Людмíла Краскоўская (славацк.
Кандыдатка гістарычных навук. Дачка беларускага грамадзкага дзеяча, пэдагога Івана Краскоўскага.
Людміла Краскоўская, славацк.: Ľudmila Kraskovská | |
Дата нараджэньня | 26 чэрвеня 1904 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вільня |
Дата сьмерці | 26 чэрвеня 1999 |
Месца сьмерці | Браціслава, Славаччына |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Чэхаславаччына, пазьней Славаччына |
Месца вучобы | Віленская беларуская гімназія, Карлаў унівэрсытэт, Украінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя Міхаіла Драгаманава |
Занятак | археоляг, мастацтвазнаўка, гісторык, пісьменьніца |
Навуковая сфэра | археалёгія, нумізматыка, музэйая справа |
Месца працы | Нацыянальны музэй Прагі, Славацкі нацыянальны музэй |
Вядомая як | Археалягіня, нумізматка |
Навуковая ступень | Кандыдатка гістарычных навук |
Бацька | Іван Краскоўскі |
Узнагароды | Ляўрэатка прэміі імя Андрая Кмеця (1969), прэміі імя Войцэха Будзінскага-Крычку (1996) |
Нарадзілася 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904 году ў Вільні. Да выезду ў бежанства ў 1915 г. вучылася ў віленскай школе. Разам зь сям’ёй жыла ў Кіеве, Тыфлісе. У 1921 годзе праз Стамбул, Атэны, Вену, Бэрлін, Коўну сям’я вярнулася ў Вільню, дзе яна паступіла ў 7-ы кляс Беларускай гімназіі. Дапамагаючы І. Луцкевічу, заахвоцілася вывучэньнем музэйнай справы, старажытнасьцяў, матэрыяльнай культуры продкаў.
Пасьля пераезду сям’і ў Дзьвінск у 1922 годзе паступіла ў 10-ы клас Дзьвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Разам з П. Мірановічам удзельнічала ў мастацкім афармленьні спэктакляў.
З 1924 году стыпэндыятка чэскага ўраду, жыла ў Празе. Вучылася адначасова ў дзьвюх праскіх навучальных установах: Карлавым унівэрсытэце (1924—1929) на філязофскім факультэце і Ўкраінскім вышэйшым пэдагагічным інстытуце імя М. Драгаманава (1924—1927), вывучала археалёгію, гісторыю мастацтваў. У 1929—1931 гг. працавала навуковай кіраўніцай у Нацыянальным музэі ў Празе. У 1930 годзе абараніла дысэртацыю «Заходнія ўплывы ў архітэктуры X—XIII стагодзьдзяў ва ўсходніх славянаў». Надалей пытаньнямі гісторыі архітэктуры не займалася, у сфэру навуковых інтарэсаў Л. Краскоўскай увайшлі музэйная справа, нумізматыка, археалёгія. З 1931 па 1988 г. загадвала археалягічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музэя (Браціслава). Адна з заснавальніцаў сучаснай славацкай археалёгіі, стала першай жанчынай у пасьляваеннай Чэхаславаччыне — кандыдаткай гістарычных навук.
У 1927 і 1929 гг. наведвала бацькоў у Менску, а ў 1936 годзе на іх высылцы ў Куйбышаве. Яе рэпрэсаваныя два браты загінулі.
У 1952 годзе дамаглася перавезьці былога ссыльнага, хворага бацьку ў Браціславу. Архіў яго перадала ў Цэнтральную бібліятэку НАН Беларусі.
Памерла 26 чэрвеня 1999 году, ў дзень свайго нараджэньня, сустрэўшы 95-гадовы юбілей. Пахаваная побач з бацькам на браціслаўскіх могілках Славічча ўдальле.
Людмілай Краскоўскай было праведзена больш як 50 археалягічных раскопак. Аўтарка 4 кніг па археалёгіі на славацкай і ангельскай мовах, напісала каля 270 артыкулаў па археалёгіі, нумізматыцы. Брала ўдзел у навуковых канфэрэнцыях, зьездах у Польшчы, Вугоршчыне, Нямеччыне, Югаславіі, Аўстрыі, Баўгарыі, Румыніі, СССР.
У 1920—1930–х гадах Л. Краскоўская падтрымлівала шчыльныя сувязі з прадстаўнікамі розных пакаленьняў дзеячаў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія пры сваім непасрэдным удзеле, ці апасродкавана вызначалі (ці сьведчылі) беларускі палітычны спэктар, былі ў авангардзе беларускага культурна–асьветніцкага руху ў тагачаснай Празе. Л. Краскоўская была вельмі дасьведчанай у пытаньнях беларускай грамадзка–палітычнай, культурнай чыннасьці ў Чэхаславаччыне міжваеннага пэрыяду (1920—1938 гг.).
У асабістым архіве шмат дзесяцігодзьдзяў захоўвала дакумэнты гэтага часу, у тым ліку ліставаньне з У. Пігулеўскім, Я. Варонкам, Ю. Дрэйзіным, кнігі з дарчымі надпісамі.
Была непасрэдна знаёмая з У. Жылкам. Амаль 45 год вяла ліставаньне з У. Калесьнікам, які займаўся зборам, асэнсаваньнем і выданьнем творчай спадчыны У. Жылкі.
Напісала ўспаміны пра У. Жылку, Віленскую і Дзьвінскую гімназіі, а таксама пра свайго бацьку.
Сярод яе знаёмых і сяброў былі таксама выбітныя прадстаўнікі ўкраінскай нацыянальнай дыяспары. Адным зь іх быў Мікола Біцінскі (псэўданім Микола Оверкович) — пісьменьнік, мастак, геральдыст (дарэчы, аўтар праекту надмагільнага помніка П. Крэчэўскаму). У Славацкім нацыянальным музэі захаваўся віншавальны адрас з нагоды абароны дысэртацыі Л. Краскоўскай у Карлавым унівэрсытэце (1930). Віншавальны адрас напісаны вершам і па–мастацку аформлены, тэкст пададзены ў каліграфічным выкананьні.
У 1999 годзе ў г. Прэшаў (Славаччына) выйшла кніга па-ўкраінску Людмілы Краскоўскай «З давніх часів».
Яе называлі «Нестаркай славацкай археалёгіі і нумізматыкі», украінскай патрыёткай. Але яна не забыла родную беларускую мову і толькі прасіла «скантраляваць» яе допісы: «…я пішу яшчэ па М. Гарэцкаму».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Людміла Краскоўская, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.