Індуізм — адна з найбуйнейшых паводле колькасьці вернікаў рэлігіяў сьвету.
Сфармаваўся ў І тысячагодзьдзі да н. э. у выніку далейшай эвалюцыі ведычнай рэлігіі і брагманізму, а таксама асыміляцыі народных вераваньняў. У аснове індуізму — вучэньне аб пераўвасабленьні душаў (сансара) і карме; ушанаваньне вярхоўных багоў Вішну і Шывы; сьледаваньне каставым правілам, сьвятымі лічацца: сярод жывёлаў — карова, зьмяя; сярод рэк — Ганг; сярод расьлінаў — лётас. Культавыя абрады адбываюцца ў храмах, каля мясцовых і хатніх алтароў, а таксама ў сьвятых месцах. Для індуізма ўласьціва ўяўленьне аб унівэрсальнасьці і ўсеагульнасьці вярхоўнага боства. Сёньня існуюць дзьве асноўныя плыні рэлігіі — вішнуізм і шываізм.
Індуізм сыходзіць сваімі каранямі ў ведыйскую, харапскую і дравідыйскую цывілізацыі, з-за чаго яго называюць старажытнай у сьвеце рэлігіяй. У адрозьненьне ад абрамічных рэлігіяў, у індуізму няма заснавальніка, у ім адсутнічаюць адзіная сыстэма вераваньняў і агульная дактрына. Індуізм уяўляе сабой сямейства разнастайных рэлігійных традыцыяў, філязофскіх сыстэмаў і вераваньняў, заснаваных на монатэізму, політэізму, пантэізму, манізму і нават атэізму. Тыповымі для індуізму можна прызнаць такія рэлігійныя палажэньні, як дгарма, карма, сансара, мокша і ёга.
У індуізьме існуе вялікая колькасьць сьвятых пісаньняў, якія падзяляюцца на дзьве асноўныя катэгорыі: шруці і смрыці. Важнымі індуісцкімі тэкстамі зьяўляюцца Веды, Упанішады, Пураны, Рамаяна, Магабгарата, Бгагавад-гіта і Агамы.
Індуізм зьяўляецца трэцяй паводле ліку пасьлядоўнікаў рэлігіяй у сьвеце пасьля хрысьціянства і ісламу. Індуізм вызнаюць больш за 1 млрд чалавек, каля 95% зь якіх жывуць у Індыі і Нэпале. Іншымі краінамі, у якіх прыхільнікі індуізму складаюць значную частку насельніцтва, зьяўляюцца Банглядэш, Шры-Ланка, Пакістан, Інданэзія, Малайзія, Сынгапур, Маўрыцы, Фіджы, Сурынам, Гаяна, Трынідад і Табага, Вялікабрытанія, Канада і ЗША.
У другой палове XX стагодзьдзя індуізм распаўсюдзіўся за межы Індыі, перасягнуў нацыянальныя межы і набыў шмат пасьлядоўнікаў па ўсім сьвеце. Шырока распаўсюдзіліся і сталі звыклымі такія ідэі, як карма, ёга і вэгетарыянства. Некаторыя аспэкты і практыкі індуізму падвяргаюцца крытыцы. Найбольшае асуджэньне выклікаюць абрад самаспаленьня ўдоваў і дыскрымінацыя, заснаваная на каставай прыналежнасьці.
Індуізм — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Індуізм, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.