Ста́раславя́нская мова (саманазва: словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ, літаральна — «славянская мова», трансл.
Унармаванне мовы прыпісваецца візантыйскім грэчаскім місіянерам Кірылу і Мяфодзію, якія пасля стандартызацыі мовы пачалі выкарыстоўваць яе для перакладу Бібліі ды іншых грэчаскіх літургічных дакументаў, патрэбных, каб прапаведаваць хрысціянства сярод славян.
Стараславянская мова | |
---|---|
Саманазва | словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ |
Краіны | краінах Усходняй Еўропы |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Афіцыйны статус | у некаторых сярэдневяковых краінах Усходняй Еўропы (як кніжная) |
Арганізацыя, якая рэгулюе | — |
Статус | уразлівая[d][…] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
| |
Пісьменнасць | глаголіца, кірыліца |
ДАСТ 7.75–97 | цер 777 |
Мова адыграла прыкметную ролю ў гісторыі ўсіх сучасных славянскіх моў і паслужыла асноваю і ўзорам для развіцця пазнейшых традыцый царкоўнаславянскае мовы, якую некаторыя праваслаўныя і каталіцкія цэрквы дагэтуль выкарыстоўваюць у літургіі. Стараславянская мова з'яўляецца найстарэйшай пісьмова засведчанай з усіх славянскіх моў і таму вельмі карысная для рэканструкцыі праславянскае мовы — агульнай мовы-продка ўсіх славянскіх моў, якая не была пісьмова засведчана. У сваю чаргу, стараславянскую мову не трэба блытаць з праславянскай мовай: дыялекты, што леглі ў аснову стараславянскай мовы, узніклі пасля распаду праславянскай мовы.
Стараславянская мова ўзнікла як стандартызаваная мова для мэт місіі двух прапаведнікаў у Вялікую Маравію ў 863 годзе. Для гэтае мэты Кірыл і Мяфодзій пачалі перакладаць рэлігійную літаратуру на новую мову, заснаваную, як мяркуе большасць даследчыкаў, на тагачасных дыялектах радзімы асветнікаў — горада Фесалонікі, што на поўначы Грэцыі (заваяванай на той час славянамі). Пры падрыхтоўцы да місіі была створана новая азбука — глаголіца, якой сталі запісвацца пераклады асноўных малітоўных і літургічных кніг (Евангелле было перакладзена прыкладна ў гэты ж перыяд, але невядома, якія адносіны да гэтага мелі Кірыл і Мяфодзій). Мова і яе алфавіт вывучаліся ў Вялікамараўскай Акадэміі і выкарыстоўваліся для царкоўных і адміністрацыйных патрэб у 863—885 гадах. Тэксты гэтага перыяду ўтрымліваюць рысы тагачасных славянскіх дыялектаў Вялікае Маравіі. У 885 годзе мова ў краіне была забаронена Папам Рымскім. Вучні прапаведнікаў, будучы выгнанымі з краіны, у 886 годзе прынеслі глаголіцу ў Балгарыю.
У Балгарыі мова пачала выкладацца паводле дзвюх кніжных школ: Прэслаўскай і Охрыдскай. Глаголіца першапачаткова выкарыстоўвалася ў абедзвюх школах, але ў Прэслаўскай неўзабаве на замену глаголіцы была створана кірыліца. Тагачасныя тэксты, напісаныя ў Балгарыі, маюць характэрныя дыялектныя рысы, уласцівыя тагачаснаму славянскаму насельніцтву царства. Прыблізна ў гэты ж перыяд стараславянская мова пачынае распаўсюджвацца па іншых славянскіх землях, такіх як Боснія, Харватыя, Сербія, Багемія, Малая Польшча, а таксама княствах Кіеўскае Русі, захаваўшы пры гэтым паўднёваславянскія дыялектныя асаблівасці. Пазнейшыя тэксты, напісаныя на кожнай з гэтых тэрыторый, пачалі насычацца рысамі мясцовых славянскіх гаворак той эпохі, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХІ ст. стараславянская мова набыла вялікую колькасць рэгіянальных варыянтаў. Гэтыя мясцовыя варыянты агулам вядомыя пад імем царкоўнаславянскае мовы.
