2023 Храналогія Суданскага Канфлікту

У красавіку 2023 года пачалося ўзброенае супрацьстаянне на тэрыторыі Судана паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП), якая сыходзіць сваімі каранямі да апалчэння Джанджавід.

Баявыя дзеянні спачатку ахапілі сталіцу, а хутка і розныя іншыя часткі краіны. Сам канфлікт стаў следствам барацьбы за ўладу паміж Абдэлем аль-Бурханам і Махамедам Дагала, а таксама няўдалай спробы інтэграцыі САП у шэрагі арміі.

Храналогія

Красавік

  • 15 красавіка — сутыкненні ахапілі Хартум (раёны Джабра, Кафуры і Шамбат), Амдурман, Эль-Генейну, Залінгею, Эль-Фашыр, Мерове, Аль-Абейд і Порт-Судан. Мяцежнікі захапілі шэраг важных аб’ектаў. Праз некалькі гадзін пасля пачатку сутыкненняў былі аддадзены загады аб эвакуацыі грамадзянскіх асоб, палітыкаў і супрацоўнікаў пасольстваў. Тэлекамунікацыйны правайдэр MTN адключыў інтэрнэт-паслугі па ўсёй краіне па загадзе суданскага рэгулятара тэлекамунікацый, а тэлеканал Sudan TB цалкам спыніў сваё вяшчанне.
  • 16 красавіка — УСС адбілі ваенны лагер Мерове і бліжэйшую паветраную гавань. У Ньяле САП узялі пад свой кантроль базу 16-й пяхотнай дывізіі і мясцовы аэрапорт. У Кабкабіі трое супрацоўнікаў Сусветнай харчовай праграмы былі забіты ў выніку перастрэлкі на ваеннай базе. Бакі, паводле прапановы ААН, дамовіліся прыпыніць баявыя дзеянні з 16:00 да 19:00 па мясцовым часе штодня для бяспечнага праходу ў выпадку неадкладных гуманітарных сітуацый.
  • 17 красавіка — атрады САП уварваліся ў амдурманскія раёны Бейт Аль-Маль і Шарыя аз-Заім аль-Азхары; у Твітэры Дагала заклікаў міжнародную супольнасць умяшацца ў канфлікт, сцвярджаючы, што яго войскі змагаюцца супраць «радыкальных ісламістаў».
  • 18 красавіка — генерал Дагала заявіў, што яго ваенізаваныя фармаванні пагадзіліся на аднадзённае перамір’е, каб забяспечыць бяспечны праход грамадзянскіх асоб, у тым ліку параненых. Рашэнне было прынята пасля размовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. УСС таксама пагадзіліся на 24-гадзіннае спыненне агню, якое пачалося ў 18:00 па мясцовым часе.
  • 19 красавіка — УСС аднавілі поўны кантроль над аэрапортам Мерове; пачалася эвакуацыя замежных грамадзян. Першай краінай, якая вывезла сваіх суайчыннікаў (60 чалавек) з Судана, стала Японія; байцы Бурхана абвінавацілі праціўніка ў нападах на мірных жыхароў у Хартуме і іншых частках краіны, здзяйсненні актаў рабаванняў і падпалаў на рынку ў Хартум-Бахры, а таксама ў рабаваннях і нападах на людзей у Мерове.
  • 20 красавіка — у бок Хартума накірваліся падмацаванні для войск САП, але сухапутныя часці УСС разам з авіяцыяй прыпынілі прасоўванне праціўніка. Прыхільнікі Дагала пасля цяжкіх баёў усталявалі кантроль над горадам Ньяла. Паведамлялася аб выбухах у Эль-Абейдзе, сталіцы штата Паўночны Кардафан; у Эль-Фашыры здзейснены напад на аўтамабіль, у якім знаходзіліся супрацоўнікі Нарвежскага савета па справах бежанцаў, пацярпелых няма.
  • 21 красавіка — абвешчана трохдзённае перамір’е. Мерове цалкам перайшоў да войск Бурхана.
  • 22 красавіка — у Хартуме сутычкі перакінуліся з цэнтра сталіцы на раёны Хілат-Хамад, Хаджалы і Аркавіт. Працягваўся вываз замежнікаў: дапамогу ў эвакуацыі аказалі войскі УСС. Па паветры «гарачую кропку» пакінулі брытанцы, амерыканцы, французы і кітайцы. Саудзіты арганізавалі вываз суайчыннікаў праз аэрапорт у г. Порт-Судан. Яны таксама дапамаглі з вывазам грамадзян іншых краін. Так, праз марскую гавань у Джыду на саудаўскіх караблях праведзена эвакуацыя 150 чалавек.
