Пушту́ (таксама пахто, пашто, афга́нская, патані; саманазва: پښتو, вымаўл.
[ˈpəʂt̪oː, ˈpəçt̪oː, ˈpʊxt̪oː]) — мова паўночнаўсходняй галіны ўсходнеіранскай падгрупы іранскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай моўнае сям’і, на якой размаўляюць пуштуны. Распаўсюджана ў паўднёвай частцы Цэнтральнай Азіі, разам з мовай дары з’яўляецца афіцыйнай мовай Афганістана, пашырана ў паўночна-заходніх частках Пакістана, а таксама ў асяродку пуштунскіх дыяспар па ўсім свеце.
Пушту | |
---|---|
Саманазва | пушту: پښتو [paʂto], [paxto], [pāçte] |
Краіны | Афганістан, Пакістан, сумежныя краіны; пуштунская дыяспара |
Рэгіёны | Пуштуністан |
Афіцыйны статус | Афганістан |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Акадэмія навук Афганістана, Пуштунская акадэмія |
Агульная колькасць носьбітаў | ад 40 да 50 млн. |
Рэйтынг | 33 |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
| |
Пісьменнасць | алфавіт пушту (на аснове арабскага) |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | пуш 550 |
ISO 639-1 | ps |
ISO 639-2 | pus |
ISO 639-3 | pus — агульны pst — цэнтральны пушту pbu — паўночны пушту pbt — паўднёвы пушту |
WALS | psh |
Ethnologue | pus |
Linguasphere | 58-ABD-a |
ABS ASCL | 4102 |
IETF | ps |
Glottolog | pash1269 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Мова пушту класіфікуецца як мова ў складзе паўночнаўсходняй галіны індаіранскіх моў, аднак згодна з іншымі даследаваннямі мова можа адносіцца да паўднёваўсходніх. Колькасць пуштумоўнага насельніцтва налічвае каля 40—60 млн чал. па ўсім свеце.
З’яўляючыся адной з нацыянальных моў Афганістана, мова пушту распаўсюджана найперш ва ўсходніх, паўднёвых і паўднёвазаходніх частках краіны, аднак таксама мова мае распаўсюджанне і ў некаторых рэгіёнах на поўначы і захадзе Афганістана. Дакладная колькасць грамадзян Афганістана, якія размаўляюць на пушту, невядомая, аднак па розных ацэнках указваецца лічба ад 35 да 60 % насельніцтва краіны.
У Пакістане пушту з’яўляецца адной з рэгіянальных моў, на якой размаўляе агулам 15,42 % ад насельніцтва краіны. Пушту з’яўляецца моваю большасці насельніцтва ў правінцыі Хайбер-Пахтунхва, рэгіёне ФКПТ і ў паўночнай частцы правінцыі Белуджыстан. Акрамя таго, на мове таксама гаворыць частка насельніцтва раёнаў Міянвалі і Атак правінцыі Пенджаб, а таксама пуштунская дыяспара ў розных гарадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў гарадах Карачы і Хайдэрабад. Пуштунскае насельніцтва горада Карачы з’яўляецца найбуйнейшым у свеце сярод гарадскога насельніцтва пуштунаў, а ўласна прадстаўнікі народа складаюць каля 25 % ад насельніцтва гэтага горада.
Іншыя пуштумоўныя супольнасці пражываюць таксама на паўночным усходзе Ірана (галоўным чынам ля мяжы з Афганістанам), у Таджыкістане, на паўднёвым захадзе Джаму і Кашміра. Разам з гэтым, значныя пуштумоўныя супольнасці існуюць на Блізкім Усходзе, асабліва ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Саудаўскай Аравіі, а таксама ў ЗША, Вялікабрытаніі, Тайландзе, Канадзе, Германіі, Нідэрландах, Швецыі, Катары, Аўстраліі, Японіі, Расіі, Новай Зеландыі і г.д.
Паводле перапісу насельніцтва ў Беларусі 2009 года ў Рэспубліцы налічвалася 429 чалавек, нацыянальнасць якіх вызначана як афганцы, з іх 204 чалавекі вызначылі мову сваёй нацыянальнасці ў якасці роднай.
З 1936 года мова пушту мае афіцыйны статус у Афганістане разам з мовай дары.
