Сарацы́ны альбо Сарацэны — нэгатыўная назва мусульманаў у сярэднявечных заходнеэўрапейскіх крыніцах.
Аміян Марцэлін, рымскі гісторык грэцкага паходжаньня (IV стагодзьдзе), згадваў сарацынаў як адно з арабскіх плямёнаў на паўночным захадзе Арабійскай пустыні. Паступова тэрмін «сарацыны» пачалі ўжываць у заходняй літаратуры для абазначэньня спачатку ўсіх арабаў, потым мусульманаў увогуле, а часам у шырокім сэньсе ўсіх некаталікоў. Тэрмін быў вядомы і на Русі («Моамеда, жреца срачиньского» згадваў каля 1107 году чарнігаўскі ігумен Данііл), ён набыў шырокае распаўсюджаньне ў сувязі з крыжовымі паходамі. З канца XII стагодзьдзя яго этымалёгію зьвязвалі зь іменем курдзкага палкаводца, султана Эгіпту Саладзіна (Салах-ад-Дзіна), які ў 1187—1192 гадах узначальваў супраціўленьне мусульманскіх дзяржаваў Блізкага Ўсходу крыжакам.
У экзальтаванай сьвядомасьці заходнеэўрапейскага духавенства й рыцарства, якія лічылі каталіцкую Заходнюю Эўропу акружанай адзіным фронтам нехрысьціянскіх дзяржаваў — ад мусульманскай Гішпаніі і Блізкага Ўсходу да Літвы і Русі, так як «сарацынскай» дзяржавай уяўлялася і ВКЛ. Такія аблуды ўмела падтрымліваліся крыжацкай прапагандай для абгрунтаваньня «маральнага права» на агрэсію супраць ВКЛ, асабліва ў канцы XIV стагодзьдзя, калі пасьля разгрому Тахтамыша Цімурам (Тамэрланам) тут знайшла прытулак значная частка татараў. Храніст і паэт, ідэоляг францускага рыцарства Жан Фруасар, апісваючы падрыхтоўку да крыжовага паходу супраць турэцкага султана Баязіда, які скончыўся трагічным паражэньнем хрысьціянскай арміі пад Нікапалем у 1396 годзе, пісаў, што «Баязід і Каліф паслалі да некалькіх сарацынскіх каралёў — у Пэрсію, Мідзію, Татарыю і нават у Літву на мяжы з Прусіяй». Ангельскі храніст канца XIV стагодзьдзя, манах абацтва Сэнт-Олбанс Томас Ўолсінгэм таксама лічыў «караля Літвы» Вітаўта «сарацынскім уладыкам» накшталт султанаў «Бабілёніі», Турцыі і татарскіх ханаў: «Гэты кароль Літвы павярнуўся ў веру хрысьціянскую з нагоды шчасьлівай перамогі, дараванай яму небам, разам з 60 тыс. людзей сваёй сэкты, якія ў знак веры накладаюць на зброю белы плашч і прышываюць на тых шатах крыж чырвонага колеру». У сьвядомасьці Ўолсінгэма вычварна спляліся самыя розныя падзеі: хрышчэньне Літвы ў 1387 годзе, разгром Баязіда Тамэрланам у 1402 годзе і бітва на Ворскле 1399 году. Пасьля Вялікай вайны 1409—1411 гадоў частата сустракаемасьці тэрміну «сарацыны» ў дачыненьні да Літвы рэзка скарачаецца, але яшчэ ў 1420-х гадах, калі Вітаўта абвінавачвалі ў патаемным супрацоўніцтве з асманамі, баварскі храніст Ульрых фон Рыхенталь называў Вітаўта «herczog zu Sarasio».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сарацыны, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.