За межамі славянскіх краін стараславянская пісьмовая мова выкарыстоўвалася ў якасці богаслужэбнае мовы Румынскай Праваслаўнай Царквы і мовы справаводства ў Валахіі і Малдове, але ў XVI—XVII стст. была заменена мясцовай народнай мовай — румынскай. Пазнейшая форма мовы — царкоўнаславянская мова — на працягу многіх стагоддзяў мела прэстыжны статус сярод усходніх славян (асабліва ў Маскоўскай дзяржаве) і выконвала прыблізна тыя ж функцыі, што і латынь у заходніх славян. Але ў параўнанні з латынню царкоўнаславянская мова мела перавагу, бо была значна бліжэйшаю да народнай мовы. Некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад, Балгарская Праваслаўная Царква, Руская Праваслаўная Царква, Сербская Праваслаўная Царква, Украінская Праваслаўная Царква і Македонская Праваслаўная Царква дагэтуль выкарыстоўваюць царкоўнаславянскую мову поруч з нацыянальнымі мовамі сваіх дзяржаў у якасці моў богаслужэнняў.
Першапачаткова пісьмовая стараславянская мова выкарыстоўвала для сваіх патрэб глаголіцу, але пазней гэту азбуку амаль поўнасцю выцесніла кірыліцай, створаная па загаду балгарскага цара Барыса І у Х ст.
Ніжэй прыведзены гукавы лад, які ў асноўным рэканструюецца для стараславянскай мовы. Гукі прыведзеныя ў спецыяльнай сістэме транскрыпцыі (а не IPA). Канкрэтная рэалізацыя кожнага гука невядомая з прычыны іх рознага вымаўлення ў кожным з рэгіёнаў выкарыстання мовы.
Лабіяльныя | Зубныя | Палатальныя | Велярныя | |
---|---|---|---|---|
Выбухныя | p b | t d | k g | |
Афрыкаты | c dz | č | ||
Фрыкатывы | s z | š ž | x | |
Насавыя | m | n | n' | |
Латэральныя | l | l' | ||
Дрыжачыя | r | r' | ||
Апраксіманты | v | j |
Адною з цікавых асаблівасцей стараславянскае мовы было шырокае выкарыстанне насавых галосных гукаў, якія мова гістарычна пераняла ад больш старажытных форм славянскага маўлення. У сучасных славянскіх мовах гэтыя галосныя амаль паўсюдна страчаныя, захаваліся толькі ў польскай ды кашубскай мовах, а таксама ў адзінкавых гаворках некаторых заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моў. Вылучалася наяўнасць асаблівых звышкароткіх галосных, якія ў сучасных славянскіх мовах паўсюдна страчаныя.
|
|
У стараславянскай мове можна вызначыць некалькі заканамернасцей, якія абмяжоўвалі размеркаванне фанем. Гэтыя заканамернасці ўзніклі як вынік працэсаў часоў праславянскай мовы такіх як міжскладовы сінгарманізм і правіла адкрытых складоў. Для сцячэнняў зычных, сцячэнняў галосных і паслядоўнасцей галосных ды зычных могуць вызначацца наступныя заканамернасці:
У выніку першай і другой палаталізацый велярныя зычныя пачалі чаргавацца з зубнымі і палатальнымі. Акрамя гэтага, у выніку працэсу, вядомага як ятацыя, велярныя і зубныя пачалі чаргавацца з палатальнымі пры словазмяненні.
