Сло́німскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўдні Гарадзенскай вобласьці Беларусі.
Плошча раёну складае 1,47 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 64 117 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Слонім.
Слонімскі раён | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Гарадзенская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Слонім |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Генадзь Хоміч[d] |
Насельніцтва (2018) | 64 117 |
Шчыльнасьць | 44 чал./км² |
Плошча | 1,47 тыс. км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 154 м |
Месцазнаходжаньне Слонімскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-15-62 |
Паштовыя індэксы | 231 7хх, 231 8хх |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Разьмешчаны на поўдні вобласьці й мяжуе на захадзе з Зэльвенскім, на поўначы — зь Зьдзецельскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, на ўсходзе і поўдні — з Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Пружанскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці.
Заходняя частка раёну разьмешчаная ў межах Слонімскага ўзвышша, паўночна-ўсходняя — на ўскраіне Наваградзкага ўзвышша, паўночная — у Нёманскай нізіне, усходняя і паўднёвая часткі — на Баранавіцкай раўніне. Значная частка раёну знаходзіцца на вышыні 180—200 мэтраў над узроўнем мора. У паўночна-ўсходняй частцы знаходзіцца найвышэйшы пункт — 223 мэтры.
На тэрыторыі раёну разьмешчаны паклады торфу, крэйды, пяскова-жвіровага матэрыялу, глінаў, прызначаных для глыбокай керамікі, будаўнічых пяскоў і бузаў.
Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −5,4 °С, ліпеня 17,8 °С. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 592 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 196 дзён.
Працякае рака Шчара з прытокамі Грыўда, Бяроза, Іса, на мяжы з Зэльвенскім раёнам — Зальвянка.
Каля 35% тэрыторыі раёну займаюць лясы: іглічныя, бярозавыя, яловыя, дубовыя. На тэрыторыі Слонімскага раёну знаходзіцца дзяржаўны батанічны заказьнік дзікарослых лекавых расьлінаў дзяржаўнага значэння, 2 ляндшафтавыя геамарфалягічныя заказьнікі прыроды мясцовага значэньня, маецца 13 помнікаў прыроды.
У сыстэме адукацыі ў раёне 26 дашкольных установаў (12 — агульнага развіцьця, 12 — з тэматычнай скіраванасьцю, 1 адмысловая ўстанова для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага развіцьця, цэнтар разьвіцьця дзіцяці), 31 установа агульнай сярэдняй адукацыі, 8 пазашкольных установаў, 3 адмысловыя ўстановы, 2 вучэбна-вытворчыя камбінаты.
На сёньняшні дзень насельніцтва раёну абслугоўвае 78 установаў культуры: 37 бібліятэк, раённы Дом культуры (працуе 22 творчыя калектывы, 7 маюць званьне «народны», 1 «узорны», у раёне 14 калектываў са званьнем «народны» і «ўзорны»), раённы Дом рамёстваў, 27 клюбаў і Дамоў культуры, 2 клюбы фальклёру, 4 Дамы сацыяльна-культурных паслугаў, раённы краязнаўчы музэй імя І. І. Стаброўскага, 3 дзіцячыя музычныя школы і 2 школы мастацтваў. З 1990 року ў месьце адчыненая дзяржаўная ўстанова культуры «Слонімскі драматычны тэатар». Жыхароў места абслугоўвае кінатэатар «Мір», відэасалён.
У раёне месьцяцца 2 стадыёны, 2 басэйны, 30 спартовых заляў, 6 спартовых дзіцяча-юнацкіх школаў (2 маюць статус школаў Алімпійскага рэзэрву), дзе культывуецца 10 відаў спорту (бокс, мастацкая гімнастыка, гандбол, футбол, веславаньне на байдарках і каноэ, лёгкая атлетыка, каратэ, більярд, картынг, шашкі).
Пад сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі занятыя 51,3% тэрыторыі. Асноўнымі галінамі сельскай гаспадаркі зьяўляюцца: мяса-малочная галіна, птушкагадоўля, вырошчваньне збожжавых і кармавых культураў, бульбы, ільну. У раёне 4 раённыя ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 10 сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў, фэрмэрская гаспадарка, птушкафабрыка.
Сучасны Слонім — места з даволі разьвітай прамысловасьцю. Тут працуе 21 прамысловае прадпрыемства. Асноўныя прадпрыемствы: ААТ «Слонімскі мясакамбінат», ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы завод Альбярцін», ААТ «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка», ААТ «Слонімскі льнозавод», УДП «Слонімскі вінаробны завод», філія «Слонімскі хлебазавод», ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака» і іншыя.
Галоўныя прадпрыемствы экспартэры — ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака», ААТ «Слоніммэбля». Экспартна-імпартныя апэрацыі ажыцьцяўляюцца з 29 краінамі сьвету. Асноўнымі гандлёвымі партнэрамі зьяўляюцца: Расея, Украіна, Кыргыстан, ЗША, Польшча, Нямеччына, Чэхія і іншыя.
На тэрыторыі раёну праходзіць чыгуначная лінія Баранавічы — Ваўкавыск, аўтадарогамі Слонім зьвязаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Ваўкавыскам, Лідай. Дзейнічае Слонімскі раённы вузел электрасувязі, які зьяўляецца структурным падпадзелам Гарадзенскай філіі дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Слонімскі раён, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.