Во́льга Кача́н (па-ўкраінску: Ольга Качан, па-ангельску: Olga Katchan, дзяв.
Сьвідэрская; 23 ліпеня, 1928, Пачаеў, Валынь, Украіна — 23 студзеня, 2023, Пэрт, Аўстралія) — украінская і беларуская грамадзкая дзяячка дыяспары ў Аўстраліі, аўстралійская псыхалягіня, псыхалінгвістка, выкладніца Сыднэйскага ўнівэрсытэту.
Вольга Качан | |
укр. Ольга Качан | |
Імя пры нараджэньні | Вольга Сьвідэрская |
---|---|
Род дзейнасьці | грамадзкая дзяячка, псыхалягіня |
Дата нараджэньня | 23 ліпеня 1928 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 23 студзеня 2023 (94 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | грамадзкая дзяячка, псыхоляг |
Навуковая сфэра | псыхалёгія, псыхалінгвістыка |
Месца працы | |
Муж | Аркадзь Качан |
Вольга нарадзілася на Валыні ва ўкраінскай сям’і. Навучалася ў Варшаве, потым у Чэхаславаччыне. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1950-м перабралася ў Аўстралію, дзе пабралася шлюбам зь беларусам Аркадзем Качаном (1921—1982), вядомым грамадзкім і вайсковым дзеячом беларусаў Аўстраліі.
Мела выдатныя моўныя здольнасьці: яшчэ ў вайну працавала перакладніцай ва ўстановах ЮНРРА (Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па дапамозе і аднаўленьні) і ІРО (міжнародная арганізацыя справаў уцекачоў) у Нямеччыне.
У 1966 годзе скончыла Сыднэйскі ўнівэрсытэт (атрымала дыплём бакаляўркі псыхалёгіі з адзнакай першай ступені), а ў 1972 годзе атрымала ступень магістаркі. У 1966 годзе яна пачала працаваць выкладніцай псыхалёгіі, а ў 1988 годзе стала старэйшай выкладніцай катэдры псыхалёгіі ў Сыднэйскім унівэрсытэце ў Аўстраліі.
У траўні 2019 году Вольга Качан была ўзнагароджаная Падзячнай граматай імя Джэйн Арно за ейны ўнёсак у паляпшэньне становішча жанчынаў і служэньне грамадзтву.
Жыла на пэнсіі ў Сыднэі да 2021 году. У 2021 годзе перабралася да сына Джорджа ў Пэрт, дзе памерла ў 2023 годзе. Пахаваная ў Сыднэі.
Вольга Качан зьяўлялася актыўнай дзяячкай украінскай і беларускай грамадаў Аўстраліі.
Выкладала ў Сыднэйскім унівэрсытэце. Займалася псыхалінгвістыкай, мела акадэмічныя публікацыі на тэму псыхалягічных асноваў, аспэктаў білінгвізму. Асаблівую ўвагу прыцягнуў у 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя ейны тэкст «Early Bilingualism: Friend or Foe?» («Раньні білінгвізм: сябар ці вораг?»).
Праз першага беларускага мужа Аркадзя Качана Вольга далучылася і да беларускай справы.
Ліставалася на выдатнай беларускай мове з лёнданскай Скарынаўкай, галоўным чынам з айцом Аляксандрам Надсанам. У Скарынаўцы захоўваюцца як уласна лісты Вольгі Качан, так і супольныя з мужам лісты. Словам і грашыма падтрымлівала беларускую справу: ахвяравала на Скарынаўку і на беларускія газэты Аўстраліі.
Пасьля сьмерці мужа ў 1982 годзе падтрымлівала сувязі з Скарынаўкай, Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва. Пісала пра беларусаў Аўстраліі па-ангельску, напрыклад, у 1988 годзе ў энцыкляпэдыі «The Australian People: an Encyclopedia of the Nation, its People and their Origins» («Аўстралійскі народ: энцыкляпэдыя нацыі, ейных людзей і іх паходжаньня»).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Вольга Качан, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.