Ад пачатку XVIII ст. усе цары тагачаснага Афганістана (за выключэннем Хабібулы Калакані) былі этнічнымі пуштунамі і размаўлялі на пушту ў якасці другой мовы. Тым не менш, моваю царскага двара з’яўлялася фарсі, тады як пушту была моваю пуштунскіх плямён. Працэс папулярызацыі пушту распачаўся пры Амануле-Хане і набыў статус своеасаблівай дзяржаўнай ідэалогіі. У 1930-х гг. актывізаваўся рух за пашырэнне ўжытку мовы пушту ў грамадскім жыцці і дзяржаўным справаводстве, што падштурхнула да стварэння кабульскага ўніверсітэта ў 1932 годзе і ўзнікнення ў 1937 года акадэміі «Пашто Талана». Аднак нягледзячы на дадзеныя захады, афганская эліта працягвала разглядаць мову дары як «вытанчаную» і як «сімвал культурнага выхавання». У 1933 годзе Захір-шахам быў выдадзены ўказ пра вывучэнне і выкарыстанне дары і пушту службовымі асобамі, праз тры гады пушту афіцыйна атрымала дзяржаўны статус з поўнымі правамі на яе выкарыстанне ва ўрадзе і ў адукацыі, пры гэтым этнічна пуштунская каралеўская сям’я і большая частка чыноўнікаў працягвалі размаўляць на дары. У выніку гэтых захадаў мова пушту набыла статус нацыянальнай мовы, стаўшы сімвалам афганскага нацыянальнага руху.
Афіцыйны статус мовы быў пацверджаны ў 1964 годзе Канстытуцыйным сходам краіны, разам з гэтым афганская персідская мова была перайменавана ў дары, быў ажыццёўлены пераклад гімна краіны на пушту.
У Пакістане афіцыйны статус маюць мова ўрду і англійская мова, пушту не мае афіцыйнага статусу на федэральным узроўні. На правінцыйным узроўні, аднак, мова мае рэгіянальны статус у правінцыі Хайбер-Пахтунхва, федэральна кіруемых племянных тэрыторыях і на поўначы правінцыі Белуджыстан. У 1984 годзе было атрымана права на выкарыстанне мовы пры адукацыі ў пачатковых школах. У дзяржаўных школах у пуштумоўных рэгіёнах мова пушту цяпер з’яўляецца сродкам навучання ў 1-2 класах, з’яўляецца абавязковым прадметам да 5 класа, аднак урду застаецца асноўнай моваю навучання, пры гэтым англійскамоўныя прыватныя школы не выкарыстоўваюць пушту нават на першасным узроўні. На думку некаторых даследчыкаў, увядзенне ўрду ў якасці мовы навучання стала прычынаю заняпаду многіх моў карэнных народаў Пакістана, у тым ліку і пушту.
Згодна з даследаваннямі некаторых лінгвістаў, пушту з’яўляецца нашчадкам авестыйскай мовы, аднак іншыя звесткі (напрыклад, даследаванні Георга Моргенст’ернэ) сцвярджаюць толькі пра блізкае сваяцтва абедзвюх моў. Саманазва мовы з’яўляецца вынікам гістарычнай трансфармацыі ад *Parsawā- — «персідскі». Між тым, пуштунаў могуць таксама атаясамліваць з плямёнамі пакхта, якія ўпамінаюцца ў Рыгведзе, пад імі ж, па некаторых версіях, меліся на ўвазе пактыі, апісаныя грэчаскім гісторыкам Герадотам як жыхары Ахеменідскай сатрапіі Арахозія. Тым не менш, падобныя параўнанні могуць быць няслушнымі з этымалагічнага погляду.
Паводле Страбона, плямёны, што насялялі землі на захад ад Інда, былі часткай т.зв. Арыяны. З III ст. да н.э. яны ў асноўным упаміналіся як афганы або абганы, а іх мова — пад назвай афгані.
Некаторыя навукоўцы (напрыклад, Абдул Хай Хабібі) мяркуюць, што найбольш раннія пісьмовыя помнікі пушту ўзыходзяць да VIII ст., аднак гэтыя палажэнні аспрэчваюцца некаторымі еўрапейскімі экспертамі.