  • 23 красавіка — паведамлялася амаль аб поўным адключэнні Інтэрнэту. Байцы САП заявілі, што яны захапілі прадпрыемства ВПК у раёне Масудыя на паўднёвым усходзе Хартума. У Амдурмане пад авіяналёт трапіла калона з французскімі грамадзянамі. Улады ФРГ пачынаюць аперацыю «Raus aus Khartum» па эвакуацыі суайчыннікаў з Судана. Пры садзейнічанні амерыканскіх вайскоўцаў (6 верталётаў Boeing CH-47 Chinook  (англ.), атрад «марскіх коцікаў» і спецпрызн сухапутных сіл) з пасольства ЗША вывезены 100 дыпламатаў і грамадзян краіны. Аперацыя была ўзгоднена з кіраўніцтвам САП. Урад Вялікабрытаніі таксама эвакуіраваў свой дыпламатычны персанал, а ўлады Ірландыі накіравалі самалёт з вайскоўцамі ў суправаджэнні для 150 суайчыннікаў. Пазней у той жа дзень Міністэрства замежных спраў Францыі абвясціла, што яму ўдалося эвакуіраваць каля 100 чалавек розных нацыянальнасцяў з Судана па паветры. Аналагічныя мерапрыемствы па дапамозе ў вывазе грамадзян іншых краін правялі Італія, Іспанія і Іарданія. Замежнікаў яны пакінулі ў Джыбуці. Турцыя арганізавала вываз сваіх грамадзян на аўтобусах праз Вад-Медані. Сухапутным шляхам выратаваліся таксама 436 егіпцян.
  • 24 красавіка — бакі дамовіліся аб спыненні агню на 72 гадзіны. Перамір’е павінна было пачацца з паўночы. Самалётамі эвакуяваны 77 грамадзян і дыпламатаў ПАР (пры падтрымцы паўднёваафрыканскіх і суданскіх вайскоўцаў). Таксама 52 жыхара Лівана былі вывезены ваеннымі караблямі Саудаўскай Аравіі ў Джыду. Паўднёвая Карэя ваенным транспартнікам вывезла 28 сваіх грамадзян разам з нявызначанай колькасцю грамадзян Японіі. Індыя для выратавання суайчыннікаў разгарнула аперацыю пад кодавай назвай «Kaveri», накіраваўшы для эвакуацыі два самалёты і карабель.
  • 25 красавіка — аднавіліся баі за Эль-Генейну. Урадавыя сілы захапілі горад Вад-Банда ў штаце Заходні Кардафан. Для падтрымкі эвакуацыі карабель ВМС Індыі INS Teg прыбыў у Порт-Судан. Самалёт C-130 ВПС Вялікабрытаніі здзейсніў першы рэйс па эвакуацыі брытанскіх грамадзян з Судана.
  • 26 красавіка — прыхільнікі Дагала заявілі, што захапілі нафтаперапрацоўчы завод і электрастанцыю ў Гарыры. Паведамлялася аб новых баях у Заходнім Кардафане. У штаце Блакітны Ніл фіксаваліся міжабшчынныя сутыкненні. Міністэрства замежных спраў Шры-Ланкі абвясціла аб выратаванні першай групы грамадзян. У вывазе дапамогу аказалі Узброеныя Сілы Саудаўскай Аравіі.
  • 27 красавіка — урадавыя сілы нанеслі авіяўдары па пазіцыях праціўніка вакол прэзідэнцкага палаца і ў Хартум-Бахры. З Судана вывезлі 180 грамадзян Канады (пакінулі краіну на канадскім ваенна-транспартным самалёце C-130) і 1300 грамадзян КНР (эвакуяваны на судне кітайскіх ВМС з Порт-Судана).
  • 28 красавіка — як паведамілі байцы Дагала, яны захапілі аператыўную базу Хатаб, знішчыўшы пры гэтым 3 танкі і 9 машын. У Дарфуры адбыліся сутычкі паміж арабамі і масалітамі. Ваенныя транспартнікі вывезлі 75 грамадзян Нарвегіі. Таксама стала вядома, што шэсць грамадзян Беларусі, якія працавалі на суданскія кампаніі па прыватных кантрактах, выехалі праз сухапутную мяжу з Егіптам. На авіябазе Вадзі-Саідна абстраляны турэцкі эвакуацыйны самалёт.
  • 29 красавіка — на саудаўскіх караблях Судан пакінулі 40 расіян.
  • 30 красавіка — прыхільнікі Дагала нанеслі авіяўдар па Цэнтральным банку Судана  (ар.). УСС абвясцілі буйную аперацыю ў сталіцы з удзелам авіяцыі і цяжкай артылерыі. Варагуючыя сілы абвясцілі аб падаўжэнні рэжыму спынення агню яшчэ на 72 гадзіны.

