Геаграфія Грузіі

Грузія размешчана ў Азіі ў Закаўказзі (на Блізкім Усходзе); таксама адносяць часткова і да Усходняй Еўропы, з’яўляючыся транскантынентальнай дзяржавай.

Агульная плошча краіны — 69,7 тыс. км². Прырода Грузіі надзвычай разнастайная, дзякуючы яе геаграфічнаму становішчу, складанаму рэльефу і вышыннай занальнасці. Каўказскі рэгіён, у якім размешчана Грузія, адносіцца да рухомага альпійскага пояса зямной кары, што абумоўлівае яе кантрасны рэльеф і разнастайныя ландшафты са мноствам розных тыпаў клімату, гідралагічнага рэжыму, глебавага покрыва, расліннасці і жывёльнага свету. Акрамя таго, Грузія знаходзіцца на стыку вільготнага Міжземнамор’я, арыднай бяссцёкавай Арала-Каспійскай упадзіны і кантынентальных Пярэднеазіяцкіх нагор’яў, што таксама абумоўлівае разнастайнасць яе прыродных умоў.

Геаграфія Грузіі
Касмічны здымак

Рэльеф і карысныя выкапні

Геаграфія Грузіі 
Рэльеф Грузіі

Большая частка Грузіі занята гарамі. На поўначы працягваецца горная сістэма Вялікага Каўказа з вышынямі да 4500-5000 м над у.м. Найвышэйшы пункт Грузіі — гара Шхара (5068 м). У верхніх частках хрыбтоў Вялікага Каўказа шмат леднікоў. Да восевай водападзельнай часткі гор прымеркаваныя вядомыя горныя перавалы.

Хрыбты паўднёвага схілу Вялікага Каўказа падзяляюцца глыбокімі рачнымі далінамі. Тут ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату ў карбанатных пародах развіты карст. Толькі на нізкіх хрыбтах (ніжэй 1000 м над у.м.) налічаецца больш 470 карставых пячор, уключаючы самую вялікую Новаафонскую (даўжынёй 3,3 км). На паўднёвым схіле Вялікага Каўказа знаходзяцца буйныя радовішчы марганцу, срэбна-свінцовых і цынкавых руд, барыту, каменнага вугалю, мармуру.

Паміж Вялікім і Малым Каўказам размешчаная субшыротная зона міжгорных катлавін, дзе засяроджаныя найбольш урадлівыя глебы Грузіі. На захадзе вылучаецца моцна забалочаная Калхідская нізіна, на ўсходзе — раўніны, на якіх здаўна склаліся гістарычныя правінцыі Імярэтыя, Картлі і Кахетыя. З усходу Калхідскую нізіну замыкае Ліхскі (Сурамскі) хрыбет, які з’яўляецца прыроднай мяжой, што аддзяляе заходнія раёны Грузіі ад усходніх.

Горы Малога Каўказа на поўдні краіны маюць сярэднія вышыні 2000-3000 м. У межах Паўднёва-Грузінскага (Джавахецкага) нагор’я сустракаюцца лававыя плато і азёры вулканічнага паходжання.

У шматлікіх раёнах Грузіі маюцца выхады мінеральных крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеялогіі (Баржомі, Цхалтуба і інш.).

Тэрыторыя Грузіі адрозніваецца падвышанай сейсмічнасцю, у некаторых раёнах адбываюцца землетрасенні сілай да 5-7 балаў (асабліва ва ўсходніх раёнах).

Клімат

У заходніх раёнах, якія знаходзяцца пад уздзеяннем Чорнага мора, лета — вільготнае і цёплае, з сярэднімі тэмпературамі ліпеня 22-24 °C. Зімы мяккія, сярэднія тэмпературы студзеня 4-7 °C. Выпадае вялікая колькасць ападкаў (1000—2000 мм у год) з максімумам у Аджарыі (да 3200 мм). Пераважная частка ападкаў прыходзіцца на вясну.

