Але́г Анто́навіч Ло́йка (1 траўня 1931, Слонім, Гарадзенская вобласьць — 19 лістапада 2008, Слонім) — беларускі паэт, пісьменьнік, крытык, літаратуразнавец, навуковец, пэдагог.
Доктар філялягічных навук (1969). Прафэсар (1971). Сябра-карэспандэнт АН Беларусі. Яго пяру належаць амаль 100 кнігаў, зь іх звыш 30 зборнікаў паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных дасьледваньняў, шматлікія пераклады, рэцэнзіі, эсэ.
Алег Лойка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Алег Антонавіч Лойка |
Нарадзіўся | 1 траўня 1931 Слонім, Наваградзкае ваяводзтва, Польшча (цяпер — Гарадзенская вобласьць, Беларусь) |
Памёр | 19 лістапада 2008 (77 гадоў) Слонім, Беларусь |
Дзеці | Павал Лойка |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | беларускі паэт, пісьменьнік, крытык, літаратуразнавец, пэдагог, навуковец |
Гады творчасьці | 1940-я—2000-я |
Жанр | верш, раман, эсэ |
Мова | беларуская мова і расейская мова |
Значныя творы | раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1982), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990) |
Узнагароды |
Нарадзіўся ў сям’і фэльчара. Чынны ўдзел у выхаваньні прыняў дзед па бацьку Цімох, які быў славутым у шчараўскіх ваколіцах знахарам. Маці Марыя Іванаўна любіла літаратуру, вусна-паэтычнае слова.
У 1953 годзе скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1956 годзе — асьпірантуру пры катэдры беларускае літаратуры ўнівэрсытэту. З 1956 году працаваў выкладчыкам беларускае літаратуры. З 1985 году — загадчык катэдры беларускае літаратуры БДУ. У 1991—1996 гадох — дэкан філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На працягу чвэрці стагодзьдзя кіраваў унівэрсытэцкім літаратурным аб’яднаньнем «Узьлёт» (1964—1989).
Друкаваўся з 1951 году. Ужо ў першых паэтычных кнігах «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пралескі» (1961), «Дарогі і летуценьні» (1963), «Блакітнае азерца» (1965) выявіліся шчырасьць і непасрэднасьць пачуцьця, прастата думкі, схільнасьць да выкарыстаньня ў творчасьці народных формаў і вобразаў. Патас паэтычных радкоў складае радасьць існаваньня лірычнага героя, сугучнасьць яго адчуваньняў тагачаснай рэчаіснасьці.
У пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе радуецца пераможнаму канцу вайны (вершы «Пралескі ў акопах», «І тост і песьні ўсе мае за вас», «Квітней, зямля!», «Каля вёскі Панары»). Для А.Лойкі вобраз маці-Радзімы нязьменна асацыіруецца з роднай маці, краявідамі дзяцінства, з адказнасьцю за лёс усяго жывога. Усё сапраўднае нараджаецца ў яго творчасьці з асабіста перажытага, асабіста перадуманага. Аднадушна высока крытыка ацаніла паэму «Лясная песьня», шчыры гімн жыцьцю, беларускай прыродзе, чалавеку стваральнай працы. Паэма стала сьведчаньнем паэтычнае сталасьці паэта. Вынікам дасьледваньняў творчасьць Якуба Коласа стала кніга «Новая зямля» Якуба Коласа. Вытокі, веліч, хараство" (1961). У 1963 годзе з друку выйшла манаграфія «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў ХХ ст.».
Амаль ва ўсіх зборніках паэзіі адметнае месца займае жанр баляды. У сваіх лепшых творах («Баляда пра беленькія чаравічкі», «Баляда аб матчыным сэрцы», «Баляда аб першым дні», «Баляда пра свойскі хлеб» і інш.) падымаецца да шчымліва-ўзьнёслага апяваньня подзьвігу герояў, знаходзіць канкрэтныя характэрныя дэталі, якія садзейнічаюць нараджэньню мастацкага вобраза. У А.Лойкі балядны жанр цесна зьвязаны з гісторыяй, культурай. Дзіцячая паэзія — поўная сьветлых захапленьняў, багатых пачуцьцяў, радасьці жыцьця (кнігі «Дзе хто начуе?» і «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй»).