Май

  • 1 мая — прадстаўнікі арміі генерала Бурхана паведамілі, што адбілі шэраг удараў праціўніка ў розных частках краіны, у тым ліку наступленні з заходніх рэгіёнаў, уздоўж паўночна-заходняй мяжы і з Эль-Багіра ў Джэбель-Аўлію. Адбыліся сутыкненні ў прыгарадзе Хартума Аль-Джэрыф.
  • 2 мая — стала вядома, што самалётам з краіны вывезлі 36 грамадзян Аўстраліі. Сілы аператыўнай падтрымкі ў другі раз аднавілі кантроль над горадам Эль-Генейна, а таксама вярнулі частку зямель, якія яны раней страцілі.
  • 3 мая — сілы Дагала заявілі, што над Хартумам збілі варожы МіГ. У ходзе сутыкненняў загінула Азія Абдэль Маджыд, першая суданская актрыса тэатра. У Дарфуры разрабаваны шэсць грузавікоў Сусветнай харчовай праграмы.
  • 4 мая — пачало дзейнічаць чарговае перамір’е тэрмінам на тыдзень. Працягваліся баі ў Хартуме і Амдурмане.
  • 6 мая — бакі сустрэліся на перамовах у саудаўскай Джыдзе. Турэцкі ўрад, пасля абстрэлу машыны сваяго пасла, абвясціў, што дыпмісія краіны ў Хартуме будзе перанесена ў Порт-Судан.
  • 7 мая — стала вядома аб прымусовай рэпатрыяцыі эрытрэйскіх бежанцаў.
  • 8 мая — на фоне канфлікту паведамлялася, што краіну захліснула ўспышка туберкулёзу. Зафіксаваны баі ў Хартум-Бахры ў раёне Шамабат, дзе размешчана армейская база.
  • 9 мая — паўстанцы абвінавацілі авіяцыю праціўніка ў разбурэнні Старага Рэспубліканскага палаца. Байцы Бурхана адмаўлялі гэта.
  • 10 мая — жыхары Амдурмана заявілі, што ў грабніцу Махдзі трапілі снарады, а на лівійскім базары адбыліся масавыя рабаванні.
  • 11 маяСавет ААН па правах чалавека прыняў дакумент, накіраваны на ўзмацненне маніторынгу парушэнняў падчас канфлікту ў Судане, нягледзячы на супраціў суданскага ўрада. Ён таксама заклікаў пакласці канец гвалту і пашырыць мандат эксперта ААН па Судану, уключыўшы ў яго маніторынг злоўжыванняў, «якія вынікаюць непасрэдна з бягучага канфлікту». 18 членаў прагаласавалі за рэзалюцыю, 15 прагаласавалі супраць і 14 устрымаліся. У ЮНІСЕФ паведамілі, што ў Хартуме згарэла фабрыка па вытворчасці прадуктаў харчавання для недаядаючых дзяцей. Падчас перамоваў у Джыдзе варагуючыя фракцыі падпісалі пагадненне, якое дазваляла бяспечны праход людзям з зоны баявых дзеянняў. Аднак дамоўленасці аб перамір’і не было.
  • 12 мая — у Эль-Генейне зноў успыхнулі баі, у выніку якіх загінула 77 чалавек. Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Судана працягнула закрыццё паветранай прасторы краіны для ўсіх рэйсаў да 31-га чысла, акрамя гуманітарных і эвакуацыйных.
  • 13 мая — бакі абмяняліся абвінавачваннямі ў нападзе на царкву ў Амдурмане, у выніку якога пацярпелі пяць чалавек, уключаючы святара.
  • 14 мая — Бурхан загадаў замарозіць банкаўскія рахункі САП. Улады Емена эвакуіравалі 392 суайчыннікаў. Двума рэйсамі вывезены 197 грамадзян у партовы горад Адэн, а астатнія 195 чалавек — у кантраляваную хусітамі сталіцу Сану. Суданскае тэлебачанне аднавіла спадарожнікавае вяшчанне пасля тыднёвага перапынку.
  • 15 мая — шпіталь Шарк-эль-Ніл у Хартуме пацярпеў ад авіяўдару. Пасольства Самалі было разрабавана баевікамі Дагала.
  • 17 мая — паведамлялася аб сутчках у генейнскіх раёнах Эль-Бухейра, Эль-Савра, Эль-Тадамон, Эль-Маджліс і Эль-Мадарыс.
  • 20 мая — адбыліся сутыкненні каля галоўнага рынку Ньялы, недалёка ад штаба арміі. Пасольства Катара ў Хартуме было разрабавана. У Джыдзе фракцыі канфлікту дамовіліся аб тыднёвым спыненні агню, пачынаючы з 21:45.
  • 21 мая — у сталіцы байцы Дагала распачалі рух да галоўнай авіябазы праціўніка ў Вадзі-Саідна, на поўнач ад горада. Атрады САП прыкладна на 20 грузавіках спрабавалі перасекчы мост праз Ніл, каб дабрацца да паветранай гавані, але былі сустрэты цяжкай артылерыяй арміі Бурхана. Паведамлялася таксама аб авіяўдарах у Амдурмане.
  • 22 мая — паведамлялася аб баях вакол ваеннага шпіталя Алія ў Амдурмане і на поўдзень ад горада, недалёка ад мяжы са штатам Белы Ніл, вакол невялікага аэрапорта.
  • 24 мая — байцы Дагала заявілі аб крушэнні самалёта праціўніка ў Амдурмане. Да барацьбы за горад Эль-Генейна далучыўся апазіцыйны «Рух за справядлівасць і роўнасць».
  • 26 мая — міністэрства абароны абвясціла мабілізацыю адстаўных вайскоўцаў.
  • 27 мая — у Хартуме пры паветраных бамбардзіроўках авіяцыі САП загінулі 2 чалавекі.
  • 29 мая — перамір’е падоўжана да 3 чэрвеня.
  • 31 мая — прадстаўнікі суданскай арміі прыпынілі свой удзел у перамовах у Джыдзе. Напярэдадні, як яны заявілі, праціўнік парушыў дамоўленасці і нанёс серыю артылерыйскіх і паветраных удараў. Саюз суданскіх лекараў заявіў, што па меншай меры 18 чалавек загінулі і больш за 100 атрымалі раненні ў выніку ракетнага абстрэлу рынку на поўдзень ад Хартума.