Ліхскі хрыбет перахапляе вільгаць паветраных мас, якія рухаюцца з захаду на ўсход. Ва ўсходніх раёнах Грузіі клімат фарміруецца пад уплывам кантынентальных паветраных мас. На раўнінах лета больш працяглае і гарачае, з сярэднімі тэмпературамі ліпеня 23-25 °C. Зімы прахалодныя, з сярэдняй тэмпературай студзеня ад +1 да −2 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў 400—600 мм, максімум прыходзіцца на канец вясны і пачатак лета.

На схілах гор Грузіі сярэднія тэмпературы ліпеня паніжаюцца да 4-6 °C, у высакагор’ях сярэднія тэмпературы студзеня могуць дасягаць −10 −16 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 1600—2800 мм на захадзе да 1000—1800 мм на ўсходзе Вялікага Каўказа і да 600—700 мм на Паўднёва-Грузінскім нагор’і. Надвор’е ў гарах хутка змяняецца. Раптоўныя пахаладанні суправаджаюцца моцнымі снегападамі, ліўнямі, градам і фёнамі (моцнымі, цёплымі вятрамі, якія дзьмуць з гор у даліны).

Гідраграфія

Геаграфія Грузіі 
Рака Рыёні

У Грузіі ёсць шматлікія рэкі, многія з іх выкарыстоўваюцца для вытворчасці электраэнергіі і як крыніцы арашэння. Яны жывяцца галоўным чынам за кошт талых снежных і ледніковых вод і атмасферных ападкаў. У прадгорных раёнах, складзеных карбанатнымі пародамі, значную ролю ў сілкаванні рэк маюць падземныя воды. Рэкі Заходняй Грузіі мнагаводныя на працягу ўсяго года, а на ўсходзе ўзімку і ўлетку рачны сцёк скарачаецца.

Геаграфія Грузіі 
Жынвальскае вадасховішча на Арагві

Большая частка рэк (Рыёні, Інгуры, Бзыб, Кеда і інш.) належыць вадазборнаму басейну Чорнага мора, меншая — Каспійскага мора (Кура з прытокамі Алазані, Іоры і інш.). Самая доўгая і шматводная рака Заходняй Грузіі — Рыёні (327 км) бярэ пачатак на Вялікім Каўказе і ўпадае ў Чорнае мора каля Поці. Рака Кура (па-грузінску Мтквары) пачынаецца ў гарах на поўначы Турцыі, перасякае паўднёвую і ўсходнюю Грузію і на тэрыторыі Азербайджана ўпадае ў Каспійскае мора.

Азёры ў Грузіі нешматлікія. Самыя буйныя з іх — Паравані (37,5 кв. км) і Табацкуры (14,2 кв. км) на Джавахецкім нагор’і і Палеастомі (18,2 кв. км) на чарнаморскім узбярэжжы, у вусці р. Рыёні.

Глебы

У Грузіі выдзяляюць тры асноўныя глебава-геаграфічныя вобласці: заходнюю, усходнюю і паўднёвую.

Для нізін заходняй вобласці (паміж Ліхскім хрыбтом і Чорным морам) характэрныя тарфяныя глебы, прыдатныя для вырошчвання кукурузы; у перадгор’ях распаўсюджаны субтрапічныя чырвоныя і жоўтыя глебы, якія ідэальна падыходзяць для вінаграду, гарбаты і тытуню; у больш высокіх мясцовасцях Мегрэліі, Абхазіі і Сванетыі — карычневыя або карбанатныя лясныя і горныя глебы.

Ва ўсходняй вобласці пераважаюць старажытныя алювіяльныя глебы. На Ніжнекартлійскай раўніне распаўсюджаны каштанавыя глебы, прыдатныя для вырошчвання гародніны, пладовых і збожжавых культур. Чарназёмы і карычневыя глебы Кахетынскай раўніны выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых культур і вінаграднікі.

