Ніу́е (па-ангельску: Niue) — каралавая выспа ў Ціхім акіяне ў Палінэзіі. Раней выспа называлася «скала Палінэзіі» (Rock of Polynesia). Знаходзіцца за 2400 км на паўночны ўсход ад Новай Зэляндыі ў трохкутніку ўтвораным Выспамі Кука, Тонга і Самоа. Ніуе мае статус краіны, якая знаходзіцца ў садружнасьці з Новай Зэляндыяй.
Ніуе Niuē Fekai Niue | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Ko e Iki he Lagi» | |||||
Афіцыйная мова | ангельская, ніўенская | ||||
Сталіца | Алофі | ||||
Форма кіраваньня | канстытуцыйная манархія Лізавета II Токе Талагі | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады | 260 км² 0 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2009) • шчыльнасьць | 218 месца ў сьвеце 1398 5,35/км² | ||||
СУП • агульны • на душу насельніцтва | 2005 месца ў сьвеце $7,6 млн $5800 | ||||
Валюта | Новазэляндзкі даляр (NZD) | ||||
Часавы пас | UTC-11 (UTC-11) | ||||
Незалежнасьць | 19 кастрычніка 1974 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .nu | ||||
Тэлефонны код | +683 | ||||
Выспа Ніуе была адкрытая ў 1774 годзе Джэймзам Кукам, які абвясьціў яе брытанскай калёніяй. У 1900 годзе статус выспы быў зьменены на брытанскі пратэктарат. Праз год кіраўніцтва выспай было перададзена Новай Зэляндыі разам з выспамі Кука. У 1903 годзе Ніуе была выдзелена ў асобную адміністрацыйную адзінку. 19 кастрычніка 1974 году Ніуе атрымала аўтаномію, застаўшыся ў садружнасьці з Новай Зэляндыяй. У гэты ж дзень была прынятая і канстытуцыя. У студзені 2004 году Ніуе значна пацярпела ад урагану Хета, самага моцнага ўрагану за ўсю гісторыю краіны. Хуткасьць ветру дасягала 300 км/г, былі зьнішчаныя практычна ўсе будынкі і ўся інфраструктура. Пасьля гэтага насельніцтва выспы паступова імігруе ў іншыя краіны, у першую чаргу ў Новую Зэляндыю.
Ніуе — дзяржава, якая знаходзіцца ў садружнасьці з Новай Зэляндыяй. Цяпер дзейнічае канстытуцыя, якая была прынятая 19 кастрычніка 1974 году. Згодна зь ёй кіраўніком выспы зьяўляецца прадстаўнік губэрнатара Новай Зэляндыі. Абаронай і зьнешняй палітыкай выспы займаецца ўрад Новай Зэляндыі. Унутранымі справамі выспы займаецца парлямэнт Ніуе — Асамблея (ёй належыць заканадаўчая ўлада). У асамблею ўваходзяць 20 дэпутатаў. Выканаўчая ўлада належыць ураду выспы. Грамадзяне Ніуе зьяўляюцца адначасова грамадзянамі Новай Зэляндыі.
Ніуе зьяўляецца самай вялікай ў сьвеце каралавай выспай. Выспа мае высокі бераг, які паступова зьніжаецца ў цэнтры выспы. Самая высокая кропка уздымаецца на 67 мэтраў над узроўнем мора. Даўжыня берагавой лініі складае 64 км. Выспа абкружаная каралавым рыфам. Асаблівасьцю выспы зьяўляецца адсутнасьць рэкаў і наземных крыніцаў пітной вады. Каля 13% плошчы займаюць трапічныя лясы, якія складаюцца ў асноўным з какосавых пальмаў.
Клімат Ніуе экватарыяльны, вільготны і цёплы. Сярэднегадавая тэмпэратура складае каля 25 °C, а гадавая колькасьць ападкаў складае 2000—2200 мм. Ад сьнежня да красавіка на высьпе пануюць тайфуны, якія прыносяць моцныя ападкі і выклікаюць разбурэньні. Здараюцца пэрыяды засухі.
Выспа падзеленая на 13 акругаў, цэнтрамі якіх зьяўляюцца 13 паселішчаў, назвы якіх супадаюць з назвамі акругаў.
Назва | Назва на анг. мове | Плошча, км² |
---|---|---|
Аватэле | Avatele | 13,99 |
Алофі | Alofi | 46,48 |
Ваіеа | Vaiea | 5,4 |
Лакепа | Lakepa | 21,58 |
Ліку | Liku | 41,64 |
Макефу | Makefu | 17,13 |
Муталаў | Mutalau | 26,31 |
Намукулу | Namukulu | 1,48 |
Тамакаўтога | Tamakautoga | 11,99 |
Тоі | Toi | 4,77 |
Туапа | Tuapa | 12,54 |
Хакупу | Hakupu | 48,04 |
Хікутаваке | Hikutavake | 10,17 |
Эканоміка Ніуе неразьвітая. Большасьць насельніцтва імігруе ў пошуках працы ў іншыя краіны. Астатнія займаюцца вырошчваньнем какосаў і бананаў, якія потым экспартуюцца. Існуе невялікая колькасьць хатняй жывёлы. Паступова пачалося разьвіцьцё турызму.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ніуе, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.