Алякса́ндар На́дсан (сапраўднае — Аляксандар Бочка; 8 жніўня 1926, Гарадзея, цяпер Беларусь — 15 красавіка 2015, Лёндан, Вялікабрытанія) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, перакладнік літургічных тэкстаў на беларускую мову, навуковец, царкоўны публіцыст і гісторык, выдавец, беларускі грамадзка-культурны дзеяч у Вялікабрытаніі.
Аляксандар Надсан | |
Набажэнства ў Беларускай каталіцкай місіі (Лёндан, Ангельшчына; 2009 г.) | |
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Антонавіч Бочка |
---|---|
Род дзейнасьці | Сьвятар БГКЦ, перакладнік, навуковец, публіцыст, выдавец |
Дата нараджэньня | 8 жніўня 1926 |
Месца нараджэньня | мястэчка Гарадзея, Нясьвіскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польшча |
Дата сьмерці | 15 красавіка 2015 (88 гадоў) |
Месца сьмерці | Лёндан, Вялікабрытанія |
Месца пахаваньня | Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата |
Месца вучобы |
|
Занятак | апостальскі візытатар, гісторык |
Бацька | Антон Бочка |
Сайт | www.chasaslovec.info |
Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альбэртыне, менскую афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. У 1944 годзе пакінуў Беларусь, партызаніў у Францыі, дзе далучыўся да Руху супраціўленьня. Потым уступіў у войска генэрала Андэрса, служыў у 2-м Польскім корпусе, ваяваў у Паўночнай Італіі, дзе быў паранены.
З 1946 жыў у Вялікабрытаніі. У 1953 скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі (старшыня ў 1951—1953). Рэдактар часопісаў «Беларус на чужыне» й «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства Рунь і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай каталіцкай місіяй у Вялікай Брытаніі — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе.
Ад восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высьвечаны на сьвятара 23 лістапада 1958. У ліпені 1959 вярнуўся ў Лёндан, дзе зноў далучыўся да дзейнасьці сярод беларускае эміграцыі. З 1966 кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі. З 1971 — дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Ад 1981 кіраўнік Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі, ад 1986 Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. Старшыня дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі.
Ганаровы доктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільня).
З восені 2014 году цяжка хварэў. Памёр у выніку разьвіцьця хваробы нырак 15 красавіка 2015 году ў Лёндане. Пахаваны на Лёнданскіх могілках Сьвятога Панкрата.
Быў шырока вядомы як беларусазнаўца і папулярызатар беларусазнаўства на Захадзе, аўтар 20-ці кнігаў, каля 200 артыкулаў, 37 перакладаў літургічных тэкстаў і шматлікіх прамоваў. Вёў актыўную перапіску з многімі славістамі і беларусістамі свайго часу.
Як мінімум два дзесяцігодзьдзі ён быў адзіным чалавекам, хто штодня літургічна маліўся за Беларусь і па-беларуску.[Крыніца?]
На працягу гадоў айцец Аляксандар Надсан працаваў над перакладамі бізантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову — праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі і якая ўяўляецца непад’ёмнаю для аднаго чалавека. Айцец Надсан пераклаў частку велізарнага корпусу тэкстаў літургічнае традыцыі Ўсходняга Хрысьціянства, сам склаў службы некаторым беларускім сьвятым і на вялікія беларускія сьвяты ды іншыя нагоды (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьвятых Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага ды іншыя).[Крыніца?]
Малітоўнік «Госпаду памолімся», выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускае грэка-каталіцкае царквы.[Крыніца?]
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Аляксандар Надсан, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.