Сярге́й Канстанці́навіч Паўло́віч (25 верасьня 1875, в.
Асаўцы, Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня — 16 верасьня 1940, Вільня) — багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.
Сяргей Паўловіч | |
Род дзейнасьці | багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы |
---|---|
Дата нараджэньня | 25 верасьня 1875 |
Месца нараджэньня | Асаўцы, Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня |
Дата сьмерці | 16 верасьня 1940 |
Месца сьмерці | Вільня |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | публіцыст, перакладнік, пэдагог, тэоляг |
Месца працы | |
Псэўданімы | Паляшук |
Скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю ў Вільні, пасьля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысэртацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 году. У 1900 скончыў акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя.
Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904 «Гродненские епархиальные ведомости» надрукавалі дапрацаванае ім кандыдацкае сачыненьне пад назвай «Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)», а потым яно выйшла асобным выданьнем у 254 старонкі.
У 1909—1912 выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай сэмінарыі і жаночай гімназіі Рагачова (Віленская навучальная акруга). У 1913 ён быў прызначаны інспэктарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. З пачаткам Першай сусьветнай вайны выехаў як бежанец у Калускую губэрню. Там займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзяленьня ў аддзеле народнае адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бугальтара ў Калускім аддзяленьні Дзяржаўнага банку.
Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасьля пераезду ў Вільню Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927—1928 навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтае гімназіі.
Пэдагагічная й грамадзкая дзейнасьць Паўловіча была цесна зьвязаная з Таварыствам беларускае школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асьветнай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 — «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфэратамі па гісторыі хрысьціянства на яго паседжаньнях.
16 кастрычніка 1930 і ў 1933 Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках.
3 канца 1920-х рэзка ўзмацнілася палянізацыя школы. Міністэрства веравызнаньняў і грамадзкае асьветы заплянавала на 1929—1930 навучальны год увядзеньне ў беларускія школы падручніка «Лемантар» Ст. Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго; выкрыў шкоднасьць гэтага дапаможніка для нацыянальнае сьвядомасьці дзяцей. Прыкмечаныя Паўловічам 88 артаграфічных памылак вымусілі чыноўнікаў зьняць лемантар з карыстаньня, але ў наступным годзе «выпраўлены» падручнік усё ж такі быў уведзены ў навучальны працэс.
У 1929 у Вільні, у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік С. Паўловіча «Пішы самадзейна. Разьвіцьцё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучаньня (пасьля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў сьвет і «Мэтадычныя ўвагі» да пасобніка «Пішы самадзейна». Яны былі дапушчаны Міністэрствам асьветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ зь беларускай мовай навучаньня.
У 1936 у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча «Першыя зерняткі». Нацыянальнай абэцэдай беларусаў С. Паўловіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Ува ўмовах паглыбленьня палянізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданьне лемантара (1937 г.) лацінкай пад назовам «Zasieŭki». Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны.
У 1926 была надрукавана падрыхтаваная ім «Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Сынод дазволіў увесьці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Паўловіча ў 1933 быў выдадзены «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, які часова быў дапушчаны да ўжываньня ў беларускіх пачатковых школах Віленскае акругі.
Вялікая папулярнасьць падручнікаў С. Паўловіча і высокі ўзровень яго ведаў былі прычынай таго, што ў адной з пастаноў Варшаўскага Сынода яго асоба прапаноўваецца ў якасьці адзінага кандыдата ў камісію са спэцыялістаў-багасловаў і мовазнаўцаў па стварэньні падручнікаў Закону Божага на беларускай мове. На рэкамэндацыю Віленскае камісіі па беларускіх падручніках Закону Божага выйшла ў сьвет апрацаваная Паўловічам «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (1-У аддзелы)» (Варшава, 1935) і «Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936).
Паводле некаторых зьвестак, у 1937 жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс «Снапок», які быў дадаткам да газэты праваслаўнай мітраполіі «Слово». У 1940 памёр ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.
Пад рэдакцыяй С. Паўловіча выйшаў «Праваслаўны малітваслоў». Вільня, 1938; выдаваўся дзіцячы царкоўны, культурна-асьветніцкі ілюстраваны часопіс «Снапок» (Варшава, 1937), часопісы «Беларускі летапіс» і «Беларускі каляндар».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сяргей Паўловіч, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.