храм | |
Сабор Пакрова Багародзіцы | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Горадня |
Адрас | Ленінскі раён, вул. Ажэшкі, д. 23 |
Каардынаты | 53°41′4″ пн. ш. 23°50′29″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84139° у. д. 23°50′29″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84139° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Гарадзенская |
Тып будынка | базыліка |
Архітэктурны стыль | тонаўскі |
Аўтар праекту | Міхаіл Прозараў |
Будаўнік | Іван Савельеў |
Заснавальнік | Галоўны штаб Расейскай імпэратарскай арміі |
Першае згадваньне | 1904 |
Дата заснаваньня | 30 верасьня 1907 (116 гадоў таму) |
Будаваньне | 1904—лета 1907 |
Асноўныя даты: 23 жніўня 1915 — закрыцьцё 1919 — узнова набажэнстваў 1920 — вяртаньне званоў 1921 — пераўтварэньне ў катэдральны сабор 1944 — перанос часьцінак Гаўрыіла Беластоцкага 19 студзеня 1944 — хрэсны ход 25 000 чалавек 24 чэрвеня 1995 — асьвячэньне храма княгіні Вольгі 2007 — атрыманы прыходзкі дом | |
Будынкі: сабор • храм княгіні Вольгі • прыходзкі дом | |
Прыбудоўкі | 3 |
Рэліквіі і сьвятыні | грабніца з часьцінкамі Гаўрыіла Беластоцкага, копія крыжа Эўфрасіньні Полацкай, абразы 10 новапакутнікаў ХХ стагодзьдзя |
Апошні плябан | Мікалай Лабынько |
Статус | гісторыка-культурная каштоўнасьць |
Стан | дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Сабор Пакрова Багародзіцы | |
Сабор Пакрова Багародзіцы на Вікісховішчы |
Сабо́р Пакро́ва Багаро́дзіцы — хрысьціянскі храм аднайменнага праваслаўнага прыходу, адчынены ў верасьні 1907 году ў Горадні (цяпер Беларусь).
На 2021 год набажэнствы ладзілі штодня а 7:30—19:00. Сабор можа зьмяшчаць да 2000 чалавек. Зь 2002 году ў саборы праводзіцца міжнародны фэст «Калоскі дабравест». Зьяўляецца помнікам архітэктуры і гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Сабор выкананы ў тонаўскім стылі, які ў рамках эклектычнага дойлідзтва спалучаў рысы новабізантыйскага стылю ва ўнутраным убраньні.
На 2021 год у саборы Пакрова Багародзіцы ў Горадні служылі:
На 2021 год сабор Пакрова Багародзіцы ў Горадні зьмяшчаў:
Сабор Пакрова Багародзіцы ў Горадні меў выгляд мураванай 12-калённай базылікі. Над прытворам месьцілася 10-мэтровая 8-гранная званіца, накрытая шатром з цыбулепадобным купалам на барабане. Абапал званіцы былі меншыя шатры з купаламі. Над алтарнай апсыдай месьцілася 5 цыбулепадобных купалоў на 8-гранных барабанах з удаванымі вокнамі-блендамі, завершанымі какошнікамі. Над рызьніцай знаходзілася 2 шатры з макаўкамі. Галоўны фасад храма меў сымэтрычны выгляд і быў накіраваны на паўночны захад. Паўцыркульныя вокны аздабляліся какошнікамі. Высокі ганак перад уваходам у храм упрыгожваўся разнымі 3-кутнімі навісямі і калёнкамі. Бабінец быў перакрыты высокімі крыжовымі скляпеньнямі і меў мазаічную падлогу. Плоская столь асноўнага аб’ёму была ўпрыгожанай 3-ма размаляванымі пляфонамі, а сьцены — магутным карнізам з сухарыкамі. Інтэр’ер аздабляўся разным драўляным алтаром і размалёўкай.
На 4-х кутах паніжаных частак сабору стаялі вежкі з пазалочанымі макаўкамі, як над вежай званіцы. У сабор вялі 3-е дзьвярэй — з галоўнага фасаду і 2 з бакавога. Унутране памяшканьне сабору падзялялася 2-ма шэрагамі па 6 калёнаў з аркамі на 3 нэфы. Па кірунку сярэняга і бакавых нэфаў месьціліся прытворы і ход на званіцу, а ззаду 3 прыдзелы зь іканастасамі. Сярэдні іканстас і адзін бакавы з прастоламі прызначаліся для набажэнства, а трэці для рызьніцы. Пад алтаром сабору знаходзілася сьветлае сутарэньне для царкоўных вартаўнікоў і для складу царкоўных прыладаў. Для абагрэву сабору працавала 8 кафляных печаў. Падлога сабору была выкладзеная метласкімі плітамі на бэтоннай аснове, а ў алтарнай частцы была паркетнай. Сьцены сабору быў расьпісаныя бізантыйскім арнамэнтам. Сабор акаляў жалезны плот.