першапачатковыя | /k/ | /g/ | /x/ | /sk/ | /zg/ | /sx/ |
---|---|---|---|---|---|---|
па першай палаталізацыі і ятацыі | /č/ | /ž/ | /š/ | /št/ | /žd/ | /š/ |
па другой палаталізацыі | /c/ | /dz/ | /s/ | /sc/, /st/ | /zd/ | /sc/ |
першапачатковыя | /b/ | /p/ | /sp/ | /d/ | /zd/ | /t/ | /st/ | /z/ | /s/ | /l/ | /sl/ | /m/ | /n/ | /sn/ | /zn/ | /r/ | /tr/ | /dr/ |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
па ятацыі | /bl'/ | /pl'/ | /žd/ | /žd/ | /št/ | /št/ | /ž/ | /š/ | /l'/ | /šl'/ | /ml'/ | /n'/ | /šn'/ | /žn'/ | /r'/ | /štr'/ | /ždr'/ |
У некаторых формах чаргаванне /c/ з /č/ ды /dz/ з /ž/ адбывалася ў лексемах, у якіх адсутнічалі адпаведныя ім велярныя. Зубныя пары велярных рэгулярна ўзнікалі перад /ě/, /i/ ў скланенні і загадным ладзе, трохі радзей — у розных формах пасля /i/, /ę/, /ь/, /rь/. Палатальныя аналагі велярных з'яўляліся перад галоснымі пярэдняга рада ва ўсіх іншых формах у пазіцыях, калі не з'яўляўся зубны аналаг, а таксама ў розных пазіцыях словазмянення і словаўтварэння (гл. ніжэй).
У выніку ранейшых чаргаванняў кароткіх і доўгіх галосных у праіндаеўрапейскую, прабалта-славянскую ды праславянскую эпохі і пераўтварэння галосных у галосныя пярэдняга рада перад палаталізаванымі зычнымі ў стараславянскай мове былі наступныя чаргаванні (з вядомых):
Часам адбывалася чаргаванне ∅ (нуль гука), якое ўзнікала ў выніку спарадычнае страты слабага ера (назва гука), што пазней адбылося амаль ва ўсіх тагачасных славянскіх дыялектах. Фанетычнае значэнне вакалізаванага моцнага ера залежыць ад дыялекту.
Як і праіндаеўрапейская мова, стараславянская мова мела ярка выражаную флектыўную марфалогію. Зменныя формы падзяляліся на імя і дзеясловы, імя, у сваю чаргу, уключала назоўнікі, прыметнікі і займеннікі. Лічэбнікі скланяліся на ўзор прыметнікавага або займеннікавага скланенняў, да таго ж, лічэбнікі 1—4 мелі адрозненне паводле граматычнага роду.
Імя адрознівалася паводле граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, парны, множны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны, месны). Назоўнік адрозніваўся таксама паводле пяці граматычных класаў: з o/jo-коранем, a/ja-коранем, i-коранем, u-коранем і зычным коранем. Формы ўсіх флектыўных парадыгм звычайна алюстроўваюць морфафанемічныя чаргаванні. Пераход галосных у галосныя пярэдняга рада пасля палатальнымі і j стварыла два падвойныя флектыўныя класы — o : jo, a : ja, тады як палаталізацыя ўнутры кораня стала ў сваім родзе сінхроннай (параўн. адз. л. Н. с. vlьkъ «воўк» > адз. л. К. с. vlьče, адз. л. М. с. vlьcě). Прадуктыўныя класы мелі выгляд o/jo, a/ja ды i-каранёў. Некаторыя ўзоры падобных парадыгм прыведзеныя ніжэй:
Адзіночны | Парны | Множны | |||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Глёса | Тып кораню | Н.с. | К.с. | В.с. | Р.с. | М.с. | Д.с. | Т.с. | Н.с./К.с./В.с. | Р.с./М.с. | Д.с./Т.с. | Н.с./К.с. | В.с. | Р.с. | М.с. | Д.с. | Т.с. |
«места» | o м.р. | gradъ | grade | gradъ | grada | gradě | gradu | gradomь | grada | gradu | gradoma | gradi | grady | gradъ | graděxъ | gradomъ | grady |
«нож» | jo м.р. | nožь | nožu | nožь | noža | noži | nožu | nožemь | noža | nožu | nožema | noži | nožę | nožь | nožixъ | nožemъ | noži |