Чэрвень

  • 1 чэрвеня — Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да чатырох фірмаў: двух, звязаных з Дагала, і двух, звязаных з Бурханам. Як паведамілі ў Белым доме, гэта стала адказам на шматлікія парушэнні рэжыму спынення агню і напады на мірных жыхароў.
  • 2 чэрвеня — паведамлялася аб артылерыйскім абстрэле вакол офіса суданскага тэлебачання ў Амдурмане. САП абвясцілі, што перакінулі падмацаванне ў Хартум.
  • 3 чэрвеня — у Кутуме (Паўночны Дарфур) за два дні баёў загінулі 40 чалавек.
  • 4 чэрвеня — паўстанцы паведамілі, што збілі над сталіцай знішчальнік праціўніка, але ўрадавыя сілы адмаўлялі гэты факт. Паводле УСС, самалёт разбіўся ля базы Вадзі-Саідна з-за тэхнічнай няспраўнасці. 10 студэнтаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга загінулі ў выніку ўдару ўрадавай авіяцыі па Міжнародным афрыканскім універсітэце ў Хартуме.
  • 6 чэрвеня — паведамлялася, што падчас баёў у Генейне паўстанцы нанеслі буйнамаштабныя разбурэнні гораду, у выніку чаго загінула не менш за 500 чалавек (па даных Médecins Sans Frontières).
  • 7 чэрвеня — бакі аднавілі перамоўны працэс. Падчас баёў загарэўся склад гаручага, размешчаны недалёка ад армейскай базы і прадпрыемствы па вытворчасці зброі ў раёне Ярмук у Хартуме. Апалчэнцы зноў атакавалі Эль-Генейну.
  • 8 чэрвеня — пасольства Саудаўскай Аравіі атакавала неўстаноўленая ўзброеная група.
  • 9 чэрвеня — фракцыі дамовіліся аб перамір’і на суткі, пачынаючы з 6 раніцы 10-га чысла.
  • 11 чэрвеня — у выніку дзеянняў урадавай авіяцыі ў сталіцы загінулі 7 чалавек. Аль-Абейд абложаны арміяй Дагала. Паведамлялася аб новых выпадках нападаў арабскіх апалчэнцаў у Эль-Генейне.
  • 14 чэрвеня — губернатар Заходняга Дарфура Хаміс Абакар быў выкрадзены і забіты ўзброенымі людзьмі праз некалькі гадзін пасля таго, як у тэлеінтэрв’ю абвінаваціў армію Дагала ў генацыдзе і заклікаў да міжнароднага ўмяшання. УСС абвінавацілі ў яго забойстве САП. Урадавая авіяцыя нанесла свае першыя авіяўдары па пазіцыях паўстанцаў у Аль-Абейдзе. Прадстаўнікі Бурхана заявілі, што праціўнік пачаў выкарыстоўваць беспілотнікі, захопленыя на складзе зброі Ярмук у Хартуме.
  • 17 чэрвеня — падчас бамбёжкі ў Хартуме разбураны некалькі дамоў і забіта не менш за 17 мірных жыхароў, у тым ліку 5 дзяцей. Фракцыі канфлікту дамовіліся аб увядзенні перамір’я на 72 гадзіны, пачынаючы з 6:00 18 чэрвеня.
  • 19 чэрвеня — паўстанцы разграмілі гарнізон УСС у Тавіле (Паўночны Дарфур). Па меншай меры сем мірных жыхароў загінулі, а большая частка горада была разбурана.
  • 21 чэрвеня — фракцыя на чале з аль-Хілу з групоўкі Народна-вызваленчы рух Судана–Поўнач разам з САП атакавала часці УСС у штаце Паўднёвы Кардафан, а менавіта ў гарадах Кадуглі і Аль-Даланджы.
  • 25 чэрвеня — паўстанцы заявілі пра захоп штаб-кватэры цэнтральных рэзервовых сіл паліцыі ў Хартуме. Байцы аль-Хілу нанеслі ўдары па пазіцыях урадавай арміі ў Курмуку, штат Блакітны Ніл, недалёка ад мяжы з Эфіопіяй.
  • 26 чэрвеняУВКБ ААН паведаміла, што падтрымоўваныя Дагала апалчэнцы праводзілі масавыя забойствы бежанцаў з Генейны. Заўлена аб некалькіх целах, якія былі раскіданы па дарозе недалёка ад Шукры, прыкладна ў 10 км ад Чада.
  • 27 чэрвеня — прыхільнікі генерала Дагала абвясцілі аб аднабаковым двухдзённым спыненні агню ў сувязі са святам Курбан-байрам.
  • 29 чэрвеня — пры ўдзеле МКЧК з палону прыхільнікаў САП у Хартуме вызвалены 125 вайскоўцаў УСС, яшчэ 14 чалавек вызвалены ў Дарфуры.

