Геаґра́фія Белару́скае Народнае Рэспу́блікі — лучнасьць геаґрафічных парамэтраў тэрыторыі, абвешчанай Радай БНР як тэрыторыя незалежнае дзяржавы беларусаў.
Праз шэраг цяжкіх геапалітычных умоваў Першае сусьветнае вайны і пазьнейшых палітычных зьмяненьняў на абвешчанай тэрыторыі, а таксама з нагоды адсутнасьці шырокага дыпляматычнага прызнаньня Ўраду БНР, гэтая палітычная структура ня здолела ў патрэбным аб’ёме кантраляваць тэрыторыю, абвечаную як тэрыторыя Беларускае Народнае Рэспублікі.
Перадумовы ўтварэньня і пачатку гістарычнага шляху БНР пачынаюцца з кастрычніка і лістапада 1917 году, у зьвязку з захопам улады бальшавікамі. Прыкладна празь месяц былі створаны адпаведныя органы, якія ставілі сваёй мэтай атрыманьне ўлады ў г. зв. Заходняй вобласьці. Але раней да гэтага, у ліпені гэтага ж году Беларускай Сацыялістычнай Грамадой быў выказаны намер патрабаваньня шырокае аўтаноміі ў складзе тагачаснай Расеі.
Празь месяц, 9 сьнежня, паміж Савецкай Расеяй і Нямецкай імпэрыяй пачаліся спробы перамоваў, у выніку якіх быў падпісаны Берасьцейскі мір і пад уладу Нямеччыны пераходзіў шэраг заходніх губэрняў колішняе Расейскае імпэрыі, у тым ліку і заходнія губэрні г. зв. Паўночна-Заходняга краю. У выніку гэтага вызначаная частка тэрыторыі заходняе Беларусі і Падляшша (Гарадзеншчына, Беласточчына і г. д.) увайшлі ў г. зв. Ober Ost — часовую адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку Нямеччыны, якой падпарадкоўвалася тэрыторыя сучаснае Летувы (за выключэньнем Клайпеды), Гарадзенскае губэрні, а таксама Курляндыі (паўднёвая частка сучаснае Латвіі). У гэтых цяжкіх умовах быў сфармаваны Народны Сакратарыят БНР і выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэсу, якія потым абвесьцілі Беларускую Народную Рэспубліку.
Трэба адзначыць, што паводле ўмоваў Берасьцейскага міру за Ўкраінай афіцыйна замацоўвалася Берасьцейшчына і паўднёвае Падляшша. Але з прычыны цяжкіх ваенных умоваў кайзэраўская Нямеччына не дала магчымасьці Ўкраіне кантраляваць Берасьце (у прыватнасьці, украінская адміністрацыя зямлі Падляшша, у якую, паводле плянаў ураду УНР мела ўвайсьці Берасьцейшчына, так і ня здолела арґанізаваць на Берасьцейшчыне дзейнасьць сваёй адміністрацыі). Таксама ўрад УНР прэтэндаваў на паўднёвы ўсход сучаснае Гомельскае вобласьці (паводле тагачаснае тэрміналёґіі адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу УНР «Дрыгавіцкая зямля»). Паводле аналёґіі зь Берасьцейшчынай, урад УНР не атрымаў фактычнае магчымасьці замацаваць за сабою гэты рэґіён.
Згодна з Другой Устаўной граматай Рады БНР тэрыторыяй рэспублікі абвяшчаліся ўсе тэрыторыі колішняе Расейскае імпэрыі, на якіх беларусы мелі колькасную перавагу. Пазьней, тэкстам Трэцяе Ўстаўное граматы гэтая тэрыторыя была ўдакладнена: тэрыторыяй БНР абвяшчалася ўся Магілёўская губэрня, вызначаныя часткі Менскае, Гарадзенскае, Віленскае, Віцебскае, Смаленскае, Чарнігаўскае губэрняў, а таксама некаторыя іншыя памежныя тэрыторыі. Прадстаўленая ў шматлікіх крыніцах мапа абвешчанае тэрыторыі БНР супадае з этнаґрафічнай мапай расьсяленьня беларусаў паводле М. Доўнар-Запольскага.
З нагоды таго, што ўтварэньне БНР беспасярэдне зьвязана з падзеямі Першае сусьветнай вайны і рэвалюцыйнымі працэсамі на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, тут прыведзена храналёґія зьмяненьня адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі, якая была абвешчана як Беларуская Народная Рэспубліка, з пачатку Першае сусьветнае вайны да ўсталяваньня на гэтай тэрыторыі савецкае ўлады. Трэба дадаць, што Радай БНР адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі ня быў прадугледжаны.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Геаграфія Беларускай Народнай Рэспублікі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.