На 2021 год на званіцы сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні знаходзілася 10 званоў, зь якіх 4 усталявалі ў 2007 годзе. Найстарэйшы звон вырабілі ў 1885 годзе. Вышыня званіцы складала каля 30 мэтраў. Зь 2010 году сталі ладзіць 2-месячныя курсы званароў, якімі кіруе Юлія Мінчанка.
На 2021 год у саборы Пакрова Багародзіцы праводзіліся таінствы хрышчэньня і вянчаньня. Хрысьцілі пасьля 2-х сумоўяў таго, хто прымаў хрышчэньне, або хросных бацькоў са сьвятаром у будынку Паломніцкага цэнтру. Першае сумоўе праводзілі ў аўторкі і пятніцы а 18:00, а 2-е — у панядзелкі і серады а 18:00. Пры гэтым, хросныя бацькі мелі быць ахрышчанымі ў праваслаўнай царкве і ўцаркоўленымі. На 1-м сумоўі раскрываліся гісторыя і сэнс хрышчэньня, успрыемніцтва пры хрышчэньні дзяцей і сымбаль веры. На 2-м сумоўі апавядалі пра абавязкі хросных бацькоў (успрыемнікаў) і запісвалі на хрышчэньне, якое ажыцьцяўлялі штодня. Таінства хрышчэньня ажыцьцяўлялі ў царкве княгіні Вольгі пры саборы. Асобе, якая прымала хрышчэньне, патрэбна было мець: 1) асьвечаны ў праваслаўнай царкве нацельны крыж; 2) чыстую, белую, хрысьцільную кашулю; 3) ручнік; 4) 2 прасьціны; 5) тэпці; 6) ніжнюю бялізну (плаўкі) або 2 падгузьнікі для немаўля. На хросных мелі быць нацельныя крыжы.
Вянчалі на беларускай мове. Папярэдне праводзілі 2 сумоўі ў будынку нядзельнай школы на 2-м паверсе. Першае сумоўе ладзілі штосуботу а 15:00, а другое — штонядзелю а 15:00.
На 2021 год пры саборы Пакрова Багародзіцы ў Горадні дзейнічала 8 асьветных установаў.
Таксама пры саборы дзейнічала Сафійскае моладзевае брацтва, якое зьбіралася штоаўторак а 18:50 каля храма княгіні Вольгі. Брацтва ладзіла зьлёты і паходы, паломніцтва і місіянэрства, нарады і сэмінары, дабрачыннасьць і экскурсіі. Яго працу вёў ярэй Аляксій Саўко.
На 2021 год прыхаджане сабору Пакрова Багародзіцы ў Горадні ажыцьцяўлялі дабрачыннасьць у рамках 3-х установаў.
У студзені 1900 году было прынятае рашэньне аб будоўлі вайсковага сабора ў Горадні (Паўночна-Заходні край). Братчыкі Сафійскага брацтва Горадні прапанавалі пабудаваць сабор на скрыжаваньні Кірачнай і Мураўёўскай вуліцаў. Дойлід інжынэрнай управы Віленскай вайсковай акругі Міхаіл Прозараў распрацаваў рысунак сабора, паводле якога пазьней пабудавалі царкву Аляксандра Неўскага ў Сувалках і сабор Барыса і Глеба ў Дзьвінску (Віцебская губэрня). У 1904 годзе будаўніцтва пачалося сіламі Гарадзенскай вайсковай інжынэрнай дыстанцыі пад кіраўніцтвам гарадзенскага інжынэра-капітана Івана Савельева. У будоўлі таксама ўдзельнічаў губэрнскі дойлід Іван Плотнікаў. Да восені 1905 году ўзьвялі сьцены і перакрыцьці, паклалі дахоўку і ўсталявалі купалы. Сафійскае брацтва Горадні ахвяравала сабору абразы ХІХ стагодзьдзя — «Багародзіца Адыгітрыя», «Бог Саваоф», «Бог Саваоф і анёлы» і «Сашэсьце Сьвятога Духа». Камісія задавальненьня рэлігійных патрэбаў вайсковых частак пры Галоўным штабе Расейскай імпэратарскай арміі выдаткавала на будоўлю сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні 157 972 рублі. Улетку 1907 году на званіцу паднялі 9 званоў агульнай вагой 485 пудоў. Найбольшы зь іх важыў 301,5 пудоў (каля 5 тонаў). 30 верасьня (13 кастрычніка паводле ст.ст) 1907 году асьвечаны сабор Пакрова Багародзіцы аддалі 101-му і 103-му пяхотным палкам. 23 жніўня 1915 году са званіцы сабору зьнялі званы і вывезьлі на ўсход у сувязі з адступленьнем расейскага войска ў ходзе Першай сусьветнай вайны. У 1919 годзе набажэнствы ўзнавілі, а замест адсутных званоў сталі выкарыстоўваць гукаімітатары. У 1920 годзе на званіцы ўсталявалі некалькі малых званоў.
