Помнік абарончай архітэктуры | |
Ляхавіцкі замак | |
Ляхавіцкі замак | |
Краіна | Беларусь |
Места | Ляхавічы |
Каардынаты | 53°02′32.18″ пн. ш. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д. |
Заснавальнік | Ян Караль Хадкевіч |
Статус | Ахоўная зона |
Ляхавіцкі замак | |
Ляхавіцкі замак на Вікісховішчы |
Ляхавіцкі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Ляхавічаў. Знаходзіўся ў цэнтры места, на беразе ракі Ведзьмы. Твор архітэктуры рэнэсансу.
Ляхавіцкі замак — адна з наймацнейшых бастыённых фартэцыяў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
У 1572 годзе маёнтак Ляхавічы перайшоў да Хадкевічаў, калі яго набыў Ян Хадкевіч. У канцы XVI ст. сын Яна Хадкевіча Ян Караль замест невялікага драўлянага збудаваў магутны бастыённы замак. У 1595—1596 гадох замак беспасьпяхова штурмавалі казацкія загоны Севярына Налівайкі і Мацьвея Шавулы.
У 1635 годзе праз дынастычны шлюб замак і мястэчка перайшлі да Сапегаў. У 1648—1654 гадох замак тройчы беспасьпяхова спрабавалі ўзяць казацкія загоны. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі Аляксея Трубяцкога падышлі да Ляхавічаў, спалілі прадмесьці і слабоды, але замак узяць ня здолелі. У сакавіку — траўні 1660 году замак двойчы штурмавала 11-тысячнае войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Абаронцы здолелі адбіць абодва штурмы.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе казацкія аддзелы маскоўскага войска вытрымалі паўгадовую швэдзкую аблогу, аднак урэшце мусілі капітуляваць, па чым швэдзкія войскі зруйнавалі замак. У 1709 годзе замак двойчы бралі ў аблогу войскі караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. Да Ляхавічаў падышоў аддзел Рыгора Агінскага, разам з 2-тысячным аддзелам войскаў маскоўскага гаспадара Пятра I, але па кароткім боі з войскамі Аляксандра Паўла Сапегі мусіў адступіць.
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Ляхавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у першай палове XIX ст. замак прадалі гандлярам, якія разабралі абмуроўку замка і замкавыя пабудовы.
У 1986 годзе археалягічныя дасьледаваньні на Замчышчы праводзіў Міхась Чарняўскі.
Помнік архітэктуры рэнэсансу. Займаў прастакутную ў пляне пляцоўку (175×220 м) на левым беразе ракі на ўзгорку, аточаным вадзяным ровам. Зьмяшчаў найлепшыя дасягненьні новаітальянскай сыстэмы фартыфікацыі: чатыры магутныя бастыёны на вуглах злучаліся між сабой валамі-курцінамі, тры бастыёны мелі ўзвышэньні-кавальеры, якія дазвалялі весьці больш эфэктыўны абстрэл прылеглай тэрыторыі. Звонку бастыёны, курціны і кавальеры мелі мураваную аблямоўку і завяршаліся ўверсе мураваным бруствэрам з зубцамі. Падземныя мураваныя хады ўсярэдзіне валоў дазвалялі лёгка пераходзіць з бастыёну на бастыён.
Уезд у замак ажыцьцяўляўся праз 4-ярусную вежу-браму ў паўднёвай курціне, да якой вёў драўляны мост на палях. На другім ярусе знаходзіўся мэханізм, які падымаў апошні пралёт моста, і байніцы для стралкоў. Трэці ярус меў выгляд баявой пляцоўкі, абароненай зубчастым бруствэрам, зь якой прастрэльвалася прастора перад брамай. Вышэй была невялікая вежа, у якой знаходзіліся гадзіньнік, назіральны пост, і «ратны звон», якім абвяшчалі трывогу.
Унутраны двор замка меў шчыльную забудову. Насупраць уваходу стаяў 2-павярховы палац у выглядзе літары П, накрыты 2-схільным дахам з высокімі 3-яруснымі шчытамі на тарцах. Уздоўж курцінаў шчыльна стаялі драўляныя будынкі службаў і казармаў, налева ад брамы разьмяшчаўся мураваны арсэнал.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ляхавіцкі замак, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.