Ліпень

  • 1 ліпеня — Саюз суданскіх лекараў абвінаваціў прыхільнікаў Дагала ў рэйдзе на бальніцу Шухада і забойстве яе супрацоўніка. САП адпрэчылі абвінавачванні.
  • 2 ліпеня — мяцежнікі заявілі, што збілі знішчальнік УСС у Хартум-Бахры.
  • 3 ліпеня — на захад ад Аль-Абейда адбыўся напад САП на калону Аб’яднаных сіл Дарфура, якая накіроўвалася ў Эль-Фашыр з Белага Ніла для дастаўкі гаручага.
  • 5 ліпеня — у Аль-Абейдзе загінула дзіця і яшчэ чацвёра атрымалі раненні.
  • 8 ліпеня — ад 22 да 31 чалавек загінулі ў выніку авіяўдару УСС па раёне Дар-эс-Салам у Амдурмане.
  • 9 ліпеня — у Эль-Абейдзе аднавіліся баявыя дзеянні.
  • 12 ліпеня — Злучанае Каралеўства абвясціла аб санкцыях у дачыненні да фірмаў, звязаных з САП і УСС, за прадастаўленне сродкаў і зброі ў ходзе канфлікту.
  • 13 ліпеня — ААН абвясціла аб выяўленні 87 целаў, у тым ліку этнічных масалітаў, пахаваных у брацкай магіле ў Дарфуры. Па даных Упраўлення па правах чалавека, загінулыя былі забіты САП і іх саюзнымі апалчэнцамі паміж 20 і 21 чэрвеня. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека запатрабаваў расследавання. Падчас саміту ў Каіры УСС, САП і лідары суседніх з Суданам дзяржаў дамовіліся аб новай ініцыятыве па ўрэгуляванні канфлікту. Офіс галоўнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмада Хана заявіў, што ўстанова пачне расследаванне магчымых ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых падчас канфлікту. У Амдурмане ў выніку артабстрэлу загінулі 34 грамадзянскія асобы.
  • 14 ліпеня — у Хартуме на фоне сутычак зноў адключаны інтэрнет.
  • 15 ліпеня — аднавіліся перамовы ў Джыдзе. Падчас удара дрона па бальніцы ў Амдурмане загінулі пяцёра, улады заявілі аб датычнасці прыхільнікаў Дагала. У Паўднёвым Кардафане баевікі аль-Хілу захапілі нафтарадовішча Каркарая пад Далангам і абстралялі ракетамі «Кацюша» штаб 14-й пяхотнай дывізіі УСС у Кадуглі.
  • 16 ліпеня — пяць чалавек загінулі і 17 атрымалі раненні ў выніку выбуху ў раёне Амбада на паўночным захадзе Хартума. Паводле САП, яны захапілі горад Кас (Паўднёвы Дарфур). Пад Далангам (Паўднёвы Кардафан) паўстанцы разграмілі ўрадавую калонну.
  • 19 ліпеня — 14 мірных жыхароў былі забітыя ў выніку ўдару беспілотніка САП у Аль-Азхары і ў Вад-Аджыбе, на поўдзень ад Хартума. УСС сцвярджалі, што адбілі напад праціўніка ў Аль-Ашары і на мосце Аль-Абасін у Абу-Адама, на поўдзень ад сталіцы, знішчыўшы 9 баявых машын і забіўшы некалькі байцоў.
  • 20 ліпеня — прыхільнікі Дагала заявілі, што аднавілі кантроль над Джэбель-Аўлія, на паўднёвым уездзе ў Хартум, і забілі 18 салдат праціўніка падчас баёў у сталіцы і Амдурмане. Каманда арганізацыі «Урачы без межаў» з 18 чалавек была атакавана падчас перавозкі харчавання ў турэцкі шпіталь на поўдні Хартума.
  • 22 ліпеня — 16 мірных жыхароў загінулі падчас ракетных абстрэлаў у Ньяле.
  • 24 ліпеня — 15 чалавек загінулі ў выніку абстрэлаў УСС жылых кварталаў Амдурмана. Урадавыя сілы перакрылі дарогу Хартум — Бара. Паводле заяў прыхільнікаў Бурхана, шашу выкарыстоўвалі байцы САП.
  • 25 ліпеня — прынамсі 30 мірных жыхароў загінулі пры артылерыйскіх абстрэлах УСС Ньялы. У выніку абстрэлу ў Амдурмане загінулі прынамсі 18 мірных жыхароў.
  • 26 ліпеня — байцы Дагала захапілі горад Серба ў Заходнім Дарфуры, у 23 км на поўнач ад Генейны, пасля двухдзённых баёў, падчас якога горад быў спалены дашчэнту.
  • 27 ліпеня — САП заявілі, што атакавалі авіябазу Вадзі-Саідна. Сілы Бурхана страцілі дзясяткі чалавек забітымі. Таксама былі знішчаны тры знішчальнікі і склад зброі і харчоў. УСС зноў прыпынілі перамовы, абвінаваціўшы САП у новых парушэннях рэжыму спынення агню і запатрабаваўшы вываду войск Дагала з Хартума.
  • 28 ліпеня — у Паўднёвым Кардафане УСС адступілі з Мардзіса. Населены пункт захапілі байцы аль-Хілу.
  • 29 ліпеня — у выніку абстрэлу пазіцый УСС у Кадуглі адно дзіця было забіта і трое іншых атрымалі раненні.
  • 31 ліпеня — Сілы спецыяльнага прызначэння УСС атакавалі вайсковы комплекс ворага недалёка ад Аль-Шаджара ў Заходнім Хартуме. Мустафа Тамбур, лідар адной з фракцый групоўкі «Вызваленчы рух Судана», абвясціў, што яго сілы далучыліся да Бурхана ў барацьбе супраць Дагала.

