Э́пас (па-грэцку: έπος — слова, аповед) — фальклёрныя творы героіка-легендарнага зьместу, што адлюстроўваюць важныя для народа гістарычныя падзеі або цікавыя выдуманыя сытуацыі.
Сусьветная народная творчасьць пакінула багатую эпічную спадчыну: шумэрскі «Эпас пра Гільгамэша», грэцкія «Іліяда» і «Адысэя», індыйскія «Магабгарата» і «Рамаяна», рымскі «Энэіда», армянскі «Давід Сасунцы», іранскі «Шагнамэ», англа-саксонскі «Бэўвульф», францускі «Песьня пра Ралянда», скандынаўскія сагі, нямецкі «Песьня пра Нібэлюнгаў», партугальскі «Лузіяды», кыргыскі «Манас», фінскі «Калевала» і іншыя.
Эпічныя творы вызначаюцца шырынёй ахопу жыцьцёвага матэрыялу, грунтоўнасьцю пры стварэньні чалавечых характараў, паказе быту, абставінаў, малюнкаў прыроды, разнастайнасьцю спосабаў і сродкаў мастацкага выяўленьня, як то апісаньне, маналёгі, дыялёгі, аўтарскія адступленьні. Эпас выпрацаваў цэлую сыстэму відаў і жанраў, як то эпапэя, раман, аповесьць, апавяданьне, навэла, нарыс, фэльетон, казка, легенда і іншыя. Ён, як правіла, карыстаецца празаічнай мовай, але часам зьвяртаецца і да вершаванай (вершаваныя раманы, аповесьці, апавяданьні, легенды, гумарэскі, казкі і іншыя).
Беларускі эпас узьнік у эпоху Сярэднявечча і прадстаўлены летапіснымі зводамі, палемічнымі і сатырычнымі творамі, перакладнымі аповесьцямі і раманамі, аратарскай прозай, публіцыстыкай. У новай беларускай літаратуры спачатку карыстаўся вершаванай мовай, як то вершаваныя аповесьці, быліцы Дунін-Марцінкевіча — «Вечарніцы», «Купала», «Быліцы, расказы Навума». У канцы XIX стагодзьдзя зьвярнуўся і да празаічнай формы, як то Багушэвіча «Тралялёначка», «Дзядзіна», «Палясоўшчык». Сапраўднага росквіту беларускі эпас дасягнуў у ХХ стагодзьдзі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Эпас, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.