У XVII ст. у асяроддзі пуштунаў набывае папулярнасць пуштунамоўная паэзія. Сярод тагачасных пуштунскіх паэтаў вылучаюцца Хушаль-хан Хатак, Рахман Баба, Назо Тахі і, у прыватнасці, Ахмад-шах Дурані, заснавальнік Афганскай імперыі.
Назоўнікі і прыметнікі могуць змяняцца па двух родах (мужчынскі, жаночы), двух ліках (адзіночны, множны) і чатырох склонах. Сістэма часоў дзеясловаў з’яўляецца досыць складанай (чатыры часы: мінулы, цяперашні, будучы, плюсквамперфект), існуе таксама словазмяненне ва ўмоўным ладзе.
Будова сказа падобная да моў індаіранскай галіны. Сказ у мове пушту будуецца па схеме SOV — дзейнік-дапаўненне-выказнік, прыметнікі звычайна ідуць перад назоўнікам. Пры выражэнні граматычнага валодання «ўладальнік» ідзе перад аб’ектам у канструкцыі роднага склону. Выказнік звычайна дапасоўваецца з дзейнікам. Выключэнне могуць складаць выпадкі, калі завершанае дзеянне адлюстроўваецца пры дапамозе аднаго з мінулых часоў. У такіх выпадках непераходныя дзеясловы дапасоўваюцца з дзейнікам, а пераходныя — з дапаўненнем.
Ніжэй прыведзена апісанне гукавога ладу пушту.
Пярэдняга рада | Сярэдняга рада | Задняга рада | |
---|---|---|---|
Верхняга пад’ёму | i | u | |
Сярэдняга пад’ёму | e | ə | o |
Ніжняга пад’ёму | a | ɑ |
У фанетыцы пушту таксама вылучаюцца дыфтонгі /ai/, /əi/, /ɑw/, /aw/.
Губныя | Зубныя | Альвеалярныя | Рэтрафлексныя | Постальвеалярныя | Палатальныя | Заднеязычныя | Увулярныя | Глатальныя | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Насавыя | m | n | ɳ | ||||||
Выбухныя | p b | t̪ d̪ | ʈ ɖ | k ɡ | q | ʔ | |||
Афрыкаты | t͡s d͡z | t͡ʃ d͡ʒ | |||||||
Фрыкатыўныя | f | s z | (ʂ ʐ) | ʃ ʒ | (ç ʝ) | x ɣ | h | ||
Апраксіманты | l | j | w | ||||||
Ратычныя | r | ɭ̆ |
Гукі /q/, /f/ маюць тэндэнцыю замяняцца гукамі [k], [p]. Рэтрафлексны бакавы /ɭ̆/ пераходзіць у рэтрафлексны апраксімант [ɻ] пры знаходжанні ў канцавой пазіцыі.
Рэтрафлексныя фрыкатывы /ʂ/, /ʐ/ і палатальныя фрыкатывы /ç/, /ʝ/ могуць у дыялектах злівацца ў адзін гук. У прыватнасці, рэтрафлекснае фрыкатыўнае вымаўленне захоўваецца ў паўднёвых і паўднёвазаходніх дыялектах, тады як у заходніх і цэнтральных дыялектах яны пераходзяць у палатальныя фрыкатывы. У іншых дыялектах могуць адбывацца іншыя змены ў вымаўленні рэтрафлексных зычных: так, у паўднёваўсходніх дыялектах адбываецца пераход гэтых гукаў у /ʃ/, /ʒ/; у паўночных ды паўночнаўсходніх — у /x/, /ɡ/. Згодна з некаторымі даследаваннямі, заходні і цэнтральны звонкі палатальны фрыкатыў /ʝ/ мае распаўсюджанне толькі ў правінцыі Вардак, тады як у іншых рэгіёнах адбываецца яго пераход у /ɡ/.
Заднеязычныя зычныя гукі /k/, /ɡ/, /x/, /ɣ/ пераходзяць у агубленыя [kʷ], [ɡʷ], [xʷ], [ɣʷ] у выпадку іх знаходжання перад галоснай /u/.