Жнівень

  • 1 жніўня — шпіталь на паўночны захад ад аэрапорта Хартума часткова абрынуўся праз абстрэл.
  • 2 жніўня — ва УСС заявілі, што забілі 12 байцоў Дагала і знішчылі 4 аўтамабілі ворага ў выніку нападу на мост Аль-Мак Німр, які злучае Хартум і Хартум-Бахры.
  • 4 жніўня — САП заявілі, што ўзялі пад поўны кантроль увесь Цэнтральны Дарфур. Пяць чалавек былі забітыя ўдарам ракеты паўстанцаў у Амдурмане.
  • 6 жніўня — УСС нанеслі ўдары па Рэспубліканскім палацы ў Хартуме, у той час як у САП заявілі, што адбілі спробу ворага прарваць аблогу ваеннага комплексу Ярмук.
  • 7 жніўня — байцы Бурхана заявілі, што знялі аблогу Залінгея і адбілі заходнюю частку горада.
  • 8 жніўня — УСС абвясцілі, што яны правялі буйную аперацыю ў Амдурмане.
  • 11 жніўняFacebook заблакаваў старонку САП з-за парушэння іх палітыкі ў дачыненні да небяспечных арганізацый і асоб.
  • 13 жніўня — 11-я пяхотная дывізія УСС, якая базуецца ў Хашм-эль-Гірбе, штат Касала, заявіла, што канфіскавала ў кантрабандыстаў на двух грузавіках стралковую зброю, прызначаную для атрадаў САП у Хартуме. Як паведамілі ваенныя, груз прыбыў «з суседняй краіны».
  • 14 жніўня — урадавыя часці атакавалі горад Эль-Хой (Заходні Кардафан). Баевікі аль-Хілу абстралялі з кулямётаў пазіцыі прыхільнікаў Бурхана ў Кадуглі.
  • 17 жніўня — пасля двухмесячнага перапынку аднавіліся баі ў Эль-Фашыры.
  • 20 жніўня — як заявілі прадстаўнікі УСС, іх часці адбілі напад праціўніка на штаб бранятанкавага корпуса ў вайсковым раёне Аль-Шаджара (Хартум). САП абвінаваціла 16-ю пяхотную дывізію ўрадавай арміі, якая базуецца ў Ньяле, у рабаванні мясцовых аддзяленняў цэнтральнага банка Судана.
  • 21 жніўня — пры артудары ў Ньяле загінуў камандзір 16-й дывізіі Ясір Фадлалах.
  • 29 жніўня — 39 чалавек загінулі ў ходзе моцнага абстрэлу ў Ньяле.
  • 30 жніўня — 14 чалавек загінулі ў Аль-Абейдзе. Баевікі аль-Хілу атакавалі пазіцыі праціўніка ў Даламі (Паўднёвы Кардафан).
  • 31 жніўня — САП атакавалі лагер СпП УСС на паўночным захадзе Амдурмана.

Верасень

  • 2 верасня — прынамсі 20 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, былі забіты ў выніку авіяўдару УСС па раёне Калакла аль-Куба на паўднёвым захадзе Хартума.
  • 3 верасня — прыхільнікі аль-Хілу атакавалі базу ўрада ў Кадуглі. У Заходнім Дарфуры САП і саюзныя апалчэнцы атакавалі гарады Гарні і Абу-Скрудж.
  • 4 верасня — 25 чалавек загінулі ў баях у Амдурмане. Войскі Дагала заявілі, што збілі два самалёты «Ан» УСС у Хартуме.
  • 5 верасня — у выніку абстрэлу УСС у Амдурмане загінулі 32 чалавекі.
  • 9 верасня — падчас сутычак у Эль-Фашыры загінулі 30 чалавек.
  • 10 верасня — у выніку авіяатакі ВПС УСС на рынак Кутум у сталіцы краіны загінулі як мінімум 43 грамадзянскія асобы.
  • 12 верасня — пад абстрэлам паўстанцаў у Амдурмане загінулі 17 чалавек. 104 асобы забіты пры абстрэлах па ўсёй сталіцы.
  • 13 верасня — САП адступілі з Ум-Равабы (Паўночны Кардафан). У Ньяле пры ўрадавай авіябамбардзіроўцы загінулі 45 чалавек.
  • 16 верасня — улады заявілі, што адбілі атаку праціўніка на штаб-кватэру Галоўнага камандавання ў Хартуме.
  • 17 верасня — офіс Суданскай падатковай службы і 18-павярховая вежа Greater Nile Petroleum Oil Company, славутасць Хартума, загарэліся падчас баёў. УСС абвінавацілі САП у падпале будынкаў. Байцы Бурхана атакавалі пазіцыі паўстанцаў у Эль-Абейдзе і адбілі ў ворага лагер Аль-Хасахіса ў Залінгеі.
  • 18 верасня — у Порт-Судане ўспыхнулі баі паміж УСС і апалчэннем племя беджа пад правадырствам Шэбы Дарара.
  • 20 верасня — адзін мірны жыхар быў забіты пры нападзе войск Дагала на горад Эль-Адэя, Заходні Кардафан. Тут паўстанцы спалілі паліцэйскі ўчастак. Адначасна САП заявілі, што збілі варожы бамбардзіроўшчык у Хартуме.
  • 23 верасня — баевікі фракцыі групоўкі «Вызваленчы рух Судана» пад пачаткам аль-Нура захапілі горад Тавіла.
  • 27 верасня — урадавыя сілы адбілі атаку атрадаў аль-Хілу на Кадуглі.
  • 28 верасня — САП абстралялі транспартную станцыю Альджарафа на поўначы Амдурмана, у выніку чаго 10 чалавек загінулі і 11 атрымалі раненні.