Паўднёвая вобласць прымеркаваная да перадгор’яў і паўднёвых схілаў Малога Каўказа і Паўднёва-Грузінскага нагор’я. Для яе характэрна спалучэнне карычневых і горна-лугавых глеб.

Расліннасць

Геаграфія Грузіі 
Горы ў Сванеціі

Флора Грузіі вельмі разнастайная: толькі кветкавых тут сустракаецца больш 5000 відаў. У залежнасці ад кліматычных асаблівасцяў і абсалютнай вышыні мясцовасці вылучаюцца некалькі зон і вертыкальных паясоў расліннасці (ад стэпавага да альпійскага).

Лясы распаўсюджаныя пераважна ў гарах і займаюць прыкладна трэцюю частку краіны. На захадзе Грузіі яны спускаюцца да самога мора, а на ўсходзе іх ніжняя мяжа знаходзіцца на вышынях ад 600 да 800 м. Асабліва багатыя і разнастайныя лясы Заходняй Грузіі. У іх ніжнім поясе (да 1000—1200 м) пануюць шыракалістыя пароды (дуб, граб, каштан, клён, бук і інш.) з вечназялёным падлескам. Для гэтага тыпу лесу, званага калхідскім, характэрна багацце ліян — месцамі ён становіцца непраходным. У забалочаных лясах Калхідскай нізіны пераважае алешына. На некаторых участках узбярэжжа Абхазіі сустракаюцца эндэмічныя віды, напрыклад хвоя піцундская. На працягу апошніх тысячагоддзяў у далінах распаўсюджваўся вінаград і пладовыя культуры. У Заходняй Грузіі да верхняй мяжы лесу (1700—1800 м) распаўсюджаныя змяшаныя лясы, у якіх спалучаюцца букавыя і ялова-піхтавыя, радзей хваёвыя пароды.

Лясы Усходняй Грузіі фларыстычна менш багатыя. У верхнім поясе гор (да 2300—2400 м) распаўсюджаны елка і піхта, а ў больш усходніх раёнах — толькі хваёвыя і хваёва-бярозавыя лясы. Ніжэй хваёвыя лясы саступаюць месца букавым, а затым дубова-грабавым. На крайнім усходзе краіны сустракаюцца невялікія ўчасткі сухіх стэпаў і ксерафітных рэдкалессяў з такімі відамі, як фісташка, гранат і інш. Яшчэ больш абмежаванае распаўсюджванне маюць паўпустыні. У далінах Куры, Алазані і іншых рэк захаваліся поймавыя тугайныя лясы з асіны, вярбы, серабрыстай таполі, дуба, кізіла.

Субальпійскія і альпійскія лугі на захадзе Грузіі падымаюцца да 2800-3000 м, на ўсходзе — да 3600 м над у.м. Для субальпійскіх лугоў Заходняй Грузіі тыпова пышнае высокатраўе з вялікім удзелам парасонавых і бабовых. Нізкатраўныя альпійскія лугі распаўсюджаны фрагментарна, чаргуючыся з каменнымі россыпамі, выхадамі скал і леднікамі.

Жывёльны свет

Жывёльны свет Грузіі прадстаўлены больш як 100 відамі млекакормячых, 330 — птушак і 160 — рыб. Шматлікія прадстаўнікі фаўны з’яўляюцца эндэмікамі, напрыклад, тур кубанскі (рогі якога ў Грузіі выкарыстоўваюцца як пасудзіны для віна).

Вельмі своеасаблівая фаўна стэпаў Усходняй Грузіі. Да нядаўняга часу там сустракаўся джэйран, які захаваўся толькі ў асобных мясцовасцях. Часам сустракаецца паласатая гіена. З іншых драпежнікаў варта адзначыць лісіцу, шакала, чаротавага ката. У жывёлагадоўчых раёнах распаўсюджаныя ваўкі. Для стэпаў тыповыя грызуны: тушканчыкі, палёўкі, хамякі. Сярод птушак звычайныя палявы верабей, шэрая курапатка, перапёлка, стэпавы арол. Характэрна багацце яшчарак і чарапах, а таксама змей.

