«Прымакі́» — п’еса Янкі Купалы («сцэнічны жарт у адной дзеі»), завершаная 31 ліпеня 1913 году.
Упершыню надрукаваная ў газэце «Рунь» ў 1920 годзе (№ 5—8). Белавы аўтограф і машынапісны тэкст з праўкамі аўтара захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.
«Прымакі» | |
Сцэна са спэктаклю «Прымакі» Бярэзінскага народнага тэатру | |
Жанр: | п'еса камэдыя сцэнічны жарт |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 31 ліпеня 1913 |
Публікацыя: | 1920 |
Электронная вэрсія |
Падзеі твору адбываюцца на вёсцы. Максім Кутас прачынаецца ў чужой хаце і ня можа зразумець, дзе ён і чаму сюды трапіў. Даведаўшыся, што начаваў у кумы Даміцэлі, ён, як і яна, вельмі перажывае. Але добра пасьнедаўшы, абое павесялелі і выправіліся шукаць: Даміцэля — мужа Трахіма Сініцу, Максім — жонку Паланею. Тыя (яны таксама начавалі разам) у сваю чаргу шукаюць іх. Урэшце ўсе зьбіраюцца ў хаце Трахіма і пачынаецца агульная валтузьня і сварка. Зьяўляюцца ўраднік з соцкім і высьвятляюцца ўсе непаразуменьні: на першы дзень Сёмухі Трахім і Максім у манапольцы, перапіўшы, заспрачаліся, чыя жонка горшая, ды, каб разьвязаць спрэчку, вырашылі імі памяняцца. Мацейка Кутас і Кацярына Сініца, якія кахаюць адзін аднаго, пасьмейваюцца са сваіх бацькоў. Калі ж тыя нарэшце мірацца паміж сабою, яны дамагаюцца іх блаславеньня.
Твор напісаны ў жанры народнага анэкдоту і камэдыі становішчаў з выкарыстаньнем фарсавых сытуацыяў. Для п’есы ўласьцівыя дасьціпнасьць і сакавітасьць мовы, кідкасьць фарбаў у абмалёўцы характараў герояў. Хаця п’еса па сваім сацыяльным гучаньні і мастацкім абанульненьні не ўздымаецца да ўзроўню сваёй папярэдніцы — камэдыі «Паўлінка», — набыты Купалам ў часе працы над «Паўлінкай» вопыт і майстэрства камэдыёграфа ў ёй вельмі адчуваюцца. Аўтар выкарыстаў у п’есе традыцыі і прыёмы народных камэдый і інтэрмэдый, народныя песьні, прыпеўкі. Адчуваецца ўплыў «Пінскае шляхты» В. Дунін-Марцінкевіча, асабліва ў абмалёўцы характараў галоўных герояў.
На расейскую мову п’есу пераклаў А.Пракоф’еў, на польскую — С.Артоўскі.
Камэдыя заняла прыкметнае месца на беларускай прафэсійнай і аматарскай тэатральнай сцэне. У 1936 годзе пастаноўку п’есы ажыцьцявіў Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ—2) і прадставіў разам з камэдыяй «Паўлінка» на гастролях у Бабруйску. Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ—1) паставіў «Вечар беларускіх вадэвіляў», у які побач з «Паўлінкай» увайшлі «Прымакі» (прэм’ера адбылася 25 траўня 1944 году ў Томску). У 1972 годзе п’есу ставілі Гарадзенскі абласны драматычны тэатар і Беларускі тэатар юнага гледача. П’еса ставілася як дыплёмныя спэктаклі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1958 і 1979 гадох. П’есу таксама ставілі шматлікія народныя тэатры і самадзейныя калектывы Беларусі. У 1959 годзе п’еса ставілася на Беларускім радыё. Удзельнікамі радыёпастаноўкі сталі П.Малчанаў, В.Пола, Г.Глебаў, Г.Макарава. У 1967 годзе купалаўскі твор знайшоў сваё ўвасабленьне ў тэлевізійным спэктаклі Беларускага тэлебачаньня. У 2007 годзе адбылася новая пастаноўка «Прымакоў» у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Прымакі (п’еса), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.