Кастрычнік

  • 1 кастрычніка — у Амдурмане загінула 9 чалавек. Часці САП атакавалі горад Вад-Ашан у Паўночным Кардафане.
  • 3 кастрычніка — артылерыйскі снарад паўстанцаў трапіў у клініку пры мячэці ў Самарскім раёне Хартум-Бахры, загінула 20 чалавек. Войскі Дагала абвінавацілі праціўніка ў нападзе на дыпмісію Эфіопіі.
  • 4 кастрычніка — УСС заявілі, што прадухілілі масіраваную атаку войск праціўніка пад кіраўніцтвам палкоўніка Салаха аль-Фаці на штаб 16-й пяхотнай дывізіі ў Ньяле. 4 чалавек загінулі падчас сутычкі паміж паўстанцамі і апалчэннем племя місерыя ў Мугдале (Заходні Кардафан).
  • 5 кастрычніка — пры абстрэлах амдурманскага раёна Карары 11 чалавек загінулі і 90 пацярпелі. На шляху з Вад-Медані ў Хартум абстраляны аўтамабіль арганізацыі «Урачы без межаў», пацярпелых няма.
  • 6 кастрычніка — САП захапілі Аль-Айлафун у 30 км ад сталіцы.
  • 8 кастрычніка — чатыры чалавекі загінулі ў сутыкненнях у Аль-Абейдзе.
  • 9 кастрычніка — тры чалавекі загінулі ў выніку абстрэлу бальніцы Ан-Наў у Амдурмане. У Хартуме пры двухдзённых абстрэлах паўстанцаў пазіцый СПА праціўніка загінулі 190 чалавек.
  • 20 кастрычніка — генерал-маёр УСС Махамед Алаві Кока Мухір абвясціў аб сваім пераходзе на бок Дагала разам з 320 салдатамі.
  • 23 кастрычніка — два чалавекі загінулі ў выніку нападу войск Дагала на лагер бежанцаў Аль-Хасахіса ў Залінгеі.
  • 24 кастрычніка — трое байцоў Аб’яднаных сіл абароны Дарфура былі забітыя ў выніку нападу САП на іх базу ў Ньяле. Атрады аль-Хілу атакавалі горад Лагава, Заходні Кардафан.
  • 26 кастрычніка — паўстанцы захапілі штаб 16-й дывізіі ў Ньяле. Тры чалавекі загінулі ў выніку траплення снарада на рынак Эль-Хаміс у Залінгеі.
  • 30 кастрычніка — прыхільнікі генерала Дагала заявілі пра захоп нафтарадовішча Баліла (Заходні Кардафан).
  • 31 кастрычніка — прыхільнікі генерала Дагала заявілі пра захоп штаба 21-й пяхотнай дывізіі ў Залінгеі.

Лістапад

  • 2 лістапада — УСС заявілі, што аднавілі кантроль над горадам Баліла.
  • 4 лістапада — байцы Дагала заявілі, што захапілі штаб 15-й дывізіі ў Генейне. 15 чалавек загінулі пры абстрэлах САП рынка ў Карары (Амдурман).
  • 6 лістапада — маёр Бабакір Муса, палявы камандзір ВРС Міні Мінаві (частка Аб’яднаных сіл абароны Дарфура), быў забіты атрадам САП пад Эль-Фашырам.
  • 7 лістапада — САП захапілі горад Ум-Кедада (Паўночны Дарфур).
  • 8 лістапада — САП зладзілі разню ў вёсцы Ардамата.
  • 11 лістапада — быў разбураны мост Шамбат, які злучаў Хартум-Бахры і Амдурман. Бакі абвінавацілі ў здарэнні адзін аднаго.
  • 12 лістапада — абстраляны амдурманскі раён Карары: 12 загінулых.
  • 15 лістапада — САП забараніла дарфурцам бегчы ў Чад.
  • 16 лістапада — фракцыя ВРС Міні Мінаві і Рух за справядлівасць і роўнасць заявілі, што далучаюцца да сіл Бурхана ў барацьбе з САП. 10 чалавек загінулі пры міжэтнічных сутычках у Паўднёвым Дарфуры.
  • 20 лістапада — прыхільнікі Дагала захапілі хартумскі раён Джэбель-Аўлія. На ўсходзе Дарфура яны пачалі штурм горада Эд-Даэн, захапіўшы мясцовы аэрапорт. 7 чалавек загінулі пры выбуху ў Эль-Хамры (Паўночны Кардафан).
  • 21 лістапада — САП заявілі, што ўзялі штаб 20-й пяхотнай дывізіі УСС у Эд-Даэйне. У выніку авіяўдараў урада ў ваколіцах гарнізона не менш за 40 мірных жыхароў былі забітыя і не менш за 50 атрымалі раненні.
  • 23 лістапада — байцы Дагала захапілі Эль-Адэе (Заходні Кардафан).
  • 24 лістапада — паўстанцы Дагала атакавалі гарнізон праціўніка ў г. Бабануса (Заходні Кардафан).
  • 27 лістапада — прадстаўнікі САП заявілі, што атакавалі Вадзі-Саідна, «знішчыўшы ваенна-транспартны самалёт C-130 і склад боепрыпасаў», а таксама атакавалі гарнізон УСС у Мугладзе (Заходні Кардафан), прымусіўшы праціўніка адступіць. Групоўкі АСАД дасягнулі пагаднення з баевікамі аль-Нура аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў Эль-Фашыры ад нападаў САП.

