Уладзімер Леанідавіч Каткоўскі (19 чэрвеня 1976, Менск — 25 траўня 2007, Прага) — беларускі блогер і дзяяч інтэрнэту.
Уладзімер Каткоўскі | |
Род дзейнасьці | блогер, інтэрнэт-актывіст |
---|---|
Дата нараджэньня | 19 чэрвеня 1976 |
Месца нараджэньня | Менск, БССР |
Дата сьмерці | 25 траўня 2007 (30 гадоў) |
Месца сьмерці | Прага, Чэхія |
Прычына сьмерці | дарожны інцыдэнт[d] |
Месца пахаваньня |
|
Занятак | блогер, грамадзкі дзяяч, вікіпэдыст, спэцыяліст у галіне інфарматыкі, журналіст |
Сайт | br23.net |
Нарадзіўся ў Менску, тамсама скончыў школу. У 1993 годзе зьехаў у ЗША па праграме адукацыйнага абмену «Акт у падтрымку свабоды».
Скончыў Амэрыканскі ўнівэрсытэт у Благоеўградзе (Баўгарыя) па спэцыяльнасьці «інфарматыка». Працаваў кампутаровым спэцыялістам у Будапэшце (Фонд Сораса), пасьля ў Франкфурце-на-Майне. З 2002 году працаваў у беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».
16 чэрвеня 2006 году разам са сваёй жонкай Ёнадай патрапіў у аўтамабільную катастрофу на вуліцы Прагі. З таго часу знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 траўня 2007, амаль праз год пасьля катастрофы, так і не прыйшоўшы ў прытомнасьць. Пахаваны на могілках «Пятроўшчына» ў Менску.
Уладзімер Каткоўскі быў адным з пачынальнікаў беларускамоўнага інтэрнэту і яго актыўным і вядомым дзеячом. У канцы 1990-х разам зь Ёнадай у Баўгарыі стварыў сайт «Літванія, зямля ліцьвінаў». Быў адным зь першых беларускамоўных блогераў у LiveJournal (карыстальнік rydel23), у далейшым таксама стаў адным з найболей папулярных. За свой блог br23.net атрымаў гран-пры 4-га конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў, які праводзіўся кампаніяй TUT.BY.
Стварыў і падтрымліваў сайт Pravapis.org, прысьвечаны беларускай мове, сайт «Мартыралёґ Беларусі», які распавядаў пра беларускія ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Пераклаў на беларускую мову інтэрфэйс вядомага пашукавіка Google, заснаваў Вікіпэдыю на беларускай мове (Удзельнік:Rydel).
Стварыў і адміністраваў апошнюю вэрсію сайту беларускай службы «Радыё Свабода».
Уладзімер Каткоўскі заўсёды актыўна змагаўся за распаўсюд беларускай мовы і аб’ектыўнай інфармацыі пра Беларусь у інтэрнэце.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Уладзімер Каткоўскі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.