Рамяство

Рамяство (ст.-бел.

рукамясло) — вытворчасьць прамысловых вырабаў з дапамогай простых звычаёвых прыладаў.

Рамяство
Апрацоўка шкла (2004 г.)

Зьяўляецца першай ступеняй у разьвіцьці прамысловай вытворчасьці. Вызначаецца асабістым майстэрствам рамесьніка і асабістым спосабам вытворчасьці, бо той працуе сам або з малой колькасьцю памагатых. Дало пачатак галінам прамысловасьці.

Віды

Рамяство 
Выраб скрыпкі (1983 г., Г'ёачыно Пасіні)
  • Паводле зыходнага рэчыва: выраб адзеньня, апрацоўка валакністай сыравіны, гарбарна-кушнерскае, дрэваапрацоўка, апрацоўка мінэральнай сыравіны і мэталаапрацоўка.
  • Паводле грамадзкай значнасьці: саматужнае (дробнатаварнае, на рынак), на заказ і хатняе (для ўласнай патрэбы).
  • Паводле арганізацыі працы: адыходнае (вандроўнае) і стацыянарнае.
  • Мастацкае. Увасабляе народную творчасьць, мастацкія густы, духоўныя памкненьні і вытворчыя звычаі народа.

Мінуўшчына

Рамяство 
Росьпіс парцаляны (Кітай, 2005 г.)

За часам фэадалізму ўсялякі сялянскі двор выступаў у якасьці самастойнай вытворчай супольнасьці з шырокім колам гаспадарчай дзейнасьці. Патрэбныя ў жыцьці прадметы пераважна выраблялі на месцы сваімі рукамі: адзеньне, жытло, сродкі перавозкі, посуд, сельскагаспарадчыя прылады, скуру, тканіну, харчовыя прыпасы і хатнія рэчы. Усебаковасьць сялянскай гаспадаркі была асновай вытворчага досьведу і народнага ўмельства, што абумовіла росквіт рамяства. Зь сельскага насельніцтва вылучыліся майстры, для якіх рамяство стала асноўнай крыніцай існаваньня. Частка зь іх несла дваровую службу пры шляхецкіх і гаспадарскіх (дзяржаўных) маёнтках і манастырах. Двары-службы часам утваралі пасяленьні майстроў пэўнага рамяства — бондараў, буднікаў, гантароў, ганчароў, гарбароў, гутнікаў і цесьляроў. Іх вырабы забясьпечвалі патрэбы маёнтка, прадавалі на кірмашах і збывалі за мяжу.

Беларусь

Статуты ВКЛ замацавалі прывілеі рамесьнікаў, якія паводле свайго прававога становішча стаялі вышэй за сялянаў-земляробаў. Частку залежных рамесьнікаў магнаты сялілі ў местах на землях сваіх юрыдыкаў. Мескае рамяство ў значнай ступені разьвіваліся за кошт прытоку сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на ўзровень сельскага рамяства. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў места, прыносіла з сабой абшчынныя звычаі, што складалі звычаёвае права і адбіваліся на паўсядзённым жыцьці брацтваў. Спэцыялізацыі і арганізацыйнаму ўпарадкаваньню рамёстваў садзейнічала магдэбурскае права. У 16—17 стагодзьдзях на землях Беларусі існавала каля 200 відаў рамёстваў. Найбольш пашыранымі былі: у местах — ганчарства, гарбарства, кавальства, кравецтва і шавецтва; у вёсках — апрацоўка воўны і льну, дрэваапрацоўка (выраб посуду і сельскагаспадарчых прыладаў, цясьлярства), пляценьне і ткацтва. Мескія рамесьнікі аб’ядналіся ў цэхі, якія называлі брацтвамі (Берасьце, Вільня, Горадня і Менск) і староствамі (Магілёў і Полацак). У склад цэха (40—50 чалавек) ўваходзілі людзі рамесных заняткаў і бортнікі, рыбаловы ды шынкары. У 17 стагодзьдзі на землях Беларусі налічвалася 116 цэхаў. Кожны цэх меў статут, які вызначаў яго будову, парадак прыёму новых сябраў і парадкаваў унутраныя дачыненьні. Таксама кожны цэх меў агульную касу, сьцяг і сымбаль ды бараніў места ў час вайны. Цэхі спрыялі далейшай спэцыялізацыі і павышэньню значэньня рамяства ў грамадзкай вытворчасьці. Таксама цэхі аказвалі істотны ўплыў на грамадзянскае жыцьцё места і змаганьне за грамадзянскія правы і незалежнасьць ды супраць прыгоньніцтва. Ваенныя дзеяньні на землях Беларусі ў ходзе Крывавага патопу 1654—1667 гадоў і Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў згубна адбіліся на рамеснай вытворчасьці. Прыкладам у Віцебску за 1650—1665 гады лік рамесьнікаў скараціўся з больш як 1000 майстроў да 72. У 2-й палове 18 стагодзьдзя адбылося адраджэньне рамяства. Найбольш вырасла колькасьць гарбароў, кавалёў, краўцоў, сьлесараў, цесьляроў і шаўцоў.