Большасць лексічнага запасу мовы пушту мае ўсходнеіранскае паходжанне і адсюль мае агульную этымалогію з лексікай авестыйскай, асецінскай і памірскіх моў. Тым не менш, пушту вылучаецца значнай колькасцю слоў асобнага паходжання. Пачынаючы з VII ст. у мову пачынае пранікаць лексіка арабскага, персідскага і хіндустанскага паходжання, у новы і навейшы час — англійскага, французскага і нямецкага паходжання.
У мове пушту выкарыстоўваецца пуштунская пісьменнасць, якая з’яўляецца мадыфікаванай формай персідскай, якая, у сваю чаргу, паходзіць ад арабскай. У пуштунскай пісьменнасці маюцца дадатковыя сімвалы для абазначэння асаблівых гукаў мовы. З XVII ст. у мове выкарыстоўваецца шрыфт насх, у адрозненне ад шрыфту насталік, які ўжываецца ў суседніх фарсі і ўрду.
Пуштунская пісьменнасць мае 44 сімвалы і 4 дыякрытычныя знакі. У табліцы ніжэй прыведзена пуштунская пісьменнасць, пад кожным сімвалам прыводзіцца яго лацінскі адпаведнік і гук (паводле IPA), які абазначаецца гэтай літарай.
ا ā, — /ɑ, ʔ/ | ب b /b/ | پ p /p/ | ت t /t̪/ | ټ ṭ /ʈ/ | ث s /s/ | ج j /d͡ʒ/ | ځ ź /d͡z/ | چ č /t͡ʃ/ | څ c /t͡s/ | ح h /h/ | خ x /x/ |
د d /d̪/ | ډ ḍ /ɖ/ | ﺫ z /z/ | ﺭ r /r/ | ړ ṛ /ɺ˞~ɻ/ | ﺯ z /z/ | ژ ž /ʒ/ | ږ ǵ (або ẓ̌) /ʐ, ʝ, ɡ/ | س s /s/ | ش š /ʃ/ | ښ x̌ (або ṣ̌) /ʂ, ç, x/ | |
ص s /s/ | ض z /z/ | ط t /t̪/ | ظ z /z/ | ع — /ʔ/ | غ ğ /ɣ/ | ف f /f/ | ق q /q/ | ک k /k/ | ګ g /ɡ/ | ل l /l/ | |
م m /m/ | ن n /n/ | ڼ ṇ /ɳ/ | و w, ū, o /w, u, o/ | ه h, a, ə /h, a, ə/ | ي y, ī /j, i/ | ې e /e/ | ی ay, y /ai, j/ | ۍ əi /əi/ | ئ əi, y /əi, j/ |
З XVII ст. сярод пуштунскіх дзеячаў актывізаваліся спрэчкі наконт ужывання шрыфту ў пісьменнасці мовы пушту. Так, рух, які гуртаваўся вакол паэта Піра Рашані, аддаваў перавагу шрыфту насталік, які выкарыстоўваўся ў персідскай мове ў адрозненне ад арабскай. Аднак паслядоўнікі іншых дзеячаў (напрыклад, Ахунда Дарвеза) прытрымліваліся арабскага шрыфту насх, тлумачачы гэта жаданнем абароны рэлігіі ад вызначанага ўплыву з боку сект. На цяперашні час у пісьменнасці мовы пушту выкарыстоўваецца шрыфт насх з невялікімі адаптацыямі ў вёрстцы.
Пуштунская пісьменнасць мае рад адрозненняў ад арабскай. Напрыклад, літары, якімі абазначаюцца рэтрафлексныя зычныя /ʈ /, /ɖ /, /ɺ̢ /, /ɳ / запісваюцца як арабскія літары тэ, дал, рэ, нун, аднак да іх дадаюцца дыякрытычныя знакі, якія маюць выгляд колца пад літарай. Літары ښ і ږ адрозніваюцца ад س ,ﺭ наяўнасцю кропкі знізу і зверху адпаведна. Літары, якімі абазначаюцца гукі t͡s, d͡z выглядаюць як літара ح з трыма кропкамі наверсе і гамзой наверсе адпаведна — څ ды ځ. Для пазначэння асаблівых галосных гукаў і дыфтонгаў пуштунская пісьменнасць мае літары ی, ې, ۀ, ۍ. У мове пушту ў цэлым выкарыстоўваецца 28 літар арабскае пісьменнасці і 3 дадатковыя з персідскай і ўрду.