Найбольш багаты жывёльны свет лясоў. У шматлікіх раёнах распаўсюджаныя каўказскі алень, казуля, дзік, заяц-русак, вавёрка, а з драпежнікаў — буры мядзведзь, воўк, шакал, рысь, лясны кот і лісіца. Лясы Грузіі славяцца багаццем і разнастайнасцю птушак. Звычайныя тут берасцянка, вялікая сініца, зелянушка, чорны дрозд і інш. З драпежных відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Грузіі, сустракаюцца барадач, беркут, белагаловы сіп, чорны грыф і інш. У некаторых мясцовасцях Калхіды і Кахетыі яшчэ можна ўбачыць фазана. З паўзуноў у лясах Грузіі найбольш шматлікія яшчаркі, балотныя чарапахі і змеі.

Высакагорная фаўна лепш захавалася ў межах Галоўнага Каўказскага хрыбта. У яго заходняй частцы водзіцца кубанскі тур, ва ўсходняй — дагестанскі. Абодва віды на зіму спускаюцца ў лясны пояс. Амаль паўсюдна распаўсюджаная сарна, а на ўсходзе сустракаецца безааровы казёл. З характэрных птушак высакагор’яў можна адзначыць каўказскага цецярука, кекліка, барадача.

У горных рэках і азёрах водзяцца стронга, вусач, сазан і інш.

Крыніцы

Спасылкі

Tags:

Геаграфія Грузіі Рэльеф і карысныя выкапніГеаграфія Грузіі КліматГеаграфія Грузіі ГідраграфіяГеаграфія Грузіі ГлебыГеаграфія Грузіі РасліннасцьГеаграфія Грузіі Жывёльны светГеаграфія Грузіі КрыніцыГеаграфія Грузіі СпасылкіГеаграфія ГрузііАзіяАральскае мораБлізкі УсходГлебыГрузіяГідралогіяЗакаўказзеЗямная караКаспійскае мораКаўказКліматЛандшафтМіжземнамор’еПярэдняя АзіяРэльефУсходняя ЕўропаФаўнаФлора

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская:

Матрыца (фільм)Інстытут беларускай культурыЦыклы МіланкавічаВалянцін Баляслававіч ТатарыцкіМойваЛучана ПавароціРодны склонСінонімыТадэвуш КасцюшкаПлошча Свабоды (Мінск)Алесь ПетрашкевічМікалай Пракопавіч МіхалапВолаваІрына Уладзіміраўна ДрыгаЗвычайны прэзідэнтHromadske.TVМухамор чырвоныСэрца на далоніПупГеоргій Апалонавіч ГапонViva BraslavКрасавікАвантуры Пранціша ВырвічаМаўнт-Элісанаўскі ўніверсітэтПершы крыжовы паходГарады-героіМужыцкая праўдаМіхась БашлакоўНо100 найвялікшых беларускіх песеньЛетнія Алімпійскія гульні 1920Сяргей Кужугетавіч ШайгуКрэўская уніяУкраінаЗдароўеПраспект Незалежнасці (Мінск)ЭліпсоідЯн ЧачотЖавальная гумкаOnliner.byЗямляJava (мова праграмавання)Літаратурная моваРазбітае сэрца пацанаКіраваннеРадзіма мая дарагаяУладзімір Сцяпанавіч ЛіпскіГерберт УэлсГенадзь Пятровіч ПашкоўІнструкцыя па транслітарацыіРадзімаMicrosoft OfficeМайк Пенс2024Павел Андрэевіч МіськоАксіптыліБела-чырвона-белы сцягМастурбацыяЭйвінд ЮнсанГімн УкраіныМоваЮрась ШамецькаМузеі ПознаніБрэсцкая крэпасцьАстравецСкаўцкі рухАндрэй ГорватВярбаСпіс беларускіх імёнІпацій ПацейЗубр еўрапейскіЭгідаАлесь Жук🡆 More