Як паэт больш за ўсё хінецца да анталягічна-клясычнай традыцыі (выраз самога пісьменьніка). Аднак гэта традыцыя ў яго пастаянна знаходзіцца пад узьдзеяньнем двух сілавых полюсаў — вуснай народнай творчасьці і найноўшае эўрапейскае паэзіі, а таму часта парушаецца, дэфармуецца і, зразумела, узбагачаецца. У творчым акце паэта больш або менш відавочна, але заўсёды адчувальна праступае думка, рацыянальны пачатак. Сутнасьць яго лепшых вершаў побач з тонкім лірызмам, шчырасьцю пачуцьцяў, моцнай сувязьзю з народнай творчасьцю прадвызначаюць глыбокі роздум над праблемамі сучаснасьці, інтэлектуалізм, сталая філязофская развага.
Аўтар перакладаў на беларускую мову кнігі выбраных твораў францускага паэта П.Вэрлена «У месяцовым зьзяньні» (1974), кнігі Ё. В. Гётэ «Спатканьне і ростань» (1981), Ф.Шылера «Улада песьнясьпеву» (1997), нямецкіх клясычных рамантыкаў Наваліса, Шлегеля, Шэлінга, Эйхендорфа і інш. («Сузор’е», (2001), «Маланкай загнаныя» (2004), паасобных твораў Р.Гамзатава, А.Міцкевіча, І. Крушальніцкага.
Як дасьледчыка цікавіўся праблемамі гістарычнага разьвіцьця беларускае літаратуры на працягу апошняга тысячагодзьдзя, пытаньнямі народнасьці, рэалізму і рамантызму, станаўленьнем мастацкай індывідуальнасьці пісьменьніка (Янкі Купалы, Якуба Коласа, М.Багдановіча, Максіма Танка і інш.), літаратурнымі ўзаемасувязямі, ўзаемадачыненьнямі мастацкай літаратуры і фальклёру і інш. Аўтар вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры ад самае старажытнасьці і да пачатку XX стагодзьдзя. Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для вышэйшых навучальных установаў «Беларуская літаратура XIX стагодзьдзя» (з С. Александровічам і В. Рагойшам, 1971, 2-е дапрацаванае выданьне з В. Рагойшам, 1988). Тэма кандыдацкай дысэртацыі — «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1956), доктарскай — «Максім Багдановіч і праблемы разьвіцьця беларускае літаратуры пачатку XX стагодзьдзя» (1969).
Аўтар дакумэнтальна-мастацкага рамана-эсэ «Янка Купала» (выдадзены ў Маскве ў 1982 годзе ў сэрыі «ЖЗЛ», на беларускай мове вядомы пад назваю «Як агонь, як вада…»). У манаграфіі «Беларуская паэзія пачатку ХХ стагодзьдзя» (1972) раскрыў ідэйна-мастацкую эвалюцыю лірыкі Я. Купалы, прааналізаваў яго паэмы ў рэчышчы станаўленьня беларускага нацыянальнага эпасу. У «Гісторыі беларускае літаратуры. Дакастрычніцкі пэрыяд» (ч. 2, 1980) зрабіў усебаковы аналіз творчасьці Я. Купалы, яго дарэвалюцыйнай лірыкі і паэмаў, драматургіі, яго ўнёску ў беларускую нацыянальную клясычную літаратуру. Прысьвяціў свае дасьледваньні розным аспэктам творчасьці Я. Купалы: праблемам ідэйна-творчай эвалюцыі, народнасьці, рамантызму, паэтыкі, стылю, аўтабіяграфізму лірыкі, фальклярызму, эпасу і інш. Укладальнік дзьвюх першых тамоў 3-томнага збору твораў Я. Купалы на расейскай мове (1982). Рэдактар тома Я. Купалы «Публіцыстыка» (1972). Прысьвяціў Купалу свае вершы «Сьлёзы Купалы», «Сосны Купалы», «Песьня пра Янку Купалу», «На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме», «Янка Купала перакладае „Магабгарату“».
Паэтычныя зборнікі
Дзіцячыя зборнікі
| Проза
Літаратуразнаўчыя творы
|
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Алег Лойка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.