Глеб Усяславіч, Глеб Менскі (? — 13 верасьня 1119, Кіеў) — князь менскі (1101—1119).
Сын Усяслава Полацкага, пачынальнік менскай галіны Рагвалодавічаў.
Глеб Усяславіч Глеб Менскі | |
Выява Глеба Менскага на манэце НББ | |
Князь менскі | |
1101 — 1119 | |
Папярэднік | Усяслаў Полацкі |
Наступнік | Расьціслаў Глебавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1070 |
Памёр | 13 верасьня 1119, Кіеў |
Нашчадкі |
|
Дынастыя | Рагвалодавічы |
Жонка | Анастасія Яраполкаўна, дачка ўладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяславіча |
Бацька | Усяслаў Чарадзей |
Рускае імя Глеб мае паўночнагерманскае (скандынаўскае) паходжаньне.
Варыянт імя князя ў гістарычных крыніцах: Глебъ (1119 рок).
Сын Усяслава Брачыславіча Чарадзея, відаць, другі паводле старшынства пасьля Барыса Ўсяславіча. Паводле адной з вэрсіяў, у 1073 року Глеб, з усяго відаць, быў заручаны з дачкой уладзімера-валынска князя Яраполка Ізяславіча — Анастасіяй, за якой, магчыма, і атрымаў Менск, які па сьмерці бацькі (1101 рок) стаў яго ўдзелам. Паводле іншай жа, больш праўдападобнай вэрсіі, шлюб адбыўся ў 1090 року, пры гэтым Менск належаў полацкаму княству.
Перад сьмерцю Ўсяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства на ўдзелы, Глеб атрымае Менскае княства. Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел і амаль адразу па сьмерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104/1105 року да Менску прыйшло аб’яднанае войска рускіх князёў — вялікі князь кіеўскі Сьвятаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімер Усеваладавіч свайго сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Сьвятаславіч хадзіў сам і прывёў з сабой глебавага брата Давыда Ўсяславіча. Мэтай, відаць, было вяртаньне Давыду ўдзела. Аднак паход на Менск ня меў посьпеху, болей за тое Глеб далучыў да сваіх уладаньняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасьці ў Воршы і Копысі і іншых гарадах. Таксама Глеб далучыў да Менску Друцк. У 1106 року Глеб браў удзел у паходзе на балтыйскае племя зэмгалаў. Як сьведчаць легенды, у 1114 року Глеб зьдзейсьніў набег на Літву, Жывінбуд з Даўспрунгаў адбіў набег на Літву Глеба, па чым напаў на Менскае княства, разруйнаваў яго й спаліў горад Менск.
Па сьмерці Сьвятаполка (16 траўня 1113 року), вялікім князем кіеўскім быў абраны Ўладзімер Усеваладавіч — асноўны супраціўнік Сьвятаполка й Глеба, які разыходзіўся зь імі ў многіх пытаньнях рускай унутранай палітыкі, у тым ліку пра спадчыну стальцоў. Абвастрэньне канфлікту было непазьбежным. У 1116 року Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў горад Слуцак, які належаў беспасярэдне Ўладзімеру. Уладзімер, нібы угаворваў Глеба разьвязаць пытаньні мірам, але Глеб нібы не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і зьвінавачваў ва ўсім самога Ўладзімера. На Менскае княства быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Уладзімера, захапіў Воршу й Копысь. Аб’яднанае войска сыноў Уладзімера Давыда і Яраполка — князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцак. Сам Уладзімер накіраваўся да Менску і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не дала посьпеху, але Ўладзімер хацеў працягваць аблогу, загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.
Глеб Усяславіч убачыў падрыхтоўку да вельмі працяглай аблогі і накіраваў паслоў да Ўладзімера, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з гораду зь дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімер павучаў Глеба як ён павінен паводзіць сябе, даў яму, паводле летапісу, Менск, такім чынам, як лічаць некаторыя дасьледчыкі, забраў значную частку ўладаньняў, у тым ліку Друцак і Падняпроўе. Сын Уладзімера Яраполк вывеў у палон жыхароў захоплена Друцака й пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве пабудаваўшы горад Жэлні. Глеб нядоўга трымаўся павучаньняў Уладзімера, у 1117 року напаў на смаленскія й наўгародзкія воласьці. Гэтым разам Уладзімер паслаў свайго сына Мсьціслава зь вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск, Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 року.
Папярэднік Усяслаў Чарадзей | Князь менскі 1101—1119 | Наступнік Расьціслаў Глебавіч |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Глеб Усяславіч, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.