«Разета» (англ.: Rosetta) — касмічны апарат, прызначаны для даследавання каметы.
Распрацаваны і створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам у супрацоўніцтве з NASA. Складаецца з дзвюх частак: уласна зонда «Разета» (англ.: Rosetta space probe) і спускальнага апарата «Філы» (англ.: Philae lander) .
Разета | |
---|---|
Заказчык | ESA |
Задачы | пралёт астэроідаў, штучны спадарожнік каметы, пасадка на яе паверхню |
Пралёт | планеты Марс, астэроідаў Штэйнс і Лютэцыя |
Спадарожнік | каметы 67P/Чурумава — Герасіменка |
Запуск | 2 сакавіка 2004 07:17:00 UTC |
Ракета-носьбіт | «Арыян 5G+» |
Стартавая пляцоўка | Куру, ELA-3 |
Працягласць палёту | 12 гадоў 6 месяцаў і 28 дзён |
NSSDC ID | 2004-006A |
Тэхнічныя характарыстыкі | |
Маса | 3 000 кг |
Магутнасць | 850 Вт |
Сайт праекта |
Касмічны апарат запушчаны 2 сакавіка 2004 года да каметы 67P/Чурумава — Герасіменка. «Разета» — першы касмічны апарат, які выйшаў на арбіту каметы. У рамках праграмы 12 лістапада 2014 года адбылася першая ў свеце мяккая пасадка спускальнага апарата на паверхню каметы. Асноўны зонд «Разета» завяршыў свой палёт 30 верасня 2016 года, здзейсніўшы жорсткую пасадку на камету 67P/Чурумава — Герасіменка.
Назва зонда паходзіць ад знакамітага Разецкага каменя — каменнай пліты з выбітымі на ёй трыма ідэнтычнымі па сэнсе тэкстамі, два з якіх напісаны на старажытнаегіпецкай мове (адзін — іерогліфамі, іншы — дэматычным пісьмом), а трэці напісаны на старажытнагрэчаскай мове. Параўноўваючы тэксты Разецкага каменя, Жан-Франсуа Шампальён змог расшыфраваць старажытнаегіпецкія іерогліфы; з дапамогай касмічнага апарата «Разета» навукоўцы спадзяюцца даведацца, як выглядала Сонечная сістэма да таго, як сфарміраваліся планеты.
Назва спускальнага апарата таксама звязана з расшыфроўкай старажытнаегіпецкіх надпісаў. На востраве Філы на рацэ Ніл быў знойдзены абеліск з іерагліфічным надпісам, у якім згадваецца цар Пталамей VIII і царыцы Клеапатра II і Клеапатра III. Надпіс, у якім навукоўцы распазналі імёны «Пталамей» і «Клеапатра», дапамог расшыфраваць старажытнаегіпецкія іерогліфы.
У 1986 годзе ў гісторыі даследавання касмічнай прасторы адбылася знамянальная падзея: на мінімальную адлегласць да Зямлі падышла камета Галея. Яе даследавалі касмічныя апараты розных краін: гэта і савецкія «Вега-1» і «Вега-2», і японскія «Суйсэй» і «Сакігакэ», і еўрапейскі зонд «Джота». Навукоўцы атрымалі найкаштоўную інфармацыю пра састаў і паходжанне камет.
Аднак засталося нераскрытым мноства пытанняў, таму НАСА і ЕКА пачалі сумесную працу над новымі касмічнымі даследаваннямі. НАСА сканцэнтравала высілкі над праграмай пралёту астэроіда і сустрэчы з каметай (англ.: Comet Rendezvous Asteroid Flyby, скарочана CRAF). ЕКА распрацоўвала праграму вяртання ўзору ядра каметы (англ.: Comet Nucleus Sample Return — CNSR), якую планавалася ажыцявіць пасля праграмы CRAF. Новыя касмічныя апараты планавалася зрабіць на стандартнай платформе Mariner Mark II , што значана скарачала расходы. У 1992 годзе, аднак, НАСА спыніла распрацоўку CRAF з-за бюджэтных абмежаванняў. ЕКА працягнула распрацоўку КА самастойна. Да 1993 года стала зразумела, што з тагачасным бюджэтам ЕКА палёт да каметы з наступным вяртаннем узораў грунта немагчымы, таму праграму апарата падверглі вялікім зменам. Канчаткова яна выглядала так: збліжэнне апарата спачатку з астэроідамі, а потым з каметай, а затым — даследаванні каметы, у тым ліку мяккая пасадка спускальнага апарата «Філы». Завяршыць місію планавалася кантралюемым сутыкненнем зонда «Разета» з каметай.
Першапачаткова запуск «Разеты» быў запланаваны на 12 студзеня 2003 года. Мэтай даследаванняў была выбрана камета 46P/Віртанена.
Аднак у снежні 2002 года адбылася адмова рухавіка Вулкан-2 пры запуску ракеты-носьбіта «Арыян-5». У сувязі з неабходнасцю ўдасканалення рухавіка запуск касмічнага апарата «Разета» быў адкладзены, пасля чаго для яго была распрацавана новая праграма палёту.
