Бабі́навічы — вёска ў Беларусі, на заходнім беразе Зелянскога (Бабінавіцкага) возера пры вытоцы зь яго ракі Лучосы.
Цэнтар сельсавету Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 461 чалавек. Знаходзяцца за 30 км на паўднёвы захад ад Лёзна, за 52 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Лёзна — Арэхаўск.
Бабінавічы лац. Babinavičy | |||||
| |||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Лёзьненскі | ||||
Сельсавет: | Бабінавіцкі | ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 461 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2138 | ||||
Паштовы індэкс: | 211206 | ||||
СААТА: | 2230804006 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°50′11″ пн. ш. 30°34′33″ у. д. / 54.83639° пн. ш. 30.57583° у. д. 30°34′33″ у. д. / 54.83639° пн. ш. 30.57583° у. д. | ||||
± Бабінавічы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бабінавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся драўляныя царква і касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Тапонім Бабінавічы, імаверна, утварыўся ад назвы старажытнага сяла Бабіна Аршанскага староства, выхадцы зь якога заснавалі мястэчка. Згодна зь іншай вэрсіяй, паселішча магло ўзьнікнуць на месцы, дзе знаходзіўся паганскі ідал («баба»).
Паводле Я. Сяргеенкі, сябра гуртка краязнаўства часоў беларусізацыі, вымаўленьню мясцовых жыхароў адпавядае форма «Бабынавічы».
Бабінавічы знаходзяцца на старым волаку, які злучаў Дняпро з Дьвіной праз рэкі Аршыцу, Вярхіту, Бабінавіцкае возера і Лучосу. З старажытных часоў тут разьмяшчаліся склады, дзе зьберагалася нарыхтаваная драўніна. Упершыню Бабінавічы ўпамінаюцца ў канцы XVI ст. як мястэчка, цэнтар староства Віцебскага павету. У канцы XVII—XVIII стагодзьдзях гэтая мясцовасьць знаходзілася ў фактычным уладаньні князёў Агінскіх. Частка Бабінавічаў належала да аршанскага кляштару трынітарыяў. Вуліцы мястэчка сыходзіліся да Рынку, дзьве зь іх былі дарогамі на Віцебск і Воршу. У 1742 годзе непадалёк ад Рынку збудавалі царкву, у 1782—1797 гадох на Касьцельнай гары — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У архіве касьцёла захоўваліся дакумэнты, найстарэйшы зь якіх датаваўся 1705 годам.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бабінавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1777—1796 і 1802—1840 гадох яны мелі статус места і былі цэнтрам павету. У 1778 годзе афіцыйна зацьвердзілі праект пераплянаваньня Бабінавічаў, у якім прадугледжвалася перанесьці места на другі бераг ракі Вярхіты і забудаваць яго ў выглядзе прастакутніка з пляцам у цэнтры. 16 жніўня 1781 году Бабінавічы атрымалі герб: «у верхняй частцы тарчы частка гербу Магілёўскага: у залатым полі Расейскага гербу: чорны двухгаловы арол, які выходзіць да палавіны, увенчаны трыма залатымі каронамі. у ніжняй — у блакітным полі 2 мачты з флюгерамі» — у знак таго, што ў ваколіцах места нарыхтоўваўся карабельны лес. У гэты час у Бабінавічах існавалі прыстань і склад лесаматэрыялаў, што сплаўлялі адсюль рэкамі Лучосай і Дзьвіной у Рыгу. У канцы XVIII ст. зьявіўся праект забудовы Бабінавічаў на старым месцы, паводле якога плян прыводзіўся ў прастакутную сыстэму і места атачалася валамі і равамі. Гэты праект ажыцьцявілі часткова. У 1796—1802 гадох і з 1840 году Бабінавічы мелі статус заштатнага места Магілёўскай губэрні на тэрыторыі Дабрамысьлінскай воласьці Аршанскага павету. У 1806—1812 гадох тут працавала двухклясная павятовая вучэльня. У вайну 1812 году ў месьце спыняўся Напалеон.
У 1841 годзе ў Бабінавічах было 176 будынкаў, 3 драўляныя масты, 8 незабрукаваных вуліцаў, 4 асабістыя сады, 142 гароды, 2 могілак, дзейнічалі 2 царквы, мураваная капліца, працавалі 7 крамаў, у 1860 годзе — 159 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, царква і сынагога. У XIX — 1-й чвэрці XX стагодзьдзяў дасягнула свайго росквіту Бабінавіцкае ганчарнае рамяство, вядомае з часоў заснаваньня паселішча. 3ь мясцовай чырвонай гліны выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку (гарлачы, гаршкі, збанкі, міскі), якую з пачатку XX ст. пачалі аздабляць размалёўкай. У канцы XIX ст. у месьце было 155 будынкаў, зь іх хрысьціянам належалі 92, юдэям — 63, працавала 39 рамесьнікаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — царкоўнапрыходзкая школа, пошта, тэлеграф, прыходзкая царква, касьцёл Сьвятой Тройцы, збудаваны аршанскімі трынітарыямі, сынагога. На Рынку праводзіліся кірмашы 4 разы ў год: 19 студзеня, на Сёмуху, 22 сьнежня і 21 верасьня.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабінавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. На 1923 год тут было 232 жылыя будынкі і 281 нежылы; усе ў адзін паверх, драўляныя. Працавала 3 каапэрацыйных і 4 прыватная крамы, 26 прамысловых прадпрыемстваў, зь іх 2 смалакурні і 2 гарбані. У 1924 годзе Бабінавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Высачанскага раёну (з 3 ліпеня 1931 году ў Лёзьненскім раёне). 6 ліпеня 1925 году Бабінавічы атрымалі афіцыйны статус сяла. У 1926 годзе тут працавалі школа, хата-чытальня, народны дом, пошта, лясьніцтва. На 1939 год у Бабінавічах было 376 двароў, на 1970 год — 234, на 1990 год — 532, на 1995 год — 317.
У 2000-я гады Бабінавічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку». 24 ліпеня 2014 году афіцыйна зацьвердзілі герб паселішча: «француская тарча, у блакітным полі якой выяўленыя дзьве мачты натуральнага колеру з залатымі флюгерамі».
У Бабінавічах працуюць сярэдняя школа, дом культуры, 2 бібліятэкі, аптэка, пошта.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Ленінградзкая вуліца | Віцебская вуліца | Пецярбурская вуліца |
Савецкая вуліца | Сідапаўская вуліца | |
? | Асінаўская вуліца | |
? | Кляштарны завулак | |
? | Рынак пляц | |
? | Школьны завулак |
З урбананімічнай спадчыны Бабінавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Аршанская і Зарэчная.
У Бабінавічах і каля вёскі захавалася група археалягічных помнікаў розных часоў: 2 нэалітычныя стаянкі (на беразе Бабінавіцкага возера і на правым беразе ракі Вярхіты), гарадзішча, 6 могільнікаў («валатоўкі») і адзіночны курган, а таксама земляное ўмацаваньне Салдацкая Слабада.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Бабінавічы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.