Эрнэ́ст Рэ́зэрфорд (па-ангельску: Ernest Rutherford; 30 жніўня 1871, Спрынг Грув, Новая Зэляндыя — 19 кастрычніка 1937, Кембрыдж, Ангельшчына) — брытанскі фізык новазэляндзкага паходжаньня.
Вядомы як «бацька» ядзернай фізыкі, стварыў плянэтарную мадэль атама. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі 1908 году.
Рэзэрфорд нарадзіўся ў невялічкім новазэляндзкім мястэчку Спрынг Грув (па-ангельску: Spring Grove), які месьціцца каля іншага мястэчка Нэльсан. Бацька — Джэймз Рэзэрфорд, маці — Марта Томсан. Эрнэст быў чацьвёртым дзіцяці ў сям’і з дванаццаці. Выдатна скончыў каледж у Нэльсане, атрымаўшы 580 балаў з 600 магчымых і прэмію ў 50 фунтаў дзеля працягу навучаньня ў Кэнтэрбэрыйскім каледжы ў Крайстчэрч.
Ягоная магістарская праца, што была напісана ў 1892 годзе, тычылася выяўленьня высокачастасных радыёхваляў, існаваньне якіх было даказана ў 1888 годзе нямецкім фізыкам Гайнрыхам Гэрцам.
У 1895 годзе, пасьля атрыманьня ступені бакаляўра прыродазнаўчых навук і двух гадоў дасьледаваньняў у вобласьці электрычнасьці, Рэзэрфорд накіраваўся ў Ангельшчыну дзеля далейшага навучаньня ў Кавэндыскай лябараторыі Кембрыдзкага ўнівэрсытэта пад кіраўніцтвам Джозэфа Дж. Томсана.
У 1898 годзе Рэзэрфорд дапамагаў Р. Оўэнсу праводзіць дасьледаваньні тору з дапамогай электраскопу. Газ, які выдзяляе радыёактыўны тор, Рэзэрфорд назваў «эманацыяй тору».. Эрнэст зрабіў адкрыцьцё альфа- й бэта-выпраменьваньняў, адзін з ізатопаў радона й мноства іншых ізатопаў. Растлумачыў на выснове ўласьцівасьцяў радону радыяактыўнасьць тору, адкрыў і растлумачыў радыяактыўнае пераўтварэньне хімічных элемэнтаў, стварыў тэорыю радыяактыўнага распаду, рашчапіў атам азоту, выявіў існаваньне пратону.
Даказаў, што альфа-часьцінка — ядро геля. Паставіўшы экспэрымэнт па расьсейваньню альфа-часьцінак на мэталічнай фальзе, вывеў формулу Рэзэрфорда. Зрабіў выснову, што ў атаме існуе масіўнае ядро. Стварыў плянэтарную тэорыю будовы атама. Першым адкрыў стварэньне новых хімічных элемэнтаў пры распадзе цяжкіх хімічных радыяактыўных элемэнтаў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Эрнэст Рэзэрфорд, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.