Новы план прадугледжваў палёт да каметы 67P/Чурумава — Герасіменка, са стартам 26 лютага 2004 года і сустрэчай з каметай у 2014 годзе. Адтэрміноўка запуску выклікала дадатковыя выдаткі каля 70 мільёнаў еўра на захоўванне касмічнага апарата і іншыя патрэбы. «Разета» была запушчана 2 сакавіка 2004 года ў 7:17 UTC з касмадрома Куру ў Французскай Гвіяне. У якасці ганаровых гасцей на запуску прысутнічалі першаадкрывальнікі каметы прафесар Кіеўскага ўніверсітэта Клім Чурумаў і навуковы супрацоўнік Інстытута астрафізікі Акадэміі навук Таджыкістана Святлана Герасіменка. Акрамя змянення часу і мэты, праграма палёту практычна не змянілася. Як і раней, «Разета» павінна была наблізіцца да каметы і запусціць да яе спускальны апарат «Філы».
«Філы» павінен быў падысці да каметы з адноснай хуткасцю каля 1 м/с і пры кантакце з паверхняй выпусціць два гарпуны, таму што слабая гравітацыя каметы не здольная ўтрымаць апарат, і ён можа проста адскочыць. Пасля пасадкі модуля «Філы» быў запланаваны пачатак выканання навуковай праграмы:
Варта заўважыць, што праграма палёту «Разеты» вельмі складаная. Яна ўключала чатыры гравітацыйныя манеўры каля Зямлі і Марса, прычым нават невялікія адхіленні маглі паўплываць на поспех.
«Разета» была сабрана ў чыстым памяшканні ў адпаведнасці з патрабаваннямі COSPAR. Стэрылізацыя была не такой важнай, таму што каметы не разглядаюцца ў якасці аб’ектаў, дзе можна знайсці жывыя мікраарганізмы, затое на іх спадзяюцца знайсці малекулы-папярэднікі жыцця.
Электрычную энергію апарат атрымлівае ад дзвюх сонечных батарэй агульнай плошчай 64 м2 і магутнасцю 1 500 Вт (400 Вт у спячым рэжыме), кантралюемых энергетычным модулем вытворчасці кампаніі Terma , які таксама выкарыстоўваецца ў праекце «Марс-экспрэс».
Галоўная рухальная ўстаноўка складаецца з 24 двухкампанентных рухавікоў з цягай у 10 Н. Апарат меў на старце 1 670 кг двухкампанентнага паліва, якое складаецца з монаметылгідразіну (гаручага) і тэтрааксіду азоту (акісляльніка).
Корпус з ячэістага алюмінію і разводку электрычнага сілкавання па борце вырабіла фінская кампанія Patria. Фінскі метэаралагічны інстытут вырабіў прыборы зонда і спускальнага апарата: COSIMA, MIP (Mutual Impedance Probe), LAP (Langmuir Probe), ICA (Ion Composition Analyzer), прыбор пошуку вады (Permittivity Probe) і модулі памяці (CDMS/MEM).
Агульная маса спускальнага апарата — 100 кг. Карысная нагрузка масай 26,7 кг складаецца з дзесяці навуковых прыбораў. Спускальны апарат спраектаваны для прынамсі 10 эксперыментаў па вывучэнні структурных, марфалагічных, мікрабіялагічных і іншых уласцівасцяў ядра каметы. Аснову аналітычнай лабараторыі спускальнага апарата складаюць піралізёры, газавы храматограф і мас-спектрометр.
Для даследавання хімічнага і ізатопнага саставу ядра каметы «Філы» абсталяваны дзвюма плацінавымі піралізёрамі. Першы можа разаграваць узоры да тэмпературы 180 °C, а другі — да 800 °C. Узоры могуць разагравацца з кантралюемай хуткасцю. На кожным кроку пры павышэнні тэмпературы аналізуецца сумарны аб'ём газаў, якія вылучыліся.
Асноўным інструментам дзялення прадуктаў піролізу з'яўляецца газавы храматограф. У якасці газу-носьбіта выкарыстоўваецца гелій. У апараце выкарыстоўваецца некалькі розных храматаграфічных калонак, здольных аналізаваць розныя сумесі арганічных і неарганічных рэчываў.
Для аналізу і ідэнтыфікацыі газападобных прадуктаў піролізу выкарыстоўваецца мас-спектрометр з час-пралётным (англ.: time of flying — TOF) дэтэктарам.
Вонкавыя відэафайлы | |
---|---|
Арбітальны рух Разеты | |
How to orbit a comet | |
Rosetta: close orbits to lander deployment |
10 снежня 2014 у анлайн-выпуску часопіса Science апублікавана артыкул 67P/Churyumov-Gerasimenko, a Jupiter family comet with a high D/H ratio («67P/Чурумава — Герасіменка, камета сямейства Юпітэра з высокімі суадносінамі D/H»), у якой было адзначана больш высокая ў параўнанні з зямнымі акіянамі колькасць цяжкай вады ў лёдзе каметы — больш як у тры разу. Гэты вынік супярэчыць прынятай тэорыі, што вада Зямлі мае каметнае паходжанне.
23 студзеня 2015 часопіс «Science» апублікаваў спецыяльны выпуск навуковых даследаванняў, звязаных з каметай. Даследчыкі выявілі, што асноўны аб'ём газаў, які вылучаецца каметай, прыпадае на «шыю» — вобласць злучэння дзвюх частак каметы: тут камеры OSIRIS увесь час фіксавалі паток газу і абломкаў. Члены навуковай каманды сістэмы атрымання выяў OSIRIS усталявалі, што вобласць Хапі, якая размешчана ў перамычцы паміж дзвюма буйнымі долямі каметы і дэманструе высокую актыўнасць як крыніца газапылавых патокаў, адлюстроўвае чырвонае святло менш эфектыўна за іншыя вобласці, што можа азначаць прысутнасць замарожанай вады на паверхні каметы ці неглыбока пад яе паверхняй.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Разета (касмічны апарат), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.