Духа, які ў 1795 годзе пераўтварылі ў праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор.

У 1733 годзе уніяцкі архімандрыт Аўгустын Любянецкі ахвяраваў 1000 талераў, на якія ў храме Сьвятога Духа зьмясьцілі капэлу для сьпеваў перад Менскім абразом Багародзіцы падчас набажэнства. Таксама зранку і ўвечары ў храме гралі гімны «Радуйся, Каралева» і «О, слаўная Спадарыня», якімі праслаўлялі Дзеву Марыю. У 1852 годзе жонка менскага губэрнатара Фядота Шкларэвіча ахвяравала на аздобу абраза срэбраную пазалочаную рызу з каштоўнымі камянямі і надпісам унізе, а над галовамі, аздобленую каронай з брыльянтамі. Напярэдадні Раства срэбраную рызу абраза асьвяціў менскі япіскап Міхаіл Галубовіч. Таксама ў гонар Менскага абраза Багародзіцы асьвяцілі правую прыбудову Петрапаўлаўскага сабора, а перад абразом сталі служыць малебны. У скарбонку каля абраза прыхаджане сталі класьці ахвяраваньні і лісты падзякі за вылячэньне. У1878 годзе «Апісаньне цэркваў і прыходаў Менскае япархіі» зьмяшчала наступную згадку Менскага абраза Багародзіцы: «Вышыня 2 аршыны, шырынёю аршын і 5 з 1/2 вяршкоў, старажытнага бізантыйскага пісьма, пісаны на драўлянай дошцы, пакрыты вычаканенаю з срэбра 84-й пробы паліраванаю шатаю; над абліччамі знаходзяцца сярэбраныя ж, пазалочаныя кароны; у кароне Божае Маці знаходзіцца 6, а ў кароне Прадвечнага Дзіцяткі 4 невялікіх дыяманты; ўся шата й кароны ў розных месцах ўпрыгожаныя рознакаляровымі стразамі».

У жніўні 1900 году на сьвяткаваньне 400-гадовага юбілею здабыцьця Менскага абраза Багародзіцы прыбылі хросныя хады з Кацярынінскага сабору, Казанскае царквы, манастыроў Сьвятога Духа і Сьвятога Ператварэньня. На плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам менскі япісап Міхаіл Цёмнарусаў зьдзейсьніў сьвяточны малебен перад некалькімі тысячамі прыхаджанаў. З 1912 году пры япіскапе Мітрафане Краснапольскім абраз сталі выносіць з сабору і ставіць на аналой для малебну 13 (26) жніўня. 22 кастрычніка 1914 году расейскі цар Мікалай II наведаў Петрапаўлаўскі сабор у Менску, дзе пакланіўся абразу Менскай Багародзіцы. Увесну 1922 году бальшавіцкі ўрад канфіскаваў каштоўную рызу з абраза. 10 жніўня 1927 году пры Менскім абразе Багародзіцы зачыталі адозву Сабору Беларускай праваслаўнай царквы пра абвяшчэньне аўтакефаліі. У 1935 годзе савецкі ўрад перадаў Петрапаўлаўскі сабор ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на карысьць Расейскай праваслаўнай царквы абнаўленцаў. У выніку Менскі абраз Багародзіцы перадалі ў краязнаўчы музэй каля Дому афіцэраў. Уначы летам 1936 году бальшавіцкія ўлады падарвалі Петрапаўлаўскі сабор. Улетку 1941 году кіраўнік Менскага гістарычнага музэю Антон Шукелойць вярнуў абраз БАПЦ праз магілёўскага архіяпіскапа Філафея. Яго рэстаўраваў іканапісец Гаўрыла Віер. Абраз перанесьлі ў сабор сьвятой Кацярыны на Нямізе, які пераасьвяцілі ў гонар сьвятых Пятра і Паўла. У 1945 годзе абразь перанесьлі ў сабор Сашэсьця Сьвятога Духу па закрыцьці царквы на Нямізе. У 1990-я гады Пётар Журабей адрэстаўраваў жывапіс Менскага абраза Багародзіцы.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Менскі Абраз Багародзіцы УшанаваньнеМенскі Абраз Багародзіцы ГісторыяМенскі Абраз Багародзіцы КрыніцыМенскі Абраз Багародзіцы Вонкавыя спасылкіМенскі Абраз БагародзіцыІсус ХрыстосАбразБагародзіцаБеларусьМенск

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

ДамаскЛетуваБеларуская АЭСНясьвіж2008МураўёўкіБлогЖак Карт’еЭль НіньнёЧэрыкаўБаркэмпApple Inc.Петрыкаўскі раёнАпавядальны сказТудаўлянскія гаворкіБітва пад ВоршайСкалістыя горыНовая зямляКрыстыян ГюйгэнсКубаМаркёрКасьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканаў (Ружаны)Слуцкі збройны чынПрэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2020 годуУзброеныя сілы Рэспублікі БеларусьПУправа КДБ па вайсковай контравыведцыШчучынЛегкавы аўтамабільСяброўстваВярхоўны Савет Рэспублікі БеларусьРадаўніцаЖанчына зьверхуЛявон БаразнаКарлес ПудждэмонУрліхУкраінаКузьма ЧорныСтарабеларуская моваДанюшаваБел-чырвона-белы сьцягÖСлавамір АдамовічЈПасадобльБітва на рацэ УлеПарнафільм у ФранцыіЭлектрарухальная сілаПётар МашэраўНаступствы Чарнобыльскай катастрофыРасейская акупацыя БеларусіБанкруцтваАпэрацыйная сыстэмаМарыя СапегаПіт ПаўлаўУладзімер ПракапцоўПолымя (часопіс)Паўднёвыя славянеФарбаБусел белыЭратычнае мастацтваВолатМінэт🡆 More