Дыякрытычны знак над літарай ځ у ранейшых варыянтах меў выгляд, які можна прыкладна апісаць як паменшаны дыякрытычны знак над літарай ك. На цяперашні час, аднак, падобны знак даволі складана знайсці ў шрыфтах.
У найранейшым з вядомых рукапісаў на мове пушту (1651 год) для пазначэння гукаў /t͡s/, /d͡z/ выкарыстоўвалася літара ڊ, аднак у 1696—1697 гадах яе скора змяніла літара څ. Цяпер літара څ ужываецца толькі для пазначэння гука /t͡s/.
У мове пушту выкарыстоўваюцца чатыры дыякрытычныя знакі: зваракай, пеш, зэр і звар. Дыякрытычныя знакі не лічацца асобнымі літарамі, а само іх ужыванне не з’яўляецца абавязковым. Між тым, яны часам выкарыстоўваюцца ў мэтах адрознівання слоў з аднолькавым напісаннем.
Дыякрытычныя знакі пуштунскай пісьменнасці.
Дыякрытычны знак | Unicode | Назва | Транслітарацыя | IPA | Лацінізацыя |
---|---|---|---|---|---|
َ | U+064E | zwar | a | [a] | a |
ٙ | U+0659 | zwarakay | ə | [ə] | ə |
ِ | U+0650 | zer | i | [i] | i |
ُ | U+064F | peš | u | [u] | u |
У мове пушту вылучаюцца два галоўныя дыялекты: «мяккі» (поўдзень) і «цвёрды» (поўнач), якія падзяляюцца адпаведна на паўднёваўсходні і паўднёвазаходні ды паўночназаходні і паўночнаўсходні. Граніца між абодвума дыялектамі праходзіць па правінцыях Забуль і Пактыка, збочваючы потым на афгана-пакістанскую мяжу. «Цвёрды» дыялект распаўсюджаны на ўсходзе і паўночным усходзе Афганістана, цэнтры і поўначы Хайбер-Пахтунхвы і паўночнай частцы ФКПТ (Пакістан). «Мяккі» дыялект распаўсюджаны на поўдзень, а іменна на поўдні Афганістана, поўначы правінцыі Белуджыстан (Пакістан), паўднёвых рэгіёнах правінцыі Хайбер-Пахтунхва і федэральна кіруемых племянных тэрыторый; пры гэтым «цвёрды» дыялект мае больш носьбітаў. Існуюць іншыя варыянты дыялекталагічнай класіфікацыі пушту: напрыклад, падзел на паўночны, цэнтральны, паўднёвы дыялекты і дыялект ванеці .
Марфалагічныя адрозненні між дыялектамі з’яўляюцца даволі слабымі, асноўным крытэрыем адрозненняў паміж дыялектамі з’яўляюцца фаналагічныя адрозненні, у прыватнасці адпавяданне адной зычнай іншай зычнай у іншым дыялекце, а іменна:
Паўднёвазаходні | [ʂ] | [ʐ] | [ts] | [dz] | [ʒ] |
---|---|---|---|---|---|
Паўднёваўсходні | [ʃ] | [ʒ] | [ts] | [dz] | [ʒ] |
Цэнтральны | [ç] | [g]/[ʝ] | [ts] | [z] | [ʒ] |
Паўночнаўсходні | [x] | [ɡ] | [s] | [z] | [dʒ] |
Тым не менш, некаторыя дыялекты (напрыклад, цэнтральна-ўсходнія) маюць выразна акрэсленую лексічную разнастайнасць і тэндэнцыю да змены вымаўлення галосных гукаў; найбольш адметныя змены галосных адбываюцца ў цэнтральна-ўсходніх дыялектах мясцовасцей Тані, Вазірыстан і Бану: звычайныя пуштунскія [a], [ɑ], [u], [o] пераходзяць у іх у галосныя [ɑ], [o], [i], [e] адпаведна.
Дыялект ванеці, распаўсюджаны ў пакістанскай правінцыі Белуджыстан, мае даволі значную ступень адрознення ад астатніх дыялектаў пушту, і таму можа лічыцца асобнай мовай, якая аддзялілася ад пушту ў сярэдневяковы перыяд.