Да 19 стагодзьдзя істотна пашырыліся мануфактуры, якія ўзьніклі і працавалі на аснове мясцовых народных рамёстваў. Частку прамысловых тавараў выраблялі расьсеяныя мануфактуры. Часам мануфактуры і саматужныя рамесьнікі падтрымлівалі вытворчыя сувязі. Падзел працы на шэраг рамесных заняткаў спрыяў назапашваньню вытворчых ведаў і пашырэньню больш дасканалых прыладаў, што стала перадумовай вынаходзтва машынаў. У 19 стагодзьдзі разам з ажыўленьнем гандлю пашырылася адмыслоўваньне саматужных рамёстваў. У Падняпроўі (Магілёўская губэрня) разьвіліся ганчарства, гарбарства, дрэваапрацоўка і шкляная вытворчасьць. Па Падзьвіньні (Віцебская губэрня) істотнае значэньне набылі апрацоўка і вырошчваньне льну, кавальства, каменячоснае рамяство, суднабудаваньне і цясьлярства. У Панямоньні (Гарадзенская губэрня) найбольшае пашырэньне атрымалі гарбарства, кравецтва, вытворчасьць сукна, харчовая вытворчасьць і шавецтва. На Палесьсі (поўдзень Менскай губэрні) важнае месца займалі бондарства, пляценьне і суднабудаваньне. Сялянская рэформа 1861 году павялічыла маёмаснае расслаеньне і вызваліла частку працоўных сілаў для рамесных заняткаў. Пагатоў разьвіцьцё буйной прамысловасьці абумовіла паступовае скарачэньне ганчарства і ткацтва. Звузіліся шамтабы вышыўкі, крашаніны, апрацоўкі ліпавай кары, набойкі, вырабу рагожаў і цыновак. Адначасова да пачатку 20 стагодзьдзя пашырыліся аўчыннае рамяство, кавальства, кравецтва, выраб кафлі, цэглы і шкла, сталярнае рамяство, цясьлярства і шапавальства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году саматужныя рамёствы мелі істотнае значэньне ў прамысловай каапэрацыі. У грамадзкай вытворчасьці буйная прамысловасьць адцясьніла рамяство на другараднае месца. Пагатоў рамёствы захаваліся ў якасьці гаспадарча апраўданага дапаможнага промыслу майстроў. Асваеньне народных рамёстваў засталося адным з кірункаў у разьвіцьці мясцовай прамысловасьці. Адроджаныя на сучаснай прававой і прыладнай аснове рамёствы сталі самайстойным відам грамадзкай вытворчасьці і складовай часткай беларускай нацыянальнай культуры. У 1992 годзе рамесьнікі стварылі Саюз майстроў народнай творчасьці для захаваньня звычаяў беларускіх рамёстваў. Узоры рамёстваў выкарыстоўваюць у прафэсійным мастацтве.

У 2009 г. на ўліку ў Беларусі стаяла 3395 рамесьнікаў. У 2012 г. іх лік вырас амаль удвая да больш як 6000.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Рамяство  Рамяствосховішча мультымэдыйных матэрыялаў


Tags:

Рамяство ВідыРамяство МінуўшчынаРамяство БеларусьРамяство КрыніцыРамяство Вонкавыя спасылкіРамяствоСтарабеларуская мова

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Міжнародная сыстэма СІВіктар ГардзейСьпіс помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, зруйнаваных уладамі Расейскай імпэрыіКузьма ЧорныЖанчына з жанчынайПесьня пра зубраБагоўкаФранцішак АляхновічСмаленскі паветБаер Левэркузэн1919Полацкае княстваПорнасайтApple Inc.Сьпіс гарадоў БеларусіСамасейМікола КупрэеўVPNКанстытуцыя БеларусіАпостальскі сымбаль верыДругая сусьветная вайнаАляксандар КраўцэвічКрасная ВёскаМарыя СапегаВалошкаПалацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх (Красны Бераг)Тадзіяна КляшторнаяЭўрапейскі ЗьвязЗлучаныя Штаты АмэрыкіБеларуская Народная РэспублікаКімбарDNSВячаслаў АдамчыкПлоцевы актБраціславаРэжым ЛукашэнкіНаступствы Чарнобыльскай катастрофыЛацінская моваПамылкаДзед ТалашGoogleГерэйкаАлесь КлышкаВасіль БыкаўРамантызмСуботнікіУльтрафіялетавае выпраменьваньнеЛідзкае піваГалюцынацыяБітва пад ВоршайМасачусэтсЗянон ПазьнякБлогШмоня17 красавікаПрапойскі раёнЗбанНовая зямляВасіль ІгнаценкаЛетувізацыяТрокіThe BeatlesІмёны ліцьвінаўФрыдрых ШылерБеларуская Вікіпэдыя2024Галоўная старонкаІгар СідарукВейшнорыя🡆 More