Машынабудава́нне і металаапрацо́ўка — комплекс галін цяжкай прамысловасці па вытворчасці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання.
У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, дарожна-будаўнічае і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад, электратэхнічная, сродкаў вылічальнай тэхнікі, падшыпнікавая, авіяцыйная, суднабудаўнічая, металічных канструкцый, металічных вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш.
Машынабудаванне як галіна прамысловасці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытворчасці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапрацоўчых станкоў. Як галіна вытворчасці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Заходняй Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету машынабудаванне і металаапрацоўка найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысловых робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39.5 млн шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4 %, ЗША — 16,8 %, Германія — 12,4 %, Францыя — 8,2 %, Вялікабрытанія — 4,4 %) і 16.5 млн шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7 %, Японія — 16,9 %, Бразілія — 9,6 %,КНР — 5,0 %, Рэспубліка Карэя — 3,7 %).
На Беларусі машынабудаванне і металаапрацоўка як галіны вытворчасці пачалі развівацца ў канцы 19 — пачатку 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-медна-металургічны завод з 1881 года, металаапрацоўчы завод «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны завод з 1915 года. У пачатку 20 ст. было 26 невялікіх металаапрацоўчых прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, металічны посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмалапатачнай, дрэваапрацоўчай і спіртавой прамысловасці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш.
У 1930-я гг. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных сельскагаспадарчых і тарфяных машын, абсталявання для будаўнічай прамысловасці, электрарухавікоў. У пачатку 1940-х гг. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вялікую Айчынную вайну частка машынабудаўнічых заводаў была эвакуіравана ва ўсходнія раёны СССР, астатнія разбураны.
У пасляваенныя гады структура машынабудавання і металаапрацоўкі значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны заводы, радыёзавод у Мінску; асвоена вытворчасць падшыпнікаў, розных сельскагаспадарчых машын, гадзіннікаў, электронна-вылічальных машын, тэлевізараў і інш.
Сучасныя машынабудаванне і металаапрацоўка развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найбольш сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45 %); буйныя цэнтры таксама — Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асноўных вытворчых фондаў і колькасці рабочай сілы машынабудаванне і металаапрацоўка займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 годзе ўдзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7 %; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7 % — дзяржаўнай уласнасці, якія далі 63 % усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2 % усіх рабочых і служачых, 29,6 % прамыслова-вытворчых фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, кааперацыйных сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысловага комплексу рэспублікі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Машынабудаванне і металаапрацоўка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.