Снежань

  • 2 снежня — пры атацы УСС у Паўночным Кардафане загінулі чацвёра чалавек.
  • 3 снежня — прыхільнікі генерала Дагала захапілі Дэрыбат (Паўночны Дарфур). Новыя перамовы бакоў у Джыдзе былі прыпынены.
  • 4 снежня — чацвёра загінулі пры трапленні артылерыйскага снарада ў Амдурмане.
  • 5 снежня — САП забілі чатырох чалавек у н.п. Тукма (Паўночны Кардафан), выбіўшы адтуль байцоў аль-Хілу.
  • 6 снежня — войскі Дагала ўзялі пад кантроль цэнтр базы даных суданскай тэлекамунікацыйнай групы (Sudatel), размешчаны на паўднёвым захадзе Хартума.
  • 7 снежня — пяць чалавек загінулі ў выніку ўрадавай бамбардзіроўкі Джабера аль-Шэйху (Паўночны Кардафан).
  • 8 снежня — войскі Дагала ўварваліся ў штат Гедарэф.
  • 10 снежня — урадавыя часці атакавалі канвой Чырвонага Крыжа ў хартумскім раёне Эль-Шаджара: 2 забітых, 7 параненых.
  • 11 снежня — пад абстрэламі на паўночным захадзе Амдурмана забіты 37 чалавек.
  • 14 снежня — шасцёра чалавек загінулі падчас авіяўдараў УСС па Ньяле.
  • 16 снежня — прыхільнікі Бурхана атакавалі пазіцыі праціўніка пад Абу-Шукам, на поўнач ад Эль-Фашыра. У выніку сутыкнення загінулі двое. Адбыліся сутыкненні ў Вад-Медані.
  • 18 снежня — армія Дагала заявіла, што захапіла кантроль над штабам 1-й брыгады 1-й пяхотнай дывізіі УСС у Вад-Медані. САП таксама захапілі Руфаа і Аль-Джунайд.
  • 19 снежня — САП заявілі, што ўзялі пад поўны кантроль штат Гезіра і яго адміністрацыйны цэнтр Вад-Медані.
  • 21 снежня — Сусветная харчовая праграма часова прыпыніла дапамогу больш чым 800 000 чалавек у некаторых частках штата Гезіра з-за баявых дзеянняў на тэрыторыі правінцыі.
  • 23 снежня — разгарнуліся баі за Вад эль-Хадад (штат Гезіра). У вёсцы Артадхва пры спробе перашкодзіць байцам САП разрабаваць мясцовае насельніцтва было забіта 8 чалавек.
  • 24 снежня — Фарыс Эльнур, галоўны перамоўшчык ад САП на мірных працэсе ў Джыдзе, падаў у адстаўку, абвінаваціўшы праціўніка ў перашкодзе перамовам. Суданская авіяцыя нанесла авіяўдары па пазіцыях арміі Дагала на цукровым заводзе ў Сенары, які за дзень да гэтага быў захоплены паўстанцамі
  • 27 снежня — Егіпет абвясціў аб эвакуацыі 18 егіпетскіх студэнтаў і іх сваякоў з Вад-Медані.
  • 29 снежня — суданская авіяцыя атакавала Ньялу. Загінула 118 чалавек.

Заўвагі

Спасылкі

Tags:

2023 Храналогія Суданскага Канфлікту Храналогія2023 Храналогія Суданскага Канфлікту Заўвагі2023 Храналогія Суданскага Канфлікту Спасылкі2023 Храналогія Суданскага Канфлікту2023Абдэль Фатах аль-БурханВаенізаваная арганізацыяДжанджавідМахамед Хамдан ДагалаСуданСілы аператыўнай падтрымкіУзброеныя сілы Судана

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская:

В’етнамЕфрасіння ПолацкаяПагром грамадскіх арганізацый у Беларусі (2021)Іван МележКірыла ТураўскіІнстытут беларускай культурыМіхаіл Сцяпанавіч ВысоцкіГарбузЛірыкаУладзімір Мінавіч МазгоЭўкарыётыКіслародПісьменнікАндрэй ГорватАляксандр II (імператар расійскі)Слуцкі поясДзяржаўная прэмія Рэспублікі БеларусьКанадаКуфарМаўнт-Элісанаўскі ўніверсітэтВасіль БыкаўГасцінец (значэнні)Свабодныя матэрыялыГаліна Радзівонаўна ЛукашэнкаБелавежская пушчаЖанчына зверхуМаксім ГарэцкіЮлія Анатолеўна АрцюхУладзімір Уладзіміравіч ПуцінC++АЯн ЧыквінПрыслоўеВадзім КабанчукСімвалПрэдыкатывыПубліцыстычны стыльГерб Новага Двара (Шчучынскі раён)PornhubБеларускія народныя танцыКіеўская РусьPawaiwde3Сяргей Аляксандравіч ПадсасонныКатоўскае (возера)Беларуская Грэка-Каталіцкая ЦаркваАлесь КажадубБаладаПлошча Дзяржаўнага Сцяга (Мінск)ВікісховішчаМільянер з трушчобStreit Group SpartanЯўгенія ЯнішчыцСэквіл (Нью-Брансуік)ПрамысловасцьМузыка Беларусі383-і знішчальны авіяцыйны полк СПАKufar.byВасіль Ісакавіч ТалашСаюз Савецкіх Сацыялістычных РэспублікДзень ПерамогіСвятлоЯраслаў Сільвестравіч ПархутаСпіс птушак БеларусіСправа журналістаў БелсатаБеларусь у складзе Расійскай імперыіВуліца Дзяржынскага (Барысаў)Тры чарапахі (песня)Раман Аляксандравіч СкірмунтАпострафПлешчыцы (Пінскі раён)Пулемецкае возераПаўлюк Трус🡆 More