Паўднёвакандагарскі дыялект з’яўляецца найбольш кансерватыўным адносна фанетыкі, захоўваючы рэтрафлексныя фрыкатывы і альвеалярныя афрыкаты, якія не зліліся з іншымі гукамі.
Як адзначана вышэй, адной з асноўных асаблівасцей з’яўляецца розніца ў вымаўленні тых ці іншых гукаў. Ніжэй адлюстроўваецца розніца ў рэалізацыі гэтых гукаў у дыялектах тых ці іншых мясцовасцей (пяць з іх запісаныя арабскай пісьменнасцю, два — лацініцай. Транскрыпцыя падаецца паводле IPA).
Дыялект | Мясцовасць | ښ | ږ | څ | ځ | ژ | Ā | U |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паўднёвы | поўдзень Афганістана, таксама Кандагар | [ʂ] | [ʐ] | [t͡s] | [d͡z] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Паўднёваўсходні | поўдзень правінцыі Белуджыстан, таксама Квета | [ʃ] | [ʒ] | [t͡s] | [d͡z] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Ванеці | Харнай, Сінджаві | [ʃ] | [ʒ] | [t͡s, t͡ʃ] | [d͡z, d͡ʒ] | [ʒ, z] | [ɑ] | [u] |
Марвацкі | Лакі-Марват | [ʃ] | [ʒ] | [t͡ʃ] | [d͡ʒ] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Хатацкі | Карак | [ʃ] | [ʒ] | [t͡s] | [z] | [ʒ] | [o] | [u] |
Банучы | Бану | [ʃ] | [ʒ] | [s] | [z] | [ʒ] | [o] | [i] |
Вазірвола | Вазырыстан | [ɕ, ʃ] | [ʑ, ʒ] | [t͡s] | [z] | [ʑ, ʒ] | [o, u] | [i] |
Тані | Тані, паўднёвы Хост | [ç] | [ɡ] | [s] | [z] | [ʒ] | [o] | [i] |
Хосцкі | паўночны і паўднёвы Хост | [ç] | [ɡ] | [t͡s] | [t͡s] | [ʒ] | [o] | [u] |
Задран | Задран, усходні Лоя-Пактыя | [ç] | [ʝ] | [t͡s] | [d͡z] | [ʒ] | [o] | [u, i] |
Афрыдыйскі | Хайбер | [x] | [ɡ] | [t͡s] | [z] | [d͡ʒ] | [o] | [u] |
Бангаш-Туры | Курам, Гангу, Аракзай, Кагат | [x] | [ɡ] | [t͡s] | [z] | [d͡ʒ] | [ɒ] | [u] |
Паўночназаходні | Газні, Лагар | [ç] | [ɡ] | [t͡s] | [d͡z] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Вардацкі | поўдзень правінцыі Вардак | [ç] | [ʝ] | [t͡s] | [d͡z] | [ʒ] | [ɒ] | [u] |
Цэнтральны | цэнтральны Гільзай | [ç] | [ʝ] | [t͡s] | [z] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Паўночны | усход і паўночны ўсход Афганістана | [x] | [ɡ] | [t͡s] | [z] | [ʒ] | [ɑ] | [u] |
Паўночнаўсходні | цэнтр, поўнач Хайбер-Пахтунхвы, поўнач ФКПТ | [x] | [ɡ] | [s] | [z] | [d͡ʒ] | [ɑ] | [u] |
У табліцы ніжэй адлюстроўваюцца прыклады некаторых дыялектных адрозненняў паміж дыялектамі тых ці іншых рэгіёнаў.
