Татарская Слабада, Татарскае прадмесьце, таксама Татарскія Агароды — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-заходняй частцы места.
На захад ад Татарскай Слабады пачынаюцца Тучынка і Кальварыя, на поўнач — Міхалянка, Людамонт і Старосьцінская Слабада, на ўсход — Траецкае прадмесьце, на поўдзень — Ракаўскае прадмесьце.
Паводле археалягічных раскопак (праводзіліся з 1945 року), у час якіх выяўленыя рэшткі жытла, розныя вырабы, што сьведчаць пра разьмяшчэньне на гэтым месцы ў XII—XIII стагодзьдзяў прымескага паселішча. Назва мясцовасьці ўзьнікла ў зьвязку з пасяленьнем тут у пачатку XVI ст. узятых у палон крымскіх татараў, якія ўдзельнічалі ў набегах на беларускія землі і былі разьбітыя пад Клецкам у 1506 року (існуе меркаваньне, што масавае пасяленьне палонных татараў у Менску ўзьнікла значна раней, яшчэ за часамі вялікага князя Вітаўта). Да XVI ст. гэтая частка места называлася Пятніцкім канцом.
У пачатку XX ст. Татарская Слабада ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку места. Прадмесьце было тыповай менскай ускраінай, забудаванай пераважна драўлянымі дамамі. Праз раён праходзілі Ўваскрасенская (цяпер Вызваленьня), Вялікая Татарская (Дзімітрава), Глухая (частка вул. Мельнікайтэ каля праспэкта Пераможцаў), Татарска-Людамонцкая (пазьней Малататарская, цяпер на яе месцы праспэкт Пераможцаў ад Палаца спорту да праспэкта Машэрава), Заслаўская, Падзамкавая на балоце, Навазамкавая, Замячэтная, Новататарская, Новасяргееўская, Навакрасная вуліцы, Людамонцкі і Глухоўскі завулкі. Тэрыторыю балоцістай нізіны паміж слабадой і Сьвіслаччу займалі агароды, зь якіх садавіна і гародніна паступала на мескія рынкі. Гэтая мясцовасьць называлася Татарскімі агародамі.
У 1901 року менскія татары збудавалі мураваны мячэт (не захаваўся, зруйнаваны ў 1962 року). У 1959 року на тэрыторыі прадмесьця збудавалі спартовы комплекс таварыства «Працоўныя рэзэрвы». У 1965 року адкрыўся Палац спорту. У 1969 року на месцы зруйнаванага мячэту збудавалі гасьцініцу «Юбілейную».
У наш час назва прадмесьця ніяк не адзнаецца на мапе Менску. З 1997 року ў месьце існуе Татарская вуліца (колішняя Вялейская), а з 2009 року — Татарскі сквэр, якія геаграфічна знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнай Міхалянкі.
Татарская Слабада — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Татарская Слабада, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.