Рэ́чкі — вёска ў Беларусі, на рацэ Жучцы.
Уваходзяць у склад Крывасельскага сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2008 год — 118 чалавек. Знаходзяцца за 16 км на паўночны ўсход ад Вялейкі, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін (лінія Маладэчна — Полацак), на аўтамабільнай дарозе Вялейка — Докшыцы.
Рэчкі лац. Rečki | |
Новая царква Сьвятога Духа на месцы згарэлай | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Вялейскі |
Сельсавет: | Крывасельскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1771 |
Паштовы індэкс: | 222445 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°34′54.98″ пн. ш. 27°5′26.02″ у. д. / 54.5819389° пн. ш. 27.0905611° у. д. 27°5′26.02″ у. д. / 54.5819389° пн. ш. 27.0905611° у. д. |
± Рэчкі | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Рэчкі — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Духа, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII ст., які сьпярша пацярпеў ад маскоўскай перабудовы, а ў 2007 годзе згарэў.
Упершыню Рэчкі ўпамінаюцца ў XVI стагодзьдзі. У 1520 годзе яны былі ў валоданьні Нарушэвічаў, якія далі зямельны фундуш у вёсцы Кавалеўскай царкве.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Рэчкі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1664 годзе Рэчкі мелі статус мястэчка і знаходзіліся ў валоданьні У. Шмелінга, старосты вількамірскага. У 1765 годзе мястэчка ўваходзіла ў Губскае староства і налічвала 5 двароў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рэчкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. На 1800 год мястэчка было ў дзяржаўнай уласнасьці і налічвала 12 двароў, дзейнічалі царква і юдэйская малітоўная школа, існаваў аднайменны засьценак (1 двор). На 1859 год у Рэчках быў 21 двор. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі тут народную вучэльню. На 1866 году ў мястэчку было 24 двары. На 1886 год Рэчкі ўваходзілі ў склад Рабунскай воласьці і налічвалі 26 двароў, у мястэчку дзейнічалі царква і сынагога, працавалі школа, ветраны млын і 2 шынкі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, 39 двароў, дзейнічалі царква і сынагога, працавалі народная вучэльня, 2 крамы і 3 шынкі. У пачатку XX ст. існавалі сяло Рэчкі (322 дзесяціны зямлі) і аднайменная сядзіба (33 дзесяціны зямлі).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Рэчкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рэчкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Рэчкі апынуліся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1923 год тут было 50 двароў. У 1938 годзе мястэчка ўваходзіла ў склад Куранецкай гміны і налічвала 60 двароў.
У 1939 годзе Рэчкі ўвайшлі ў БССР, у Куранецкі раён Вялейскай, з 1944 году — Маладэчанскай, з 1960 году — Менскай вобласьці. 12 кастрычніка 1940 году Рэчкі сталі цэнтрам сельсавету, у гэты час тут было 60 двароў, працавалі млын, вапнавы і цагельны заводы, існавалі ганчарны і рыбны промыслы. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1988 год У Рэчках было 82 гаспадаркі, працавалі 8-гадовая школа, дом культуры, бібліятэка, цэх кафлі, комплексны прыёмны пункт, пошта і крама. 24 ліпеня 1995 году вёску перавялі ў склад Куранецкага, 28 траўня 2013 году — Крывасельскага сельсавету. На 2008 год у вёсцы было 50 двароў.
У Рэчках працуюць клюб і крама.
Каля ўсходняй ускраіны Рэчак захаваўся помнік прыроды — Рэчкаўскія пагоркі, на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца яго найвышэйшая града-ўвал — гара Замчыстая.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Рэчкі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.