Пазыры́кская культура — археалагічная культура ранняга жалезнага веку ў Алтаі ў VI — II стагоддзях да н.э.
Пазырыкская культура Жалезны век | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Алтай | |||
Лакалізацыя | Расія, Казахстан | |||
Датаванне | VI стагоддзе да н.э. — II стагоддзе да н.э. | |||
Носьбіты | скіфы | |||
Тып гаспадаркі | жывёлагадоўля | |||
Даследчыкі | С. І. Рудзенка | |||
Пераемнасць | ||||
| ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першыя раскопкі помнікаў Пазырыкскай культуры адбыліся ў 1865 г. У 1929 г. быў даследаваны курган ва ўрочышчы Пазырык на тэрыторыі Горнага Алтая. У 1944 г. С. І. Рудзенка ўпершыню ўзгадаў у публікацыі асобную «культуру алтайскіх скіфаў». У 1954 г. у рэцэнзіі на кнігу С. І. Рудзенка было сфарміравана паняцце Пазырыкская культура. Да 2009 г. было вывучана болей за 1000 яе помнікаў. Даследаванні працягваюцца і ў нашы дні.
Пазырыкская культура вядома пераважна дзякуючы раскопкам пахавальных помнікаў. Найбольш славуты курганныя некропалі ва ўрочышчы Пазырык і плато Укок. Яны змяшчалі лінзы мерзлаты ў пахавальных камерах, дзякуючы якім захаваліся муміфікаваныя рэшткі людзей, высокамастацкія прадметы з дрэва, скуры, футра і г. д. Курганы ўзводзіліся з камення. У звычайных памерлых качэўнікаў яны мелі дыяметр 7 — 20 м, размяшчаліся ланцужкамі. Ім спадарожнічалі шэрагі каменных ахвярнікаў і вертыкальных камянёў. Курганы эліты дасягалі ў дыяметры 50 м. Пад насыпам кургана ўладковалася звычайна 1 магіла глыбінёй 1,5 — 5 м. У магіле будавалася часам досыць складаная канструкцыя з бярвення або зруб-пахавальня. Пахаванага ў залежнасці ад яго сацыяльнага статуту змяшчалі на драўлянае ложа, ложак або ў калоду. Памерлыя ляжаць на правым баку ў скурчаным стане галавой на ўсход.
Пахаваныя мужчыны былі апрануты ў ваўняныя штаны і высокія лямцавыя боты, футра або кажух, лямцавы капялюш. Усё гэта ўпрыгожана мастацкімі аплікацыямі, драўлянымі фігуркамі жывёл, пакрытымі залатой фальгой. Жанчын хавалі ў ваўняных спадніцах і шаўковых кофтах. У мужчынскіх магілах змяшчалі баявую зброю або яе драўляную імітацыю. Ва ўсіх без выключэння магілах змяшчалі 3 пасудзіны, драўляны сподак з нажом і курдзючнай часткай барана, драўляны або рагавы грэбень, бронзавае люстэрка ў чахле. Сустракаюцца і іншыя вырабы. Акрамя таго, у залежнасці ад маёмаснага і сацыяльнага статусу ў пахаванне клалі розную колькасць коней (ад 1 да больш за 10). Коні наскуджаны, асядланы. Конская вупраж упрыгожана высокамастацкімі драўлянымі бляхамі, пераважна ў выглядзе грыфонаў. На сёдлах лямцавыя покрыўкі з аплікаваным раслінным арнаментам і выявамі сцэн, выкананых у мясцовым «звярыным стылі».
У 1993 г. падчас раскопак на плато Укок паўзруйнаванага кургана была знойдзена калода, запоўненая льдом. У ёй захоўвалася цела маладой жанчыны, апранутае у белую шаўковую кашулю і футра. На руках выявіліся шматлікія татуіроўкі. Частка прычоскі мела штучныя ўкладкі з лямцу. Было вызначана, што жанчына памерла ад раку малочнай залозы. Знаходка стала вядома як «прынцэса Укока». Выманне муміі з кургана і яе перавоз у Новасібірск выклікалі незадаволенасць алтайцаў. У 2014 г. рада старэйшын Рэспублікі Алтай прыняла рашэнне зноў пахаваць «прынцэсу», каб спыніць стыхійныя бедствы, што быццам бы пачаліся пасля знаходкі. Аднак рашэнне не было выкананаз-за ўмяшання Міністэрства культуры Расіі.
Генетычныя даследаванні рэштак носьбітаў Пазырыкскай культуры паказалі, што яны належалі пераважна да індаеўрапейцаў, але выяўлены і пахаванні самадыйцаў. Галоўны цэнтр культуры месціўся ў горных раёнах з кліматам, найболей спрыяльным для пасялення чалавека. Тут было вядома земляробства, вырошчванне збожжавых культур, пра што апавядаюць знаходкі зерневых тарак і цяжкіх каменных жорнаў. Аднак галоўным заняткам была адгонная жывёлагадоўля. Пазырыкцы трымалі коней і авечак. Дапаможнае значэнне мелі рыбалоўства і паляванне. Будавалі бервяныя хаціны. Культурны пласт на месцы паселішчаў не вялікі, што можа сведчыць пра частыя перамяшчэнні.
Розніца ў памерах і начынні пазырыкскіх курганаў падкрэслівае сацыяльную распластаванасць грамадства. Яно ўзначальвалася ваеннымі правадырамі. Наяўнасць ваенізаванай структуры падкрэсліваюць знаходкі зброі нават у дзіцячых пахаваннях. Аснову воінскіх сіл складалі атрады вершнікаў, узброеных лукамі і стрэламі. Доўгія лукі (каля 110 см) склейваліся з чатырох пластоў дрэва. Былі вядомы і маленькія лукі з доўгімі, плаўнымі выгінастымі дзяржальнямі і невялікімі загнутымі канцамі. У блізкім баі пазырыкцы выкарыстоўвалі жалезныя і бронзавыя лёзы, насаджаныя на доўгія драўляныя дзяржальні, а таксама кінжалы з характэрным перакрыжаваннем у форме прамога бруса. Ахоўным узбраеннем з'яўляліся наборныя шчыты.
Пазырыкцы падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з іншымі іранскімі народамі аж да імперыі Ахеменідаў, цывілізацыямі Кітая і Індыі.
Заняпад Пазырыкскай культуры звязваюць з нашэсцем хуну, якія часткова асімілявалі мясцовых насельнікаў, часткова выціснулі іх на поўнач.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Пазырыкская культура, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.