Пераклад | Кандагар | Квета | Харнай | Бану | Мірамшах | Тані | Тырах-Майдан | Майдан-Шар | Кабул | Пешавар | Пісьмовая форма |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Пушту | Paṣ̌to | Pašto | Pašto | Pāštē | Pāštē | Pāx̌tē | Pāxto | Pax̌to | Pəxto | Puxto | پښتو |
Чатыры | tsalor | tsalor | čalər/tsaler | sālēr | tsālwēr | tsālēr | tsālwor | tsalor | tsalor | salor | څلور، څلېر |
Шэсць | špaẓ̌ | špaž | špož | špēž | špēž | špēg | špēg | špaγ̌ | špag | špag | شپږ |
Як | tsənga | tsənga | tsona | sərāng | tsərāng | tsərgē | tsərāng | tsənga | tsənga | singa | څنګه |
Мы | muẓ̌ | muž | moš | miž | miž | mig | mu | muγ̌ | mung | mung | موږ , مونږ |
Мой, маё, мая | zmā | zmā | mā eghē | ēmo | ēmo | ēmo | ēmo | zmâ | zəmā | zamā | زما، ما اغې |
Твой, тваё, твая | stā | stā | tāgha | ēto | ēto | ēto | ēto | stâ | stā | stā | ستا، تاغه، اېتو |
Хлопчык | halək | halək | waṛīz, čorī | wēṛkā | wēṛkai | wēṛkai | wēṛkai | halək | halək | halək | حلک، وړیز، چوري، وېړکی |
Дзяўчынка, дзяўчына | nǰiləi | nǰiləi | čuwara | wēṛkyē | ǰəlkiyē | ǰəlkiyē | wēṛkyē | ǰiləi | ǰinəi | ǰinē | نجلۍ، چواره، وېړکیې، ژلکیې، ژیلۍ |
Нага | pṣ̌a | pša | špa, ghədəi | pšā | pšā | px̌ā | pxā | px̌a | pxa | xpa | پښا، غدۍ |
Сонца | lmar | lmar | mērə | myērə stərgā | ghormə stərgā | myērə stərgā | myērə stərgā | lmar | nmar | nwar | لمر، مېره سترګا، غورمه سترګا، نیېره سترګا، نوار |
Хто | tsok | tsok | čok | sēk | tsēk | tsēk | tsok | tsok | tsok | sok | څوک، چوک |
Шмат | ḍēr, zyāt | ḍēr, zyāt | tsaṭ | pirā, zyot | rəṭ, zyot | rəṭ, zyot | ḍēr, zyot | ḍēr, zyât | ḍēr, zyāt | ḍēr, zyāt | ډېر، زیات، څت، پیرا، رټ |
Маленькі | ləẓ̌ | ləž | ləž | ləški | ləški | ləg | ləg | ləγ̌ | ləg | ləg | لېږ، لېشکي |
Піць | čṣ̌əl | čšəl | ghwətəl | čšəl | čšəl | tsəx̌əl | tsəxəl | tsəx̌əl | tskəl | skəl | چښل، غوتل، څخل، څکل |
Яйка | hagəi | hagəi | hoya | yēya | yēya | yēya | woya | hagəi | hagəi/hā | hagē/hā | حګۍ، حویه، یېیه، وویه، حا، حګې |
Так | wo | wo | wo | ēh | ēh | ēh | ēh | wo | wo | ao | وو، اېه، او، هو |
Ёсць | yəm | yəm | ī | yə | yə | yəm | yəm | yəm | yəm | yəm | یم، اي، یه |
Іду | dzəm | dzəm | drimī | sə, drimə | tsə, drimə | tsəm, driməm | tsəm, druməm | dzəm, druməm | zəm | zəm | ځم |
Мова | žəba | žəba | zbə | žəbā | žəbā | žəbā | ǰəba | žəba | žəba | ǰəba | ژبه، ژبا |
Дом | kor | kor | kor | kēr | kēr | kēr | kolə | kor | kor | kor | کور، کېر، کولې |
Бацька (паважліва) | plār | plār | piyār | plor | plor | plor | plor | plâr | plār | plār | پلار, پيار |
У пуштунамоўным насельніцтве здаўна склаліся традыцыі вуснай творчасці, у тым ліку прыказак, апавяданняў і вершаў. Рост пісьмовай літаратурнай традыцыі адзначаўся ў XVII ст. (гл. вышэй).
Першым навучальным тэкстам на мове пушту сталі «Ma’refa al-Afghāni» («Уводзіны ў афганскую мову [пушту]») аўтарства Піра Махамада Какера. У 1805 годзе ў Індыі выйшла першая граматыка з апісаннем пуштунскіх дзеясловаў пад назваю «Riāz al-Muhabat» («Навучанне ў пачуцці»). Праз тры гады Навабула Яр Хан напісаў працу па пуштунскай лексіцы «Ajāyeb al-Lughat» («Цуды моў»).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Пушту, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.