Міко́ла Гусо́ўскі (па-лацінску: Nicolaus Hussovianus, па-польску: Mikołaj Hussowczyk; прыкладна 1470 — прыкладна пасьля 1533) — паэт Вялікага Княства Літоўскага; у сучасным літаратуразнаўстве — беларускі і польскі паэт-гуманіст і асьветнік эпохі Адраджэньня, прадстаўнік новалацінскай усходнеэўрапейскай школы паэзіі.
Мікола Гусоўскі | |
Nicolaus Hussovianus | |
Мікола Гусоўскі (меркаваны партрэт). Марка Белпошты (1996) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1470 |
Памёр | 1533 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэзія |
Кірунак | новалацінізм |
Жанр | паэма, верш |
Мова | лацінская мова |
Значныя творы | «Песьня пра зубра» |
Нарадзіўся верагодна ў вёсцы Уса (Усава) цэнтральнай Беларусі, дакладнае месцазнаходжаньне якой дагэтуль нявысьветленае за нястачаю дакумэнтальных крыніцаў. Паходзіў зь сям’і паляўнічага.
Авалодаў пісьмом у катэдральнай або царкоўна-прыходзкай школе. Працягваў навучаньне ва ўнівэрсытэтах Балёньні, Вільні, Кракава.
Быў у складзе пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з Эразмам Вітэліюсам у Рым. На замову Папы Рымскага Льва Х напісаў паэму: «Песьня пра зубра». Арыгінальная назва: «Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis» («Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра і паляваньне на яго»). Калі паэт заканчваў пісаць паэму, чума прыйшла на Апэнінскі паўвостраў. Уражаны трагічнымі падзеямі, Гусоўскі стварае верш-малітву «Да сьвятога Сэбастыяна». Памерлі і папа Леў X і біскуп Вітэліюс. Без апекуноў ён ня змог надрукаваць свой твор у Рыме, але толькі ў 1523 годзе ў Кракаве, пры дапамозе вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорца, ён змог надрукаваць свой верш-малітву.
Беларуская дасьледніца Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што адшукала ў першым выданьні паэмы аўтэнтычную выяву, на якой адлюстраваны Мікола Гусоўскі. Аднак М. Касьцюковіч зьвяртае ўвагу, што тая ж выява зьмешчаная ў мностве іншых выданьняў Віетора, прычым кніга Гусоўскага сярод іх — ня першая храналягічна; выглядае, такім чынам, што гэта проста марка друкара, натхнёная, гледзячы па ўсім, пэрсанальнай эмблемай Эразма Ратэрдамскага.
На беларускай мове існуе тры пераклады «Песьні пра зубра», якія належаць пяру Язэпа Семяжона, Уладзімера Шатона і Натальлі Арсеньневай. Акрамя беларускай яна перакладзеная на польскую, летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы.
Імем Міколы Гусоўскага названа вуліца ў Менску (53°54′13.13″ пн. ш. 27°30′50.05″ у. д. / 53.9036472° пн. ш. 27.5139028° у. д.).
У 1980 годзе ЮНЭСКО з нагоды 500-годзьдзя паэта ўключыла імя Міколы Гусоўскага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячоў сусьветнае культуры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мікола Гусоўскі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.