Ракаўскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху.
Тут знаходзіліся ўніяцкая царква, кармеліцкі кляштар з касьцёлам Сьвятой Марыі Магдалены, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. У час нацысцкай акупацыі частка раёну ўваходзіла ў склад жыдоўскага гета.
На захад ад Ракаўскага прадмесьця пачынаецца Раманаўская Слабада, на поўнач — Татарская Слабада (Пятніцкае прадмесьце), на ўсход — менскае Замчышча, на поўдзень — цэнтральны Нізкі Рынак.
Ракаўскае прадмесьце — адзін з найстарэйшых раёнаў Менску, які пачаў засяляцца ў XI ст. як гандлёва-рамесьніцкі пасад старажытнага места Полацкага княства. Паводле сьведчаньняў падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Ракаўскае прадмесьце разам зь Нізкім Рынкам, Траецкая гарой і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага Старога Места.
У выніку раскопак археолягі выявілі старажытнае прадмесьце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызваленьня. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVI—XIX стагодзьдзямі і прадметамі матэрыяльнай культуры, дасьледаваў у 1976, 1979 і 1980 роках Валянтын Собаль. Найбольшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліцаў Віцебскай, Ракаўскай і Вызваленьня таўшчыня пласта складае 0,5—2 м. Тэрыторыю Ракаўскага прадмесьця, паводле археалягічных дасьледаваньняў, засялілі ў XV ст. Сярод знаходак ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная расьлінавымі і геамэтрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласьціне кафлі, побытавая кераміка XV—XVIII стагодзьдзяў. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобнай размалёўкай пад празрыстую зялёную паліву, абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манэты Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі.
У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесьце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку места. Праз прамесьце праходзілі Ракаўская, Нямга, Няміска-Ракаўская (цяпер Віцебская), Уваскрасенская (Вызваленьня).
У 1968—1973 рокі савецкія ўлады зьнесьлі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесьця ў зьвязку з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не далучаліся беспасярэдне да вуліцы Нямігі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Замкавая вуліца | Замкавая вуліца | |
Віцебская вуліца | Новаракаўская вуліца Няміска-Ракаўская вуліца Няміскі завулак | |
Вызваленьня вуліца | Уваскрасенская вуліца Татарская вуліца Уваскрасенскі завулак Вялікая Татарская вуліца | |
Кальварыйская вуліца | Кальварыйская вуліца Кальварыйска-Ракаўская вуліца Кальварыйскі тракт | |
Максіма Танка вуліца | Новая вуліца Навакрасная вуліца | Танкавая вуліца (1928—1998) |
Мельнікайце вуліца | Высокая вуліца Глухоўская вуліца (частка) Людамонцкі завулак (частка) Глухая вуліца Татарская Глухая вуліца Ратамская вуліца (да 1976) | |
Няміга вуліца | Няміга вуліца Няміская вуліца Няміска-Школьная вуліца (частка) Няміска-Раманаўская вуліца (частка) | Кацярынінская вуліца (частка, 1866—1926) Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 1926—1940-я) |
Ракаўская вуліца | Ракаўская вуліца Юраўская вуліца (частка) Новафранцішканская вуліца (частка) | Астроўскага вуліца (1937—1993) |
Шпалерная вуліца | Уваскрасенская вуліца Уваскрасенскі завулак | Вызваленьня вуліца |
Юбілейны пляц | Юбілейны пляц | 25 кастрычніка плошча |
Юраўска-Завальная вуліца | Юраўска-Завальная вуліца Завальная вуліца | |
Не існуе | Няміска-Ракаўская вуліца |
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Е000001 |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ракаўскае прадмесьце, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.