«воўк» | o м.р. | vlьkъ | vlьče | vlьkъ | vlьka | vlьcě | vlьku | vlьkomь | vlьka | vlьku | vlьkoma | vlьci | vlьky | vlьkъ | vlьcěxъ | vlьkomъ | vlьky |
«віно» | o н.р. | vino | vino | vino | vina | vině | vinu | vinomь | vině | vinu | vinoma | vina | vina | vinъ | viněxъ | vinomъ | viny |
«поле» | jo н.р. | polje | polje | polje | polja | polji | polju | poljemь | polji | polju | poljema | polja | polja | poljь | poljixъ | poljemъ | polji |
«жанчына» | a ж.р. | žena | ženo | ženǫ | ženy | ženě | ženě | ženojǫ | ženě | ženu | ženama | ženy | ženy | ženъ | ženaxъ | ženamъ | ženami |
«душа» | ja ж.р. | duša | duše | dušǫ | dušę | duši | duši | dušejǫ | duši | dušu | dušama | dušę | dušę | dušь | dušaxъ | dušamъ | dušami |
«рука» | a ж.р. | rǫka | rǫko | rǫkǫ | rǫky | rǫcě | rǫcě | rǫkojǫ | rǫcě | rǫku | rǫkama | rǫky | rǫky | rǫkъ | rǫkaxъ | rǫkamъ | rǫkami |
«косць» | i ж.р. | kostь | kosti | kostь | kosti | kosti | kosti | kostьjǫ | kosti | kostьju | kostьma | kosti | kosti | kostьjь | kostьxъ | kostъmъ | kostъmi |
«дом» | u м.р. | domъ | domu | domъ/-a | domu | domu | domovi | domъmь | domy | domovu | domъma | domove | domy | domovъ | domъxъ | domъmъ | domъmi |
Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду скланяліся паводле тыпу o/jo, жаночага — a/ja. Прыметнік мог мець кароткую (няпэўную) і поўную (пэўную) формы, апошняя ўтваралася шляхам дадання да няпэўнай формы суфікса jь анафарычнага займенніка трэцяй асобы. Сінтэтычнае словаўтварэнне выяўлялася ў цяперашнім, незакончаным часах і аорысце (від часу), у той час як закончаны час, плюсквамперфект, будучы і умоўны часы і лады ўтвараліся шляхам аб'яднання дапаможных дзеясловаў з дзеепрыметнікамі або сінтэтычнымі часавымі формамі. Ніжэй прыведзены ўзор падобных змен на прыкладзе дзеяслова vesti («весці»).
Асоба, лік | Цяперашні | Асігматычны аорыст | Сігматычны аорыст | Новы аорыст | Незакончаны | Загадны |
---|---|---|---|---|---|---|
1 ас. адз. л. | vedǫ | vedъ | věsъ | vedoxъ | veděaxъ | |
2 ас. адз. л. | vedeši | vede | vede | vede | veděaše | vedi |
3 ас. адз. л. | vedetъ | vede | vede | vede | veděaše | vedi |
1 ас. п. л. | vedevě | vedově | věsově | vedoxově | veděaxově | veděvě |
2 ас. п. л. | vedeta | vedeta | věsta | vedosta | veděašeta | veděta |
3 ас. п. л. | vedete | vedete | věste | vedoste | veděašete | |
1 ас. мн. л. | vedemъ | vedomъ | věsomъ | vedoxomъ | veděaxomъ | veděmъ |
2 ас. мн. л. | vedete | vedete | věste | vedoste | veděašete | veděte |
3 ас. мн. л. | vedǫtъ | vedǫ | věsę | vedošę | veděaxǫ |
Захавалася даволі маленькая колькасць пісьмовых помнікаў стараславянскае мовы, большая частка з іх складзена ў Першым Балгарскім Царстве ў перыяд Х—ХІ стст. Мова гэтых помнікаў мае паўднёваславянскую аснову з невялікім дадаткам заходнеславянскіх рыс, прынесеных місіяй Кірылы і Мяфодзія з Вялікай Маравіі — тэрыторыі, дзе цяпер распаўсюджаныя заходнеславянскія мовы. Адзіны добра захаваны рукапіс мараўскага ізводу стараславянскай мовы, т. зв. Кіеўскія Лісткі, адзначаецца заменай некаторых паўднёваславянскіх лексічных і фанетычных характарыстык заходнеславянскімі. У рукапісах Другога Балгарскага Царства колькасць заходнеславянскіх рыс павялічваецца.