У 1921 годзе сабор Пакрова Багародзіцы стаў катэдральным у сувязі з закрыцьцём Сафійскага сабора. Адтуль перанесьлі абразы Хрыста Ўсемагутнага, Прысьвятой Багародзіцы, Яна Хрысьціцеля і Сьвятой Тройцы, а таксама абраз Панцеляймона Ацаляльніка, напісаны ў Атонскім манастыры Сьвятога Панцеляймона (Грэцыя). 30 верасьня 1934 году сабор наведаў варшаўскі мітрапаліт Дыянісі. Настаяцель сабору Ананій Сагайдакоўскі пачаў збор медзі на адліцьцё сьвяточнага звона. 1 кастрычніка 1935 году звоналіцейны завод братоў Фільчынскіх у Перамышлі (Львоўскае ваяводзтва) адліў галоўны звон для сабору ў Горадні. Новы звон важыў 100 пудоў і каштаваў 7500 злотых. На звоне быў надпісы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты, Гасподзь Бог – Саваоф» і «звон гэты адліты на ахвяраваньні Гарадзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва жыхароў г. Горадні і япархіі і на добраахвотныя лепты рабоў Божых Алены, Аляксія, Ануфрыя, Ёсіфа і прыхаджан сабора, 1935 г. у 1-ы дзень кастрычніка пры праасьвяшчэньнейшым япіскапе Антоніі стараньнем мітрафорнага протаярэя Ананія Сагайдакоўскага і саборнага кцітара Яна Ярмаловіча». На Пакроў 1938 году ў сабор прынесьлі абраз Жыровіцкай Багародзіцы. У міжваенны час на Хрышчэньне Гасподняе ладзіўся хрэсны ход ад сабора да Нёмана, які зьбіраў да 10 000 чалавек. У 1944 годзе ў сабор зь Менску перанесьлі часьцінкі Гаўрыіла Беластоцкага. У сьнежні 1944 году супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў арыштавалі большасьць сьвятароў сабору, якіх пазьней зьняволілі ў ГУЛАГ, хоць тыя дапамагалі савецкім партызанам падчас Нямецка-савецкай вайны.
9—12 траўня 1946 году ў саборы Пакрова Багародзіцы адбыўся зьезд дабрачынцаў Гарадзенскай япархіі. На Хрышчэньне Гасподняе 1947 году хрэсны ход ад сабора да Нёмана для асьвячэньня вады сабраў каля 25 000 чалавек, што было найбольшым лікам за ўвесь час. 14—20 сакавіка 1950 году менскі мітрапаліт Пірыцім наведаў Горадню, дзе правёў некалькі набажэнстваў у саборы Пакрова Багародзіцы. На сьвята Сьвятой Тройцы ў саборы малілася каля 800 чалавек, зь іх каля 200 маладзёнаў. У 1959 годзе савецкі ўрад пад кіраўніцтвам Хрушчова забараніў выкарыстаньне званоў і вымаўленьне пропаведзі. На загад ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі ў саборы Пакрова Багародзіцы лік набажэнстваў скарацілі да 3-х на тыдзень замест штодзённых. У 1965 годзе настаяцель Барыс Піліхоўскі прыцягнуў у хор каля 20 прыхаджанаў і наведвальнасьць вырасла да 600 чалавек на сьвяты. 21 верасьня 1992 году пачаўся хрэсны ход з часьцінкамі Гаўрыіла Беластоцкага ад сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні да Мікольскага сабора ў Беластоку. У 1994 годзе на прапанову настаяцеля сабора Генадзя Яблонскага пачала дзейнічаць нядзельная школа. 24 чэрвеня 1995 году маскоўскі патрыярх Аляксій II асьвяціў храм княгіні Вольгі пры саборы Пакрова Багародзіцы. Марыя Яфімава, якая загадвала яго ўзьвядзеньнем, стала старшынёй прыходзкай рады і старастай сабору. У 1996 годзе пры саборы адчынілі 3-гадовыя місіянэрска-катэхізічныя курсы, на якія штогод сталі набіраць звыш 100 чалавек. Лік навучэнцаў нядзельнай школы перавысіў 300 чалавек. Гарадзенскі япіскап Арцемій заклаў прыходзкую бібліятэку, якой перадаў некалькі сотняў кніг з уласнага збору. Лік яе чытачоў перавысіў 1000 чалавек. У 2001 годзе адрадзілі Сафійскае саборнае брацтва, якое задзіночыла дзейнасьць моладзі прыхода. У 2007 годзе старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка перадаў прыходу Пакрова Багародзіцы суседні будынак па Акадэмічнай вул., д. 2, які стаў прыходзкім домам.
У 2007 годзе ў саборы Пакрова Багародзіцы разьмясьцілі 10 абразоў новапакутнікаў і спаведнікаў, якія пацярпелі ад перасьледу савецкай улады. На гэтых абразах чырвонаармейцы і супрацоўнікі НКУС расстрэльваюць сьвятароў, якія захавалі хрысьціянскую веру насуперак пагрозе сьмерці. Абразы стварыў Антоні Дайнэка на прапанову гарадзенскага архіяпіскапа Арцемія.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000005 |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сабор Пакрова Багародзіцы (Горадня), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.