Стараславянская мова цікавіць гістарычных лінгвістаў з прычыны захавання ў ёй архаічных рыс, якія, як лічацца, у мінулым былі агульнымі для маўлення славян. Некаторыя прыклады гэтых асаблівасцей:
У стараславянскай мове таксама захоўвалася надзвычай старажытная сістэма акцэнтуацыі (сістэма націску), але яна не адлюстроўвалася ў пісьмовых дакументах. Імаверна, гэтая архаічная сістэма можа прыблізна захоўвацца ў чакаўскім дыялекце сербскахарвацкае мовы.
Стараславянская мова мае паўднёваславянскае паходжанне. Гэта відаць з наступных крытэрыяў:
Акрамя гэтага, стараславянская мова па шэрагу рыс збліжаецца непасрэдна з адной з паўднёваславянскіх моў — балгарскай.
Праславянская | Стараславянская | Балгарская | Чэшская | Македонская | Польская | Руская | Славацкая | Славенская | Сербскахарвацкая |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
*dʲ | ʒd | ʒd | z | ɟ | dz | ʑ | dz | j | dʑ |
*ɡt/kt, *tʲ | ʃt | ʃt | ts | c | ts | tɕ | ts | tʃ | tɕ |
Мова была ўпершыню стандартызавана дзякуючы місіі Кірылы і Мяфодзія ў Вялікую Маравію 863 года. Рукапісы Маравіі лічацца найранейшым ізводам стараславянскай мовы. Ён названы ў гонар свайго паходжання, дзяржавы, што існавала ў перыяд Х ст. на тэрыторыях сучасных Чэхіі і Славаччыны.
У т. зв. Пражскіх фрагментах мараўскі ўплыў выяўляўся толькі ў замене /ʃt/ на /ts/ і /ʒd/ на /z/, пра што сведчыць узор Кіеўскай Лісткоў (гл. вышэй). Некаторыя іншыя моўныя асаблівасці:
Стараславянская мова была кадыфікавана ў Першым Балгарскім царстве і вывучалася спачатку ў Прэславе (сталіца дзяржавы, 893—972 гг.), потым — у Охрыдзе (сталіца 991—995, 1015 гг.). Гэты варыянт мовы пакуль яшчэ не ўяўляў сабою рэгіянальны дыялект мовы, але быў своеасаблівым папярэднікам усходняй падгрупы паўднёваславянскіх моў, якая, аднак, немагчыма лакалізаваць. Існаванне двух асноўных цэнтраў літаратуры царства прывяло да ўзнікнення двух ізводаў, балгарскага і македонскага (ізвод — рэгіянальная вэрсія якой-небудзь старой пісьмовай мовы, звычайна тэрмін выкарыстоўваецца адносна славянскіх моў). Некаторыя лінгвісты, зрэшты, не выдзяляюць двух ізводаў, называючы абодва разам македонска-балгарскім або проста балгарскім ізводам.
Некаторыя лінгвісты змянялі сваё меркаванне па гэтым пытанні: так, амерыканскі лінгвіст Г. Лунт меркаваў, што адрозненні ў першапачатковай стараславянскай мове недастатковыя, каб сцвярджаць існаванне двух розных ізводаў, македонскага і балгарскага. Пазней ён жа, грунтуючыся на палеаграфічных, фаналагічных і іншых адрозненнях, прыйшоў да вываду пра існаванне двух асобных ізводаў стараславянскай мовы.
На думку некаторых даследчыкаў развіццё стараславянскае мовы спрыяла прадухіленню асіміляцыі паўднёвых славян і фарміраванню асобнай балгарскай ідэнтычнасці.
Пазнейшае выкарыстанне стараславянскае мовы ў іншых рэгіёнах прывяло да насычэння мовы мясцовымі рысамі, але шэраг паўднёваславянскіх рыс захаваўся. Сярод пазнейшых ізводаў мовы адзначаюцца славенскі, харвацкі, сербскі і рускі ізводы, але яны адносяцца да пазнейшай формы мовы — царкоўнаславянскай. Практычна ва ўсіх іх адбылася дэназалізацыя юсаў.
Большая частка заходніх лінгвістаў выкарыстоўвае для пазначэння мовы тэрмін старацаркоўнаславянская мова або скарачэнне OCS, радзей ужываецца тэрмін старабалгарская мова. У літаратуры Беларусі і СССР выкарыстоўваецца ў асноўным тэрмін стараславянская мова.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Стараславянская мова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.